Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Андрэй Забабура атрымаў 4 гады калёніі-пасяленьня

абноўлена

Андрэй Забабура
Андрэй Забабура

Адвакат кіроўцы «Поршэ Каен»: Суд не ўлічыў, што пешаход таксама парушыў правілы

Кіроўцу «Поршэ Каена» Андрэя Забабуру суд прызнаў вінаватым у парушэньні правілаў дарожнага руху і сьмерці празь неасьцярожнасьць школьніка Ўлада Грудзьева.

15 лютага скончыўся працэс над менскім бізнэсоўцам Андрэем Забабурам, які на аўтамабілі «Поршэ Каен» насьмерць зьбіў трэцяклясьніка Ўладзіслава Грудзьева. Трагедыя здарылася летась 13 лістапада ў двары менскай школы № 23. Судзьдзя Фрунзенскага суду Менску Юлія Блізьнюк прызнала Андрэя Забабуру вінаватым у парушэньні правілаў дарожнага руху, што мела наступствам сьмерць чалавека празь неасьцярожнасьць, і прысудзіла кіроўцу 4 гады пазбаўленьня волі з адбыцьцём пакараньня ў калёніі-пасяленьні. Прысуд цалкам супаў з тым пакараньнем, якога дамагаўся пракурор.

Андрэй Забабура на пачатку працэсу і ў апошнім слове не прызнаў сябе вінаватым, але пры гэтым папрасіў прабачэньня ў пацярпелых і сказаў пра маральную адказнасьць за сьмерць хлопчыка. Максымальнае пакараньне паводле артыкула, які быў выстаўлены Андрэю Забабуру — 5 гадоў зьняволеньня. Тое, што яму далі 4 гады, адвакат падсуднага Ігар Папкоўскі назваў «дастаткова суровым прысудам, нават калі прызнаць, што ён парушыў правілы дарожнага руху».

«Па-першае, кіроўца ня быў у стане алькагольнага ап’яненьня. Плюс трэба было ўлічыць умовы: што было цёмна, што фактычна пешаход таксама парушыў правілы, бо перабягаў перад аўтамабілем дарогу. Хоць гэтага пешахода цяжка было б папракаць, але факт ёсьць факт. Пешаходам забаронена выбягаць на праежджую частку з-за аўтамабіляў, як і выходзіць з-за транспартнага сродку на праежджую частку. Такія пэўныя абставіны справы суд таксама павінен быў улічыць. Устаноўлена, што хуткасьць машыны была 18 кілямэтраў на гадзіну, а магчыма, і меней. Такім чынам, кіроўцу нельга папракнуць, што ён выбраў няправільную хуткасьць».

Паводле адваката Ігара Папкоўскага, ягоны падабаронны ніяк ня мог прадухіліць наезд на хлопчыка за тыя 3 сэкунды, якія ў яго былі паводле экспэртызы МУС. Довады адваката: усё адбывалася ў цёмны час, да таго ж бакавым зрокам немагчыма ўбачыць і зрэагаваць на небясьпеку гэтак хутка. Што ў Забабуры былі гэтыя 3 сэкунды, адвакат таксама сумняваецца. Ігар Папкоўскі спаслаўся на дадзеныя незалежнага экспэрта Аляксандра Канапліцкага, паводле якога іншыя аўтамабілі стаялі ўздоўж дарогі шчыльней, чым вызначыла экспэртыза МУС, а значыць, нельга было заўважыць набліжэньне хлопчыка да дарогі з-за прыпаркаваных аўтамабіляў.

Ігар Папкоўскі заявіў пасьля суду, што прысуд будзе абавязкова абскарджаны ў вызначаны законам тэрмін. Брат падсуднага Андрэя Забабуры, які прысутнічаў на працэсе, пасьля абвяшчэньня прысуду ня стаў яго камэнтаваць.

Устрымаліся ад камэнтару і маці ды сваякі загінулага Ўлада Грудзьева. Раней падчас судовых спрэчак яны праз адваката заявілі, што пагодзяцца зь любым рашэньнем суду.

Прадстаўніца пацярпелых, адвакат Ксенія Кобаса сказала, што прадбачыць касацыйную скаргу і таму выказвацца наконт рашэньня зарана. На пытаньне, чаму пацярпелы бок быў супроць прызначэньня судом новай комплекснай экспэртызы з удзелам незалежнага экспэрта, Ксенія Кобаса сказала, што ў пацярпелых не было падстаў не давяраць экспэртнаму заключэньню, якое зрабілі ў міліцыі. Прадстаўніца пацярпелых назвала «значнай» суму грошай, якую абвінавачаны Андрэй Забабура ўжо сплаціў пацярпелай Алене Грудзьевай у якасьці падтрымкі, але сказала, што сьмерць дзіцяці нельга ацаніць ніякімі грашыма.

Кіроўца, які насьмерць зьбіў школьніка, атрымаў 4 гады пасяленьня
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:46 0:00
Наўпроставы лінк


У прысудзе судзьдзі Юліі Блізьнюк утрымліваецца таксама адмысловае вызначэньне на адрас адміністрацыі школы № 23, у якім прадпісана цягам месяца зрабіць захады бясьпекі на прышкольнай тэрыторыі і паведаміць пра іх.

Меру стрыманьня Андрэю Забабуру не зьмянілі. З суду яго вывелі ў кайданках.


Маці Ўлада Вольга Грудзьева
Маці Ўлада Вольга Грудзьева


Бабуля загінулага Ўлада Грудзьева
Бабуля загінулага Ўлада Грудзьева


Судзьдзя Юлія Блізьнюк
Судзьдзя Юлія Блізьнюк


Адвакат Ігар Папкоўскі
Адвакат Ігар Папкоўскі



Дзень судовых спрэчак

Кіроўца «Поршэ Каен»: Я вінаваты толькі маральна

Працэс Забабуры: спрэчкі экспэртаў


Андрэй Забабура, кіруючы аўтамабілем «Паршэ-Каен», 13 лістапада 2012 каля менскай школы № 23 на вуліцы Панчанкі ўчыніў ДТЗ, у якім загінуў школьнік. Кіроўца абвінавачваецца паводле ч.2 арт.317 крымінальнага кодэксу (парушэньне правілаў дарожнага руху, што пацягнула па неасьцярожнасьці сьмерць чалавека).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG