Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да 50-годзьдзя пачатку асваеньня цалінных зямель


Ганна Сурмач, Прага

Удзельнікі: Валянціна Фок (Менск), Леанід Піталенка (Алма-Аты), Альбіна Котава (Алам-Аты).

У сакавіку 1954 году ў Cавецкім Саюзе быў абвешчаны плян асваеньня пустынных прастораў Сыбіра, Уралу і паўночнага Казахстану. Прайшоў год пасьля сьмерці Сталіна, разам з адыходам дыктатара стала разбурацца магутная сыстэма лягероў палітзьняволеных, якія давалі бясплатную працоўную сілу. Савецкая эканоміка ня ведала больш эфэктыўных шляхоў разьвіцьця, чым выкарыстаньне бясплатнай працы. Перад кіраўніцтвам СССР паўстала задача – вынайсьці іншыя формы эксплюатацыі насельніцтва.

Менавіта з сакавіка 1954 году ў Савецкім Саюзе пачынае ажыцьцяўляцца новая доўгатэрміновая эканамічна-ідэалягічная праграма, асноўнымі часткамі якой стануць асваеньне цаліны, новабудоўлі Сыбіру, БАМ.

Галоўная ідэалягічная ўстаноўка – добраахвотны ўдзел у гэтай працы. Нікога не арыштоўвалі, не патрэбныя былі сьледчыя і канваіры. Гэтыя функцыі ўзяла на сябе магутная сыстэма савецкай прапаганды. Пад яе ўзьдзеяньнем моладзь ехала за Ўрал як бы “на заклік сэрца” і з такім жа энтузіязмам пераносіла ўсе цяжкасьці.

Цаліна была першым крокам таму, што неабходна было вырашыць праблемы з харчаваньнем насельніцтва, ліквідаваць пасьляваенную картачную сыстэму. Калгасы не ў стане былі забясьпечыць вялізную краіну прадуктамі харчаваньня. Усяго меркавалася загаспадарыць 13 млн. гектараў цалінных зямель. Дзеля гэтага патрабавалася прыкладна 10 млн. чалавек, так званых добраахвотнікаў. Вядома, што “добраахвотнасьць” трэба было ўспрымаць па-савецку.

Адкуль меркавалася браць працоўную сілу? Аб гэтым яскрава сьведчыць інфармацыя пра адзін з дакумэнтаў таго часу. 19 мая 1956 году быў абвешчаны Зварот ЦК КПСС і Савета міністраў да моладзі заходніх частак СССР аб тым, што патрабуецца 0,5 млн. камсамольцаў на выезд ва ўсходнія раёны – Сыбір, цаліну для будаўніцтва і асваеньня цаліны. Гаварылася, што яны павінны быць завэрбаваныя цягам 1956-57 г. з Масквы, Ленінграда, Кіева, Менску, Адэсы, Харкава, Растова-на-Доне, Тбілісі, Баку, Ерэвану і інш. Гэта павінна была быць моладзь, якая скончыла або канчае сярэднюю школу. Гэты зварот заклікаў моладзь выяжджаць за Ўрал на пастаяннае жыхарства. Дагэтуль працаўнікоў пасылалі туды на працу пераважна часова.

З названага дакумэнту бачна, што працоўныя рэсурсы для цаліны меркавалася браць пераважна з саюзных рэспублік заходняй часткі СССР і Каўказа. Адначасна савецкае кіраўніцтва атрымала новыя магчымасьці для правядзеньня палітыкі дэнацыяналізацыі. Перасяляючы і расьцярушваючы людзей розных нацыяў, лягчэй можна было дасягнуць пастаўленай мэты – фармаваньня адзінага савецкага народу.

Да шэрагу заходніх рэгіёнаў, дзе быццам была лішняя працоўная сіла, якую можна было накіраваць на цаліну, ад самага пачатку залічылі і Беларусь. І гэта тычылася рэспублікі, якая страціла ў нядаўняй вайне кожнага чацьвёртага жыхара.

Тут варта ўспомніць і пра тое, што на 19-м зьездзе КПСС у 1952 годзе была прынятая пастанова пра асушэньне палескіх балотаў. Беларусь у той час сама патрабавала для гэтай працы рабочыя рукі. Плянавалася, што асушаныя землі будуць засявацца, і зьбіраць ураджаі хлеба беларусы павінны былі дома, а не ў Казахстане.

На загад з Масквы ў Беларусі разгарнулася інтэнсіўная вэрбоўка моладзі на цаліну. “Добраахвотнікаў” вызначалі камсамольскія ды партыйныя арганізацыі. Моладзь часам сапраўды ехала добраахвотна, асабліва вясковая, бо інакш не магла вырвацца з калгасаў.

Гэта новая хваля эміграцыі з абяскроўленай вайною краіны вымывала зь беларускага грамадзтва працавітую і адукаваную моладзь. У 1954-55 гг. зь Беларусі на цаліну выехала 20 тысяч толькі камсамольцаў, але колькасьць была большай, бо тут ня ўлічаныя іх сем’і, а таксама і тыя, хто ня быў у шэрагах камсамола. Чыгунка арганізавала нават адмысловы маршрут Менск-Паўладар, гэтыя цягнікі ўзмоцненымі тэмпамі вывозілі беларускую моладзь у казаскі стэп.

Як мы ўжо згадвалі, на пачатку на цаліну пасылалі працаваць у большасьці часова, сэзонна. Часта гэта была студэнцкая моладзь зь беларускіх ВНУ, якая працавала там пад час летніх вакацыяў.

Колішняя студэнтка Менскага пэдагагічнага інстытуту Валянціна Фок трапіла на цаліну, калі скончыла другі курс гісторыка-філялягічнага факультэту. Яна ўспамінае.

(Фок: ) “Наша першая група езьдзіла ў 1954 годзе, я паехала ў другой групе ў 1956 годзе. Мне было 22 гады. Нас сабралася група, дзяўчаты і хлопцы, большасьць была дзяўчат. Фармавалі атрады – атрад з пэдінстытуту, атрад з мэдінстытуту і быў атрад з тэхналягічнага інстытуту. Была, прыкладна, сотня чалавек. Мы ўсе тады былі камсамольцамі-добраахвотнікамі.

Праводзілі нас урачыста, музыка. Мы спачатку думалі, што паедзем цягніком прыстойна. Але пабачылі, што нас у таварняк садзяць. У таварным вагоне з аднаго боку дзьверы і з другога – скразьняк. Гэтыя дзьверы, каб мы не вываліліся, вось як возяць кароваў, закладалі дошкамі. Дзяўчаты і хлопцы ў адным вагоне. Былі такія нары ў два ярусы і вось мы на іх ехалі. Ніякай бялізны не давалі, не было туалета, хадзілі на станцыях. Гарбату і ваду – таксама на станцыях, а яду з сабою бралі.

Мы ехалі тыдзень. Ніяк не хварэлі, якая там хвароба. Можа, што была маладосьць, нейкая такая рамантыка, мы ж ехалі на цаліну. Мы там былі верасень, жнівень, ліпень, паехалі ў чэрвені. Прыехалі ў Какчатаў, нас на грузавікі пасадзілі і павезьлі. Прыехалі ў Рузаеўскі раён Какчатаўскай вобласьці.

Прыехалі, а нікога няма, стаіць адзін амбар у полі. Мы дзьве ці тры ночы спалі ў амбары, на падлозе, паслалі салому. Дзе памыцца – пайшлі пад кран рукі памылі, твар ды ўсе справы з мыцьцём. Потым мы пайшлі ў інтэрнат, далі нам ложкі, бялізну далі. Саўгас толькі забудоўваўся, некалькі хатаў толькі было.

Па 8-10 гадзін працавалі. Мы лапацілі зерне, а хлопцы – на камбайнах.
Цяжкая, канечне, была праца, але неяк звыкліся”.

Спн. Валянціна прыпамінае непрыемны выпадак, які здарыўся на цаліне зь ёю і ейнымі сяброўкамі:

(Фок: ) “Прыходзяць і кажуць нам – вось машына, сядайце, дзяўчаты, і паедзеце ў поле. Павезьлі "сойку" зьбіраць. "Сойка" – гэта заражаныя, хворыя каласкі, іх трэба выбіраць, каб не заразілі здаровых. І вось мы – чатыры дзяўчыны паехалі зьбіраць гэтую "сойку". Ехалі доўга, у стэп нас завезьлі, а там ніякага арыентыру.

І вось мы глядзім, што сонца ўжо заходзіць, вечарэе. На небе ўсходзіць месяц, поўня, вялізны-вялізны, чысьцюткі-чысьцюткі, неба блакітнае-блакітнае, але, ні чуваць нічога і нікога. Я кажу: “Давайце, дзяўчаты, сьпяваць, можа нехта пачуе”. І вось мы ходзім па гэтаму стэпу і сьпяваем, але хто нас пачуе. Ужо стала цёмна. І мы раптам пачулі нейкі грукат і пайшлі насустрач, бачым, што трактарыст едзе. Ён пад'ехаў і кажа, што ён ужо ў пошуках нас апошні круг рабіў і хацеў вяртацца. Ён ня мог нас знайсьці, прыехаў на тое мейсца, а нас няма, мы пайшлі ў іншы бок. Трактарыст распавёў, што ўсе ўжо селі вячэраць, і тут наш брыгадзір студэнцкі сказаў, што няма чатырох чалавек, тады ўспомнілі, што нас адправілі ў стэп. Ён сеў на трактар і паехаў нас шукаць. Вось так у стэп закінулі дзяўчат, усялякае магло здарыцца, і ніхто ня ўспомніў, каб наш брыгадзір студэнцкі не спытаў, дык ніхто з кіраўніцтва і ня ўспомніў бы”.

Сп. Валянціна, Вы перад ад’ездам мелі рамантычныя ўяўленьні пра цаліну, а калі прыехалі, пабачылі, якое было ўражаньне?

(Фок: ) “Нават не магу сказаць, якое было маё ўражаньне. Уражаньне такое, што за два папярэднія гады ў тым месцы нічога амаль што не было зроблена. Для навасёлаў будавалі хаты, забесьпячэньне, канечне, было не сказаць што добрае. Цяпер гледзячы, можна сказаць, што патрэбна было лепш забясьпечваць людзей і харчаваньнем і жыльлёвымі ўмовамі. Гэтага не хапала”.

А як ў вас было з адзеньнем, з харчаваньнем?

(Фок: ) “Мы ўсё сваё мелі, адзеньня не давалі. Есьці хапала, але было нясмачна. Вада была вельмі дрэнная, з саляркаю. Я ня ведаю нават, як мы вытрымалі ўсё гэта?”

Студэнты ехалі на цаліну ня толькі ў пошуках рамантыкі, ім абяцалі таксама і заробкі, якія заробкі былі ў вас?

(Фок: ) “Які там заробак быў? Я на свой заробак змагла купіць сабе тканіну на касьцюм, падарункі купіла і дарогу сабе аплаціла дадому – да Калінкавіч і назад. Вось і ўвесь мой заробак за тры з паловаю месяцы”.

Усе з вашых сяброў вярнуліся дахаты, ці можа нехта пажадаў застацца на цаліне?

(Фок: ) “Не, застацца ў нас ніхто не пажадаў, жаданьня застацца не было. Ужо ў трэцяй групе на наступны год вельмі мала паехала студэнтаў. Я больш ня езьдзіла, і нашы, тыя, хто з намі езьдзіў, другі раз ніхто не паехаў. Рамантыка троху адышла, калі мы вярнуліся, паглядзелі на ўсё гэта іншымі вачыма, і ўжо не захацелася ехаць другі раз”.

У першай палове 60-х таксама студэнтам трапіў на цаліну і цяперашні старшыня беларускай суполкі ў Казахстане сп. Леанід Піталенка.

(Піталенка: ) “У той час я быў студэнтам Віцебскага пэдагагічнага інстытуту. Я быў на другім курсе, хіміка-біялягічны факультэт. Першы студэнцкі будаўнічы атрад быў арганізаваны ў Віцебскім пэдагагічным інстытуце ў 1963 годзе. У складзе гэтага атраду я прыехаў у Казахстан. Уральская вобласьць, Касталаўскі раён, саўгас імя Курмангазы. Землі былі ўзараныя, але жытла для насельніцтва не было, многія жылі ў зямлянках. Мы для іх будавалі дамы, мы будавалі сельскагаспадарчыя аб'екты. Сацыяльнай сфэры таксама не было, таму мы за сэзон пабудавалі амбуляторыю, дзіцячы садок, краму, пошту і 18 жылых дамоў. Працоўны дзень быў вельмі напружаным, мы ўставалі ў 6 гадзін, па 12-16 гадзін працавалі”.

Леанід Піталенка тады вярнуўся дадому, але так сталася, што яму наканавана было ізноў вярнуцца ў Казахстан. Цаліннае падарожжа сталася для яго лёсавызначальным.

(Піталенка: ) “Я сустрэўся там са сваёй будучаю жонкаю, яна таксама там працавала, праходзіла сельскагаспадарчую практыку, яна жыла ў Алма-Аты. Так атрымалася, што пасьля заканчэньня інстытуту я пераехаў у Алма-Аты і застаўся тут. Усё жыцьцё марыў вярнуцца дахаты, але так склаўся лёс, што тут ужо сваё жыцьцё, сваё кола сяброў”.

У Алма-Аты жыве і былая цаліньніца Альбіна Котава, цяпер доктар мэдычных навук, прафэсар.

(Котава: ) “У час актыўнага асваеньня цаліны, недзе ў 1956 годзе, я скончыла Алма-Ацінскі інстытут, лячэбны факультэт, і была накіраваная лекарам у Петрапаўлаўск, паўночна-казахстанскі. Гэта цалінны край. Я там працавала спачатку лекарам-анколягам, потым лекарам хуткай дапамогі і выкладала ў мікрабіялёгію ў мэдычнай вучэльні, навучала будучых фельдшараў, акушэрак, мэдсёстраў для цаліннага краю. Нашыя многія аднакурсьнікі на цаліну ехалі лекарамі працавалі. Незвычайны пад'ём быў. Канечне, было і цяжка”.

Сп. Альбіна, як Вы апынуліся ў Алма-Аты, чаму там вучыліся?

(Котава: ) “У Алма-Аты мы папалі зь Сяміпалацінска, а туды прыехалі з Масквы. Бацька зь Беларусі быў накіраваны на вучобу ў Вятку, потым у Гомелі працаваў. Потым ён трапіў у Маскву, у Акадэмію чырвоных дырэктароў. Скончыў у 1941 годзе і перад вайною атрымаў накіраваньне ў Сяміпалацінск. Маці, бацька сапраўдныя беларусы, і я таксама беларуска”.

Альбіна Котава далей вырашыла працаваць у галіне навукі, але цаліна засталася прысутнаю ў ейным жыцьці.

(Котава: ) “Пасьля абароны кандыдацкай дысэртацыі па мікрабіялёгіі я ў 1965 годзе была накіраваная Мінздравам нашай рэспублікі для арганізацыі катэдры мікрабіялёгіі ў Цалінаград, цяпер Акмала – наша сталіца. Павінна была арганізаваць катэдру ў новаствораным цалінаградзкім мэдычным інстытуце. Арганізавала катэдру і першы курс, многія зь іх былі цаліньнікі, яны прыехалі на цаліну, а потым паступілі ў інстытут. Я ведаю студэнтаў, якія ў мяне вучыліся, цудоўныя хлопцы. Яны прыехалі на цаліну, а потым ішлі вучыцца, атрымаць вышэйшую адукацыю. Трэба было працаваць, але патрэбныя былі і дактары, і фэльчары, мы зубных тэхнікаў выпускалі для цаліны. Кадры патрэбныя былі, асабліва мэдыкаў. Было так шмат людзей, патрэбна была прафіляктыка інфэкцыйных хваробаў, людзі зь сем'ямі, яшчэ не прывыклі і, вядома, хварэлі”.

Спн. Котава паведаміла, што часта сустракала ў тыя гады перасяленцаў зь Беларусі, што беларусаў прыяжджала на цаліну асабліва шмат. Сама яна прыехала туды раней за іншых, прыжылася ў гэтых мясьцінах. У Казахстане нарадзіліся яе дзеці і ўнукі, але Бацькаўшчына вабіць яе і да сёньня.

(Котава: ) “Я Беларусь памятаю ад вельмі раньняга дзяцінства. Некалі мы прыяжджалі з Масквы ў госьці да цёткі, якую, на жаль, з усімі дзяцьмі расстралялі. А потым я ўжо прыяжджала ў Менск тры разы, і мне так спадабалася Беларусь. Я беларуска, якая, на жаль, ня ведае беларускай мовы".

Ня ўсе беларускія цаліньнікі засталіся назусім у Казахстане. Але беларуская прысутнасьць у гэтай цяпер ужо незалежнай краіне і да сёньня застаецца даволі значнай. Паводле зьвестак апошняга савецкага перапісу 1989 году, у Казахстане налічвалася 171 тысяча беларусаў. Цяпер, згодна з перапісам 1999 году, жыве менш – 111,4 тысяч чалавек. За дзесяць гадоў 60 тысяч беларусаў пакінулі краіну, і шмат хто зь іх вярнуўся на Бацькаўшчыну.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG