Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія эмігранты ў Новай Зэляндыі.


Аўтары: Ганна Сурмач і Сяржук Сокалаў-Воюш.

“Каб паехаці ад нас на ўсход сонца, забіраючы так на полудзень, паехаці ў Азію, пераехаці ўвесь Кітай, то там будзе вялікае мора – Ціхі Акеан; сярод яго, на палудзень ад Кітаю, ёсьць вялікая зямля – Аўстралія, а каля яе багата малых і вялікіх выспаў (астравоў). Між тымі астравамі ёсьць два вялікія і колькі малых, што ляжаць яшчэ далей на палудзень, і завуцца ўсе гэтыя астравы – Новая Зэляндыя” – пісала ў восьмым нумары за 1907 год газэта “Наша ніва” ў артыкуле “Зямельная справа ў Новай Зэляндыі”.

Гісторыя не захавала зьвестак пра тое, ці нехта зь беларусаў, натхнёны гэтай публікацыяй кінуўся, як пазьней пісаў Андрэй Мрый, “шукаць даўно знойдзеных Амэрык”.

Таму першыя, дакладна вядомыя зьвесткі пра спробы беларусаў дасягнуць памянёных выспаў адносяцца да паваеннага часу. Успамінае жыхарка Нью-Ёрку, жонка вядомага дзеяча беларускай эміграцыі Аўгена Калубовіча-Каханоўскага, сп. Яніна Каханоўская:

(Каханоўская: ) “Так, аб Новай Зэляндыі часта гаварылася ў лягерах перамешчаных асобаў у Нямеччыне, дзе жылі ўцекачы зь Беларусі ў першыя паваенныя гады. Тады нашы людзі вымушаны былі выбіраць куды падацца далей, нехта хацеў у Амэрыку, нехта – у Аўстралію. Мы разважалі, дзе будзе лепш жыць эмігрантам. Некаторыя краіны не хацелі браць нас. Напрыклад, Аўстралія напачатку ня брала. Там гаварылі: ці белы рус, ці чырвоны, усё роўна рус. Яны лічылі, што беларусы – гэта белагвардзейцы. Потым ужо было растлумачана, выясьнена і пачалі браць.

Аўген Каханоўскі вельмі хацеў эміграваць у Новую Зэляндыю. Ён цікавіўся гэтай краінаю, шмат пра яе чытаў. Лічыў, што там найлепш жывецца эмігрантам таму, што там сацыялізм і ўсе людзі роўныя. Так ён лічыў.

Але, мы не паехалі ў Новую Зэляндыю. Гэта ж не так лёгка ўсё было, што куды захацеў, туды і падаўся. Лічылася, што Новая Зэляндыя не бярэ нашых эмігрантаў, і мы падалі дакумэнты ў Амэрыку”.

А цяпер пра сучасную беларускую эміграцыю ў Новай Зэляндыі.
Калі два гады таму менчуку Генадзю Судлянкову давялося выбіраць паміж дзьвюма прапановамі аб працы ў ЗША і Новай Зэляндыі, ён выбраў апошнюю. Мы зьвязаліся зь ім па тэлефоне.

(Судлянкоў: ) “Я скончыў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт, факультэт прыкладной матэматыкі, быў праграмістам. Мяне запрасіла на працу Новазэляндскае аддзяленьне IBM, мы займаліся распрацоўкаю праграмнага забесьпячэньня для тэлекамунікацыйных кампаніяў. Калі гэтая праца скончылася, я атрымаў запрашэньне ад другой кампаніі і застаўся працаваць у Новай Зэляндыі далей. Праз некаторы час я вырашыў падаць дакументы на сталае жыхарства таму, што мне вельмі спадабалася краіна”.

(Карэспандэнт: ) “Генадзь, распавядзіце, калі ласка, пра ўмовы эміграцыі ў Новую Зэляндыю”.

(Судлянкоў: ) “Эміграцыйная палітыка Новай Зэляндыі мае свае асаблівасьці. Катэгорыі эмігрантаў, якія могуць прыяжджаць сюды, вызначаюцца ўрадам. Большасьць прыяжджае па так званай “агульнай катэгорыі”, паводле якой чалавек павінен набраць пэўную колькасьць балаў, што выстаўляюцца яму з улікам ягонага ўзросту, адукацыі, вопыту працы, фінансавага стану і г.д. Справы разглядаюцца па рознаму. Мая справа разглядалася на працягу году. Раней быў усталяваны тэрмін – 1 год, цяпер ён павялічаны да 18 месяцаў. На жаль, эміграцыйная палітыка Новай Зэляндыі ў апошнія гады стала незбалянсаванай. У выніку, перад яе грамадзянамі зачыніла дзьверы спачатку Вялікая Брытанія, куды яны маглі езьдзіць бяз візаў, а цяпер і Аўстралія. Эмігранты, якія ня здолелі ўладкавацца ў Новай Зэляндыі, маглі раней выяжджаць у Аўстралію, дзе лягчэй знайсьці працу Перад разглядам справы неабходна здаць экзамен на валоданьне ангельскай моваю, набраць не менш, як 5,5 балаў, гэта ня вельмі высокі ўзровень”.

(Карэспандэнт: ) “Наколькі шырокі рынак працы ў гэтай краіне?”

(Судлянкоў: ) “Новая Зэляндыя – краіна невялікая, буйных гарадоў тут усяго 5-6. Таму рынак працы – вузкі. Найбольшым попытам карыстаюцца праграмісты. За апошні год колькасьць рабочых месцаў у краіне скарацілася недзе на 15 адсоткаў. З гэтай прычыны многія мясцовыя спэцыялісты выяжджаюць на працу ў іншыя краіны. Нашыя лекары зь вялікімі цяжкасьцямі знаходзяць тут працу па спэцыяльнасьці, пакуль я сустрэў толькі аднаго нашага чалавека, які працуе як доктар. Біятэхнолягі, хімікі – я ведаю некалькі чалавек, якія працуюць па спэцыяльнасьці, але гэта выключныя выпадкі.
У Новай Зэляндыі зь вялікай увагаю ставяцца да экалягічнай сытуацыі ў краіне. Тут слаба разьвіта прамысловасьць, зьвязаная з забруджваньнем навакольнага асяродзьдзя, таму не знаходзяць попыту спэцыяльнасьці ў галіне цяжкай хіміі, ліцейнай вытворчасьці і інш”.

(Карэспандэнт: ) “А ці могуць разьлічваць на эміграцыю ў Новую Зэляндыю людзі без вышэйшай адукацыі?”

(Судлянкоў: ) “Без адукацыі прайсьці па “агульнай катэгорыі” нельга таму, што асноўнае патрабаваньне да эмігранта – добрая адукацыя, безь яе набраць патрэбную колькасьць балаў немагчыма”.

(Карэспандэнт: ) “Як справы з прызнаньнем нашых дыплёмаў аб вышэйшай адукацыі?”

(Судлянкоў: ) “Нашыя дыплёмы наўпрост не прызнаюцца. Іх трэба пацьвердзіць у адмысловай арганізацыі, якая займаецца пытаньнямі адукацыі і прысвойвае катэгорыю, па якой і налічваецца колькасьць балаў за адукацыю”.

(Карэспандэнт: ) “Ці прымае Новая Зэляндыя палітычных уцекачоў?”

(Судлянкоў: ) “Палітычнай эміграцыі тут амаль няма, я ня ведаю ніводнага выпадку задавальненьня такіх заяваў, хоць сустракаў некалькі чалавек, што спрабавалі прэтэндаваць на палітычную катэгорыю”.

(Карэспандэнт: ) “Якое было Ваша ўражаньне, ці не былі расчараваныя, што прыехалі туды?

(Судлянкоў: ) “Расчараваны я ня быў. Я разьлічваў убачыць тут глухі лес і некалькі хацінаў, адна зь якіх з надпісам – IBM. Аказалася, што Оклэнд – гэта дастаткова сучасны горад, у якім жыве 1,5 млн. жыхароў, амаль як у Менску. Сям’я мая адчувае сябе добра. Хаця жонка, па адукацыі філёляг, ня можа знайсьці працу па спэцыяльнасьці. Дачка ходзіць у школу. Праўда, я думаю, наша школа ўсё ж лепшая. Жыльлё знайсьці тут лёгка. Цэны падаюцца за тыдзень, напрыклад, людзі з сярэднім прыбыткам могуць дазволіць сабе плаціць ад 200 да 300 новазэляндзкіх даляраў у тыдзень. Ахова здароўя платная. Без страхоўкі тут цяжка. Ня ўсе фірмы прапануюць сваім работнікам мэдстрахоўку, таму гэта таксама патрэбна ўлічваць. Ёсьць і фінансаваныя дзяржаваю клінікі. Але там некаторыя паслугі таксама платныя. Выклік хуткай дапамогі платны”.

(Карэспандэнт: ) “Генадзь, ці можаце Вы параіць і іншым нашым суродзічам, у выпадку патрэбы, эміграваць, менавіта, у Новую Зэляндыю?”

(Судлянкоў: ) “Я б сказаў так. Маладыя людзі звычайна выбіраюць Аўстралію ці Амэрыку таму, што, як гаварылася ў вядомай рэкляме, жыцьцё ў Новай Зэляндыі старамоднае і павольнае. Галоўнае, што цяжка працаўладкавацца. Перш, чым прыняць рашэньне, неабходна вывучыць інфармацыю аб краіне, даведацца аб магчымасьці знайсьці працу па вашай прафэсіі. Патрэбна улічыць, як перанесяце клімат. Ён тут добры, мяккі, але вельмі актыўнае сонца і людзям са звышадчувальнай скурай можа быць ня лёгка”.

Ніна Мароз – чалавек вельмі актыўны. Менавіта яна загітавала мужа Аляксандра і сваіх сяброў паспытаць шчасьця на “зялёных выспах”.

(Мароз: ) “Мы – тры сям’і, дамовіліся выехаць разам. Нас пазнаёмілі з чалавекам, які заняўся нашай эміграцыяй. Да яго зьвярнуліся яшчэ людзі зь Менску, усяго сабралося 8 сем’яў менчукоў. Падалі дакумэнты, праз год здалі іспыт па ангельскай мове і праз месяц усе атрымалі візы. Мы прыехалі ў Новую Зэляндыю ў 1997 годзе. Тады эміграцыя ў гэтую краіну была яшчэ даволі мягкаю. Тыя, хто прыяжджаў, атрымлівалі адразу дапамогу ад дзяржавы”.

(Карэспандэнт: ) “Якія прафэсіі мелі Вы і Вашыя сябры, ці спатрэбіліся яны ў Новай Зэляндыі?”

(Мароз: ) “Большасьць з нас мелі тэхнічныя спэцыяльнасьці. Мой муж – радыётэхнік-электроншчык, я сама і двое нашых сяброў – фізікі, некаторыя скончылі факультэт прыкладной матэматыкі, ёсьць выпускнікі політэхнічнага інстытуту. Калі сюды прыехалі, адразу зразумелі, што асноўная прафэсія, якая тут патрабавалася, гэта – прагарамісты. Некаторыя пачалі перакваліфікоўвацца на гэтую спэцыяльнасьць і цяпер пасьпяхова працуюць. Майму мужу ўдалося знайсьці працу ў галіне электронікі. Мая сяброўка, якая ў Беларусі працавала ў Інстытуце парашковай металюргіі, на рэнтгене, знайшла такую ж самую працу. Вялікім попытам карыстаецца спэцыяльнасьць бухгальтара”.

(Карэспандэнт: ) “Ці сустракалі Вы там яшчэ эмігрантаў з Беларусі?”

(Мароз: ) “Я сустракаю людзей зь Беларусі, і мы падтрымліваем кантакты. Іх тут ня вельмі многа, асабіста я ведаю сем’яў 15-16. Пераважна яны зь Менску, чатыры сям’і ўжо пераехалі ў Аўстралію. Ёсьць адна сям’я з Наваполацку”.

Першыя хвалі беларускай эміграцыі не заўсёды вылучаліся сваёй нацыянальнай сьвядомасьцю. Часта яны запісваліся палякамі альбо расейцамі.

Першыя беларусы ў Новай Зэляндыі ўсьведамляюць сябе беларусамі. Яны прывезьлі на чужыну сваё імя, але не прывезьлі сваёй мовы, якой, зрэшты, былі пазбаўленыя і на Радзіме.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG