Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парадоксы гісторыка Захара Шыбекі


Міхась Скобла, Менск

“Паралельная гісторыя чатырох краінаў” — такую назву мае міжнародны праект, паводле якога гісторыкі Беларусі, Польшчы, Украіны й Літвы павінны былі паразумецца й напісаць сваю нацыянальную вэрсію агульнай гісторыі. Беларусы завершылі сваю частку кнігай Захара Шыбекі “Нарыс гісторыі Беларусі 1795–2002 гадоў” (перад гэтым пабачыла сьвет праца яшчэ аднаго ўдзельніка праекту Генадзя Сагановіча). Упершыню зь беларускім бачаньнем супольнай мінуўшчыны пазнаёмяцца Варшава, Кіеў, Вільня, усе вэрсіі публікуюцца на чатырох мовах. Сёньня наш госьць — аўтар згаданай кнігі, прафэсар катэдры эканамічнай гісторыі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту Захар Шыбека.

(Міхась Скобла: ) “Ваша кніга ахоплівае пэрыяд з канца ХVІІІ стагодзьдзя й ажно да нашых дзён. Як на маё разуменьне, сучаснасьць — гэта самы тонкі лёд, па якім можа хадзіць гісторык. Як увогуле можна адрозьніць гістарычную падзею ад негістарычнай, пра што варта пісаць, а пра што — не?”

(Захар Шыбека: ) “Думаю, што найбольш тут дапамагае прафэсіяналізм гісторыка. Веданьне той фактуры, якая засталася ад мінулых стагодзьдзяў, дае нейкія парамэтры для ацэнкі падзеяў сучасных. Гэта па-першае. Па-другое, у адборы фактаў і падзеяў вялікую дапамогу мне аказвала грамадзкая думка, якая адлюстравалася на старонках нашых пэрыядычных выданьнях, найперш незалежных. Ну і па-трэцяе, ёсьць яшчэ рэчы сакральныя — прадчуваньне, інтуіцыя, магчыма, “перст Божы”, які паказвае на важнасьць тых ці іншых падзеяў, творцаў, палітычных дзеячоў.

Каб упэўнена хадзіць па тонкім лёдзе сучаснасьці, гісторык павінен мець пры сабе надзейную мерку — сумленнасьць. Бяз гэтай меркі сучасную гісторыю напісаць немагчыма. Бо гісторык, які піша пра сучаснасьць, адчувае на сабе падвойны ціск: і ідэалягічны, і палітычны. І ўстояць перад гэтым ціскам вельмі няпроста. Да таго ж, пісаць сучасную гісторыю яшчэ й небясьпечна. Таму што многія людзі застаецца па-за гісторыяй, усіх туды ўвесьці немагчыма. Пасьля выхаду маёй кніжкі мне сёй-той прад’явіў прэтэнзіі: чаму яго няма ў маёй кнізе? Я хаджу па вуліцы й баюся, каб мяне не схапілі за грудзі з тым жа пытаньнем: а дзе я ў тваёй гісторыі? І вы маеце рацыю, калі кажаце пра цяжкасьці, якія стаяць перад гісторыкам сучаснасьці. З далёкай кропкі глядзець на гісторыю, вядома ж, лепш: можна пабачыць усё больш аб’ектыўна й усебакова”.

(Скобла: ) “На форзацы вашай кнігі зьмешчаныя чатыры дзяржаўныя гербы, якія сымбалізуюць палітычнае становішча Беларусі ў той ціншы пэрыяд: герб Рэчы Паспалітай, расейскі дзьвюхгаловы арол, бэсэсэраўскі герб і герб Пагоня. Сучаснай сымболікі, прынятай амаль 10 гадоў таму, там няма. Што гэта мае азначаць?”

(Шыбека: ) “Для новага герба на форзацы не хапіла месца. А калі сур’ёзна, то для мяне новы герб папросту не існуе. А паколькі ў маёй кнізе выкладаецца аўтарскае разуменьне гістарычных падзеяў, то я маю права на гэткі погляд. Я лічу, што сучасная сымболіка — гэта часовая зьява, веру ў тое, што да нас вернецца наша сапраўдная, нацыянальная, гістарычная сымболіка”.

(Скобла: ) “Вы перабралі літаральна па гадах два стагодзьдзі беларускай гісторыі. Многае за гэты час зьмянілася, эвалюцыянавала. А якія чыньнікі застаюцца нязьменнымі, ад якіх тэндэнцыяў нашай гісторыі так і не ўдаецца пазбавіцца?”

(Шыбека: ) “Нязьменную канстанту нашага жыцьця заўважыў яшчэ Ўладзімер Караткевіч. Ён пісаў, што нязьменныя ў Беларусі — дрэннае кіраўніцтва й таленавіты народ. З гэтым і сёньня можна пагадзіцца, я б толькі дадаў, што беларускі народ не навучыўся ня толькі выбіраць сабе добрага кіраўніка, але й ваяваць”.

(Скобла: ) “Думаю, нашы слухачы не пагодзяцца з вашым цьверджаньнем. Што-што, а ваяваць нас гісторыя навучыла”.

(Шыбека: ) “Калі скласьці нашыя гістарычныя перамогі й паразы, то, мне здаецца, апошніх будзе значна больш. Беларусы — не зусім добрыя воіны й зусім благія кіраўнікі. Але беларусы заўсёды былі таленавітымі творцамі: пісьменьнікамі, мастакамі, тэатральнымі дзеячамі, навукоўцамі. Мы ўвесь час сілкавалі сваімі інтэлектуальнымі скарбамі іншыя народы й краіны. На жаль, гэтая тэндэнцыя захавалася да нашага часу. Гэта сумна, але акурат інтэлектуальныя якасьці нашага народу спрычыніліся да выжывальнасьці беларусаў. Чужаземцы зьдзіўляюцца: столькі войнаў прайшло праз нас, мы перажылі кольківяковую адсутнасьць сваёй дзяржавы, а вось жа засталіся на мапе сьвету. Нацыю можа захаваць ня толькі зброя, моцная дзяржава, але й яе магутны інтэлект. Калі ў народу ёсьць інтэлектуальны патэнцыял, яму наканаваная несьмяротнасьць”.

(Скобла: ) “Ці ня самы спрэчны разьдзел вашай кнігі апошні — “Праблемы станаўленьня сучаснай беларускай нацыі”. Вы пішаце, што ў выніку адраджэньня ўніяцтва Беларусі пагражае ўкраінізацыя. Але ж уніяцкія суполкі, якія сёньня існуюць, у тым ліку й на Берасьцейшчыне — на тэрыторыях, блізкіх этнічна да Ўкраіны, цалкам беларускія духам сваім. Дык пры чым тут украінізацыя?”

(Шыбека: ) “Гэтую думку я выказаў у тэарэтычным сэнсе. На чым я грунтаваўся? На маю думку, украінская дзяржава, што датычыць абароны нацыянальных інтарэсаў, больш моцная ў параўнаньні зь Беларусьсю. Для ўкраінскай нацыі ў значнай ступені характэрная імпэрскасьць, як і для расейскай. Калі б Украіна апынулася ў спрыяльных умовах для пашырэньня сваіх геапалітычных уплываў, то ўніяцтва магло б стаць у руках такой імпэрскай дзяржавы зброяй для ўплыву на Беларусь”.

(Скобла: ) “Вы зь лёгкасьцю робіце гэткія сур’ёзныя прыпушчэньні. А якія ў вас абгрунтаваньні?”

(Шыбека: ) “Абгрунтаваньні нам падказвае гісторыя. Прэтэнзіі ўкраінцаў да нас ідуць яшчэ ад Багдана Хмяльніцкага, Мазепы, выказваліся яны ў час Украінскай Народнай Рэспублікі. Мелі месца памежныя спрэчкі й пасьля ўсталяваньня савецкай улады. Хоць я не прыхільнік недаверу й тым больш варожасьці да ўкраінскага народу. Наадварот, у нас вельмі падобныя лёсы. Але мы не павінны заплюшчваць вочы на гістарычныя факты”.

(Скобла: ) “Вы на старонках сваёй кнігі цьвердзіце, што Беларусь можа існаваць толькі “як атэістычна-савецкая альбо нацыяналістычная дзяржава, пры ўмове, калі каталіцкая і праваслаўная цэрквы не беларусізуюцца”. Вы сур’ёзна лічыце, што пасьля 1000-годзьдзя хрысьціянства “Беларусь зноў можа стаць бязбожніцай”, як пісаў Зьмітрок Бядуля?”

(Шыбека: ) “Зноў жа, гэтае маё выказваньне мае тэарэтычны характар. Да таго ж, я ставіў перад сабою пэўныя правакацыйныя мэты, каб падштурхнуць чытача да роздуму. Таму такіх парадаксальных выказваньняў у кнізе нямала. І мне вельмі цікавая рэакцыя чытачоў на падобныя рэчы. Калі я пісаў пра атэістычна-савецкі шлях разьвіцьця Беларусі, то ў першую чаргу меў на ўвазе мінулае. І хацеў перасьцерагчы, што мы можам вярнуцца назад у сваім разьвіцьці, паўтарыць памылкі бальшавіцкай сыстэмы.

Але на сёньня праблема хрысьціянства носіць усясьветны характар. На сёньня адбываецца глябальны працэс атэізацыі грамадзтва. Жыцьцё вымагае пэўнай рэфармацыі ці трансфармацыі хрысьціянства. Што мы на сёньня маем? Што такое каталіцкая царква? Гэта фактычна своеасаблівая Рымская імпэрыя, якая захавалася да нашага часу. Што такое праваслаўная царква? Гэта Бізантыйская імпэрыя. Я думаю, што царква павінна быць больш набліжаная да патрэбаў сучаснага чалавека, улічваць зьмены ў ягонай мэнтальнасьці. Атэісты і царква, розныя канфэсіі й нават розныя рэлігіі павінны ісьці адзін аднаму насустрач, толькі гэта і ўратуе сьвет”.

(Скобла: ) “Калі вы самі прызнаяцеся да сваёй парадаксальнасьці, то яшчэ адна парадаксальная думка, якую я вычытаў у разьдзеле “Неразьвязаныя вузлы беларускай нацыі”. Вы гаворыце, што “расейская мова — усяго толькі часовы дыялект беларускай”. Па-мойму, гадоў дзьвесьце мы чулі тое самае, толькі наадварот. Памятаеце, калі ў 1870 годзе слоўнік Івана Насовіча пры выданьні быў названы “словарём белорусского наречия”, якое абурэньне гэта выклікала ў аўтара? Ён з гэтай нагоды казаў, што яму прыляпілі расейскі нос. Дык хто тут урэшце з носам, і якая мова чыім дылектам зьяўляецца?”

(Шыбека: ) “Так яно й павінна быць, як я напісаў. Гэта пазыцыя сапраўднага беларускага грамадзяніна. Расейская мова для беларусаў паціху ператвараецца ў замежную. Калі браць сэмантыку, артыкуляцыю беларусаў, то родная мова для іх — адназначна беларуская. А калі яны пачынаюць карыстацца расейскай, то яна сапраўды выглядае дыялектам беларускай. Інтэлектуальны патэнцыял беларускага народу можа быць найбольш поўна выяўлены толькі на роднай мове, я ў гэтым перакананы”.

(Скобла: ) “Паводле ўмоваў міжнароднага праекту “Паралельная гісторыя чатырох краінаў”, кнігі, падобныя да вашай, павінны былі выйсьці ў Польшчы, Літве й на Украіне. Як ідуць справы ў вашых замежных калегаў?”

(Шыбека: ) “Беларусы, палякі й украінцы завершылі сваю частку праекту. Літоўцам выканаць яго аказалася больш складана, таму што ў гісторыі сучаснай Літвы зашмат домыслаў і мітаў. Іхная гісторыя больш падыходзіць для ўнутранага карыстаньня. Але мы спадзяемся дачакацца гісторыі Літвы па-польску й па-беларуску. Дарэчы, беларуская вэрсія будзе перакладзеная на літоўскую й украінскую мовы, па-польску яна ўжо выйшла. І значнасьць гэтага праекту акурат у тым, што мы, беларусы, са сваім разуменьнем гісторыі выходзім на эўрапейскую арэну. Мы атрымалі магчымасьць расказаць пра сябе не з пазыцыяў Масквы ці Варшавы, а з пазыцыі Менску. Гэта вельмі важна”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG