Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Аўганец» Вячаслаў Белавус: Больш за палову маіх аднапалчанаў ужо памерлі


Афганскія дзеці гуляюць на парэштках савецкага танка
Афганскія дзеці гуляюць на парэштках савецкага танка

За час аўганскай вайны ў баявых дзеяньнях бралі ўдзел больш за 32 тысячы беларусаў. Зь іх 711 загінулі, каля тысячы вярнуліся інвалідамі. Больш за траціну былых «аўганцаў» памерлі за тыя 24 гады, што прамінулі пасьля вываду войскаў.

Цяпер «аўганцам» у сярэднім па 45–50 гадоў. Ці дапамагае дзяржава гэтым людзям, на што яны спадзяюцца?

Былы «аўганец» Вячаслаў Белавус служыў у 103-й Віцебскай паветрана-дэсантнай дывізіі. Цяпер працуе настаўнікам гісторыі і філязофіі ў каледжы. На лёс ня скардзіцца, але кажа, што паловы аднапалчанаў ужо няма:

«Я прарваўся. Праца дапамагала, я сам актыўны па жыцьці, удзельнічаю ў розных грамадзкіх рухах, сьпяваю ў ансамблі. Гэта дапамагала. Больш за палову аднапалчанаў ужо памерлі. Хваробы, дэпрэсіі, суіцыды. Суіцыд сярод аўганцаў не скажу, што быў звычайнай справай, але і не выклікаў асаблівага зьдзіўленьня. Сусед з маёй вуліцы засіліўся, адзін зь першых аўганцаў. П’янства шмат сярод аўганцаў. У тым ліку вялікія чыны, палкоўнікі і нават вышэй — як упалі на дно шклянкі, так і прапалі. Таму хто здолеў — прарваўся, выжыў неяк. Але многія не змаглі».

Старшыня Жодзінскай гарадзкой арганізацыі вэтэранаў Аўганістану Аляксандар Камароўскі кажа, што і ў іх такія ж самыя праблемы:

Аляксандар Камароўскі
Аляксандар Камароўскі
«Гэта адзіная ня толькі ў Беларусі, але і ў СНД арганізацыя, дзе пашанцавала хлопцам: зьявілася група нармальных людзей, і мы, як пра дзяцей, пра іх клапаціліся. І то з 200 чалавек — 3 суіцыды. Прычыны — так званы „аўганскі сындром“: парушэньні псыхікі, абвостранае пачуцьцё справядлівасьці. Хлопцы сапраўды ваявалі, яны сур’ёзна пацярпелі. Працэнтаў 80–90 альбо інваліды, альбо напалову інваліды. І вось уявіце: сядзіць мурло — чыноўнік, і можа сказаць: „Я цябе туды не пасылаў“. І цяпер такое паўсюль адбываецца. З гэтымі людзьмі трэба пастаянна займацца рэабілітацыяй, чым наша дзяржава не займаецца абсалютна. Усім „да фені“, як кажуць у крымінальным сьвеце».

Вэтэран Аўганістану Вячаслаў Белавус зь Віцебску не адзначае дзень вываду войскаў, не спадзяецца ні на якую падтрымку з боку дзяржавы і наагул стараецца ня ўзгадваць гэты пэрыяд свайго жыцьця:

«Шмат, асабліва ў такі дзень, кажуць: „Радзіма ганарыцца вамі“ і гэтак далей. Але гэта толькі словы. Лепш бы не віншавалі наагул 15 лютага, было б лягчэй. Ільготаў на паперы напісана шмат, а рэальных амаль няма. Вось, да прыкладу, „паступленьне па-за конкурсам у ВНУ“. Каму гэта патрэбна, калі самаму маладому аўганцу ўжо за 40? Я заўсёды кажу: ня трэба мне дапамогі, калі ўжо дзяржава не жадае дапамагаць, дык хоць раз бы ўзгадалі, што я вэтэран, і ўжо б ня білі лішні раз. Мне здаецца, за тое, што я аўганец, яшчэ мацней білі. Ці то зайздрасьць да маіх ордэнаў, ці то я ня меў рацыі, калі за праўду змагаўся. Каму яна патрэбна, тая праўда…»

Алесь Пушкін
Алесь Пушкін
Былы аўганец, мастак Алесь Пушкін шмат гадоў таму адмовіўся атрымліваць юбілейны мэдаль за Аўганістан і здаў усе свае баявыя ўзнагароды.

«Гэта трэба памятаць, але ганарыцца гэтым ні ў якім разе нельга. Зьвінець мэдалямі, біць сябе ў грудзі і патрабаваць: „Дайце мне ільготы, вы мне абавязаныя“? Калі б ты Беларусь вызваляў, то тады мог бы казаць. А калі ты ў чужой краіне, недзе далёка палітычныя мэты чатырох чалавек выконваў — Брэжнева, Усьцінава, Андропава і Вахрамеева, чатыры чалавекі прымалі рашэньне аб уводзе войска ў Аўганістан… Калі ты здаровы, то трэба забывацца пра Аўганістан. Трэба станавіцца будаўнікамі, мастакамі, дактарамі, а не хадзіць вечнымі „аўганцамі“».

Але сёньня, у 24-ю гадавіну вываду войскаў з Аўганістану, Алесь Пушкін на мітынг на «Выспу сьлёз» схадзіў і нават сустрэў там свайго аднапалчаніна, якога ня бачыў з 1986 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG