Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адраджэньне паганства?


а.Канстантын

Удзельнікі: мастачка Тацяна Сіплевіч і супрацоўнік Інстытуту філязофіі ды права Акадэміі Навук Сяргей Санька (эфір 11.09.1999).

Аўтар і вядучы Кастусь Бандарук.

Ці пасьля тысячы гадоў хрысьціянства ў Беларусі можна і варта гаварыць пра адраджэньне паганства? У чым яго каштоўнасьць, чаму некаторыя людзі высока цэняць рэлігійна-культурную спадчыну нашых продкаў і хацелі б яе захаваць? Прапануем вашае ўвазе гутарку на гэтую тэму з сучаснымі, сьведамымі паганцамі…

Даволі часта вернікі чуюць з вуснаў царкоўных герархаў і тэолягаў папрокі ў нэа-паганстве. Усе хрысьціянскія цэрквы выразна заяўляюць пра паўсюдную сэкулярызацыю, адыход ад хрысьціянскіх каштоўнасьцяў і патрэбу паўторнае эвангэлізацыі.

З другога боку, і сёньня ёсьць людзі, якія ніколі хрысьціянства не ўспрыймалі, і таму не маглі адыйсьці ад яго. Паводле моднага зараз паняцьця, яны лічаць хрысьціянства "нетрадыцыйным веравызнаньнем" Беларусаў, рэлігіяй прынесенай звонку, у адрозьненьні ад язычніцтва, якое зьяўляецца першапачатковым.

На пачатак крыху энцыкляпэдычных дадзеных.

"Язычніцтва" – тэрмін, прыняты ад царкоўна-славянскага "Языцы" (народы) і лацінскага "Паганус". Ён абазначае старадаўнія вераваньні й культы, што йснавалі да пашырэньня гэтак званых "вышэйшых" рэлігіяў: юдэйства, хрысьціянства або ісьляму. Архэалягічныя адкрыцьці падцьвердзілі йснаваньне язычніцкіх культавых збудаваньняў і капішчаў, дзе адбываліся старажытныя абрады.

Язычніцтва пачыналася ад культу вялікае Маці-Багіні эпохі матрыярхату, культу продкаў і разорнутым пантэёнам багоў. Паводле сьведчаньняў антычных аўтараў, Славяне лічылі ўладаром сьвету аднаго бога-творцу грому й маланкі, якому прыносілі ахвяры, хаця аддавалі належную пашану й меншым багам, духам рэкаў і вазёраў, дрэвам, камяням ды іншым.

Перад тым як увесьці хрысьціянства, кіеўскі князь Уладзімер спрабаваў стварыць дзяржаўную рэлігію з культам Пяруна. У дамовах зь бізантыйцамі русы прысягалі Пяруном і Вялесам. У нашых продкаў Сварог быў богам неба, а Дажбог – ягоным сынам.

Увядзеньне хрысьціянства, неаднойчы прымусовае, не скасавала цалкам язычніцкіх уяўленьняў і культуры. Хрысьціянская Царква была вымушаная дапасаваць свае сьвяты й абрады да яычніцкага, сьвяточнага календару. Бажаство веснавой урадлівасьці й плоднасьці – жанчына – у часы хрысьціянства было замененае Юрыям.

Просты народ па сутнасьці і пасьля прыняцьця хрысьціянства заставаўся язычніцкім. Гэта выяўлялася ў народнай сьвядомасьці, вераваньнях, абрадах, звычаях і вуснай паэзіі. Многае з таго, што у ранейшы час мела культавы характар, захавалася ў выглядзе мастацкае зьявы.

Зьвесткі сабраныя этнографамі, фальклярыстамі ды іншымі дасьледнікамі традыцыйнае культуры ў Беларусі дазваляюць пад наносным пластом пазьнейшага хрысьціянскага сьветапогляду адшукаць шмат якія элемэнты язычніцтва і яго магічна-абрадавае практыкі, да прыкладу, сьвяткаваньне "Дзядоў", "Радаўніцы", звычаі і абрады, зьвязаныя з пахаваньнем і г.д.

У памяці народу жывуць шматлікія паданьні й песьні пра русалак, ваўкалакаў, лесавікоў, вадзянікоў, чарцей, зданяў, ведзьмаў. Нашыя продкі шырока скарыстоўвалі магію, размаітыя замовы, праклёны, засьцерагальныя дзеяньні ад стыхійных нягодаў, эпідэміяў і ўсякіх катаклізмаў: да прыкладу, "выкліканьне дажджу" або тканьне ахвярнага палатна, якім абносілі паселішча ад няшчасьцяў, шэраг забаронаў зьвязаных з аховаю ўраджаю, свойскае жывёлы, сямейнага дабрабыту, здароўя і жыцьця.

У народных уяўленьнях працягваецца традыцыя паважлівых адносінаў да вагню, у фальклёры ўслаўляецца Сонца, Месяц, зоркі, дрэвы, рэкі, крыніцы. Абрады календарнага цыклю, гуканьне вясны, ваджэньне куста, пахаваньне "стралы", Купальле, Каляды, валачобніцтва, юраўскія і траецкія традыцыі ды абрады згубілі сваю магічна-аграрную функцыю, але выявілі сваю незвычайную жывучасьць у сьвядомасьці народу.

Аб гэтай жывучасьці сьведчыць факт, што й зараз сярод Беларусаў ёсьць энтузыясты адраджэньня старажытнае веры й культуры. Да іх належаць мастачка Тацяна Сіплевіч і навуковец Сяргей Санька.

Найперш я пацікавіўся ў іх, якім чынам яны прыйшлі да цяперашніх перакананьняў, як складваўся іхны сьветапогляд, адкуль гэтае даволі незвычайнае вяртаньне да старыны…

(Сіплевіч: ) "Ёсьць такое паняцьце, як "тутэйшыя людзі"… Вось я чалавек тутэйшае зямлі, і мне цікава было ўсё, што тут адбывалася. Тут розныя былі рэлігі, розныя канфэсіі…

Але што было першапачаткова? Вось гэта мяне вельмі моцна зацікавіла. А першапачаткова гэта была рэлігія, якая ішла ад зямлі, яе ніхто не прыносіў сюды. І гэта мяне вельмі моцна зацікавіла.

Канешне, зараз гэта мой сьведамы выбар. Я не хачу адмаўляць нешта іншае… Мне цікава менавіта гэта – і як мастаку цікава. Мне з гэтым цікава працаваць у мастацкім сэнсе. Мне ў гэтым дапамог мой муж Хведар Кашкурэвіч. Ён мяне зацікавіў, і я вельмі гэтым рада".

Ад сябе дадам, што Тацяна Сіплевіч зьяўляецца мастачкаю і выкладчыцаю ў мастацкай вучэльні. Як яна сама сказала, значны ўплыў на ейнае зацікаўленьне паганствам меў ейны муж, вядомы мастак Хведар Кашкурэвіч. Такога ўплыву не магло быць у выпадку іншых…

(Санька: ) "Былі розныя шляхі… Я б назваў тры галоўныя прычыны, паводле якіх складваўся цяперашні мой сьветагляд.

Па-першае, гэта чыста ўласныя духовыя пошукі – я ў сваім часе вельмі цікавіўся і старагрэцкай філязофіяй, індыйскай культураю, асабліва вэдыйскага пэрыяду, крышачку кітайскай і японскай, хрысьціянствам цікавіўся… Але не знаходзіў для сябе нечага, што б адпавядала майму самаадчуваньню – найперш, відаць таму, што ўсе "сьвятыя гісторыі" не прывязаныя абсалютна да нашага ляндшафту ў самым шырокім сэнсе слова – да часу й прасторы, у якой я жыву, жылі продкі… Усе гісторыі і пра Будду, і пра Хрыста, і пра іншых – гэта ўсё не пра нас. І спраэктаваць іх на сябе – гэта толькі праз адмаўленьне ад сваёй ідэнтычнасьці.

І другая прычына – гэта й мае чыста навуковыя, дасьледніцкія зацікаўленасьці. Я даўна, некалькі дзесяцігодзьдзяў цікаўлюся такімі сфэрамі, як астраномія, касмалёгія, то бок наогул уяўленьнямі пра пабудову Сусьвету, пра паходжаньне Сусьвету. І ў гэтым сэнсе старажытныя, традыцыйныя касмалягічныя ўяўленьні заўсёды былі на першым пляне маёй увагі, маіх зацікаўленьняў.

І па-трэцяе – гэта, канешне, рэфлексіі над праблемаю проста беларускае ідэнтычнасьці й самасьвядомасьці. Праблемы тут вельмі сур'ёзныя. І вось мы нават зараз – у чыста палітычным сэнсе – спажываем вынікі, плады вось гэтай праблематычнасьці нашае душы, нашае мэнтальнасьці…

І роздумы над гэтым не маглі не прывесьці да пошукаў нейкіх аўтэнтычных выразу й самаўспрыманьня, самаўсьведамленьня. Ну і, канешне, жывучы ў Беларусі ня дзіўна было б, каб нейкія спробы ажыўленьня, рэанімацыі старажытных вераваньняў не адбываліся, паколькі Беларусь у навуковым асяродзьдзі лічыцца адной з зонаў кансэрвацыі архаікі, пры тым, што з часам пэўныя элемэнты традыцыйнае культуры маюць тысячагадовую гісторыю… Вось усё гэта разам і зарыентавала мяне на вывучэньне й на спробы ажыўленьня".

Сяргей Санька зьяўляецца навуковым супрацоўнікам Інстытуту філязофіі ды права Акадэміі Навук. Ён займаецца параўнаўчай культуралогіяй, вывучэньнем традыцыйнае культуры Беларусі, робіць рэканструкцыі касмалягічных уяўленьняў, міталягічнае, сьветаагляднае сыстэмы, уласьцівых традыцыйнаму грамадзтву.

Са сказанага і Тацянай Сіплевіч, і Сяргеям Санька можна зрабіць выснову, што язычніцтва, гэта для іх хутчэй за ўсё сфэра навукова-эстэтычных зацікаўленьняў.

Аднак, паганства – гэта таксама рэлігійныя вераваньні, стараславянскае шматбожжа. Ці вы лічыце сябе веруючымі людзьмі?..

(Сіплевіч: ) "Для мяне асабіста – гэта, відаць, культурны аспэкт… Я не адношу сябе да такіх ужо рэлігіёзных натураў. Мяне гэта больш цікавіць, як культурная зьява. Празь мяне – увасабленьне ў мастацтве – як я гэта адчуваю, як я гэта разумею, як я гэта магу падаць у сваім мастацтве".

А што скажаце Вы пра сябе, спадар Санька?

(Санька: ) "Ну канешне ў тым сэнсе наіўнае веры – я не магу быць веруючым чалавекам, паколькі занадта многа чытана, думана. Але ў больш шырокім, можа, сэнсе – я канешне, лічу сябе чалавекам веруючым. Тут я і не спэцыфікаваў бы пытаньне пра аднаго ці многіх багоў – гэта крышачку не рэлевантавае пытаньне… Але лічу, што я веруючы".

Дамінуючым ў Беларусі веравызнаньнем зьяўляецца хрысьціянства. Яно йснуе ўжо на нашых землях тысячу гадоў, і яго прыняцьце далучыла нашах продкаў да эўрапэйскай цывілізацыі.

Нельга запярэчыць, што хрысьціянства сфармавала так бы мовіць "душу нацыі", нельга забываць пра яго маральнае і культуратворчае значэньне. Нельга забывацца пра крыж Эўфрасіньні Полацкай, Біблію Францыска Скарыны, архітэктуру, пісьменства, мастацтва. Гэтай спадчыны нельга не прызнаваць…

(Сіплевіч: ) "Так, канешне… Але чаму мы зараз мусім гэтым абмяжоўваць сябе? Можа трошкі пашырыць рамкі й паглядзець – а што ж там было?

Таму што паганскія зьявы яшчэ да пачатку ХХ стагодзьдзя ў Беларусі захоўваліся, і капішчы былі…

Калі прыходзіць хрысьціянства – страчваецца традыцыйная культура. І гэта ня толькі на нашай зямлі, гэта па ўсім сьвеце – калі прыходзілі місіянэры з хрысьціянствам, то страчвалася сваё, традыцыйнае, што на гэтай зямлі было адпрацавана, выбудавана – цэлыя сыстэмы: культурныя, рэлігійныя.

Я лічу, што гэта вялікая страта – калі прыйшло хрысьціянства на нашую зямлю, то храмы будаваліся на мейсцы капішчаў. Бо калі бачылі хрысьіянскія дзеячы, што гэта сьвятое мейсца, то й хацелі яго таксама выкарыстаць. Таму нешта ад паганскай культуры застолося і ў хрысьціянстве – сьвяты, да прыкладу, хрысьціяне наклалі ўжо на язычніцкія сьвяты, на паганскія".

А як Вы ставіцеся да хрысьціянства Спадар Санька?

(Санька: ) "Стаўлюся то да хрысьціянства ў цяперашні час спакойна. А па вялікім рахунку, у гістарычнай пэрспэктыве, я канешне, я лічу, што хрысьціянства добра спрычынілася да разбурэньня нашае ідэнтычнасьці – культурнае і рэлігійнае – тым, што выразала цэлыя істотныя сэнсавыя блёкі з культуры – гэта дэструкцыя каляндара, які моцна структуруе жыцьцё цэлага этнасу, і па-другое – гэта дэструкцыя анамастыкона – рэпэртуара асабовых імёнаў, які выкарстоўваецца ў дадзенай грамадзе. Паколькі імя – гэта ня проста рэгістрацыйны нумар, а гэта нешта больш сур'ёзнае, скарэляваенае зь лёсам чалавека, з праграмаваньнем ягонага стылю паводзінаў і г.д.

Ну а наконт 1000-гадовай гісторыі хрысьціянства – я б тут і пасумняваўся бы, бо працэс, па сутнасьці, не завяршыўся й дагэтуль. І тым больш, што ён быў перапынены кастрычніцкй рэвалюцыяй, і наўрадці ён будзе завершаны – таму што хрысьціянства ў цяперашніх формах – яно ўжо ня так упісвацца ў рэаліі сёньняшняга дню. Яно крышку закансэрвавалася ў рэаліях сярэднявечных. А таму сумняюся, што яно, на бліжэйшыя прынамсі дзесяцігодзьдзі, зможа адаптавацца да новага жыцьця.

Сытуацыя рэальная, якая існавала стагодзьдзі – гэта сытуацыя дзьвюхвер'я: праваслаўе і каталіцызм, прайшоўшы праз сытуацыю дзьвюхвер'я, самі сталі моцным кансэрватыўным і кансэрвуючым чыньнікам. І дзякуючы гэтаму многія элемэнты традыцыйнае нашае спадчыны ня былі разбураныя, як, скажам, гэта адбылося ў пратэстанцкіх краінах…"

Разбуральнай ролі хрысьціянства ў некаторых выпадках сапраўды нельга запярэчыць. Сучасная Царква паступова прызнаецца да сваіх памылак, да сілавой эвангэлізацыі, да зьнішчэньня антычнае культуры.

У сваіх дзеяньнях Царква неаднойчы нагадвала рэвалюцыянэраў, якія хацелі пабудаваць нешта цалкам новае і лічылі, што дзеля гэтага яны мусяць сьпярша выкараніць старое. Аднак не ўсё старое заслугоўвала выкараненьня, хутчэй за ўсё наадварот.

Зразумела, сёньня такія дзеяньні мы лічым барбарствам, але дзьве тысячы гадоў нікога гэта не турбавала. Вернемся аднак да сучаснасьці. Разкажыце крыху пра дзейнасьць сваю і вашых аднадумцаў: што зараз робіце, на колькі вы арганізаваныя?..

(Сіплевіч: ) "Ведаеце, існавала ж "Kryuja". Тады былі й сходы, і сустрэчы. Зараз стала трохі іншае жыцьцё, але, безумоўна, мы падтрымліваем сувязі й розныя цікавыя размовы адбываюцца. Ладзілі ж і фэсты дударскія, і канфэрэнцыі былі навуковыя".

(Санька: ) "Так, безумоўна. Мы даволі актыўна кантактуем, хаця, можа, у апошнія гады й не ў такіх актыўных формах, як гэта было крыху раней, калі былі частыя калектыўныя сходы са сьпевамі, з танцамі, са сьвяткаваньнем нашых календарных сьвятаў. Зараз існуюць хутчэй некалькі гуртоў, якія дзейнічаюць адносна самастойна. Мы й не сьпяшаемся дэкляравацца як рэлігійная суполка – пакуль трэба разабрацца з самімі сабой і з тым, што нам дасталося ў спадчыну. Калі ўсё будзе нармальна, то ўсё стане на свае мейсцы".

Гэта былі Тацяна Сіплевіч і Сяргей Санька. На вялікі жаль, сьціплыя рамкі гэтае праграмы не дазваляюць шырэй разказаць пра погляды й дзейнасьць беларускіх прыхільнікаў адраджэньня старажытнае веры й культуры.

Тым ня менш з вышэй сказанага бачна, што ёсьць канкрэтныя людзі, якія вельмі сур'ёзна ставяцца да нашай мінуўшчыны і лічаць, што многае ў ёй заслугоўвае адраджэньня, хаця-б жыцьцё ў гармоніі з Прыродаю, на што зараз зьвяртаюць увагу эколягі ды многае іншае. Спадзяюся, што да гэтай тэмы мы яшчэ вернемся ў нашах далейшых перадачах.

А сёньня я дзякую маім шаноўным суразмоўцам, Тацяне Сіплевіч і Сяргею Саньку за ўдзел ў праграме а слухачом за увагу.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG