Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апошнія дні Чэрвеньскага рынку


Ад 1 лютага спыняе працу адзін з найстарэйшых рынкаў гораду — Чэрвеньскі. На гэтым месцы мае паўстаць гандлёва-забаўляльны комплекс.

Прыватным прадпрымальнікам прапанавалі новую гандлёвую пляцоўку, аднак «чаўнакі» заяўляюць, што новага рынку яшчэ не існуе, таму яны застануцца бяз працы.

Чэрвеньскі рынак дажывае апошнія дні: ад 1 лютага ўсялякі гандаль тут спыняецца, а ўсе намёты належыць перанесьці на тэрыторыю новага рынку. Але ўжо зараз некаторыя павільёны зачыненыя, пакупнікоў — адзінкі. Новы рынак мае разьмясьціцца насупраць Лошыцкага парку, на месцы былога канцавога прыпынку грамадзкага транспарту. Размаўляю з уладальнікамі адчыненых палатак:

Карэспандэнтка: «Зь пераездам на новы рынак — ці захаваецца ў вас магчымасьць працаваць і зарабляць грошы, як цяпер?»

Спадар: «Рэч такая, што той рынак не гатовы на 50%. Невядома, калі ён адчыніцца. Нас, 1200 чалавек, проста выкідаюць на вуліцу».

Спадарыня: «Выкідаюць у нікуды. А бальшыня гандляроў — жанчыны, якія маюць сям’ю і дзяцей. Я, да прыкладу, адна выхоўваю сына, якому шэсьць год. Зараз застаюся бяз працы, дапамогі чакаць няма адкуль. Як жыць — ня ведаю».

Спадар: «Нам абяцалі, што перапынку ў працы ня будзе, а зараз мы нават ня ведаем, як будзем утрымліваць свае сем’і».

Спадарыня: «А лепш было б, каб гэты рынак рэканструявалі, і ўсё. І праблем бы ніякіх не было».

Карэспандэнтка: «Чаму так робіцца — як вы думаеце?»

Спадарыня: «Неабдуманае рашэньне. Ніхто ня ўлічваў нашых інтарэсаў і ніхто да нас не прыслухоўваўся».

Змаганьне за Чэрвеньскі рынак прыватныя прадпрымальнікі вялі некалькі гадоў, аднак ані пісьмовыя звароты, ані сустрэчы з кіраўнікамі гораду плёну не далі. Пры гэтым гандляры шкадуюць ня толькі свой дробны бізнэс, але і сам Чэрвеньскі рынак — частку гісторыі Менску:

Гандляры: «Колькі сходаў мы рабілі, колькі лістоў мы пісалі — ніхто нас не пачуў і не падтрымаў».

Спадар: «Калі да нас Ладуцька са сваім намесьнікам Калтовічам, які зараз у Маскве, калі яны прыяжджалі, то паабяцалі, што той рынак будзе гатовы, а тады гэты зачыняць. А зараз узялі і падманулі, выкінулі нас усіх на вуліцу».

Спадарыня: «Калі хто-небудзь крыху ведае гісторыю, то ён скажа, што гэты рынак ужо гістарычны. Ён здаўна тут працуе, пры вакзале, калі людзі прыяжджалі са сваімі ягадамі, грыбамі ці яшчэ чым. Гэта ўсім было выгадна. Калі ён меў нецывілізаваны выгляд, то яго можна было рэканструяваць. Каму замінаў гэты рынак — увогуле незразумела».

На месцы Чэрвеньскага рынку плянуецца зрабіць гандлёва-забаўляльны комплекс. Забудоўнікам мае стаць іранская кампанія Didas. Журналіст і патомны мянчук Сяргей Ваганаў пагаджаецца, што Чэрвеньскі — ня проста рынак, а частка гарадзкой гісторыі. Пра ягоны лёс выказваецца гэтак:

«Гэта ўсё адбываецца зь дзьвюх прычын: у дзяржавы няма грошай будаваць нешта прыстойнае ў тых мясьцінах, якія зьвязаныя з гісторыяй альбо проста ў цэнтры Менску. А таксама няма ніякай маральнай асновы для прыняцьця такіх рашэньняў. Бо нават калі нейкія грамадзкія слуханьні арганізоўваюцца, то я ня веру, што яны будуць выніковымі. Спадзявацца можна толькі на інвэстара паводле таго прыкладу, як гэта адбывалася з аманскім, які меўся пабудаваць нешта на месцы Другога гарадзкога шпіталя. Паводле чутак, калі ён пабачыў пусты аэрапорт, то сказаў, што навошта нешта будаваць у краіне, у якую ніхто ня едзе».

Дамову з іранскім інвэстарам наконт забудовы тэрыторыі Чэрвеньскага рынку Менгарвыканкам падпісаў у лютым 2011 году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG