Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў ліку 28 навамучанікаў, якія будуць беатыфікаваныя Папам Рымскім у Львове, ня будзе эгзарха Беларусі Антона Неманцэвіча?


Сяргей Абламейка, Прага

27 чэрвеня ў Львове падчас літургіі ва ўсходнім абрадзе Папа Рымскі Ян Павал ІІ абвесьціць сьвятымі 28 прадстаўнікоў Грэка-каталіцкай царквы. Практычна ўсе гэтыя асобы – украінцы, што пацярпелі за вернасьць сваёй царкве падчас гвалтоўнай ліквідацыі Уніі ў Галіччыне і гвалтоўнага далучэньня яе да Праваслаўнай царквы. Але ёсьць і выключэньне. Будзе беатыфікаваны і Грэка-каталіцкі эгзарх Расеі айцец Леанід Фёдараў.

На першы погляд, беларускі кантэкст у гэтым акце адсутнічае. Але гэта толькі на першы погляд. Сёньня ў Беларусі дзейнічае невялікая Грэка-каталіцкая царква, якая налічвае некалькі тысяч вернікаў. Новыя блаславёныя, безумоўна, будуць шанавацца ўсёй Каталіцкай царквой па ўсім сьвеце, а значыць і ў Беларусі. Але зь іншага боку, людзям заўсёды бліжэй той нябесны апякун і заступнік, які быў нейкім чынам зьвязаны зь іх народам, зь іх радзімай. У гэтым сэнсе беларускія грэка-католікі павінны ведаць, што прынамсі два з 28 новых сьвятых у сваёй дзейнасьці былі шчыльна зьвязаныя зь Беларусьсю.

Грэка-катліцкі эгзарх Расеі айцец Леанід Фёдараў у 1924 і 26 гадах на запрашэньне магілёўскага дэкана айца Язэпа Белагаловага прыяжджаў ў Магілёў для адзначэньня старога уніяцкага сьвята Сьвятога Антонія. Мэтай гэтых прыездаў было адраджэньне Уніі ва Ўсходняй Беларусі. Гэтага не маглі дапусьціць бальшавікі. І вось падчас другога прыезду ў Магілёў ён і быў арыштаваны беларускім ГПУ разам з айцом Язэпам Белагаловым, і абодва яны загінулі. Айцец Фёдараў пакутваў на Салаўках, а пасьля памёр на выгнаньні ў Вятцы ў 1935 годзе.

Другі новамучанік, біскуп Мікалай Чарнэцкі мае яшчэ большыя сувязі зь Беларусьсю. У 1932 годзе ён быў прызначаны Апостальскім візытатарам для католікаў усходняга абраду ў Польшчы за выключэньнем Галіччыны. І вось да самага прыходу саветаў у 1939 годзе біскуп Мікалай Чарнэцкі апекаваўся уніятамі на Валыні, Падлясьсі і ў Беларусі. А ў Заходняй Беларусі, трэба саказаць, было тады больш за 30 грэка-каталіцкіх парафіяў, а колькасьць вернікаў дасягала 20 тысяч чалавек. І вось Мікалай Чарнэцкі зьдзяйсьняў рэгулярныя пастырскія паездкі і ў Вільню, і ў Наваградак, і ў Слонім, і ў Пінск. Быў ён, фактычна, пастарам беларусаў. У 1945 годзе ён быў арыштаваны, высланы ў канцлягер у Сібір, цяжка там захварэў і быў выпушчаны ўладамі паміраць на Бацькаўшчыне. Ягоная магіла ў Львове адразу пасьля сьмерці стала месцам паломніцтваў і аздараўленьняў хворых.

Пачынаючы з 1939 году біскуп Чарнэцкі займаў пасаду Эгзарха Валыні. А эгзархам Беларусі быў прызначаны беларускі езуіт усходняга абраду з Альбэртына айцец Антон Неманцэвіч. Ён таксама загінуў мучаніцкай сьмерцю ў нетрах менскага гестапа ў 1942 годзе. Але ягонага імя ня будзе сярод тых, каго Папа Ян Павал ІІ абвесьціць боаславёнымі ў наступную сераду. Чаму? Гэта і ёсьць адно з пытаньняў, якія я задаю сёньня чалавеку, які непасрэдна рыхтаваў кандыдатуры да беатыфікацыі 27 чэрвеня ў Львове. Гэта намесьнік дырэктара інстытуту гісторыі царквы Львоўскай Багаслоўскай акадэміі доктар Олэг Турый.

(Абламейка: ) “На пачатку я папрасіў бы Вас, пан Олэг, коратка прадставіць асобы тых, хто будзе 27 чэрвеня ў Львове абвешчаны сьвятым.

(Турый: ) “У межах візыту папы падчас Літургіі ў бізантыйскім абрадзе ў Львове 27 чэрвеня адбудзецца акт афіцыйнага абвешчаньня сьвятых Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы. Усяго тых асобаў 28. Некалькі зь іх будуць кананізаваныя за сваё мучаніцтва ад рэпрэсіяў, якія яны зазналі ад камуністычнага ўраду падчас першае савецкае акупацыі Галіччыны, а таксама пасьля заканчэньня другой Сусьветнай вайны, калі адбывалася афіцыйная ліквідацыя Грэка-Каталіцкае Царквы і яе гвалтоўнае далучэньне да падкантрольнай рэжыму Ўкраінскай Праваслаўнай царквы. Апрача таго будуць кананізаваныя і некалькі асоб, якія вызначаліся сьвятасьцю свайго жыцьця. Напрыклад, сястра Язафата Гардашэўская, заснавальніца кангрэгацыі сёстраў-служэбніц Беззаганнае Дзевы Марыі. Будзе сярод кананізаваных і эгзарх Расейскае Грэка-Каталіцкае царквы айцец Леанід Фёдараў, які пакутваў на Салаўках і памёр на выганьні ў Вятцы ў 1935 годзе. Прыцягвае таксама ўвагу і постаць айца Амельяна Каўча, які падчас апошняй вайны ратаваў габрэяў, трапіў за гэта ў лягер сьмерці Майданэк, адмовіўся ад клопатаў пра яго вызваленьня і загінуў. Будзе сярод беатыфікаваных і постаць закарпацкага епіскапа Тэадора Ромжы, які быў зьнішчаны на загад тагачаснага кіраўніка кампартыі Ўкраіны Хрушчова і з санкцыі Сталіна – дзеля таго, што постаць гэтага папулярнага епіскапа перашкаджала задуманай саветамі праваславізацыі, Тэадора Ромжу спачатку жорстка зьбілі, а пасьля атруцілі ў лякарні. Вось такія, кажучы каротка, постаці тых, хто будзе прылічаны да сьвятых”.

(Абламейка: ) “Хто займаўся падрыхтоўкай гэтых кандыдатураў?

(Турый: ) “Падрыхтоўкай кандыдатураў да афіцыйнага працэсу беатыфікацыі займаўся спэцыяльны пастуляцыйны цэнтар, і кожная з тых постацяў, – а іх было значна больш чым 28 падрыхтаваных, і гэты працэс не заканчваецца актам кананізацыі 27 чэрвеня, бо, паўтараю, людзей, якія пацярпелі за веру, нашмат больш. Проста подзьвіг гэтых 28 асобаў, іх мучаніцтва найбольш уражваюць сваім сьведчаньнем сілы веры. Апрача таго, шмат хто з тых, каго зараз царква афіцыйна кананізуе, амаль адразу пасьля сьмерці сярод народу ўжо шанаваліся як сьвятыя. Тут найбольш прыкметнай ёсьць постаць епіскапа Мікалая Чарнэцкага, які быў арыштаваны, доўгі час быў у Сібіры, і з-за цяжкай хваробы ўлады вырашылі адправіць яго паміраць на Бацькаўшчыну. Пасьля вяртаньня ён вызначаўся зьмірэннасьцю і сардэчнасьцю. Пасьля сьмерці яго магіла ў Львове сталася месцам паломніцтва, і ёсьць вельмі шмат сьведчаньняў пра цуды, цудоўныя аздараўленьні, якія адбываліся пасьля зваротаў да яго сьвятой постаці ў малітвах”.

(Абламейка: ) “Як Вы ведаеце, пан Олэг, у Беларусі таксама існуе невялікая Грэка-каталіцкая царква, і напэўна, яе вернікі зацікаўленыя даведацца, ці магчыма наагул і чаму сталася так, што іх эгзарх айцец Антон Неманцэвіч, які загінуў мучаніцкай сьмерцю ў Менскім гестапа ў 1942 годзе, ня трапіў у лік гэтых сьвятых. Як Вы думаеце, чаму?”

(Турый: ) “Вось жа я думаю, што ёсьць два моманты. Мы тут, у Галіччыне, хоць мы і маем досыць вялікую Грэка-каталіцкую царкву, якая адрадзілася з руінаў, маем вялікую разбудаваную інфраструктуру, шмат навучальных установаў, дасьледніцкіх цэнтраў, паверце, што мы зь велізарнымі намаганьнямі, шалёна працуючы, зьбіраючы па драбніцах інфармацыю пра гэтых людзей, здолелі падрыхтаваць усё неабходнае, каб цэлая Каталіцкая царква праславіла асобы гэтых 28 мучанікаў. Іх ёсьць нашмат больш, і нашая праца з мэтай збору сьведчаньняў пра цуды, зьбіраньне іншай інфармацыі – гэта аграмадная праца. Мне здаецца, што ў Беларусі праводзіць такую працу дужа цяжка, бо дужа мала засталося тых людзей, якія памятаюць падзеі, зьвязаныя з мучаніцтвам за веру. А, па-другое, я думаю, што сама сытуацыя ў дзяржаве, мякка кажучы, ня ёсьць спрыяльнаю для гэтага.

І яшчэ адзін момант. Для таго, каб царква прызнала тую ці іншую асобу сьвятой, вельмі важна, каб усьведамленьне гэтай сьвятасьці існавала сярод саміх вернікаў. Ясна, што важным ёсьць і фармальная працэдура, якая існуе ў Каталіцкай царкве, усе яе ступені, але дужа важным ёсьць усьведамленьне менавіта людзьмі сьвятасьці той ці іншай асобы. Я думаю, што грэка-католікі ў Беларусі павінныя ісьці гэтым шляхам, яны павінныя адшукаваць карані сваёй царквы, зьбіраць па драбніцах інфармацыю пра сваіх мучанікаў. Я думаю, што ўсё гэта прыйдзе – я перакананы ў гэтым і хачу сказаць, што наш інстытут гісторыі царквы, які працуе ў Львоўскай Багаслоўскай акадэміі, і які мае цэлы праект зьбіраньня сьведчаньняў пра мучанікаў веры, гатовы дапамагчы грэка-католікам у Беларусі”.

Дзякуй, Пан Олэг.

Як мы чулі, доктар Олэг Турый спаслаўся на вельмі вялікую і цяжкую работу, якую трэба правесьці, каб па драбніцах сабраць усю патрэбную інфармацыю па той ці іншай кандыдатуры будучага сьвятога. З другога боку, трэба каб і мясцовая царква ўжо шанавала тых людзей, якія пасьля будуць абвешчаныя сьвятымі ўсёй Каталіцкай царквы. У Беларускай Грэка-каталіцкай царкве, якая ўсяго 10 год як адроджаная, сёньня такімі шанаванымі асобамі ёсьць толькі полацкія пакутнікі-базыльяне, жорстка закатаваныя расейскім царом Пятром І у Полацкай Сафіі ў пачатку 18 стагодзьдзя. Да эгзарха Антона Неманцэвіча і за ягонае праслаўленьне сёньня яшчэ ня моляцца. А гэта, між іншым, вельмі заслужаны для Беларусі чалавек. Ён амаль адзін у 30-я гажы выдаваў часопіс “Да злучэньня”, які быў зачынены польскімі ўладамі, палымяны патрыёт і вельмі пабожны чалвек. Натуральна, што ў савецкія часы эгзарх Неманцэвіч быў аб’ектам вострай крытыкі савецкіх прапагандыстаў. Быў нават апублікаваны здымак Антона Неманцэвіча ў сьвятарскіх шатах на фоне нямецкіх вайскоўцаў. Натуральна пра тое, што эгзарх загінуў у менскім гестапа, прапагандысты ня згадвалі. Гэтыя абвінавачаньні ў калябаранцтве можна было б ня згадваць і сёньня, каб не наступная акалічнасьць. У адзін з побытаў у Рыме мне давялося пачуць пра той жа здымак з вуснаў супрацоўніка беларускай сэкцыі Радыё Ватыкану, доктара гісторыі Андрэя Пятчыца. Можа гэтая акалічнасьць перашкаджае унесьці беларускага сьвятара ў лік кандыдатаў на беатыфікацыю?
Вось якую думку выказвае айцец Аляксандар Надсан, чаму імя Антона Неманцэвіча ня трапіла ў ліку 28 кандыдатаў на беатыфікацыю.

(Надсан: ) “Мне здаецца, тут адна прычына. Пра эгзарха Фёдарава вельмі шмат вядома, нават пра тое, як ён вельмі шмат год быў у турме і як ён там захоўваўся. Пра айца Неманцэвіча вядома вельмі ж мала. У параўнаньні зь іншымі сьвятарамі, напрыклад айцом Гадлеўскім ці (яшчэ больш) Адамам Станкевічам, ён быў вельмі мала вядомы ў Беларусі. І весткі пра яго маленькія. Толькі пасьля выбуху сусьветнай вайны ў 1939 годзе мітрапаліт Шаптыцкі прызначыў яго эгзархам на Беларусь, і там ён пачаў дзейнічаць, але вельмі коратка. Ён загінуў у 1942 годзе. Я чуў, што пра яго былі даносы з боку расейцаў, якія працавалі ў нямецкім СД у Слоніме і якія не хацелі адраджэньня Уніі. Але як было ў сапраўднасьці – не вядома. Я напэўна ўважаю, што ён добры чалавек і добры сьвятар. Але для таго, каб яго агалосіць блаславёным ці сьвятым, думаю, трэба зьбіраць больш вестак. Можа яшчэ ёсьць людзі, якія яго памятаюць, можа нейкія запісы ёсьць. Да гэтага часу пра яго вельмі мала вядома”.

(Абламейка: ) “Як Вы лічыце, айцец Аляксандар, тое, што эгзарх Неманцэвіч быў прызначаны, і эгзархат быў створаны толькі ў 1939 годзе, а выйшаў эгзарх з падпольля толькі ў часе нямецкай акупацыі – ці можа гэта быць закідам Неманцэвічу? Ці наагул, факт працы пад нямецкай акупацыяй можа быць аргумэнтам супраць беатыфікацыі Неманцэвіча?”

(Надсан: ) “Не. Ён быў заўсёды сьвятаром. Рабіў што мог. Пад нямецкай акупацыяй працаваў таксама мітрапаліт Шаптыцкі і ўсе іншыя сьвятары – рабілі што маглі. Адносна ягоных адносінаў да нямецкіх уладаў я нічога ня ведаю. Я чуў, што там нейкі здымак ёсьць, дзе ён стаіць зь нямецкімі афіцэрамі ці войскам. Ну гэта бывае, чаму ж не?”

Дзякуй, айцец Аляксандар.

Сапраўды, усе тыя, хто 27 чэрвеня будзе абвешчаны блаславёным, працавалі сьвятарамі і ў часе вайны. Маглі яны сустракацца і зь немцамі. Няма сумневу, што такія сустрэчы былі, напрыклад, і ў мітрапаліта Шаптыцкага, які сёньня ўжо шануецца як сьвяты. І Олэг Турый, і айцец Аляксандар Надсан зьвярнулі ўвагу на вельмі малую колькасьць зьвестак пра Антона Неманцэвіча, пра яго жыцьцё і сьмерць. Таму сёньня перад беларускімі вернікамі, якія хацелі б, каб іх памерлы мучаніцкай сьмерцю эгзарх быў ушанаваны як сьвяты, паўстае задача зьбіраньня інфармацыі. Наколькі мне вядома, БГКЦ сёньня мае ўжо кваліфікаваных гісторыкаў, якія здольныя адшукаць патрэбныя весткі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG