Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяды – праваслаўны ці каталіцкі звычай?


Сяргей Абламейка, Прага

Cёлета ў Беларусі 2 лістапада пятнаццаты раз на Дзяды адбудзецца жалобнае шэсьце і мітынг у Курапатах. У пачатку 1990-х гадоў восеньскія Дзяды былі абвешчаныя непрацоўным днём. Часам, праўда, раздаваліся і галасы праціўнікаў такога рашэньня – некаторыя сьцьвярджалі, што гэта выключна каталіцкая традыцыя. Як вядома, ініцыятарам публічнага адзначэньня дзядоў быў БНФ і яго лідэр Зянон Пазьняк, каталік па веры. Менавіта на Дзяды 30 кастрычніка 1988 году адбылося хрышчэньне Беларускага Народнага Фронту. Магчыма, што гэты аспэкт быў прысутны і ў рашэньні кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, які сваім указам ад 26 сакавіка 1998 году скасаваў выхадны дзень на восеньскія Дзяды.

І вось галоўнае пытаньне сёньняшняга выпуску Сымбаля Веры – ці сапраўды Дзяды – гэта звычай толькі беларусаў-католікаў? Энцыкляпэдыі называюць гэты звычай народным. Галоўныя Дзяды году – восеньскія або Зьмітроўскія, на Радаўніцу і перад Сёмухай. У тыя дні беларусы ішлі ў цэрквы, пасьля на могілкі і гатавалі дома абрадавыя стравы, сярод якіх куцьця, клёцкі, бліны і яечня. Страваў трэба было прыгатаваць няцотную колькасьць.

Першы ўдзельнік сёньняшняй перадачы, Апостальскі візытатар для грэка-католікаў замежжа, айцец Аляксандар Надсан.

(Надсан: ) “Дзяды – гэта ёсьць успамін нашых памерлых продкаў. Гэта таксама і доказ нашай веры ў жыцьцё вечнае. Мы верым, што людзі пасьля сьмерці не паміраюць, яны жывуць, а ўжо ў які спосаб жывуць – гэта іншая справа. І ў іншых рэлігіях ёсьць пашана памерлых продкаў і ўпэўненасьць, што яны далей жывуць – пачынаючы ад старажытнага Эгіпту, на Далёкім Усходзе і гэтак далей. У хрысьціянаў гэтая вера выяўлена далёка мацней. Хрыстос вельмі ясна кажа, напрыклад, у Эвангельлі паводле Мацьвея, калі там ідзе пра другое прыйсьце Хрыста і апошні суд, або ў Эвангельлі паводле Сьвятога Лукаша, дзе гаворка ідзе пра багатага і Лазара, ну а ў Сьвятога Яна амаль што на кожным кроку: "Хто слухае маё слова і верыць у Таго, Хто паслаў мяне, не памірае і не прыходзіць на суд, але пераходзіць ад сьмерці да жыцьця..."

У Хрыстовай Царкве, у нашым абрадзе ёсьць пэўныя даты, калі спэцыяльна мы ўспамінаем нашых памерлых. Гэта, напрыклад, субота перад Вялікім Постам і субота перад Сёмухай. А, зрэшты, кожную суботу звычайна мы можам маліцца за памерлых. У рыма-католікаў таксама ёсьць асобны дзень, калі яны ўспамінаюць сваіх памерлых, нават два дні, я б сказаў – 1 і 2 лістапада. 1-га – гэта Ўсіх Сьвятых, значыцца тых сьвятых, пра якіх мы ўжо ведаем, што яны ёсьць разам з Богам і моляцца за нас. 2-га – за тых памерлых, якія патрабуюць нашай малітвы, гэта якраз іхныя Задушкі.

Ну і ёсьць яшчэ мясцовыя звычаі. У нас гэта былі Дзяды – Дзяды веснавыя і Дзяды восеньскія. Восеньскія Дзяды у нас прыпадаюць у той самы час, калі і Задушны дзень ў рыма-каталікоў. Мая думка, што нашыя Дзяды прыйшлі да нас пад уплывам рымскага абраду ў часе Вуніі. Расейцы маюць свой успамін памерлых прыблізна ў гэтым самым часе – так званую Зьмітрову суботу. Некаторыя гісторыкі кажуць, што гэтую суботу ўстанавіў іх князь Зьміцер Данскі пасьля перамогі на Куліковым полі над татарамі, каб маліцца за тых, якія былі забітыя ў гэтай бітве. Гэта субота ёсьць якраз перад сьвятам Сьвятога Зьмітра, а Сьвятога Зьмітра ёсьць 26 кастрычніка паводле старога, Юльянскага, календара, значыцца паводле новага будзе 8 лістапада, тады Зьмітрова субота паводле новага календара прыпадае паміж 1 і 7 лістапада. Так што бачыце, прыблізна ў тыя самыя дні.

Але нашыя Дзяды, у Беларусі, не прывязаныя да нейкай асаблівай даты. Яны звычайна трываюць ад суботы перад сьвятам Сьвятога Зьмітра аж да пачатку Каляднага посту, да Піліпаўкі. І ў розных мясцовасьцях у розныя даты гэта бывае”.

Як вы чулі, айцец Аляксандар Надсан лічыць, што агульнанацыянальнаю традыцыя адзначэньня Дзядоў сталася за часамі Уніі. Увосень 2 лістапада католікі лацінскага абраду маюць нерухомы дзень памяці продкаў – Дзень Задушны або папросту Задушкі. І вось айцец Аляксандар лічыць, што у часе Уніі гэтая традыцыя распаўсюдзілася і на уніятаў.

Увосень дзень памінаньня продкаў маюць і праваслаўныя вернікі – гэта Зьмітрова субота. Я запрасіў да ўдзелу ў перадачы праваслаўную верніцу, рэлігіязнаўцу, навуковую супрацоўніцу Скарынаўскага Цэнтру Ўльляну Шаставец, якая расказвае пра праваслаўную традыцыю памінаньня продкаў.

(Шаставец: ) "У Праваслаўнай царкве дні асобнага памінаньня памерлых носяць назву Бацькоўскіх субот, Усяленскіх паніхід або Ўсяленскіх бацькоўскіх субот. Субота ў хрысьціянскай традыцыі зьвязаная з ідэяй супакою, бо ў "дзень суботні тварэц адпачыў ад спраў сваіх..." такіх субот некалькі. Па-першае, усяленскае памінаньне праводзіцца у суботу мясапусную перад Вялікім пастом, перад успамінам аб страшным судзе. У народнай традыцыі гэты дзень носіць назву Масьлянічныя Дзяды або Дзяды паставыя. Бацькоўскія Дзяды парводзяцца таксама на другой, трэцяй, чацьвертай сядміцах сьвятой чатырадзясятніцы ў час Вялікага посту. У народным календары гэтыя дні не зафіксаваны.

Затым бацькоўскі дзень адзначаецца на Радаўніцу. Радаўніца – агульнае памінаньне памерлых, якой адбываецца ў аўторак пасьля Фаміной нядзелі. У народзе гэты дзень называюць Радаўнічныя ці Раданічныя Дзяды.

Усяленскае памінаньне спраўляюць і перад днём Сьвятой Троіцы ці Пяцідзесятніцы. У народзе гэты дзень называюць Троіцкія, Сёмушныя ці Стаўроўскія Дзяды.

Увосень памінаньне памерлых праваслаўныя спраўляюць у суботу перад днём вялікамучаніка Дзьмітрыя Салунскага, і таму памінальны дзень называюць Зьмітраўскай памінальнай суботай. Гэтая традыцыя была ўстаноўленая вялікім князем Дзьмітрыем Данскім. Дзьмітры Данскі пасьля Кулікоўскай бітвы, што адбылася ўвосень 1380 году, правёў памінаньне загінуўшых ваяроў. Пазьней разам з ваярамі сталі памінаць і іншых памерлых, і было ўстаноўлена праводзіць памінаньне ў суботу перад днём Дзьмітрыя Салунскага. Дзьмітры Салунскі прыняў пакутніцкую сьмерць за веру перад у 306 годзе. Духоўным айцом Дзьмітрыя Данскога быў прападобны Сергі Раданежскі, а на Кулікоўскім полі побач з Дзьмітрыем Данскім змагаліся таксама сыны Вялікага князя Літоўскага і Рускага Альгерда – Андрэй Полацкі і Дзьмітры Бранскі разам са сваімі дружынамі.

Дзьмітраўская памінальная субота вядомая ва ўсёй Беларусі і з даўніх часоў. Памінаньне пачынаецца ў пятніцу зь вечара на ўсяночным трываньні, працягваецца ў суботу на Літургіі і завяршаецца паніхідай па поўным чыне. У народзе гэты дзень называюць Дзьмітраўскія Дзяды або Асяніны. Пасьля царкоўнай службы вернікі наведваюць магілкі памерлых родзічаў”.

Вось так гаворыць пра Дзяды навуковая супрацоўніца Скарынаўскага цэнтру Ўльляна Шаставец. Праваслаўныя, як вы чулі, увосень памінаюць памерлых у суботу напярэдадні дня Зьмітра Салунскага, які прыпадае на 26 кастрычніка па-старым стылі або на 8 лістапада па новым.

Такім чынам, высьвятляецца, што ўвосень у адзін і той жа час сваіх памерлых памінаюць і беларусы католікі, і беларусы-праваслаўныя, і беларусы-уніяты. Сёньня ўжо цяжка разабрацца, ці сапраўды уніяты пачалі адзначаць Дзяды ў 17-18 стагодзьдзях пад уплывам лацінскіх католікаў. Цалкам магчыма, што ў 15 стагодзьдзі, калі праваслаўныя мітрапаліты яшчэ бывала вандравалі паміж Кіевам, Масквой і Наваградкам, традыцыя Зьмітровых суботаў магла трапіць і ў Беларускую праваслаўную царкву. А маглі і расейскія сьвятары пасьля скасаваньня Уніі ў 1939 годзе распаўсюдзіць Зьмітроўскую суботу як замену “каталіцкім” Дзядам. Але зараз гэта ўжо ня важна. У праваслаўных дзень Зьмітра Салунскага прыпадае на 8 лістапада, і адпаведна Задушная ці Зьмітровая субота прыпала сёлета на суботу 1 лістапада. Уніяты ў календары маюць Зьмітра Салунскага 26 кастрычніка, а Задушную суботу – 25 кастрычніка, але, як сказаў айцец Аляксандар Надсан, рэальна Дзяды пераносяцца на наступную суботу, гэта значыць таксама на 1 лістапада. Раней яны наогул маглі сьвяткавацца ў адну з суботаў аж да пачатку каляднага посту.

І каб зусім пераканацца, што ўсе беларусы адзначаюць Дзяды ў пачатку лістапада, мы папрасілі нашага карэспандэнта Альгерда Невяроўскага у пятніцу 31 кастрычніка апытаць праваслаўных вернікаў ля ўваходу ў Менскі Петрапаўлаўскі сабор. Наш журналіст пытаўся ў праваслаўных людзей, ці адзначаюць яны восеньскія Дзяды?

(Спадар: ) "А як жа ж, кожны год хаджу на могілкі і ў царкву. Вельмі патрэбна гэта. Вось заўтра едзем памінаць на 40 дзён у Віцебскую вобласьць".

(Спадарыня: ) "Я іду з царквы, памінаю сваіх продкаў. Кожны год хаджу ня толькі на Зьмітраўскія Дзяды, але і ўвесну перад Вялікаднём бываюць памінальныя суботы. Я заўсёды хаджу й памінаю сваіх продкаў".

(Іншая спадарыня: ) "У мяне маці памерла 1 лістапада, таму хаджу й памінаю бабуляў, дзядуляў, прабабуляў – усіх".

( Спадарыня: ) "Так, во іду памінаць".

(Хлопец: ) "Я цяпер толькі ад вас даведаўся пра гэта. Пайду абавязкова паміну".

(Жанчына: ) "Я памінаю сваіх бацькоў. У царкве заказваю ўспамін, потым стаўлю сьвечкі і ежджу на могілкі".

(Мужчына: ) "Так, таму я сюды ў царкву й зайшоў. Продкаў трэба абавязкова памінаць".

(Спадарыня: ) "Я толькі выйшла з царквы. Усіх памінаем, кожны год. Заўтра на могілкі паеду".

(Іншая спадарыня: ) "Я таму і іду сюды, каб памінуць усіх продкаў. І на могілкі хаджу".

(Жанчына: ) "Абавязкова. У мяне 9 лістапада будзе якраз 10 гадоў як памерла мама. Я лічу гэта добрая народная традыцыя й гэта трэба рабіць абавязкова".

(Пэнсіянэрка: ) "Заўсёды калі ёсьць магчымасьць дома, то вось так паставіш чарку, кашу гэтую – Куцьцю. Стараемся прыходзіць сьвечкі ставіць. Заўсёды памятаем".

(Спадарыня: ) "Абавязкова хаджу ў царкву. А на могілкі мне далёка ехаць у вёску".

(Спадар: ) "Пэўна ж памінаем, абавязкова. Маці, бацьку, дзеда, бабулю. Абавязкова гэта патрэбна, гэта глыбокая старажытнасьць. Трэба каб усе зьвярталіся да Госпада".

(Пэнсыянэрка: ) "Я з царквы іду, памінаю, і на могілкі заўтра паеду".

(Іншая пэнсыянэрка: ) "Вось жа сьвечачкі ўзяла, пастаўлю, і падала паперку з імёнамі, каб памаліліся. Увесь час успамінаем".

(Спадар: ) "Во толькі што памянуў, аддаў памінальную запіску. Пэўна ж памінаем і памятаем іх і вельмі паважаем. Узгадваем з удзячнасьцю і бацькоў, і дзядоў, усіх, хто, як кажуць, нас узрасьціў, даў нам жыцьцё й урэшце адукацыю. Так, што, вядома, мы іх памятаем і будзем памятаць".

Апытаньне праваслаўных вернікаў ля сьценаў Петрапаўлаўскага сабору на Нямізе ў Менску правёў Альгерд Невяроўскі. Як вы чулі, усе яны адзначаюць Дзяды. І таму факт застаецца фактам – увосень усе беларусы маюць Дзяды і памінаюць сваіх памерлых, прычым звычай гэты толькі ў Беларусі называецца Дзяды.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG