Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суаўтар, сувыканаўца, суўдзельнік


Юрась Бушлякоў, Менск

Як афармляем па-беларуску словы з значэньнем супольнасьці дзеяньня? У акадэмічных слоўніках беларускае мовы поруч, скажам, з сузаснавальнікам і сунаймальнікам зафіксаваныя сааўтар і саўдзельнік. Чаму калі заснавальнік не адзін, то ён сузаснавальнік, а калі аўтар не адзін, то сааўтар? Як тут разабрацца: чаму ў адным выпадку прыстаўка су-, а ў другім са-?

Традыцыйна ў нашай мове значэньне сумеснасьці, супольнасьці надае словам прыстаўка су-: сувыканаўца, суграмадзянін, супрацоўнік, суродзіч. Афармленьне словаў такога тыпу з прыстаўкаю са- – вынік перанясеньня адпаведных фактаў расійскае мовы. У сучаснай моўнай практыцы відаць, аднак, тэндэнцыя на сыстэмнасьць – лексыку, якая мае значэньне супольнасьці дзеяньня, больш пасьлядоўна афармляюць паводле тыповай беларускай мадэлі з прыстаўкаю су-: суаўтар, сувыдавец, судаклад, судружнасьць, суўдзельнік.

Зьвярну яшчэ ўвагу, што ў ролі адпаведнікаў паасобным расійскім словам на со- выступаюць беларускія зь іншай будоваю. Напрыклад, расійскім словам сокурсник, сослуживец адпавядаюць беларускія аднакурсьнік і таварыш / калега па службе (з службы). А, скажам, на месцы некрытычна пазычанага саіскальніка або крыху падпраўленага суіскальніка варта выкарыстаць беларускага спаборніка. Дарэчы, чалавека, які прэтэндуе на атрыманьне званьня, ступені, цяпер часам называюць яшчэ й спашукальнікам. Спашукальнік – слова, якое ўваходзіць у мову зь лёгкае рукі гарадзенскага прафэсара Паўла Сьцяцка.

Вось жа, суаўтар, сувыканаўца, сукватарант, сумяшчальнік, суўдзельнік, суўладальнік – у абсалютнай большасьці выпадкаў значэньне супольнасьці дзеяньня можам перадаць словамі з заканамерным беларускім абліччам.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG