Вечар напярэдадні Раства Хрыстовага ў беларусаў, як і ў многіх іншых славянскіх народаў, называецца Шчодрым. Тэалягічна гэтая назва тлумачыцца шчодрасьцю, якую праявіў Бог, паслаўшы да людзей свайго сына. Шчодрым мы можам назваць таго, хто дае, раздае і жадае дабра. Сымбалем шчодрасьці якраз і зьяўляецца Шчодры вечар. Менавіта гэтае сьвята дазваляе нам убачыць розныя плашчыны паняцьця “шчодры” – дзеці цешацца з калядных падарункаў дзеда Мікалая, дарослыя ў кантэксьце Калядаў разумеюць шчодрасьць як здольнасьць дарыць іншым самога сябе, гэтак сама як Бог абдорвае людзей адной са сваіх іпастасяў – Ісусам Хрыстом. У гэтым сэнсе шчодрасьць мае свае карані і вырастае з любові – у сапраўднай любові да сябе і да іншых.
Сучасная заходняя тэалёгія разумее шчодрасьць як крыніцу духоўнага багацьця. Бо разьвіты духоўна чалавек, маючы духоўную паўнату і абдорваючы іншых, нічога ня траціць, але наадварот яшчэ набывае. Таму ўнівэрсальнасьць хрысьціянскай шчодрасьці праяўляецца ў росьце ўнутранага багацьця і таго, хто абдорвае, і таго, каго абдорваюць. Як і вера, шчодрасьць закладзена ў чалавеку Стваральнікам і пачынае стыхійна праяўляцца яшчэ ў дзяцінстве. Шмат хто сутыкаўся з выпадкамі, калі дзеці бяруць дома грошы або ласункі і раздорваюць іх сябрукам на вуліцы – у такі спосаб яны інстынктыўна праяўляюць прыродную шчодрасьць і набываюць новых сяброў.
Ёсьць і іншыя плашчыны шчодрасьці. Царква за шмат стагодзьдзяў навучылася і тэарэтычна, і практычна тлумачыць розныя хрысьціянскія паняцьці. Мы папрасілі выказаць сваё разуменьне хрысьціянскай шчодрасьці і яе сувязі з паняцьцем Шчодры Вечар прадстаўніка Беларускага эгзархату Рускай Праваслаўнай царквы па сувязях з прэсай і грамадзкімі арганізацыямі архімандрыта Аляксея Шынкевіча.
(Шынкевіч: ) “У нашым народзе звычайна паняцьце Шчодрага Вечару зьвязана з надыходам вялікага сьвята Нараджэньня Хрыстовага. І гэта перш за ўсё трэба разумець як духоўную зьяву. Гэта вялікая Божая шчодрасьць да людзей – нараджэньне Хрыста Збавіцеля. Па-другое, гэта пэўна ж і паняцьце душэўнае. Радасьць з таго, што “з намі Бог”, як сьпяваецца ў царкоўным песнапеньні, і тое, што мы не адзіныя са сваімі цяжкасьцямі ў жыцьці. Паняцьце шчодрасьці ў хрысьціянскім разуменьні – гэта і паняцьце цялеснае. Справа ў тым, што сканчваецца пост. Усё ж такі пост ня толькі духоўны, але й фізычны. Для сучаснага чалавека гэта таксама зьвязана зь нейкім і цярпеньнем, і крыжанясеньнем, як мы кажам. Таму надыходзіць час заканчэньня посту, калі для нас ёсьць магчымасьць сустракаць Нараджэньне Хрыстовае – гэтае вялікае сьвята з мноствам разнастайных страваў, пачастункаў. Паняцьце шчодрасьці – гэта і абавязак у цяперашнія сьвятыя дні дарыць сваю шчодрасьць тым, хто пакутуе, хто самотны, каму патрэбная нашая душэўная шчодрасьць. Таму паняцьці “шчодрасьці” і “Шчодрага Вечару” я так разумею, і наогул так яны разумеюцца ў жыцьці Царквы. Менавіта такі падыход да паняцьця шчодрасьці. Я, як ужо сказаў, і духоўны, і цялесны”.
Вось такія думкі архімандрыта Аляксея Шынкевіча. Ён у хрысьціянскай шчодрасьці бачыць духоўны, душэўны і цялесны зьмест. Асабліва цікавы душэўны аспэкт, як яго назваў айцец Шынкевіч. Ён сказаў што ў сьвяты Божага Нараджэньня людзі душой адчуваюць, што яны не адны, што разам зь імі іх Стваральнік і Нябесны Заступнік, а таксама сябры, блізкія і родныя.
Я б яшчэ дадаў, што шчодрасьць наогул мае шмат аспэктаў. Існуе шчодрасьць прыродная, інстынктыўная, аб якой мы ўжо гаварылі, існуе і шчодрасьць сьвядомая, разьлічаная, але і яна ў рэшце рэшт прыводзіць і таго, хто дорыць, і таго, каго абдорваюць да ўзбагачэньня і радасьці. А хрысьціянскія псыхолягі вылучаюць і кампэнсацыйную або нэўратычную шчодрасьць, якая звычайна пакліканая залячыць раны ўласнай сьвядомасьці або дапоўніць уласныя недахопы. Такая шчодрасьць часта імкнецца стварыць фікцыю аб тым, хто дорыць, стварыць яго лепшы імідж – лепшы, чым той чалавек ёсьць у рэальнасьці. Прычым, гэты тып шчодрасьці часта завуаляваны, часта не ўсьведамляецца самім чалавекам. Якраз таму царква, ведаючы і пра такія глыбіні шчодрасьці, заклікае вернікаў нястомна ачышчаць сябе і свае матывацыі, ачышчаць свае пачуцьці ад зла, амбіцыі, зайздрасьці, канкурэнцыі, незадаволенасьці і рэўнасьці. Людзі не павінны жыць з фальшывай ўявай пра сябе саміх.
І вось якраз самы прыдатны час для гэтага – пярэдадзень Калядаў, Шчодры Вечар. Царква заклікае людзей у гэты дзень зразумець, што ўсё, што яны маюць – ёсьць дар. Толькі гэтае разуменьне дазваляе чалавеку перастаць залежаць ад рэчаў. Калі вернік усё вакол разумее як атрыманы дар, тады ён можа зрабіць гэтае навакольнае часткай свайго адказу на атрыманую любоў. А гэта адкрывае шлях да стварэньня цывілізацыі жыцьця і любові. Пакуль жа ж людзі прывыклі мець на ўсё права, напрыклад на здароўе або на здаровых дзяцей і на шмат іншых рэчаў, і гэта прыводзіць іх да спробаў уласнымі намаганьнямі гэта зьмяніць. У гэтым перакананьні людзі часта пераходзяць межы і пачынаюць прыраўноўваць сябе да Стваральніка. Таму сучасная царква напярэдадні сьвята Раства Хрыстовага нагадвае, што ўяўленьне аб тым, што ўсё на сьвеце можна вытварыць ці купіць разыходзіцца з хрысьціянскай канцэпцыяй шчодрасьці, абдорваньня любоўю, да якой, дарэчы, належыць і самазрачэньне. Калі мы будзем думаць, што ўсё на сьвеце можам стварыць самі або купіць, то гэта перашкодзіць пакорнаму прыняцьцю дароў і іх далейшай перадачы іншым.
І вось цяпер пытаньне – ці шчодры народ беларусы? Ці лічаць беларусы шчодрымі сябе і сваіх суродзічаў? Гэтае пытаньне на менскіх вуліцах напярэдадні Шчодрага Вечара па старым стылі задаваў людзям Альгерд Невяроўскі.
(Спадарыня: ) “Я вельмі добра стаўлюся да людзей. Я шчодрая”.
(Спадар: ) “ Безумоўна. Я ўпэўнены, што беларусы адна з самых шчодрых нацыяў у Эўропе. А сам я імкнуся быць шчодрым”.
(Спадар: ) “ Як сказаць … па магчымасьці”.
(Спадарыня: ) “ Я – так. Што б не папрасілі, я ўсё зраблю. Грошы пазычыць – пазычу. Апошнія аддам, але пазычу”.
(Хлопец: ) “ Я шчодры. Напрыклад, калі ў доўг дам грошай, то магу й забыць. Так і беларусы, я думаю”.
(Спадар: ) “Я асабіста – так, шчодры чалавек. А беларусы, паводле сваёй істоты, яны добрыя і шчодрыя людзі. Я думаю, што ў іх большае жаданьне дапамагчы тым, хто ў нядолі. Дапамагчы тым, хто дрэнна сябе адчувае. Можа быць длучыцца да чыёйсьці радасьці, можа быць тут – трохі горш. Але гэта, відаць, увогуле стан навакольнай прасторы. Можа быць, ён напоўнены нейкім сьветлым смуткам. У характары нашых людзей ёсьць зьява сьветлага смутку”.
(Хлопец: ) “Пэўна ж. Мы вельмі гасьцінныя”.
(Хлопец: ) “Я лічу, што вельмі шчодры беларускі народ, дабразычлівыя ўсе людзі нашыя. Вельмі багаты беларускі фальклёр, і вельмі шмат фактаў з гісторыі сьведчыць пра гэта”.
Як бачым, людзі на менскіх вуліцах адназначна лічаць беларускі народ вельмі шчодрым. Што ж, сапраўды беларусы як народ вельмі шмат аддавалі і абдорвалі іншых. Але тут мова ідзе ня толькі пра агульнанацыянальны ўзровень. Мова ідзе пра асабістую і асабовую шчодрасьць. І ў гэтым сэнсе, з хрысьціянскага пункту гледжаньня, велічыня дару ня мае значэньня. Царква якраз ведае, што чым менш людзі маюць, тым большым яны гатовыя падзяліцца зь іншымі. Сёньня беларускі народ жыве не багата, узровень жыцьця, асабліва ў параўнаньні з заможнымі эўрапейскімі краінамі невялікі, і тым больш важна, што людзі захоўваюць сваю прыродную якасць дабрыні, адкрытасьці і шчодрасьці. У гэтым сэнсе беларускі народ – вельмі хрысьціянскі народ. Менавіта Шчодры Вечар як пярэдадзень сьвята Раства Хрыстовага дае магчымасьць людзям праявіць сваю шчодрасьць і не забыцца, што яна выяўляецца ня толькі і ня столькі ў матэрыяльных дарах, як у шчодрасьці пачуцьцёвай і душэўнай. Бо шчодрасьць – гэта праява любові, і сама любоў.