Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вязень ГУЛАГу: Мару, каб было ўсё па-беларуску

абноўлена

«Рагуля казаў, каб ваявалі за Беларусь»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:04:05 0:00

«Рагуля казаў, каб ваявалі за Беларусь»

Жыхар Наваградку Яўген Усюкевіч зь юнага ўзросту марыў, каб «было ўсё па-беларуску». Падчас вайны ён змагаўся у конным швадроне Барыса Рагулі — адначасова супраць камуністаў і гітлераўцаў.

Пасьля ад невыноснай працы ў лягерах яго выратавала веданьне сталярнай справы. Па вяртаньні на радзіму Яўгена Усюкевіча наведваў ягоны сваяк — пісьменьнік Уладзімер Караткевіч. 13 студзеня Яўген Вячаслававіч адзначыў 90 гадоў.


«Ніводная партызанская сям’я не павінна пацярпець ад швадрона»


Усюкевіч: Немцы-акупанты ня столькі зрабілі зла (калі з-за вугла іх не заб’юць), колькі партызаны. Гэта не была беларуская партызанка. Гэта быў савецкі, маскоўскі кантроль. Задума Рагулі была лякальная: усё ж такі сваё насельніцтва трэба было неяк аберагаць. Ён казаў: «Хлопцы, калі хто хоча ісьці ў партызаны, бярыце зброю і ідзіце. Толькі ваюйце за Беларусь. Не сядзіце, пакуль прыйдуць у вашу хату ды прыдушаць». У швадроне быў кліч: «Ніводная партызанская сям’я не павінна пацярпець ад рук швадрону». Мы не прычынілі зла нікому. Мяне агітавалі ў партызаны. Я быў перакананы: у партызанах ваявалі «За Родзіну! За Сталіна!» За гэта я ваяваць ня мог. Прыслужвацца немцам? Немцы дазволілі нас, калі самі ўжо ў штаны напусьцілі. Па сваім характары мы не былі прыслужнікамі.

Карэспандэнт: Распавядзіце, калі ласка, чым займаўся швадрон?

Усюкевіч: Наша задача была абараніць наш народ, каб не дазволіць немцам і партызанам паліць вёскі. У швадроне была моладзь з адукацыяй. Некаторыя нават пры Польшчы гімназію скончылі. Гэта былі як бы курсы падафіцэраў. Форма была нямецкая з эмблемамі Пагоні, на пятліцах ефрасінеўскі сьцяжок. Зброя лёгкая стралковая. У камандаваньні не было ніводнага немца.

Карэспандэнт: Якія песьні сьпявалі?

Усюкевіч: Усё толькі беларускае сьпявалі. «Гэй, наперад, покі сэрца б’ецца на прастор...» «Беларусь, наша маці-краіна, ты з нас моцных зрабіла людзей. Не загінулі мы, не загнем, покуль ты нас наперад вядзеш». Гэтая песьня была абвязковая раніцай і перад сном. Перад заняткамі заўсёды малітва — вайсковая дысцыпліна была. Каманды: «Зважай!», «Раўняй!», «Зброю на чэсьць!»


«Хацелася заслужыць генерала»


Карэспандэнт: Ці памятаеце апошнія дні швадрону?

Усюкевіч: Мы былі ў Нябышыне (вёска ў Докшыцкім раёне Віцебскай вобласьці). Рагулю далі загад рухацца на Вільню, ён не падпарадкаваўся нямецкай камандзе. Хлопцаў арганізавалі, пагрузілі ў вагон-таварняк і — на Ліду. А за намі нямецкі цягнік, які за сабой разбураў шпалы. Немцы адступаюць, а мы рухаемся на Наваградак. Рагуля сказаў на раніцу: «Хлопцы, заставацца я ня буду. Усё роўна я буду пакараны». Ён справабаў наладзіць перамовы з партызанамі, але гэтага ня выйшла.

Пасьля нас перакінулі ў Заходнюю Нямеччыну, у Эльзас-Лятарынгію. У нас былі вучэньні ў лесе. Жылі ў намётах. Сам Радаслаў Астроўскі быў там. Мне спадабалася на вучэньнях: па компасе на невядомай мясцовасьці я прыйшоў на месца. Кушаль быў...

Карэспандэнт: Якімі вы запомнілі Францішка Кушаля і Радаслава Астроўскага?

Усюкевіч: З Астроўскім размовы не было: я ж ня меў тады чыну, просты радавы. Кушаль мне лейтэнанцкія пагоны начапіў... Быццам я быў такі ўжо новасьпечаны вышкалены ваенны. Здаецца, гэта была больш палітычная заслуга (усьміхаецца).

Карэспандэнт: Як вас выдавалі СССР? Гэта было пасьля Ялцінскага пагаденьня, калі «тры вялікія дзяржавы» дамовіліся, што будуць перадаваць адна адной сваіх грамадзян?

Усюкевіч: Я не сачыў за Ялтай. Гэта быў Вялікдзень 1945 году... Празь некаторы час мы перайшлі мяжу. Пераходзілі замінаваны мост у гарах Вагезах. Немцы сядзелі ў акопах і ахоўвалі гэты мост. Яны перайшлі разам з намі. Рэчка, абрыў, далей — бок амэрынканцаў. Зброю выкінулі. Нас загналі ў нейкае вытворчае памяшканьне. Адну ноч мы былі пад дахам, наступную — у полі, у балоце па калена ў вадзе. Давалі бохан хлеба на сто чалавек. Мы думалі, што мы інтэрнаваныя і нас дзесьці разьмесьцяць. А мы былі ваеннапалонныя. Са мной быў Сокал Кутылоўскі, каторы кіраўнік Слуцкага паўстаньня. Некаторыя з нас хацелі ў французскі легіён. Я хацеў генэрала заслужыць (сьмяецца). Праз тры месяцы нам сказалі сабраць манаткі і прывезьлі ў Шэрбург. Мы выйшлі з вагонаў — вакол салдаты з чырвонымі аколышамі на фуражках, з сабакамі: «Гаспада афіцэры, просім у вагоны». Ну і павезьлі ў бок СССР... Мы былі зусім маладыя. Што мы разьбіраліся многа? Нам хацелася беларускага.

«Сталярная работа мяне выратавала»


Усюкевіч: Пасьля суду нас зьмясьцілі ў лягеры ў Рыбінску. Я атрымаў 8,5 гадоў папраўча-працоўных калёній, а не лягераў. Гэта больш просты рэжым.

Карэспандэнт: Як Вы думаеце, чаму так атрымалася? Вы ж былі «здраднікам Радзімы».

Усюкевіч: Чалавек мог заявіць, што хоча навучыцца якой-небудзь прафэсіі, і яго маглі зьмясьціць у калёнію. Я сталярную работу знаў. Яна мяне ад цяжкіх зямельных працаў і выратавала... Яшчэ пры Польшчы я скончыў сем клясаў, пайшоў да добрага сталяра займацца. Я і цяпер магу ўсё зрабіць: калыску, табурэтку, раму. Хату магу збудаваць драўляную.

Пазьней мяне перавялі ў камэнданцкі лягер. У пачатку 1953 году сюды прывезьлі савецкіх генэралаў. Каго я памятаю? Генэрал-палкоўнік Цялегін, генэрал-лейтэнант Арлоў, генэрал-палкоўнік Самохін, генэрал-маёр казачых войскаў Бычкоўскі, генэрал-палкоўнік юрыдычнай службы Чаплінскі. Калі Сталін Жукава загнаў ва Ўральскую дывізію, то ўжо яго генэралітэт за шыварат і... Яны былі падзёншчыкамі ў мяне, бо не былі спэцыялісты.

Карэспандэнт: Словам, умовы былі больш-менш спрыяльныя?

Усюкевіч: Цяпер мне здаецца, каб ня сьмерць Сталіна, я не вярнуўся б дахаты... Калі я атрымаў «бегунок», у мяне пытаюцца, ці няма ў мяне на радзіме ваеннай вытворчасьці. Я кажу: «Нічога ў нас няма. Там сельская гаспадарка». І паехаў дахаты, да бацькоў. Па дарозе, у Баранавічах, гавораць: «там дэсант Рагуля выкінуў». Гэта ён ужо зрабіў глупства. Ён ведаў, наколькі беларускі народ патрыятычны. «Дальвіц» выкінулі на гібель. Гэта непатрэбна было.

«Вы павінны з намі супрацоўнічаць. Нам нада ідзейных урагоў»


Усюкевіч: Восем год я жыў у бацькі ў Хадасах. Займаўся сталяркай. Раз мяне выклікаюць у КДБ: «Мы ведаем, што вы шкоды людзям не рабілі. Вы павінны з намі супрацоўнічаць». Я кажу: «І пагоны дасьцё?» — «Нам нада ідзейных урагоў». Я кажу: «Слухайце, вось ідэйны вораг перад вамі сядзіць. Я ніколі не данясу. Я папярэджу. Скажу: „слухай, друг, ня балтай, а то атрымаеш на язык“. Але да вас я не прыйду». Гэта быў які 58-ы ці 57-ы год. Мне і ў калёніі прапаноўвалі даносіць. Я ім тое самае адказаў.

Карэспандэнт: Раскажыце пра сваё сваяцтва зь пісьменьнікам Уладзімерам Караткевічам.

Усюкевіч: Мой дзядзя, бацькаў брат, скончыў ваенную акадэмію. Быў начальнікам штаба інжынэрных войскаў Першага беларускага фронту. Пад час грамадзянскай вайны ён ажаніўся зь сястрой маці Караткевіча — Яўгеніяй. Яны прыяжджалі да бацькоў маіх, у вёску Хадасы. Часта і Валодзя прыяжджаў. Па тыдні быў у бацькі. У лес зь ім езьдзіў, хадзіў на курганы. Пад час швэдзкай вайны швэды хавалі сваіх салдат у курганы. Чым большы чын, тым большы курган. Каля нашай вёскі багата лесу ўжо, але іх відаць. Караткевіч цікавіўся гэтымі курганамі. Самагонка ў бацькі была харошая, чысьценькая — любіў выпіць. Да мяне ў Наваградку заходзіў разы тры ці чатыры. Я не расказваў, што быў у швадроне, але ён пра гэта ведаў. Калі было 50-годзьдзе майго дзядзькі, яны ўсе прыехалі. Мы з Валодзем выйшлі на балькон, я кажу: «Расказаць табе пра свой лёс і пра свае памылкі?» — «Бойся Бога! Якія памылкі?! Ніякіх памылак у цябе не было! Што ты!»

«Рэабілітацыі я не заслужыў»


Карэспандэнт: Ці на памеры вашай пэнсіі адбіваецца тое, што вы былі вязьнем ГУЛАГу? Ці даплочваюць за гэта?

Усюкевіч: (сьмяецца) Вы ў якой дзяржаве жывяце? Задаеце такое пытаньне. Гэта ў Шушкевіча «адбіваюцца» ягоныя заслугі. А мне што? Я два мільёны атрымліваю. Мне хапае.

Карэспандэнт: На рэабілітацыю дакумэнты Вы не падавалі?

Усюкевіч: Божа ўпасі! А навошта? Я ж выступаў супраць савецкай улады. Я выступаў, што няма свабоды, што Беларусь павінна быць самастойнай, што рэлігію прыцясьняюць. Якая рэабілітацыя? Я яе не заслужыў. Ды і хто будзе рэабілітаваць? Пры ўладзе сёньня камуна. Усе былыя саўкі пры ўладзе.

Карэспандэнт: Ці сочыце Вы за грамадзкім жыцьцём? Якія газэты чытаеце?

Усюкевіч: «Народная воля» і «Наша Ніва». Я лічу, гэта самыя прагрэсіўныя газэты. Газэту, якую рэдагуе Якубовіч, не чытаю. «Новае жыцьцё» чытаю, бо цікава сваё, раённае. Каб пайсьці да якога сябра, мне цяжка хату перайсьці — хаджу з дапамогай дзьвюх палак.

Карэспандэнт: Вы былі сябрам ініцыятыўнай групы Віталя Рымашэўскага на мінулых прэзыдэнцкіх выбарах...

Усюкевіч: Канечне. Я падтрымоўваў яго.

Карэспандэнт: Па палітычных поглядах вам больш імпануе хрысьціянская дэмакратыя?

Усюкевіч: Так. Па-першае, тут няма зброі. Хаця трэба было б аўтаматы вывучыць добра (усьміхаецца). Хрысьціняская дэмактарыя са словам Бога. Мяне за гэта ніхто не папракне. Нават самы яры камуніст.


«Як на цяперашні розум, варта было прыхавацца»


Усюкевіч: Ці ёсьць нешта, пра што Вы шкадуеце і каб вярнуць час, то зрабілі б па-іншаму?

Усюкевіч: Каб у мяне быў розум цяперашні, безумоўна, я стараўся б дзесьці не праяўляць свайго патрыятызму, каб перажыць, перахавацца. У маладосьці такога не было. Палякі нам не давалі: дастаткова было, што ты праваслаўны — табе дарога ўсюды закрыта. Бальшавікі прыйшлі — свае зубы паказалі. Немцы акупацыю прынесьлі. Мы спадзяваліся, што гэта часова. Хацелася ўжыць зброю на сваю карысьць пры добрым моманце... Не атрымоўваецца так, як хочаш. Як я мог, сапляк 20-гадовы, разьбірацца? Знаў толькі ад бацькоў: «Не зрабі людзям зла».

Карэспандэнт: Ці не адчуваеце Вы сёньня крыўду на дзяржаву і на гісторыю за тое, што так жорска з Вамі абышлася?

Усюкевіч: На савецкую ўладу чаго мне крыўдзіцца? Я заслужыў — яны мяне "ўзнагародзілі".У мяне крыўда толькі ведаеце за што? Народ наш інэртны. Абставіны, акупацыі, паны — ясна. Але чаму яго не зварушыць? Калі беларусы, як мартышкі, не ведаюць, што зрабіць зь незалежнасьцю...
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG