Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Які сэнс мае дараваньне?


Кастусь Бандарук, Прага

Які сэнс мае дараваньне? Які грэх можна дараваць, і ці важна гэта, калі сьвецкае права кіруецца сваімі законамі?

У абмеркаваньні гэтых тэмаў удзельнічаюць: прафэсар маральнай тэалёгіі з Каталіцкага Люблінскага ўнівэрсытэту Раман Дзванкоўскі, праваслаўны сьвятар зь Вільні айцец Уладзімер Рынкевіч, сябра Брацтва Трох Віленскіх Пакутнікаў зь Менску Леанід Качанка, а таксама муфці беларускіх мусульманаў-татараў Ібрагім Канапацкі. Праграму вядзе Кастусь Бандарук.

(Бандарук: ) “З панядзелка, 18 сакавіка, у праваслаўных пачынаецца Вялікі Пост. Хаця ён існуе і ў каталікоў, аднак можна з упэўненасьцю сказаць, што праваслаўная царква надае яму асаблівае значэньне і незвычайныя зьмест і форму. Яна моцна падкрэсьлівае той факт, што гэта нашая сучасная “дзесяціна” – звычай ахвяраваньня Богу дзясятай часткі ўсяго свайго дабра, што здабылі ўласнай працай (Быц. 14.20; 28, 22, Лев. 27, 30; Лікі. 18, 21).

Пасьля адлічэньня адлічэньня ад сямі тыдняў посту суботаў і нядзеляў, застаецца 36,5 дня, дакладна дзясятая частка году. Гэты пэрыяд прысьвечаны ахвяраваньню Богу плёну працы над сабою: раскаяньня, стрыманасьці й добрых учынкаў – каб дзякуючы ім атрымаць блаславеньне на рэшту году.

Існуе звычай, што ў нядзелю пасьля вечаровай багаслужбы духавенства, а таксама сам патрыярх і япіскапы, становяцца перад вернікамі ў храме на калені, просяць дараваць ім усе грахі й правіны. Таксама вернікі падыходзяць да сьвятароў і просяць у іх прабачэньня. Затым духавенства бласлаўляе вернікаў на Вялікі Пост і заклікае правесьці гэты час на духоўным ачышчэньні. Вось таму сёньня я хачу пагутарыць пра разуменьне посту і дараваньня грахоў.

Найперш думка праваслаўнага верніка – Леаніда Качанкі”.

(Качанка: ) “Перад чалавекам і грамадзтвам заўжды паўставала сакрамэнтальнае пытаньне: як перамагчы зло, грахоўныя дзеяньні, што прыносяць няшчасьце? Біблія, найвялікшая кніга чалавецтва, кніга жыцьця, якраз і дае адказы на гэтыя пытаньні. Біблія дае парады – як папярэдзіць, не дапусьціць зла.

Тут варта прыгадаць эвангельскі эпізод, калі пасьля малітвы ў Гефсыманскім Садзе адбываўся арышт Ісуса Хрыста. Абараняючы Госпада, апостал Пётар адсякае вуха аднаму з жаўнераў. Хрыстос загадвае спыніць бойку і прамаўляе такія словы: “Хто падымае меч, ад мяча і загіне”. Супраць зла ня трэба йсьці зь мячом. Дастаткова ня ўдзельнічаць у ім, ухіліцца ад злачынных, неразумных учынкаў, і зло без падтрымкі згасьне само, як вогнішча бяз дроваў.

Зло мае безьліч формаў і абліччаў, але нягледзячы на гэта, Біблія робіць выратавальную для нас выснову: пачатак усялякага зла ў чалавечай нястрыманасьці. Таму царква ў сваім служэньні дапамагае вернікам пераадолець, перамагчы гэты нястрыманасьць, утаймаваць злачынныя жарсьці, утаймаваць грахоўныя спакусы.

І пост зьяўляецца адным зь дзейсных сродкаў супраць гэтай нястрыманасьці. Каб на зямлі захаваць мір, каб не панавала зло і нянавісьць, але дабро і любоў, Біблія і царква прапануюць чалавеку адмаўляцца ад заганаў, ад граху і – што яшчэ вельмі важна – прабачаць чужыя грахі, не трымаць зла на бліжніх”.

(Бандарук: ) “Нагадаю, што звычай узаемнага дараваньня грахоў паходзіць зь першых стагодзьдзяў хрысьціянства. Напярэдадні вялікага посту манахі зьбіраліся ў храме, затым прасілі адзін у аднаго дараваньня правінаў і толькі пасьля гэтага і накіроўваліся ў аддаленыя месцы, дзе праводзілі час на самоце.

Затым у Вербную Нядзелю яны ізноў вярталіся ў манастыры, каб разам сьвяткаваць Вялікдзень. Пра гэта, дарэчы сказана ў Эвангельлі: “калі ты прыносіш ахвяру, пайдзі перш прымірыся з братам тваім, і толькі тады прынось ахвяру” (Мац. 5, 23-24). Цяпер на час посту нам ня трэба ісьці ні ў лясы, ні ў пустэчы, але ўзаемнага дараваньня ніколі не бывае зашмат. А што думае пра яго каталіцкі тэоляг, прафэсар Раман Дзванкоўскі?”

(Дзванкоўскі: ) “Гэта патрабаваньне, якое вынікае з асновы і сутнасьці хрысьціянства. У малітве “Ойча Наш”, якой навучыў нас сам Хрыстос, і якая можа быць агульначалавечай малітвай для любой канфэсіі й рэлігіі, нават для мусульманаў і габрэяў, у ёй вельмі выразна падкрэсьліваецца: “Даруй нам грахі нашы, як і мы даруем тым, якія правініліся перад намі”. Інакш кажучы, умовай лучнасьці з Богам і атрыманьня ад Яго прабачэньня нашых грахоў зьяўляецца дараваньне правінаў іншым людзям. Прабачэньне – гэта ўмова таго, каб быць сапраўдным хрысьціянінам”.

(Бандарук: ) “Тут хачу дадаць, што дараваньне зьяўляецца ледзь не галоўнай тэмай Эвангельля. Хрыстос сам даруе грахі й вучыць іншых рабіць гэтак. У Новым Запавеце словы “прабачэньне” альбо “дараваньне” паўтараюцца нязьлічоную колькасьць разоў. Літаральна гэта азначае “адаслаць, вызваліць, адпусьціць зь мірам, са словам “шалом”.

Добра гэта адлюстроўвае прыпавесьць пра няміласэрнага даўжніка. Ён быў жорстка пакараны пасьля таго, калі міласэрны кароль дараваў яму вялізны доўг і адпусьціў зь мірам, а сам няўдзячны даўжнік не дараваў іншаму, які ў яго пазычыў невялікую суму грошай. У Эвангельлі паводле Мацьвея чытаем, што пасьля гэтай прыпавесьці “Пётар прыступіўшы да Хрыста сказаў: Госпадзе! Колькі разоў дароўваць брату майму, калі той зграшыць супраць мяне? Ці да сямі разоў?”

Пётар пэўна чуў жывыя дыскусіі ў колах рабінаў, якія лічылі, што брату можна прабачыць нават пяць разоў, але жонцы максымум адзін раз. У адказ Хрыстос заявіў, што “не да сямі разоў, але сем разоў па семдзесят”, інак кажучы – кожны раз. Мне здаецца, што пытаньне: колькі разоў, і ці кожны грэх можна дараваць, актуальнае і цяпер… Калі ласка, айцец Уладзімер Рынкевіч”.

(Рынкевіч: ) “Ці заўжды трэба дараваць бліжнім? Калі Бог даруе нам усе нашыя правіны, у якіх мы каемся, то й мы, хрысьціяне, павінны браць прыклад з Хрыста, які дараваў нават тым, хто ўкрыжаваў Яго. Ён нават маліўся і прасіў Бога Айца не лічыць ім гэтага граху. Хрыстос заклікае нас да пакорлівасьці й абсалютнага дараваньня.

У якой яшчэ рэлігіі ёсьць запавет любові да ворагаў? Дзе заклікаюць, каб таму, хто просіць, даваць ня толькі вопратку, але і кашулю, а калі б’юць па левай шчацэ – падстаўляць правую? У той жа час, дзе яшчэ заклікаецца абараняць бліжняга свайго, зь любові да яго, калі будзе такая патрэба, нават аддаць за бліжняга сваё жыцьцё, гэтак як Хрыстос памёр за нас – грэшных?”

(Бандарук: ) “Што да пытаньня, у якой яшчэ рэлігіі ёсьць такія высокія маральныя патрабаваньні да вернікаў, дык я пацікавіўся, як гэта выглядае ў ісьляме, у якім, дарэчы, таксама ёсьць пост, і ён адыгрывае падобную ролю. Вось, што сказаў на гэты конт намесьнік муфція беларускіх мусульманаў-татараў Ібрагім Канапацкі”.

(Канапацкі: ) “Вядома, што Ўсявышні не карае сваіх рабоў адразу, а дае грэшнікам шанец вяртацца да Яго і прасіць ў Яго прабачэньня. Калі б Усявышні караў за грахі адразу, у гэтым жыцьці, на Зямлі не засталося б нікога. Міласэрны і Літасьцівы (Хвала Яму і Вялікі Ён) дае сваім вернікам-мусульманам сродкі ачышчэньня ад грахоў.

Штодзённыя сродкі – гэта намаз, малітва пяць разоў штодзень. Штотыднёвы сродак – пятнічны сход. Сьвяты прарок Мухамад (Мір Яму) казаў, што малітва ў пятніцу вызваляе ад грахоў за ўвесь тыдзень. Штомесячны сродак пазбаўленьня ад грахоў – гэта дабраахвотны пост. Сьвяты прарок Мухамад (Мір Яму) загадваў сваім паплечнікам трымаць пост тры дні на месяц – 13, 14, 15 дня месяца, у “белыя” дні.

Штогадовы сродак ачышчэньня – гэта пост у месяц Рамазан. Згодна Прароку, хто трымае зь верай і дзеля Ўсявышняга пост цягам усяго месяца Рамазан, таму даруюцца ўсе ягоныя грахі. Урэшце, мара кожнага мусульманіна – хаця б раз у жыцьці зьдзейсьніць “хадж”, паломніцтва ў сьвятыя месцы Мэку і Мэдыну.

Такім чынам, разумны чалавек не пакідае бруд на сваім целе. Гэтак сама і мы, мусульмане, стараемся быць чыстымі целам і душою, карыстаючыся дарамі Ўсявышняга”.

(Бандарук: ) “Дарэчы, у мусульманаў ёсьць адмысловы дзень дараваньня грахоў і ўзнагароды – Ураза-байрам. На заканчэньне месяца посту Рамазану, імам зьвяртаецца да Бога з просьбай прыняць пост вернікаў, дараваць ім грахі й блаславіць на далейшае, памыснае жыцьцё.

Аднак вернемся да пытаньня хрысьціянскага дараваньня. Са сваёй сьвятарскай практыкі памятаю, што гэты рытуал узаемнага дараваньня грахоў быў вельмі працяглы, мэханічны й фармальны. У мяне тады ўзьнікала думка: які сэнс мае пустая фраза “прабачце”, калі я нават ніколі не сустрэўся з гэтым чалавекам. Дык якое значэньне мае такое дараваньне ўзаемных правінаў? Што думае на гэты конт праваслаўны вернік?”

(Качанка: ) “Так, я з вамі згодны. Канечне, вось гэты царкоўны рытуал успрымаецца многімі проста як нейкі абрад. А што да сутнасьці хрысьціянскага прабачэньня, дык яно павінна жыць у чалавечай душы заўжды – і ў радасьці, і ў горы, ня толькі тады, калі мы прыходзім у царкву. Царква – гэта проста стымул, напамін чалавеку, каб мы не забываліся пра гэтую вялікую й вельмі людзям патрэбную рэч”.

(Бандарук: ) “Я хачу закрануць цяпер пытаньне дараваньня й справядлівасьці. З нагоды ўсясьветнага Дня Міру, 1 студзеня сёлета, Папа Ян Павал ІІ і напісаў: “Няма міру без справядлівасьці, няма справядлівасьці без прабачэньня”.

Гаворачы пра драматычныя падзеі 11 верасьня, Папа адзначыў: “абмяркоўваючы гэта ў сьвятле біблійнага Адкрыцьця, я прыйшоў да высновы, што парушаны парадак можна аднавіць толькі тады, калі спалучым справядлівасьць і прабачэньне”. Аднак Папа дадаў: “Ніхто адказны за рэлігію ня можа быць паблажлівы ў дачыненьні да тэрарызму. Зараз нам патрэбнае такое хрысьціянскае прабачэньне, якое дае надзею і спадзяваньне і адначасова не аслабляе барацьбу са злом”.

Магчыма, нехта з блізкіх ахвяраў тэрактаў дараваў забойцам, але ж ўлады нават не думалі пра дараваньне. Дзяржаўныя ўлады прыступілі да барацьбы з тэрарызмам сваімі, сілавымі мэтадамі. Такім чынам, тут маем справу з двума вельмі рознымі падыходамі да зла…”

(Качанка: ) “У сьвецкім разуменьні дараваньне грахоў, злачыннасьці можа падацца залішнім, бо існуе права, паводле якога асоба, што ўчыніла парушэньне парадку, падлягае суду і пакараньню. Паміж некаторымі этычнымі нормамі царквы й дзяржавы існавалі ды існуюць значныя разыходжаньні.

Царква бачыць пераадоленьне чалавечай недасканаласьці ў духоўным, маральным удасканаленьні, у ідэальным перавыхаваньні. Калі чалавек будзе жыць паводле сумленьня, не парушаючы маральных нормаў і божых запаветаў, тады не спатрэбіцца і апарат прымусовага выпраўленьня й пакараньня.

Задача Царквы не караць, але папярэджваць, не дапускаць зла. Таму біблійныя тэзы “Не забівай, не захапляйся чужым багацьцем, не асуджай, любі бліжняга і нават ворага” – гэта ідэальныя тэзы, да ажыцьцяўленьня якіх чалавек і грамадзтва павінны імкнуцца. Гэта найкаштоўнейшыя тэзы чалавецтва. Ну а як павесьці сябе ў канкрэтнай жыцьцёвай сытуацыі, кожны вырашае сам, паводле голасу Духа Сьвятога – сумленьня”.

(Бандарук: ) “Дарэчы, як бы насуперак дараваньню, царква таксама лічыць, што зло павінна быць пакаранае, толькі застаецца адкрытым пытаньне: калі і як? Прыхільнікамі адэкватнага пакараньня былі філёзафы Арыстотэль, Кант і нават выдатны заходні тэоляг і сьвяты Фама Аквінскі.

Паводле Арыстотэля, несправядлівасьць – гэта няроўнасьць. “Калі нехта ўдарыў, а нехта іншы паранены, калі нехта забіў, а нехта забіты, дык маем справу зь няроўнасьцю паміж учынкам аднаго і адчуваньнем ахвяры. З дапамогай пакараньня судзьдзя павінен выраўнаць гэтую няроўнасьць”.

Гэтага прынцыпу прытрымліваецца сьвецкае права. Можна некаму дараваць нейкае зло, але ўсё роўна і вернікі, і нявернікі падлягаюць сьвецкаму суду. І калі злачынца ўсё адно будзе пакараны, дык атрымліваецца, што нашае хрысьціянскае дараваньне – дарэмнае…”

(Рынкевіч: ) “Прабачэньне нашае – не дарэмнае. А што тычыцца сьвецкай улады, дык яна ўстаноўленая дзеля таго, каб забясьпечыць свабоду й жыцьцё чалавека. Апостал Павал піша: “Бо начальнік страшны не для добрых справаў, але для благіх. Хочаш не баяцца ўлады, рабі дабро, і атрымаеш ад яго ўзнагароду. Гэта ёсьць божы слуга табе на дабро. Калі робіш благое, бойся, бо ён нездарма носіць меч. Ён божы слуга і мсціўца таму, хто робіць благое”.

Такім чынам, ёсьць людзі, які ажыцьцяўляюць правасудзьдзе, і ёсьць у кожнай краіне сьвецкія законы, каб таксама абараніць чалавека ад зла”.

(Бандарук: ) “Я прыгадаю вядомы эпізод. 13 траўня 1981 году Папа Ян Павал ІІ ледзь перажыў замах на сваё жыцьцё. Выявілася, што на Плошчы Сьвятога Пятра ў Рыме ў яго страляў сябра тэрарысцкай арганізацыі “Шэрыя Ваўкі” Алі Агча. За гэта тэрарыста асудзілі на пажыцьцёвае зьняволеньне, што на практыцы ў Італіі азначае 29 з паловай гадоў.

Два гады пасьля замаху, Ян Павал ІІ наведаў Алі Агчу ў камэры і дараваў яму. Усе разумелі, што гэта было гэтак званае “хрысьціянскае дараваньне”, што Папе гэтак выпадала паступіць. Гэтак зразумеў высакародны жэст Папы суд. Ён не апраўдаў Агчу.

Злачынца адседзеў у турме амаль 20 гадоў, а прысуд скарацілі яму строга ў адпаведнасьці з законам – за добрыя паводзіны ў турме. Такім чынам жэст Папы – ці гэта была высакародная фікцыя?”

(Дзванкоўскі: ) “Гэта ня фікцыя, бо ў выпадку, калі нехта зьдзейсьніць нейкае зло, самае галоўнае й істотнае – зьвярнуцца з просьбай аб прабачэньні да Бога, атрымаць яго і ад Бога, і ад чалавека. А зусім іншая справа – пакараньне. Нехта трапна адзначыў, што Бог даруе, але натура не даруе.

Калі, напрыклад, нехта ўпаў у п’янства, дык калі й адмовіцца ад яго, пераадолее гэтую жахлівую хваробу, то хоць ён і атрымае прабачэньне ад Бога, аднак вынікі п’янства, якім чалавек параніў сваю здаровую прыроду, застаюцца на ім, і ён мусіць нейкім чынам адбыць пакараньне. Ён мусіць прайсьці тое ўнутранае ачышчэньне.

Вось таму ў каталіцтве ёсьць паняцьце чысьца. Гэта той часовы стан, у якім чалавек у замагільным жыцьці праходзіць ачышчэньне, што й ёсьць тым пакараньнем. Для чалавека галоўнае – усьведамленьне, што ён атрымаў прабачэньне”.

(Бандарук: ) “Дзякуй прафэсару Дзванкоўскаму і ўсім удзельнікам сёньняшняй перадачы. Няма сумневу, што ўсе мы жывем у нейкай дзяржаве, якая кіруецца сваімі законамі. Ёсьць вышэй згаданая тэорыя пра слушнасьць адэкватнага пакараньня, але ж існуе і гуманітарны падыход да віны й пакараньня.

Віноўнік можа быць толькі вартым спачуваньня слабым чалавекам. Вінаваты можа быць ня ён сам, але сям’я, асяродзьдзе, грамадзтва і нават цывілізацыя. Вінаватыя могуць быць гармоны, інстынкты і гены. У такіх выпадках – гэта хутчэй хвароба, якая патрабуе не пакараньня, але лячэньня.

Для вернікаў, у пэрспэктыве вечнасьці, важны найперш прыклад Хрыста і вучэньне Царквы. Паводле сьвятога Аўгустына, жаданьне помсты, адплаты пакараньня віноўнага вельмі дэструктыўнае для самога пакрыўджанага. Кожнаму, хто хавае ў сэрцы крыўду на свайго ворага, яно адбірае радасьць жыцьця й пачуцьцё гармоніі з натурай.

“Люты вораг ня можа табе пашкодзіць да таго часу, пакуль ты не пашкодзіш сабе тым, што ня любіш сваіх ворагаў”, – пісаў ён. З другога боку, прабачэньне прыносіць палёгку абодвум баком. Як гаварыў францускі рэлігійны пісьменьнік Анры Лякардэр, “калі хочаш быць шчасьлівы ў гэты момант – адпомсьці, але калі быць шчасьлівы назаўжды – прабач”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG