Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Таленты на чужыне: іканапісец з Таронта


Ганна Сурмач і Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Удзельнікі: Антон Варабей, Ірына Варабей, Надзея Дробіна, Івонка Сурвілла.

Як чалавек далучаецца да прыгожага? Чаму ў сям’і інжынэра можа нарадзіцца паэта, а ў сям’і кампазытара – фізык? Гэтыя пытаньні здаўна цікавяць навукоўцаў, ім прысьвячаюцца дасьледаваньні, пішуцца манаграфіі. Людзі, далёкія ад навукі, тлумачаць гэтую зьяву простай фразай: “Талент ад Бога”.

16 гадовы беларускі хлопец Антось Варабей, які з маці жыве ў Канадзе, напісаў абраз Кірылы Тураўскага на замову сьвятой памяці ўладыкі Мікалая, мітрапаліта Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы, для царквы Кірылы Тураўскага ў Таронта, дзе ўладыка праслужыў амаль паўстагодзьдзя. Уладыка нікому раней не замаўляў гэтай працы, як быццам бы чакаючы, калі можна будзе даручыць гэта маладому таленту.

Антон з маці прыехалі ў Канаду тры з паловай гады таму і адольваюць зараз шматлікія цяжкасьці, што непазьбежна чакаюць кожнага эмігранта на чужыне.

Сп. Ірына, маці Антона, нарадзілася ў Менску, але ейныя бацькі паходзяць з Чэрвеньшчыны. Скончыла беларускую філялёгію БДУ, аднак пайшла ў спорт, бо яшчэ са школы займалася веславаньнем на байдарках. Працавала трэнэрам.

(Сурмач: ) “Сп.Ірына, калі вы заўважылі ў свайго сына любоў да маляваньня?”

(Ірына Варабей: ) “Ён маляваў зь дзяцінства, у садку, дома, я яму заўсёды давала алоўкі, фарбы, каб заняць яго. Ён ахвотней маляваў, чым гуляў з цацкамі. Потым мая сяброўка, яна працавала ў 75-й школе з мастацкім ухілам, калі была ў нас дома, пабачыла ягоныя малюнкі і прапанавала падаць ягоныя дакумэнты ў гэтую школу. Яго прынялі, ён вучыўся ў 75-й школе зь першага кляса па 7-ы”.

(Сурмач: ) “Сп. Ірына, Вы бачылі, як Антон працаваў над абразам Кірылы Тураўскага. Наколькі цяжка далася яму гэтая складаная нават для сталага мастака праца?”

(Ірына Варабей: ) “Вельмі цяжка таму, што было пачуцьцё адказнасьці, бо гэта ж менавіта абраз, для царквы. Яму давялося прагледзець некалькі кніжак з выявамі абразоў. Я прыносіла яму іх з нашай беларускай бібліятэкі. Ён усё перагледзеў і стаў маляваць так, як ён хацеў. Я спрабавала яму падказаць, вось так зрабі, але ён казаў: я так ня буду маляваць, гэта вельмі проста. І ўрэшце ён намаляваў так, як ён сам гэта бачыў”.

(Сурмач: ) “Наколькі Вы сама і Ваш сын далучаныя ўвогуле да царквы, як вы патрапілі ў царкву Кірылы Тураўскага?”

(Ірына Варабей: ) “На Дзяды. Дзяды для мяне наагул вельмі сьвятое паняцьце. Я стала цікавіцца, дзе тут ёсьць беларуская царква ў Таронта, каб можна было пайсьці адзначыць гэты дзень. І знайшла. Я туды цяпер хаджу амаль што кожную нядзелю. Я там цяпер занятая і ў царкве, і ў парафіі, і ў Згуртаваньні беларусаў Канады”.

(Сурмач: ) “Антось, а што вы найбольш любілі маляваць у дзяцінстве?”

(Антон Варабей: ) “Любіў маляваць прыроду, пэйзажы, калі маленькі быў, алоўкамі маляваў”.

(Сурмач: ) “У Менску вы вучыліся ў мастацкай школе, а цяпер у такой самай канадыйскай...”

(Антон Варабей: ) “У нашай школе мы малявалі акварэльлю і толькі нацюрморты, колькі я там быў зь першага па сёмы кляс. Больш вучылі тэхніцы, як маляваць. Тут больш разьвіваецца фантазія, прыдумваеш свае тэмы. Прапануюць нам спрабаваць розныя тэхнікі. Больш творчы падыход. Можна гаварыць аб тым, што табе больш падабаецца, працаваць у любым стылі і на любую тэму. Могуць табе толькі часам задаць тэму, а маляваць можаш у сваім стылі”.

(Сурмач: ) “Антон, а як сталася, што менавіта вас Уладыка папрасіў намаляваць абраз Кірылы Тураўскага для царквы?”

(Антон Варабей: ) “Перш я намаляваў герб Менску і прынёс у царкву. Уладыка паглядзеў і праз пару дзён папрасіў мяне паспрабаваць намаляваць абраз. Стараўся так рабіць, каб яно выглядала добра. Намаляваў так, як я яго ўяўляю. Першы варыянт я намаляваў алоўкамі і акварэльлю, але зрабіў памылку і трэба было ўсё паправіць”.

(Сурмач: ) “Але паправіць не ўдалося, і Антону давялося пачынаць усё спачатку. Хаця праца і зацягнулася, Уладыка Мікалай усё ж пабачыў абраз незадоўга да сваёй сьмерці. Антон перадаў яму свой твор як падарунак”.

(Антон Варабей: ) “Гэта быў яго дзень народзінаў. Калі ўсе былі ў залі, я прынёс і паказаў яму”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Як успрыняў абраз Уладыка Мікалай? Паслухаем сьведку урачыстасьцяў Надзею Дробіну”.

(Дробіна: ) “Гэты абраз вельмі спадабаўся ўладыку Мікалаю. Ён доўга трымаў яго ў руках яго й ледзь ня плакаў – быў настолькі ўсхваляваны. Ён хацеў выбраць добры час, калі ў царкве будзе многа людзей і асьвяціць яго, але не пасьпеў. Вы ведаеце, што ўладыка Мікалай памёр”.

(Сокалаў-Воюш: ) “І, тым ня менш, абраз усё ж заняў сваё месца ў царкве. Як людзі ўспрыймаюць яго?”

(Дробіна: ) “Малады іканапісец. Усе па-рознаму гэта ўспрымаюць. І тэхніка незвычайная, і манэра й падбор фарбаў – усё цудоўна. Усе пытаюцца, адкуль гэтая йкона, таму што яна не падобная да ўсіх астатніх. Калі людзі даведваюцца, што гэта дзіцячая рука, тады ўсе ўсхваляваныя. Яе асьвяціў айцец Вячаслаў”.

(Сокалаў-Воюш: ) “А як вам самой?”

(Дробіна: ) “Гэта цудоўна, што такія маладыя людзі пішуць іконы. Гэта цудоўна. Я думаю, што калі б Антось займаўся гэтым і надалей – зь яго атрымаўся б цудоўны йканапісец”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Скажыце, Надзея, ці Антон Варабей – адзіны малады беларускі мастак у Канадзе?”

(Дробіна: ) “Учора ў нас была выстава дзіцячых карцін. Мы ўбачылі якія нашыя дзеці таленавітыя. І дай Божа, каб больш такіх людзей было. Мы нават ня ведаем пра многіх дзяцей. Дай Бог, каб мы гэта ўсё ўбачылі, каб гэта ўсё на людзі паказаць”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Многа дзяцей малюе?”

(Дробіна: ) “Многа дзяцей малюе, многа ў нас таленавітых дзяцей. Толькі галоўнае заўважыць гэта”.

(Сокалаў-Воюш: ) “А якія пераважна тэмы малюнкаў?”

(Дробіна: ) “Гэта партрэты, дзіцячыя твары – надзвычайна цудоўныя і пэйзажы. Прырода. Душа Беларуская”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Яны малююць Беларусь ці Канаду?”

(Дробіна: ) “Вы ведаеце, канадыйская прырода вельмі падобная да беларускай”.

(Сурмач: ) “Вернемся да размовы з Антонам. Антон, а як далей, ці маеш намер яшчэ працягнуць беларускую тэматыку?”

(Антон Варабей: ) “Хачу намаляваць герб Беларусі, канечне, які гістарычны, “Пагоню”.

(Сурмач: ) “А вось апрача Кірылы Тураўскага, якія гістарычныя асобы вас цікавяць?”

(Антон Варабей: ) “Ведаю такіх знакамітых асобаў як Вітаўта, Эўфрасіньню Полацкую. Хачу далей намаляваць Эўфрасіньню Полацкую”.

(Сурмач: ) “У мастацтве які стыль ці накірунак табе больш падабаецца, чым ты захапляешся?”

(Антон Верабей: ) “Я не прымыкаю ні да якога стылю, я спрабую розныя стылі, розныя тэхнікі”.

(Сурмач: ) “Як бачыш сябе ў будучыні?”

(Антон Варабей: ) “У будучыні хачу быць дызайнэрам архітэктуры. Пайду вучыцца ва ўнівэрсытэт”.

(Сурмач: ) “А як успамінаецца Беларусь, ці хочацца вярнуцца?”

(Антон Варабей: ) “Канечне, хочацца вярнуцца, пабачыць сяброў, паглядзець на Менск. Але зараз я не хачу вяртацца. У будучыні можа я і вярнуся”.

(Сурмач: ) “Днямі падчас сьвяткаваньня ў Таронта 85-х угодкаў абвяшчэньня незалежнасьці Беларусі была наладжаная выстава маладых беларускіх мастакоў у Канадзе, пра якую згадвала сп. Дробіна. Там прысутнічала старшыня Рады БНР сп. Івонка Сурвілла, якая сама ёсьць вядомай мастачкай у беларускім замежжы. Мы папрасілі сп. Івонку падзяліцца сваімі ўражаньнямі ад выставы”.

(Cурвілла: ) “У нас у Таронта ёсьць некалькі маладых мастакоў, учора выстаўлялася чатыры – Антон Верабей, Жэня Шаўчанка і сёстры Русецкія. Яны ўсе таленавітыя. Але я папросту была захопленая аўтапартрэтамі Антона. Гэта сапраўды мастацкія творы ўжо сталага мастака. Таксама мне падабаюцца ягоныя творы на шоўку, бацік. Прыгожыя колеры, формы, лініі. Я думаю, што зь яго выйдзе вельмі добры мастак, ён ужо цяпер ёсьць, а з часам, я думаю, што ён стане нашым найлепшым мастаком”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG