Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімера Кацору абараніў Камітэт ААН


Уладзімер Кацора
Уладзімер Кацора

Камітэт ААН па правах чалавека прызнаў: беларускія ўлады празь перасьлед адміністрацыйнымі арыштамі парушалі правы гомельскага грамадзкага актывіста й палітыка Ўладзімера Кацоры на арганізацыю ў абласным цэнтры мірных сходаў і распаўсюд друкаванай інфармацыі.

Пісьмовага паведамленьня з Жэнэвы спадар Кацора яшчэ не атрымаў, але лістападаўскае рашэньне адносна яго вывешана ўжо на сайце Камітэту ААН па правах чалавека.

Кацора: «Беларускія суды мяне караюць, а міжнародныя структуры апраўдваюць. У Камітэце ААН я абскарджваў 10-суткавы арышт, які вынес мне судзьдзя Козыраў з Чыгуначнага раёну за спробу арганізаваць у 2006 годзе мітынг да 20-х угодкаў Чарнобыльскай катастрофы й распаўсюд у гэтай сувязі друкаваных улётак. Другое абскарджваньне тычылася 7 сутак арышту, якімі мяне пакараў у лютым 2008 году старшыня Савецкага суду Кострыкаў за арганізацыю сустрэчы з экс-кандыдатам у прэзыдэнты Мілінкевічам».

Усяго за сваю грамадзкую дзейнасьць Уладзімер Кацора адседзеў 57 сутак арышту, неаднаразова яму прысуджалі адміністрацыйныя штрафы. На знак пратэсту ён тройчы трымаў галадоўкі, у тым ліку 5-дзённую сухую. Апэляцыі да вышэйшых судоў станоўчага выніку ня мелі.

Кацора: «Я ніколі не хаваўся — містэр Ікс ці нехта іншы. Заўсёды пісаў улёткі ад свайго імя. Мяне выклікалі, складалі пратаколы і потым каралі праз суды».

Тым часам Камітэт ААН прыйшоў да высновы: перасьлед свайго грамадзяніна ў адміністрацыйным парадку за распаўсюд інфармацыі пра мірныя сходы — гэта парушэньне беларускай дзяржавай ягоных правоў, замацаваных у артыкуле 19 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах, які падпісала Беларусь. Ахвяры такога парушэньня ўрад Беларусі мусіць «забясьпечыць эфэктыўную прававую абарону, поўнасьцю пакрыць выдаткі й выдаць належную кампэнсацыю», а таксама абавязаны «не дапускаць падобных парушэньняў у будучыні».

Гомельскі юрыст і праваабаронца Леанід Судаленка, які дапамагаў Кацору рыхтаваць скаргі, лічыць, што дзяржаўныя чыноўнікі й судзьдзі, адпраўляючы актывістаў за краты, забываюцца на міжнародныя абавязаньні краіны:

Леанід Судаленка
Леанід Судаленка
«Дзяржаўныя чыноўнікі й судзьдзі забываюць, што, апрача ўнутраных законаў, Беларусь мае яшчэ й падпісаныя міжнародныя абавязаньні. Іх трэба выконваць, а нацыянальнае заканадаўства прыводзіць у адпаведнасьць зь міжнароднымі пагадненьнямі й прававымі нормамі. І калі вышэйшыя кіраўнікі Беларусі публічна заяўляюць, што ў нас правоў і свабодаў больш, чым у заходніх краінах, то экспэрты ім указваюць у тым ліку й на такія выпадкі, якія перажыў Уладзімер Кацора ды дзясяткі іншых беларускіх актывістаў».

Летась Камітэт ААН па правах чалавека прызнаў незаконнай канфіскацыю ў спадара Кацоры падчас парлямэнцкіх выбараў 2004 году перадвыбарчых улётак «V — плюс». Годам раней Уладзімір Кацора перамог дзяржаву ў справе аб адмове ў афіцыйнай рэгістрацыі створанага ім у Гомелі абласнога грамадзкага аб’яднаньня «Грамадзянская альтэрнатыва». Аднак урад Беларусі не сьпяшаецца выконваць пастановы Камітэту ААН.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG