Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як ставяцца цэрквы і навукоўцы да адкрыцьця урны з парэшткамі Апостала Якуба, званага “братам гасподнім”?


Кастусь Бандарук, Прага

Як ужо паведамлялася ў нашай праграме, у мас-мэдыях зьявілася інфармацыя пра сэнсацыйнае адкрыцьцё: археолягі знайшлі урну з парэшткамі Апостала Якуба, званага “ братам гасподнім”, што можа быць найстарэйшым археалягічным доказам зямнога жыцьця Ісуса Хрыста. У чым значнасьць гэтай падзеі? Як ставяцца да гэтага адкрыцьця хрысьціянскія цэрквы і навукоўцы? У перадачы ўдзельнічаюць: прадстаўнік Рускай Духоўнай Місіі ў Ерусаліме-ераманах Тэафан, а таксама прафэсар раньнехрысьціянскай гісторыі і археалёгіі з Каталіцкага Люблінскага Ўнівэрсытэту Рышард Рубінкевіч.

(Бандарук: ) “Пра адкрыцьцё паведаміў на старонках “Biblical Archeology Review” францускі археоляг Анры Лям’ер (Andre Lemaire). Ягоная знаходка – гэта вапняковая урна, скрыня для перазахоўваньня чалавечых парэштак, званая “асуарыям”. У адпаведнасьці з габрэйскай традыцыяй, сьпярша цела памерлага клалі ў магілу, а затым, пасьля некалькіх гадоў, парэшткі перакладалі ў невялікую урну. Згаданы асуарый мае 40 сантымэтраў даўжыні, 20 шырыні і 25 вышыні. На адной са сьценак выразаны напіс ў арамейскай мове: “Якуб, сын Язэпа, брат Ісуса”. Уласьнік урны, ізраільскі калекцыянэр антычных рэчаў, набыў яе ў палестынскага мусульманіна 15 гадоў таму за некалькі сотняў даляраў. Палестынец цьвердзіць, што выкапаў урну на схіле Аліўнай Гары. Ажно да вясны сёлета калекцыянэр не цікавіўся сваім набыткам, пакуль не сустрэўся з прафэсарам Лям’ерам. Тады ён папрасіў Лям’ера як спэцыяліста расшыфраваць арамейскія надпісы на некалькіх прадметах зь ягонай калекцыі, у тым ліку на згаданай урне. У верасьні сёлета асуарый грунтоўна абсьледавалі ізраільскія навукоўцы з Інстытутуту геалёгіі. Яны акрэсьлілі ўзрост урны як большы за 1900 гадоў, і пры тым ня выявілі ніякіх сьлядоў пазьнейшых апрацовак. Аднак большасьць прадстаўнікоў цэркваў і навуковых колаў лічаць, што саркафаг павінен быць паддазены больш грунтоўнай экспэртызе. У прыватнасьці, такое меркаваньне выказаў епіскап РПЦ Меркуры. А вось думка на гэты конт прадстаўніка Рускай Духоўнай Місіі ў Ерусаліме ераманаха Тэафана:

(Ераманах Тэафан: ) “Нас, зразумела, таксама зацікавіла гэтае паведамленьне. Сапраўды, тое, што напісана на урне – “Якуб, сын Язэпа, брат Ісуса” – гэта даволі сур’ёзнае сьведчаньне на карысьць сапраўднасьці эвангельскіх аповедаў. Але ўсё ж гэтая інфармацыя трохі дзіўная. Існуюць, як мінімум, 2 традыцыі адносна месца пахаваньня Апостала Якава: праваслаўная і заходняя. Зразумела, Ўладыка Меркуры мае рацыю, кажучы, што неабходна больш грунтоўна дасьледаваць ня толькі урну і надпіс на ёй, але і самыя парэшткі. Усё трэба праверыць, бо чалавек ніколі ня можа быць абсалютна пэўны ў сваіх высновах. Самыя дакладныя з нашага пункту погляду дасьледаваньні могуць быць памылковыя. Нават радыё-вуглеродны мэтад таксама ня цалкам надзейны.

Згодна з праваслаўнай традыцыяй, некаторы час мошчы Якава знаходзіліся ў Канстантынопалі, а пасьля зьнішчэньня гораду, у 13-м стагодзьдзі, яны былі перавезеныя ў Рым. Аднак існуе яшчэ адна магіла Якава, у Сант’яга, у Гішпаніі. У 20-я гады 9-га стагодзьдзя была ўскрытая грабніца, на якой таксама было напісана: “Якаў, брат Гасподні”. У якасьці доказу сапраўднасьці знаходкі прыводзіўся той факт, што там былі знойдзеныя парэшткі хрысьціянаў-габрэяў, якія прыбылі туды ў канцы 1-га стагодзьдзя і якія маглі перанесьці туды і парэшткі Апостала Якава”.

(Бандарук: ) “Аднак прафэсар Анры Лям’ер упэўнены ў слушнасьці сваёй экспэртызы. Ён асьмеліўся нават назваць больш дакладную дату паходжаньня урны: 63 год н.э. Паводле францускага навукоўца, можна “зь вялікай дозай верагоднасьці” сказаць, што асуарый зьмяшчаў парэшткі менавіта Якуба, брата Ісуса Хрыста. Справа ў тым, што такія урны ўжываліся толькі паміж 20-мі і 70-мі гадамі нашай эры. На 40 тысячаў жыхароў тагачаснага Ерусаліму Якубаў, якія мелі айца Язэпа і брата Ісуса, магло быць ня болей за 20. Больш за тое, навукоўцы знайшлі сотні падобных урнаў, і толькі на двух зь іх, апрача бацькі, згадваецца імя брата. Не падлягае сумневу, што брат Якуба быў агульнавядомай асобай. Напэўна, такім быў у той час Ісус з Назарэту. Можа сапраўды, гэта аўтэнтычная урна?”

(Ераманах Тэафан: ) “Цалкам магчыма. Нават калі ўлічыць, што мошчы былі вывезеныя, то саму урну маглі пакінуць у Сьвятой Зямлі, а парэшткі, калі нейкія захаваліся, могуць належаць каму-небудзь іншаму. У гісторыі такое бывала, калі з мэтай пазьбегнуць апаганьваньня, абняслаўленьня сапраўдных мошчаў сьвятога, яны былі перазахаваныя, а ў асуарый былі пакладзеныя іншыя. Таму, цалкам магчыма, што існаваў дублікат грабніцы. Тым болей, што апостал пры жыцьці пераносіў зьдзек, хрысьціяне маглі пакласьці ягонае цела ў іншую магілу, каб сапраўдная магіла не была апаганеная. Але я ўсё ж згодны з тым, што такія пасьпешлівыя высновы неабходна праверыць, дасьледаваць, паколькі існуюць вось такія розныя традыцыі”.

(Бандарук: ) “Пра Якуба шэраг разоў згадваецца ў Сьвятым Пісаньні. Слухаючы Ісуса, тагачасныя габрэі пыталіся: “Ці не цесьляроў Ён Сын? Ці не Ягоную Маці завуць Марыя, і браты Яго Якаў і Ёсій, і Сымон і Юда? І сёстры Ягоныя ці ня ўсе сярод нас? (Мац. 13, 55-56) Двойчы згадвае пра Якуба “Брата Гасподняга” Апостал Павал (Гал.1,19). Ён піша, што пасьля свайго ўваскрэсеньня Хрыстос паказаўся Якубу асобна (1 Кар.15,7). Паводле традыцыі, Якуб быў старэйшым сынам Язэпа ад ягонага першага шлюбу з Саламіяй. Ён суправаджаў сьвятую сям’ю ў часе ўцёкаў у Егіпет. Затым ён быў епіскапам ерусалімскай абшчыны і ўдзельнічаў у Апостальскім Саборы. Паводле царкоўнай традыцыі, Якуб прыняў пакутніцкую сьмерць: быў скінуты з даху ерусалімскага храму.

Хаця большасьць вучоных прызнаюць сам факт існаваньня Ісуса з Назарэту, аднак дагэтуль не было неаспрэчнага археалягічнага доказу ягонай гістарычнасьці. Былі знойдзеныя прадметы, якія пацьвярджаюць сапраўднасьць іншых пэрсанажаў Новага Запавету. У прыватнасьці, захавалася некалькі манэтаў з выявай цара Ірада, які хацеў забіць Ісуса. Сорак гадоў таму знойдзены камень зь імем Понтыя Пілата, які кіраваў Юдэяй у часы ўкрыжаваньня Хрыста. У 1990 годзе археолягі знайшлі урну з парэшткамі Каіафы, пра якога ў Сьвятым Пісаньні гаворыцца, што ён удзельнічаў у працэсе Ісуса Хрыста. Найстарэйшая згадка пра самога Ісуса Хрыста паходзіць з папірусу з фрагмэнтам грэцкай песьні прыблізна са 125 году нашай эры. Самыя старыя копіі Бібліі паходзяць з 300 году н.э. У дадзеным выпадку, на урне побач згаданыя адразу тры імёны, вядомыя з Эвангельля. Мабыць, таму ў мас-мэдыях зьявіліся загалоўкі кшталту: “Найстарэйшы доказ існаваньня Ісуса”, “Археалягічныя адкрыцьці пацьвярджаюць Біблію”, “Сэнсацыйнае адкрыцьцё” і гэтак далей. На колькі яно сапраўды важнае? З гэтым пытаньнем я зьвярнуўся да спэцыяліста ў галіне раньнехрысьціянскай гісторыі і археалёгіі прафэсара Рышарда Рубінкевіча:

(Рубінкевіч: ) “Гэтае адкрыцьцё цалкам звычайнае. Гэта ўсё роўна, што сярод тысячаў розных грабніцаў на нашых могілках знойдзецца шмат Аляксандраў, сыноў Янкі, у якіх, акрамя таго, брат Сяргей. Такім чынам, і ў гэтым выпадку цяжка сказаць, што маем дачыненьне з урнай менавіта таго “Якава, сына Язэпа, брата Ісуса”. Трэба ведаць, што першыя хрысьціяне ўвогуле не цікавіліся парэшткамі апосталаў, не лічылі іхныя мошчы сьвятынямі. Толькі ў 4-м стагодзьдзі, калі хрысьціянства ўмацавалася на Блізкім Усходзе, распачаліся пошукі сьлядоў зямнога жыцьця Хрыста і сьвятых месцаў, хаця нават і тады не было ўпэўненасьці адносна іх аўтэнтычнасьці. Адзінае, што засталося на сваім месцы, гэта калодзеж патрыярха Якуба. Зараз тым болей зь недаверам трэба ставіцца да такіх адкрыцьцяў. Сапраўдны бібліст і навуковец ніколі не паставіцца да гэтага з такім энтузіязмам. Гэта нічога не дае. Дваццаць гадоў таму была выяўленая знаходка, зьвязаная з укрыжаваньнем, але-ж гэта толькі доказ таго, што гэтак укрыжоўвалі людзей, а не таго, што гэта сьлед укрыжаваньня самога Ісуса. Немагчыма навукова даказаць, што гэта тая самая асоба”.

(Бандарук: ) “Згадкі пра “братоў і сёстраў Ісуса” выклікалі ажыўленыя спрэчкі сярод хрысьціянскіх пісьменьнікаў. Спасылаючыся на г.зв. “Протаэвангельле Якава”, Арыген лічыў іх дзяцьмі Язэпа ад першага шлюбу з Саламіяй. Такой пазыцыі прытрымліваецца ў асноўным Праваслаўная Царква. У 387 годзе ў творы “Супраць Гельвідыя” Еранім высунуў гіпотэзу, што браты Ісуса былі ў сапраўднасьці ягонымі дваюраднымі братамі. У маці Ісуса была сястра, жонка Клеопы, якую таксама звалі Марыяй. Гэтая вэрсія сталася афіцыйнай ў Каталіцкай Царкве. Затое некаторыя пратэстанцкія цэрквы прызнаюць і такую магчымасьць, што пасьля Ісуса Марыя мела зь Язэпам яшчэ іншых дзяцей. Яны спасылаюцца на 2-і разьдзел Эвангельля паводле Лукі, дзе гаворыцца, што “і нарадзіла Сына Свайго першынца”. Калі быў першынец, дык значыць, што былі і наступныя дзеці. Гэта непрымальнае для праваслаўных і каталікоў, якія лічаць Марыю “дзевай” і прызнаюць “непарочнае зачацьце” Ісуса Хрыста.

(Рубінкевіч: ) “Браты і сёстры Ісуса маглі быць ягонымі сваякамі. Згодна з царкоўнай традыцыяй, Язэп быў нагэтулькі стары, што ён мог толькі апекавацца Ісусам і Марыяй. Абое, Язэп і Марыя, выканалі абяцаньне цнатлівасьці і чысьціні. А тое, што кажуць праваслаўныя і каталікі, гэта ўсяго толькі здагадкі, угрунтаваныя на наяўнасьці самой біблійнай фармулёўкі “браты і сёстры”. Аднак на падставе фразы “adel foi”, “adel fos” нельга сказаць, што яны былі роднымі братамі і сёстрамі Ісуса і што Язэп быў іхным бацькам. Такім чынам, цяжка сказаць, што Якаў – гэта сын таго ж Язэпа. Як і напісана ў Апостала Паўла, Якаў, брат Ісуса, карыстаўся ў царкве вялікім аўтарытэтам і павагай з прычыны свайго сваяцтва з Ісусам, але гэта ня значыць, што ён быў яго родным братам”.

(Бандарук: ) “Лічыць прафэсар Рышард Рубінкевіч. Такім чынам, адкрыцьцё урны выклікала самыя супярэчлівыя ацэнкі. На думку прафэсара археалёгіі Мак-Картэра з Унівэрсытэту Гопкінса-Кайла, характар надпісу сьведчыць аб тым, што урна сапраўды паходзіць з 1-га стагодзьдзя н. э. Іншы навуковец-гісторык Жан-Мішэль Тарагон лічыць, што надпіс “брат Ісуса” дзіўны, бо ў 70-я гады першага стагодзьдзя Настаўнік з Назарэту ня мог быць агульнавядомай асобай. Трэба адзначыць, што ў адрозьненьне ад сьвецкіх навукоўцаў, тэолягі і царкоўныя гіерархі ў асноўным без энтузыязму паставіліся да адкрыцьця урны. Гэты парадокс можна патлумачыць наступным чынам. Гэтак, як і ў выпадку цудаў, Царква ня гоніцца за сэнсацыяй. Для яе дастатковым доказам гістарычнасьці Ісуса Хрыста і Апосталаў зьяўляецца Сьвятое Пісаньне. Можна спрачацца, ці Хрыстос быў Сынам Божым і Збавіцелем, прарокам ці звычайным чалавекам, але напэўна быў, бо ня пішуць пра некага, хто не існаваў. Урэшце рэшт, Царква і вернікі не патрабуюць аніякіх доказаў, бо сказана ў Сьвятым Пісаньні: “дабрашчасныя тыя, што ня бачучы паверылі”( Ян. 20, 29).
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG