Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дайце грошай — уступім у карпарацыю


Кіраўнік беларускага ўрада Міхаіл Мясьніковіч заявіў: Беларусь будзе разам з Расеяй ствараць супольныя транснацыянальныя карпарацыі.

Дамоўленасьць пра гэта ўжо дасягнутая на роўні прэм’ераў абедзьвюх краін. Экспэрты ацэньваюць гэтыя захады як вымушаны крок беларускіх уладаў на тле вострага недахопу грошай.

Беларускі прэм’ер паведаміў, што ідэю супольных транснацыянальных карпарацый ён некалькі разоў абмяркоўваў з расейскім калегам Дзьмітрыем Мядзьведзевым. Той даў згоду, пасьля чаго Менск пачаў рабіць першыя крокі. Міхаіл Мясьніковіч разьлічвае, што такім шляхам удасца падвысіць якасьць прадукцыі і пашыраць рынкі збыту.

«Мы на пасяджэньні прэзыдыюму Савету Міністраў адабралі каля дзясятка падобных праектаў. І зараз над імі працуюць экспэрты з расейскага і беларускага боку. І гэта ня толькі тое, што ва ўсіх на вуснах, МАЗ — КамАЗ, але і іншыя праекты, у тым ліку і тэхналягічныя ўклады пятага-шостага роўню. То бок мікраэлемэнты, лекавыя целы ды іншае».

Экспэрты ацэньваюць гэтыя захады як вымушаны крок уладаў Беларусі. На іх думку, катастрафічны недахоп грошай прымушае афіцыйны Менск шукаць іх найперш у Расеі. А так званыя карпарацыі і холдынгі — гэта замаскаваная форма здачы расейскаму боку беларускай дзяржаўнай маёмасьці.

Доктар эканамічных навук, прафэсар з Масквы Мікіта Крычэўскі зьвяртае ўвагу на тое, што Беларусь цяпер чакае чарговага траншу з Антыкрызіснага фонду Эўразійскага банку. Аднак летась улады Беларусі ня выканалі аднаго з асноўных патрабаваньняў фонду — не правялі прыватызацыю дзяржмаёмасьці на 2,5 мільярда даляраў. Таму і зьяўляюцца новыя праекты:

«У любым выпадку танцаваць трэба ад умоваў. Трэба праводзіць прыватызацыю. Але пры гэтым неабходна разумець, што спадару Лукашэнку, калі казаць мовай інстытуцыяналістаў, уласьцівы апартунізм, гэта значыць — выкарыстаньне інфармацыі, якой не валодае праціўнік, у карысьлівых мэтах. У дадзеным выпадку скажам так: у інтарэсах Беларусі. І калі ў новых праектах Беларусь будзе мець меншы статутны ўнёсак параўнальна з расейскім, а выглядае, што так і павінна быць, то нічога з гэтага не атрымаецца. То бок транш Беларусь атрымае. Але потым узьнікнуць нечаканыя акалічнасьці, якія не дазволяць Беларусі падпісаць устаноўчыя дакумэнты. Гэта, дарэчы, у сучасных умовах вельмі нядрэнная тактыка. То бок на словах — адно, а на справе — зусім іншае».

Беларускі эканаміст Леў Марголін бачыць у новых праектах спробы афіцыйнага Менску зноўку перахітрыць Маскву, як гэта было, напрыклад, з растваральнікамі-разбаўляльнікамі:

Леў Марголін
Леў Марголін
«Гэта такі неблагі крок, каб захаваць рынкі збыту, эканоміць на выдатках пры вытворчасьці. І калі стаіць пытаньне, як лепей адкруціцца ад „старэйшага брата“, то гэта, напэўна, добрае выйсьце. Бо маёмасьць на пэўны час застаецца беларускай».

Ідэя карпарацыяў, холдынгаў, фінансава-прамысловых групаў цікавіла Міхаіла Мясьніковіча яшчэ тады, калі ён быў першым віцэ-прэм’ерам ва ўрадзе Вячаслава Кебіча, — адзначае кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка:

Леанід Заіка
Леанід Заіка
«Расейская намэнклятура з дапамогай ФПГ і разам зь Беразоўскім, Хадаркоўскім ды іншымі „разьдзярбаніла“ грамадзкую ўласнасьць. І таму можна меркаваць, што і тут будзе скарыстаны мэтад, які ўжо распрацавалі расейскія прыватызатары. Міхаіл Мясьніковіч — прыхільнік такой ФПГ-зацыі Беларусі. Таму што вядомы кумір беларускай намэнклятуры Ўладзімер Ільіч Ульянаў пісаў, што манаполія, якая павернутая ў бок сацыялізму, гэта ўжо і ёсьць сацыялізм. А гэта азначае, што толькі верхні слой такой манаполіі скарыстаецца падобнай прыватызацыяй цягам некалькіх імгненьняў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG