Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сіротам замежжа ня сьвеціць


Чаму праблема ўсынаўленьня расейскіх дзяцей амэрыканцамі гэтак шырока абмяркоўвацца беларускімі дзяржаўнымі каналамі, а беларускія дзеці з прытулкаў па-ранейшаму амаль на маюць шанцаў знайсьці бацькоў за мяжою?

Навіна пра сьмерць яшчэ аднаго расейскага хлопчыка ў ЗША разгойдвае човен: Расея хоча судзіць амэрыканцаў, клапаціцца пра сваіх сірот сама і ў пэрспектыве скасаваць міжнароднае ўсынаўленьне. Беларускія дзеці з прытулкаў па-ранейшаму маюць мінімальныя шанцы знайсьці бацькоў за мяжою.

Трохгадовы Максім Кузьмін, які пры ўсынаўленьні атрымаў імя Макс Алан і яго малодшы брат Кірыл (Крыстафер) былі аднымі з апошніх, каго прыёмныя бацькі пасьпелі вывезьці ў ЗША перад тым, як Масква ўвяла адпаведную забарону. Максім памёр 21 студзеня ў выніку жорсткага абыходжаньня зь ім прыёмнай маці. Улады штату Тэхас праводзяць расьсьледаваньне абставінаў, крымінальную справу па факце сьмерці Максіма завёў таксама Сьледчы камітэт Расеі. Прадстаўніца Дзярждэпаратмэнту ЗША Вікторыя Нуланд назвала сьмерць хлопчыка вялікай трагедыяй і паабяцала садзеяньне расейскім уладам у кантактах з амэрыканскім сьледзтвам, заклікаючы дачакацца яго вынікаў.

Сёньня Юлія Кузьміна, біялягічная маці Максіма, што жыве ў Пскоўскай вобласьці, сказала ў інтэрвію расейскаму тэлебачаньню: «Я хачу, каб майго другога сына ад гэтых прыёмных бацькоў забралі, каб не атрымалася так, як зь першым. Я віну сваю перад дзецьмі ўсьвядоміла і зраблю ўсё, каб выправіцца». Кузьміна таксама заявіла, што зьвярнулася да ўладаў з просьбай, каб яе аднавілі ў бацькоўскіх правах адносна Кірыла, другога сына.

Думку, што Расея можа ўвогуле адмовіцца ад міжнароднага ўсынаўленьня выказаў журналістам на прэс-канфэрэнцыі ў Маскве ўпаўнаважаны ў правах дзіцяці пры расейскім прэзыдэнце Павел Астахаў. Гэтую тэму абмяркоўвае і Савет Федэрацыі. Акрамя таго, разглядаецца магчымасць прадаставіць усім 60 тысячам расейскіх дзяцей, усыноўленым у ЗША, права да сваіх 18 гадоў атрымаць па жаданьні і расейскае грамадзянства.

Віцэ-прэм’ерка расейскага ўраду Вольга Галадзец сёньня на сутрэчы з Уладзімірам Пуціным расказвала прэзыдэнту, што можа быць зроблена для малых сірот і інвалідаў у Расеі. Яна паведаміла, што краіне больш як паўмільны дзяцей-інвалідаў і зь іх 14164 знаходзяцца на ўтрыманьні дзяржавы. Прапануецца правесьці іх дыспансэрызацыю, удакладніць дыягназы і павялічыць падтрымку прыёмных сем’яў. Ведамства «дзіцячага камісара» Паўла Астахава таксама распрацавала праграму «Расея без сірот». Аднак, як раней падлічыла дэпутатка Думы Алена Мізуліна, каля 30 тысяч дзяцей-сірот былі вернутыя айчыннымі ўсынаўляльнікамі ў прытулкі пасьля таго, як атрымалі фінанасавую падтрымку.

Навіна пра сьмерць расейскага хлопчыка ў ЗША стала ўчора гісторыяй нумар адзін і ў беларускай тэлевізійнай «Панараме» (канал Беларусь-24). Пры тым ні словам не быў згаданы легендарны беларус Васіль Старавойтаў, які памёр якраз учора. Урокі складанага і трагічнага лёсу нязломнага партызана і старшыні, героя працы і палітвязьня засланіў расейскі кантэкст і цэнзурны падыход.

Мала зьменаў застаецца і ў лёсах беларускіх дзяцей — сірот ды інвалідаў. Дзяржава прапануе іх для ўсынаўленьня ў беларускія сем’і пры тым, што большасьць зь іх хочуць беспраблемных і здаровых дзяцей. Тлумачэньні наконт пэрпэктываў міжнароднага бацькоўства знойдзем на старонках Нацыянальнага цэнтру ўсынаўленьня:

«Вы можаце ўсынавіць беларускае дзіця, калі кампэтэнтныя органы краіны, дзе вы жывяце, і кампэтэнтныя органы Рэспублікі Беларусь узгодняць паміж сабой працэдуру...» На сёньня адзінай краінай, якая ўзгадніла гэтую працэдуру зь Менскам, застаецца Італія.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG