Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што думаюць беларусы за мяжой пра пэрспэктывы краіны і выбараў?


Аўтары: Ганна Сурмач і Сяргей Сокалаў-Воюш

Пасьля трэцяга зьезду беларусаў сьвету шмат хто зь ягоных удзельнікаў, асабліва прадстаўнікі так званага “далёкага замежжа”, вырашылі на некаторы час затрымацца ў Беларусі. Яны пагасьцявалі ў сваіх крэўных, наведалі сяброў і знаёмых, ды набылі новых.

Сваім вокам, але з боку - казалі ў беларускай вёсцы пра чалавека, які вяртаўся дадому пасьля доўгай адсутнасьці і мог зірнуць сьвежым вокам на хатнія ды вясковыя зьмены.

Сёньня сваім вокам, але з боку на беларускую сытуацыю глядзяць як тыя, хто застаўся на Радзіме пасьля зьезду даўжэй, так і тыя, хто ад’ехалі адразу па сканчэньні форуму.

Дырэктар Беларускага Інстытуту Навукі і Мастацтва ў Ню-Ёрку Вітаўт Кіпель быў апошні раз на Бацькаўшчыне год таму.

Сп. Вітаўт, якое Ваша галоўнае ўражаньне ад сёньняшняй Беларусі?

(Кіпель: ) “У мяне такое уражаньне, што людзі адчулі, што беларускасьць не зламаная, што яна жыве. Таксіст нават адказаў мне па-беларуску”.

(Карэспандэнт: ) “Як людзі, зь якім Вы сустракаліся, рэагавалі на тое, што Вы замежнік, асабліва з Амэрыкі?”

(Кіпель: ) “Тое, што Лукашэнка стараецца прадставіць ЗША як нейкага ворага, гэта ўсё разьбіваецца, як кропля аб лёд. У Беларусі, бадай, кожная 5-6 сям’я мае некага, ці суродзічаў, ці блізкіх, каторыя выяжджалі ў Амэрыку. Сантымэнт да Амэрыкі застаецца той самы – Амэрыка, прыязная краіна. У Амэрыку ехалі людзі з Беларусі бадай ужо 200 гадоў. І ніхто не перайначыць пагляду беларусаў на Амэрыку”.

(Карэспандэнт: ) “Сапраўды, ведаючы ад радні пра тое, што жыцьцё ў Амэрыцы ўсё ж іншае, ці разумеюць яны, як выглядае Беларусь сёньня ў параўнаньні з Амэрыкаю і іншымі цывізаванымі краінамі сьвету?”

(Кіпель: ) “Мне здаецца, што яны вельмі добра разумеюць, што яны ў значна горшым становішчы, чым заходнія і , нават, усходнія краіны. Людзі разумеюць, што Беларусь у нейкім тупіку. Яны працуюць і нічога за гэта не атрымліваюць”.

(Карэспандэнт: ) “Але якое яны бачаць з гэтага выйсьце?”

(Кіпель: ) “Яны, мне здаецца, на стадыі пачатковага разуменьня, што выбары маюць значаньне. Адначасна яны ставяцца да выбараў скептычна, маўляў, мой голас нічога не значыць. Але ў мяне ўражаньне, што паступова яны пачынаюць разумець, што трэба галасаваць і за кандыдата, які прынясе нейкія зьмены”.

(Карэспандэнт: ) “Бальшыня з тых людзей, зь якімі Вы сустракаліся, да якіх палітыкаў схіляюцца?”

(Кіпель: ) “У мяне ўражаньне, што кандыдаты поўнасьцю яшчэ не дайшлі да правінцыі. Былі такія выпадкі, што людзі нават ня ведалі прозьвішча Зянона Пазьняка.
Тыя, з кім я гаварыў, выпадкова так схіляюцца галасаваць за дэмакратычнага кандыдата”.

(Карэспандэнт: ) “Мабыць, Вы назіралі і вынікі масавай лукашэнкаўскай прапаганды, асабліва праз тэлевізію?”

(Кіпель: ) “Дзіўнае, я б сказаў, адрозьненьне ад мінулага году, што людзі не глядзяць тэлебачаньне. Яны гавораць, што гэтай прапаганды глядзець ня хочуць. Хоць, праўда, газэты чытаюць і досыць шырока газэты дэмакратычнага накірунку ідуць на правінцыю”.

(Карэспандэнт: ) “Сп. Вітаўт, трэба так разумець, што іхнае адмоўнае стаўленьне да беларускай тэлевізіі адлюстроўвае і такое самае стаўленьне і да Лукашэнкі?”

(Кіпель: ) “Поўнасьцю адмоўнае. Хоць, праўда, адзін раз мы сустрэлі чалавека, які казаў, што раз прэзыдэнт падвялічыў пэнсіі, то можа і буду за яго галасаваць. Гэта быў адзіны выпадак. У Менску, у Лагойску, дзе мы былі, калі ішлі на імшу, на службу шмат зь людзьмі гаварылі і пабачылі, што яны хочуць зьменаў. Кажуць, што за сем гадоў можна было многа дасягнуць, але гэтага няма”.

(Карэспандэнт: ) “Вы наведалі Беларусь у той час, калі там ідзе перадвыбарчая кампанія, ідзе інфармацыя пра тое, што зьнікаюць людзі і што да гэтага мае дачыненьне беларуская ўлада. Магчыма, Вы бачылі як людзі ўспрымаюць гэтую інфармацыю, ці прымушае яна іх задумацца?”

(Кіпель: ) “Людзі вельмі гэтага баяцца, вельмі абураныя і многа над гэтым думаюць. Тыя, з кім я меў дачыненьні, лічаць, што гэта пачатак вялікага тэрору. У краме гавораць, што гэта робіцца, чаму зьнікаюць людзі. Сёньня Беларусь ужо не тая, што была ў 30-х гадох”.

(Карэспандэнт: ) “У такой сытуацыі ці зьвязваюць людзі зьмены ў сваім жыцьці, менавіта, з выбарамі?

(Кіпель: ) “Вельмі шмат хто зьвязвае. Маладыя людзі асабліва зьвязваюць, яны хочуць зьменаў і ня церпяць Лукашэнку, яны кажуць, што ягоная каманда абрабавала Беларусь да канца”.

А зараз гутарка з удзельнікам зьезду беларусаў сьвету Алегам Латышонкам з Беластоку.

(Сурмач: ) “Алег, ты зьяўляешся ўдзельнікам таго дэмакратычнага руху ў Польшчы, які прывёў да зьменаў у краіне, быў сьведкам таго, як адбываліся выбары, калі перамагла “Салідарнасьць”. Сёньня, калі ты наведаў Беларусь, паглядзеў на беларускае грамадзтва, якое тваё ўражаньне, як палітыка? Ці ты бачыш у Беларусі нейкія прыкметы, як было ў Польшчы, што давалі б надзею на тое, што гэтыя выбары зьменяць сытуацыю?”

(Латышонак: ) “На жаль, я нічога такога не назіраю. Я помню настроі, якія прывялі да скліканьня Круглага стала ў Польшчы і пачатку дэмакратычных пераменаў. Там сапраўды проста наяўна пагражаў выбух і кожны гэта ведаў. Таксама і камуністычныя ўлады гэта ведалі. Яны ясна сабе ўсьведамлялі, што калі яны не згодзяцца на саступкі, то іх зьмяце вецер гісторыі. Такім чынам у нас адбылася трансфармацыя.

Я не адчуваю гэтага так выразна ў Беларусі. Я б сказаў, што ёсьць прыкметы незадавальненьня, але я бы не параўноўваў, сытуацыя намнога іншая”.

(Сурмач: ) “Як ты адчуваеш, нейкі вецер пераменаў пачаў дзьмуць у Беларусі?”

(Латышонак: ) “Безумоўна. Адчуваю, што Аляксандр Лукашэнка ня мае грамадзкай падтрымкі. Калі б былі свабодныя выбары, то кожны бы выйграў з Аляксандрам Лукашэнкам, я ў гэты глыбока перакананы.
Гляджу, чытаю, гавару зь людзьмі і бачу, што сытуацыя вельмі простая – няма пытаньня, хто выйграе ў Лукашэнкі, а ці магчымыя дэмакратычныя выбары”.

(Сурмач: ) “А як ты думаеш, такія выбары магчымыя ў сёньняшняй Беларусі?”

(Латышонак: ) “Мне здаецца, што не надта, не выглядае так. Улады зрабілі шэраг крокаў, якія прадвесьцяць, што выбары не будуць дэмакратычнымі”.

(Сурмач: ) “Пасьля кантактаў зь людзьмі ў Беларусі, якое тваё уражаньне, ці зьвязвае грамадзтва перамены ў жыцьці менавіта з выбарамі?”

(Латышонак: ) “Бачу, што людзі хочуць выбараў і спадзяюцца, што выбары могуць быць вырашальнымі. Яны ўжо аднойчы пераканаліся ў сваёй сіле, калі выбралі Лукашэнку. Думаю, што і цяпер упэўненыя, што пойдуць на выбары, каб яго адклікаць.

Мне здаецца, што зьмена палітычнай сытуацыі можа быць толькі пасьля выбараў, калі акажацца, што спадзяваньні людзей на зьмены не апраўдаюцца. Тады толькі можна будзе гаварыць пра новую сытуацыю. Цяпер гэтага не відаць, бо людзі перакананыя, што прагаласуюць, як захочуць”.

(Сурмач: ) “З твайго досьведу, як сёньня людзі глядзяць на будучыню Беларусі, як незалежнай краіны?”

(Латышонак: )”Я ўжо дзесяць гадоў ежджу ў Беларусь і мне відавочна, што мацнее падтрымка ідэі ўласнай дзяржавы, няхай сабе і ў нейкім саюзе, але сваёй”.

Уражаньнямі ад паездкі ў Беларусь дзеліцца Зьміцер Ярашэўскі зь Нямеччыны.

(Ярашэўскі: ) “Можна некалькі словаў сказаць пра Менск, горад робіць прыемнае ўражаньне, чысты. Што датычыць людзей, то, я б сказаў, што нейкія злыя, нэрвовыя, незадаволеныя. Мары розныя людзі мелі некалькі гадоў з гэтымі выбарамі прэзыдэнта ці ў гэту палату, але яны не ажыцьцявіліся. Таму людзі пэўна такія сумныя, няўпэўненыя. Некаторыя ўсё ж такі спадзяюцца, што выбары дадуць магчымасьць прыйсьці да ўлады іншым людзям.

Сярод моладзі я амаль не сустракаў тых,якія былі б за Лукашэнку.

Я сам бегаў па Менску і хацеў усё ж знайсьці хоць дзе-небудзь які небудзь столік ці крэсла, ці чалавека, які агітаваў бы за Лукашэнку, але не знайшоў. Калі я пытаў у знаёмых, то адказ быў адзін, што Лукашэнку гэта не патрэбна, усё гэта робіцца на прадпрыемствах. Ад многіх нават можна было пачуць, што Ярмошына яму зробіць 99 адсоткаў.

Што датычыць мяне, то я усё ж такі ўпэўнены, што зьмены адбудуцца, нават калі будуць падтасоўкі. Людзі цяпер больш сьмялейшыя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG