Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ня ўмееце сабраць тэлевізар — зьбірайце зброю


Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў ад ваенна-прамысловага комплексу стварэньня новых вытворчасьцяў і сучасных сыстэм узбраеньня, якія запатрабаваныя на ўнутраным і зьнешнім рынку.

Ён адзначыў, што пры гэтым не павінна быць ніякай «манілаўшчыны», ніякага шапказакідальніцтва і выпрошваньня грошай пад нейкія ідэі. Таксама ён адзначыў, што ніякіх «шальных грошай, роўна як і на дрэваапрацоўку, кандытарскія і іншыя тавары, мы выдзяляць ня маем намеру». Чаму кіраўнік краіны зьвярнуў увагу на гэтую сфэру?

Паводле вайсковага аглядальніка Аляксандра Алесіна, продажы прадукцыі беларускага ваенна-прамысловага комплексу вялікія і складаюць 300–400 мільёнаў даляраў.

Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін
«Я мяркую, Лукашэнка патрабуе нарасьціць гэтыя продажы. Бо вялікіх рэзэрваў для нарошчваньня высокатэхналягічнага прамысловага абсталяваньня ў нас асабліва няма. Мы адстаём у мадэрнізацыі аўтамабільнай тэхнікі, нашых тэлевізараў і лядоўняў. Яны прадаюцца яшчэ на постсавецкай прасторы, але на ўсясьветны рынак зь імі выйсьці нельга. А вось для зброі, высокатэхналягічных кампанэнтаў рынкі шматабяцальныя ў краінах, якія не сябруюць з ЗША ці канфрантуюць зь імі і якія зьяўляюцца рэсурсаздабыўнымі, нафтаздабыўнымі. Кантракты з Вэнэсуэлай, паводле Шэймана, па мадэрнізацыі вэнэсуэльскага СПА для беларускага ВПК ацэньваюцца ў 1 мільярд даляраў. Кантракты з Азэрбайджанам — таксама каля аднаго мільярда даляраў. Пэрспэктыўнай зьяўляецца вытворчасьць беларускай тэхнікі СПА для краін Пэрсыдзкай затокі, манархі якіх непераборлівыя ў пастаўшчыках. Для Кітаю і Індыі патэнцыйна рынкі вельмі вялікія, але ёсьць маленькая дэталь — на ўсё гэта патрэбныя капіталаўкладаньні. І, відавочна, будзе свайго роду дуэль паміж Лукашэнкам і вайсковымі прамыслоўцамі, якія будуць патрабаваць грошай. Бо для вытворчасьці ўзбраеньняў трэба купляць дарагія тэхналёгіі. Адзіны, хто тут можа пацярпець, — гэта нацыянальная армія, якая ня мае дастатковых рэсурсаў для набыцьця ў дастатковай колькасьці сучаснай тэхнікі і ўзбраеньняў нашых вытворцаў».

Не аднойчы ў замежных мэдыях узьнікалі падазрэньні, што беларуская зброя трапляе ў гарачыя кропкі ці парушае міжнародныя санкцыі.

Алесін: «Тое, што пастаўляе Беларусь, не забаронена. Нават санкцыі супраць Ірану не прадугледжваюць забароны таго, што вырабляе Беларусь. Уся тэхніка СПА пад іх не падпадае, бо яна абарончая. Таму можна меркаваць, што з Іранам супрацоўніцтва было даволі шырокім. Думаю, што і з Сырыяй, але цяпер пастаўкі туды абцяжараныя. Але наўрад ці ў гарачыя кропкі пастаўляюцца найноўшыя вырабы беларускага ВПК, нейкія сур’ёзныя аб’ёмы ўзбраеньняў».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG