Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпак вярнуўся

абноўлена

Мікалай Шпак вярнуўся з расейскага рабства
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:00 0:00
Наўпроставы лінк

«Абяцаюць залатыя горы — а як трапіш дык і ўсё», — так выказаўся спадар Мікалай пра працу за ўсходняй мяжой.

Вызвалены з расейскага рабства грамадзянін Беларусі Мікалай Шпак вярнуўся на Радзіму.

Увечары 13 лютага на менскім чыгуначным вакзале яго сустрэлі родныя, валянтэры пошукавага атраду «Анёл» і журналісты. Многія турбаваліся, ці даедзе — бо баяліся помсты з боку былых гаспадароў, на якіх ён вымушаны быў працаваць і на якіх даваў паказаньні ў Сьледчым камітэце Башкартарстана.

Выглядае Мікалай хваравіта. Адразу дастаў з кішэні таблеткі. Расказаў, што гаспадары, да якіх ён пераходзіў «эстафэтай», зламалі яму нос. І сапраўды бачна, што нос зламаны, таксама траўмы на галаве, выбітыя зубы. Спадар Мікалай нават не адразу пазнаў родную дачку, якую ня бачыў 12 год.





Вызвалены з расейскага рабства Мікалай Шпак з дачкой
Вызвалены з расейскага рабства Мікалай Шпак з дачкой


Шпак сказаў, што знаходзіўся там у найдзікунскіх умовах. Яму не давалі кантактаваць зь людзьмі, увесь час пагражалі фізычнай расправай. Грошы не плацілі — працаваў фактычна за ежу.

Мікалай спрабаваў зьбегчы. Але далёка сысьці ня здолеў.

Зьвяртаўся ў мясцовую паліцыю, казаў, што адабралі дакумэнты. Аднак ягоны сьведка адмовіўся ад паказаньняў і паліцыя справу закрыла.

Шпак паведаміў, што перад ад’ездам на Радзіму ягоныя паказаньні запісалі на відэакамэру супрацоўнікі сьледчага камітэту Башкартастана: «Сьледчы пытае - заяву пісаць будзеш? Я кажу: ніякіх заяў, я вам ўсё заявіў, вы на відэа запісалі - далей рабіце што патрэбна».

Валянтэры і прадстаўнікі беларускага «Чырвонага крыжу» перадалі на вакзале ў Менску Мікалаю Шпаку некалькі пакетаў з прадуктамі. З роднымі ён цяпер вяртаецца дахаты ў Мазыр.


Прыгоды Шпака


Мікалай Шпак паехаў на заробкі ў Расею ў 2001 годзе, калі яму было 47 гадоў. Толькі ў 2005 ад яго з Арэнбурскай вобласьці прыйшла адзіная кароткая тэлеграма, і сувязь адразу абарвалася.

У 2011 годзе ў Беларусі Мікалая Шпака з прычыны доўгай адсутнасьці прызналі памерлым. А за гэты час у Расеі ў яго зьмяніліся некалькі «гаспадароў» — адабраўшы дакумэнты, яго перапрадавалі адзін аднаму. Апошняе месца паднявольнай працы — рыбная фэрма адстаўнога прапаршчыка расейскага МУС.

Тыдзень таму зь сям’ёй Шпака, што жыве ў Мазыры, змог зьвязацца жыхар Арэнбурскае вобласьці, якога Мікалай прасіў перадаць весткі на радзіму. Родзічы зьвярнуліся па дапамогу ў беларускі валянтэрскі ратавальны атрад «Анёл», тыя — у расейскі валянтэрскі атрад «Альтэрнатыва», якому і ўдалося 9 лютага знайсьці і вызваліць беларуса.

У аддзяленьні амбасады Беларусі ў сталіцы Башкартарстану Ўфе Мікалаю зрабілі пасьведчаньне, каб вярнуцца на радзміу, набылі квіткі на цягнік і далі харчоў на дарогу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG