Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апрычная карупцыя


Паведамленьні пра карупцыю, якая расквітнела ў кіраўніцтве справамі прэзыдэнта, не выклікаюць вялікага зьдзіўленьня, але прымушаюць задумацца пра прызначэньне гэтай інстытуцыі.

Не выклікаюць таму, што не ўпершыню ўжо. Адна з папярэдніц сп. Шэймана на пасадзе кіраўніка справамі прэзыдэнта ўсеўладная Галіна Жураўкова ў свой час трапіла на лаву падсудных і не паехала на зону толькі дзякуючы міласьці прэзыдэнта ды вялікім адступным, заплачаным са сваёй кішэні. Гледзячы па ўсім, сытуацыя ў кіраўніцтве справамі даўно ўжо не была сакрэтам для дасьведчаных людзей, і прызначэньне Віктара Шэймана стала своеасаблівым іспытам: здолее ён там навесьці парадак — вернецца на вяршыню палітычнага Алімпу, ня здолее — ...ну тады бачна будзе.

Але цікавая сама па сабе гэтая інстытуцыя — кіраўніцтва справамі прэзыдэнта. Нейкая гаспадарчая кантора, якая абслугоўвае першую асобу і забясьпечвае яе жыцьцёвыя патрэбы, ёсьць у любой краіне. Але ў Беларусі гэта цэлая галіна эканомікі, структура, якая валодае вельмі сур’ёзнымі фінансавымі рэсурсамі. І прырода яе нагадвае досьвед фэадальных часоў: манарх у пэўным сэнсе валодае ўсім у краіне праз тое, што зьяўляецца сэньёрам для ўсёй арыстакратыі, але мае і свой уласны, радавы маёнтак, дзе ягоная ўлада абсалютная і беспасярэдняя.

Ці як апрычніна Івана Грознага — ёсьць земшчына, якая таксама пад царскай уладай, але ёсьць і апрычніна, якая ёсьць асабістая ўласнасьць уладара. Такое, кшталту, царскае кіраўніцтва справамі.

Цяперашні карупцыйны скандал — вельмі пераканаўчы аргумэнт у спрэчках пра эфэктыўнасьць розных спосабаў кантролю і барацьбы з карупцыяй, у прыватнасьці, эфэктыўнасьці «моцнай рукі».

Часам гаворыцца, што падобныя гучныя выкрываньні ў Беларусі робяцца адмыслова, каб прадэманстраваць, як улада рашуча змагаецца з карупцыяй, маўляў, чыноўнікі-«баяры» народ крыўдзяць і рабуюць, а строгі «бацька» гэтых рабаўнікоў народнага майна карае. Але ў дадзеным выпадку ў людзей хаця б крыху дасьведчаных узьнікае пытаньне — а ў каго ж кралі гэтыя злодзеі з кіраўніцтва справамі? У народа, кажучы высокім штылем? А хіба не ў прэзыдэнта, справамі якога тыя злодзеі і кіравалі? Гэта ж, кшталту, яго хатняя гаспадарка, ягоны маёнтак. Дык, атрымліваецца, што ў яго і кралі. Шкада, зразумела, як любога чалавека, у якога скралі нажытае непасільнай працай, але грамадзянскае гучаньне справы неяк зьніжаецца.

І нават наадварот. Ну што ж за гаспадар, у якога ягоныя супрацоўнікі крадуць з-пад носа, з прысядзібнага ўчастку, так бы мовіць? І не ўпершыню. І як жа ён «земшчынай» кіруе, калі крадуць зь ягонай уласнай кішэні, літаральна з-пад «моцнай рукі»? Дык ці такая яна ўжо моцная?

Выснова, пэўна, банальная — як раз абаронены ад грамадзкага кантролю, падпарадкаваны асабіста кіраўніку статус ведамства і спрыяе квітненьню ў ім карупцыі.

Днямі сьпікер Савету Рэспублікі Анатоль Рубінаў, выказваючыся супраць таго, каб чыноўнікі публічна дэкляравалі свае даходы і маёмасьць, патлумачыў, што, маўляў, каму трэба, і так усё ведаюць. Але, відаць, і пра ўпраўленьне справамі прэзыдэнта таксама тыя, каму трэба, ўсё ведалі. А цяпер, на сваё зьдзіўленьне, яшчэ больш даведаліся. І адкуль што бярэцца?

Ня будзем перабольшваць: і парлямэнцкі кантроль, і незалежныя суды, і наяўнасьць апазыцыі ў парлямэнце, і незалежны друк — усё гэта не гарантыі ад карупцыі. Крадуць усё роўна, крадуць ва ўсім сьвеце. Але пры наяўнасьці вялікай колькасьці незалежных ці нават нядобразычлівых вачэй часам і неяк устрымліваюцца. Ну а калі вочы адны, хай нават і грозныя... Вось даводзіцца Шэймана выклікаць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG