Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускае пытаньне на сэсіі ААН

абноўлена

Эўразьвяз прапаноўвае разгледзець на чэрвеньскай сэсіі Рады ААН па правах чалавека становішча з правамі чалавека ў Беларусі.

У дакумэнце, прынятым без абмеркаваньня ў панядзелак у Брусэлі кіраўнікамі МЗС краінаў Эўразьвязу, гаворыцца, што Эўразьвяз лічыць прыярытэтным на бліжэйшай сэсіі абмеркаваць надзвычай складаную сытуацыю з правамі чалавека ў Сырыі, дзе парушаецца міжнароднае права. Эўразьвяз настойвае, што парушэньні не павінны застацца беспакаранымі.

«Адным з галоўных прыярытэтаў Эўразьвязу ў пэрспэктыве сэсіі Рады ААН па правах чалавека, якая адбудзецца ў чэрвені, будзе сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі, якая працягвае выклікаць гарачую занепакоенасьць », - пра гэта гаворыцца ў адмысловай пастанове Рады Эўразьвязу, прынятай у сувязі з падрыхтоўкай рэгулярнай сэсіі Рады ААН. Рады Эўразьвязу таксама зьвяртае ўвагу Рады ААН на крытычны стан з правамі чалавека ў КНДР. Эўразьвяз сумесна зь Японіяй прапануе на сэсіі стварыць незалежны мэханізм расьсьледаваньня сытуацыі з забесьпячэньнем правоў чалавека ў КНДР.

Эўразьвяз мае намер актыўна падтрымаць падаўжэньне мандату адмысловага дакладчыка ААН па правах чалавека ў Іране і патрабаваць яго тэрміновага допуску ў краіну.

У пастанове Рады Эўразьвязу выказваецца заклапочанасьць і прапануецца прыняць захады па ўрэгуляваньні сытуацыі з правамі чалавека ў Шры-Ланцы, Малі, Бірме, Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга, Эрытрэі, Судане і Паўднёвым Судане.

Праваабаронца, сябра Хэльсынскага камітэту Беларусі Гары Паганяйла гэтак пракамэнтаваў зьвесткі з Брусэлю:

Гары Паганяйла
Гары Паганяйла
«Сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі сапраўды пагаршаецца, прычым парушэньні носяць сыстэмны характар. Не выконваецца маса рэзалюцый ААН, Камітэту па правах чалавека ААН, якія накіраваныя на выпраўленьне сытуацыі з правамі чалавека ў краіне. Па сутнасьці ніводнае з рашэньняў Камітэту па правах чалавека, які разглядаў індывідуальныя скаргі грамадзянаў Беларусі і прызнаў адказнасьць беларускай дзяржавы, ёю не прызнаюцца і не выконваюцца. Натуральна, што такія безадказныя паводзіны ў ААН не пакідаюць без ўвагі, сытуацыя з правамі чалавека ў Беларусі пад кантролем у ААН. Не выключаю, што ў чэрвені прагучыць справаздача спэцдакладчыка, які раней быў прызначаны ААН. І паводле гэтай справаздачы будзе прынятае адпаведнае рашэньне па Беларусі».

З 1993 году, калі Беларусь ратыфікавала адпаведнае міжнароднае пагадненьне, у камітэце ААН было разгледжана 22 скаргі зь Беларусі. «Ні па воднай з скаргаў пры станоўчым рашэньні няма адпаведнага рашэньня ў Беларусі аб аднаўленьні парушанага права грамадзяніна», — заўважае Гары Паганяйла.

Паводле зьвестак праваабаронцы, цяпер у Камітэце па правах чалавека ААН чакаюць сваёй чаргі для разгляду яшчэ каля ста скаргаў зь Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG