Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледчы ў справе Пісторыюса сам стаў абвінавачаным


Дэтэктыў Хілтан Бота, які расьследуе справу Пісторыюса
Дэтэктыў Хілтан Бота, які расьследуе справу Пісторыюса

Паўднёваафрыканскі дэтэктыў, які вядзе расьсьледаваньне забойства сяброўкі спартоўца Оскара Пісторыюса, сам абвінавачваецца ў замаху на забойства па сямі эпізодах, пацьвердзіла паліцыя.

Мяркуецца, што дэтэктыў Хілтан Бота, якога ў сераду дапытваў у залі суду адвакат Пісторыюса, нібыта два гады таму быў датычны да страляніны ў нецьвярозым стане. Бота і два іншыя афіцэры павінны стаць перад судом у траўні.

Яны абвінавачваюцца ў тым, што адкрылі агонь па перапоўненым мікрааўтобусе, калі ў нецьвярозым стане ехалі ў дзяржаўнай машыне. Усіх трох на кароткі час арыштавалі ў 2011 годзе, паведамляе паліцыя. Справа была закрытая, але ў сераду зноў аднавілася.

Пакуль не зразумела, хто будзе далей весьці справу Пісторыюса.

Сам Пісторыюс адмаўляе абвінавачаньне ў наўмысным забойстве сваёй сяброўкі Рывы Стынкамп. Ён заявіў у судзе, што страляў у дзьверы ваннага пакою, ня ведаючы, што там знаходзіцца яго сяброўка. Яму нібыта здалося, што ў ваннай хаваецца рабаўнік.

Калі суд адмовіць Оскару Пісторыюсу ў вызваленьні пад заклад, то ён можа правесьці ў папярэднім зьняволеньні некалькі месяцаў у чаканьні разгляду справы па сутнасьці.

Сьледчы Бота паведаміў суду, што траекторыя палёту куль паказвае на тое, што Пісторыюс рабіў стрэлы, надзеўшы пратэзы. Гэта супярэчыць паказаньням самога спартоўца, які заявіў, што ён перасоўваўся без пратэзаў і ўзяў пісталет, паколькі адчуў сваю бездапаможнасьць, падумаўшы, што ў дом пракраўся нехта чужы.

Затым дэтэктыў заявіў, што нейкі сьведка чуў крыкі ў доме Пісторыюса ў тую самую ноч, калі ён застрэліў сваю сяброўку.

Слуханьні аб закладзе аднаўляюцца ў чацьвер.

Калі будучаму спартоўцу было 11 месяцаў, яму выдалілі ногі ніжэй ад каленяў, таму што ад нараджэньня ён ня меў малабярцовых костак у абедзьвюх нагах. Спартовец выкарыстоўвае для бегу вугаляплястыкавыя пратэзы.

У 2012 годзе ў Лёндане чатырохразовы чэмпіён Паралімпіяд стаў першым спрынтарам-ампутантам, дапушчаным да Алімпіяды.

12 жніўня 2012 году Пісторыюс нёс сьцяг ПАР на цырымоніі закрыцьця Алімпійскіх гульняў. У сябе на радзіме ён меў статус нацыянальнага героя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG