Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тут нават паслы ня ведаюць пра Беларусь


Ганна Сурмач і Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

У сёньняшнім выпуску перадачы - аповяд нашага земляка Віктара Гузоўскага пра Кот-д’Івуар – краіну какавы і пальмавай самагонкі, у якой нават паслы часам ня ведаюць пра Беларусь.

Кот-д’Івуар, Айвары-Кост, Бераг Слановай Косьці. Усе тры назвы абазначаюць тую самую краіну, але хіба толькі апошняя зь іх нагадвае беларусу сярэдняга веку пра нешта знаёмае са старонак падручніка школьнай гэаграфіі. Бераг Слановай косьці і Айвары-Кост – гэта ўсяго толькі пераклады на беларускую і ангельскую мовы афіцыйнай францускай назвы краіны, якая цяпер усё часьцей і часьцей ужываецца і ў Беларусі – Кот-д’Івуар.

Кот-д’Івуар займае першае месца ў сьвеце паводле экспарту какавы і трэцяе паводле экспарут кавы. Амаль так, як гадоў з трыццаць таму Беларусь была ў ліку першых усясьветных экспарцёраў лёну.

Плошча Кот-д’Івуару большая за плошчу нашай краіны на траціну. Насельніцтва – больш за 16 мільёнаў чалавек, да якіх можна дадаць 2 мільёны замежнікаў – пераважна грамадзянаў суседніх Буркіна-Фасо, Малі, Ганы. Але ёсьць тут і эўрапейцы, а сярод іх ці не адзіны ў краіне беларус – Віктар Гузоўскі.

Віктар Гузоўскі нарадзіўся ў Расеі, але сваёй радзімай лічыць Беларусь. Скончыў інстытут замежных моваў, першая – ангельская, другая – француская. Да нядаўнага часу жыў у Лідзе, дзе і цяпер знаходзяцца ягоныя бацькі ды сям’я. Сам жа Віктар жыве ў Абіджане – найбольшым месьце Кот-д’Івуару, якое называюць яшчэ заходнеафрыканскім Парыжам.

(Сокалаў-Воюш: ) “Віктар, як вы апынуліся ў такой экзатычнай краіне як Кот-д’Івуар?”

(Гузоўскі: ) “Гэта справа вельмі простая. Я працаваў у адной міжнароднай карпарацыі, якая прадукуе і прадае пэўную прадукцыю хімічнага кшталту. Сем гадоў я працаваў у Беларусі, у Менску. Пачынаў зь ніжэйшага ўзроўню, дайшоў да ўзроўню дырэктара філіі ў Беларусі і пасьля таго – кар’ерны рост – мне прапанавалі папрацаваць у эўрапейскай філіі кампаніі, якая адказвае за продаж у краіны Заходняй Афрыкі. Вось і апынуўся я ў Кот-д’Івуары”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Кім вы цяпер працуеце?”

(Гузоўскі: ) “Назва маёй цяперашняй працы – мэнэджэр экспарту ў краіны Заходняй Афрыкі”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Але гэта неяк зьвязана зь Беларусяй?”

(Гузоўскі: ) “Не. Гэта не беларускае прадстаўніцтва. Гэта інтэрнацыянальная карпарацыя, якая называецца “Procter & Gamble”.

Нагадаю, што карпарацыя “Procter & Gamble” – адзін з усясьветных лідэраў рынку харчоў – у Беларусі больш вядомая як вытворца тавараў фармакалёгіі і пэрсанальнай гігіены. “Procter & Gamble” прадае сваю прадукцыю ў больш як 140 краінах сьвету. Але вернемся да размовы зь Віктарам Гузоўскім.

(Сокалаў-Воюш: ) “А як наагул, складана знайсьці такую працу ў міжнароднай карпарацыі?”

(Гузоўскі: ) “Паводле майго досьведу, магу сказаць, што для мяне гэта было даволі проста. Пасьля інстытуту я працаваў у кампаніі “Кока-кола” ў Гомелі. Потым, адзін дзень, убачыў у газэце аб’яву, што кампанія “Procter & Gamble” шукае супрацоўнікаў і напісаў ліст, даслаў рэзюмэ, прайшоў адбор і апынуўся тут”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Ці гэта азначае, што вялікая частка вашага посьпеху проста ў вашых ведах, у вашай інтэлігэнтнасьці, у тым, што вы скончылі і дзе вучыліся?”

(Гузоўскі: ) “Абсалютна”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Калі на Беларусі правесьці апытаньне: хто ведае такую краіну Кот-д’Івуар? – напэўна, вельмі няшмат людзей адказалі б, што яе ведаюць. А ў Кот-д’Івуары ведаюць пра Беларусь?”

(Гузоўскі: ) “На самой справе думаю, што – не. Толькі, можа быць, тыя расейцы альбо ўкраінцы, якія тут апынаюцца і жывуць. Для ўсіх тубыльцаў Беларусь – гэта нешта такое невядомае. Чаму так? Магу распавесьці такі прыклад: я спрабаваў узяць візу ў Сэнэгал, у мясцовым сэнэгальскім пасольстве. У пасла, які займаецца выдачай візаў, ёсьць адмысловы ліст – сьпіс краінаў, якія існуюць на зямлі. Да свайго сораму я даведаўся, што Беларусі там няма”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Пару гадоў таму, у Кот-д’Івуары адбыўся дзяржаўны пераварот. Вы яшчэ там не былі ў той час?”

(Гузоўскі: ) “Не, тады я ня быў. Я зьявіўся тут на пачатку траўня. Але, што я вам магу сказаць – гэта быў не адзіны пераварот, і нават зараз тут такая сытуацыя грамадзянскай вайны”.

(Сокалаў-Воюш: ) “А як вы ў гэтых умовах можаце існаваць?”

(Гузоўскі: ) “А на самой справе ня так ужо й дрэнна. У сярэдзіне верасьня была чарговая спроба перавароту, і паўстанцы да гэтага часу трымаюць поўнач усёй краіны. Але ў Абіджане дастаткова спакойна. Няма ніякіх праблемаў. Толькі што камэнданцкая гадзіна”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Скажыце, пераважная бальшыня насельніцтва там афрыканцы. А як яны ставяцца да белага чалавека?”

(Гузоўскі: ) “Дастаткова нармальна. Але ёсьць ізноў жа выпадак: я практычна кожныя выхадныя ежджу на рыбу. І вось, два тыдні таму нас спынілі на паліцэйскай станцыі ў справе праверкі дакумэнтаў. Адзін паліцыянт, які нас убачыў, пачаў распытываць: хто, якія і так далей. Але іншы паліцыянт, які нас бачыў раней, падыйшоў (ён нас пазнаў) пачаў сьмяяцца і сказаў свайму калегу, што гэта добрыя хлопцы, а ня злыдні-французы, якія псуюць нам тут усю справу ў Кот-д’Івуары”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Французы можа быць і псуюць ім справу, але ўсе яны гавораць па-француску. Так?”

(Гузоўскі: ) “Так, так, так. Яны гавораць па-француску, але гэта мова, якая была насаджаная ненатуральна”.

(Сокалаў-Воюш: ) “А на іншых мовах яны гавораць?”

(Гузоўскі: ) “У іх, безумоўна, свае лякальныя мовы. Я нават і ня ведаю іх”.

(Сокалаў-Воюш: ) “А якая рыба там?”

(Гузоўскі: ) “Такой рыбы як у Беларусі, безумоўна, тут няма. Рыба тут пераважна марская – тая, што заходзіць з акіяну ў рэчкі ці лагуны. Нават і ня ведаю як яе можна апісаць. Ведаю толькі, што ёсьць такія як мушырон, басон. Гэта нешта падобнае да нашых сомікаў, альбо налімаў”.

(Сокалаў-Воюш: ) “А на што ловіцца?”

(Гузоўскі: ) “Крыветкі”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Адно з найбольшых багацьцяў Кот-д’Івуару – прырода. У краіне ёсьць некалькі паркаў і запаведнікаў. Тут растуць бананы, бавоўна, гевея (каштоўнае дэрэва для вырабу мэблі) і, вядома ж, пальмы?”

(Гузоўскі: ) “Пальмаў тут вельмі многа. Сто гадоў зь іх робяць алей. Таксама робяць мясцовы аналяг беларускай старадароскай самагонкі, але страшэнна брыдкі”.

(Сокалаў-Воюш: ) “А Беларусь нешта купляе ў Кот-д’Івуары?”

(Гузоўскі: ) “Нават і ня ведаю. На самой справе я думаю, што я тут зараз, можа быць, адзіны беларус, і было б цікава якім-небудзь чынам зьвязаць котдывуарскую эканоміку зь беларускай. Можа быць, на маленькім узроўні, але пачаць рабіць штосьці. Я так думаю, што нашыя шакаладныя фабрыкі, такія як “Камунарка” ці “Спартак”, былі б вельмі зацікаўленыя мець магчымасьць працаваць напрамкі з тым жа Кот-д’Івуарам”.

(Сокалаў-Воюш: ) “Ці ёсьць якія-небудзь гістарычныя мясьціны ў Кот-д’Івуары? Якія-небудзь помнікі архітэктуры, ці культуры?”

(Гузоўскі: ) “Вось помнік архітэктуры тут адзіны ёсьць, на самой справе, але я яго яшчэ ня бачыў, бо ён знаходзіцца ў Ямусукра. Ён, можна сказаць, новы. Гэта найбуйнейшая, можа быць, нават і ў сьвеце царква, якая была пабудаваная пры падтрымцы першага прэзыдэнта Кот-д’Івуара. Мае сябры, якія яе наведвалі, мелі самыя найлепшыя ўражаньні”.

Сапраўды, пабудаваны ў 1980-х гадох касьцёл Нотр-Дам-дэ-ла-Пакс у Ямусукра лічыцца найбольшым у сьвеце. Агульная плошча храму – 30 тысячаў квадратных мэтраў. У ім могуць адначасна сесьці на малітву 7 тысячаў чалавек. Вышыня базілікі разам з залатым крыжом 158 мэтраў. Агульная плошча вітражоў, дарэчы, таксама найбольшых у сьвеце 7430 квадратных мэтраў. І на заканчэньне размовы я запытаўся ў спадара Віктара:

(Сокалаў-Воюш: ) “Ці ёсьць у вас якая-небудзь любімая беларуская песьня, якая ўспаміналася б там, у Кот-д’Івуары?”

(Гузоўскі: ) “І ня толькі ўспамінаецца. У мяне тут ёсьць кампакт-дыск нашага выдатнага гурту “Песьняры”. Украінскія маракі папрасілі яго ў мяне перапісаць... Калі мы зьбіраемся тут – то слухаем даволі часта. Але для мяне – гэта... хутчэй за ўсё ... “Александрына”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG