Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ня менш за 12 палітзьняволеных


Беларусь працягвае абмяжоўваць свабоды грамадзян, гаворыцца ў штогадовай справаздачы аб правах чалавека ў сьвеце, якую сёньня абнародавала міжнародная праваабарончая арганізацыя Human Rights Watch.

У разьдзеле, прысьвечаным Беларусі, праваабаронцы Human Rights Watch пішуць:

«Беларускія ўлады працягваюць жорстка абмяжоўваць свабоду асацыяцый, сходаў і выказваньня ды права на сумленны суд. Новыя папраўкі ў заканадаўства дазволілі ўладам весьці яшчэ больш інтэнсіўны нагляд за арганізацыямі і актывістамі грамадзянскай супольнасьці. Улады працягваюць перасьлед праваабаронцаў, незалежных СМІ і адвакатаў, уключна зь неабгрунтаванай забаронай паездак за мяжу. На момант складаньня справаздачы ў турмах застаюцца ня менш за 12 палітзьняволеных. Не змаўкаюць заявы адносна катаваньняў і дрэннага абыходжаньня са зьняволенымі ў турмах».

Справаздача адзначае, што парлямэнцкія выбары 2012 году ў Беларусі адбыліся ў абставінах «адсутнасьці канкурэнцыі і нізкага ўзроўню грамадзкага даверу».

«Мы лічым, што крызыс з правамі чалавека ў Беларусі паглыбіўся ў 2012 годзе. Той факт, што ў апошніх парлямэнцкіх выбарах апазыцыя не атрымала ні аднаго месца ў парлямэнце, у асноўным паказвае, што статус-кво рэпрэсіўнага рэжыму на чале з Аляксандрам Лукашэнкам быў захаваны. І мы цьвёрда перакананыя, што беларускія змагары за правы чалавека маюць патрэбу ў моцнай міжнароднай падтрымцы цяпер яшчэ больш, чым калі-небудзь раней» — сказала Юлія Гарбунова, дасьледчыца Human Rights Watch у пытаньнях Беларусі і Ўкраіны.

У далейшым дакумэнт называе найбольш яскравыя факты палітычнага перасьледу апошняга часу ў Беларусі, уключна з турэмнымі прысудамі Алесю Бяляцкаму і Сяргею Каваленку ды затрыманьнем і абвінавачаньнем у паклёпе на прэзыдэнта журналіста Андрэя Пачобута.

Пад канец справаздачы Human Rights Watch адзначае, што 2012 год значна пагоршыў становішча Беларусі на міжнароднай арэне у параўнаньні з папярэднім пэрыядам. У сувязі з гэтым праваабаронцы Human Rights Watch прыгадваюць узмацненьне санкцый супраць Менску з боку Эўразьвязу і ЗША, выдварэньне амбасадараў Польшчы і Эўразьвязу зь Беларусі, кароткачасовае адкліканьне Брусэлем амбасадараў краінаў-сябраў Эўразьвязу ды беларуска-швэдзкі дыпляматычны канфлікт.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG