Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Новы прыгон для беларускіх сялян”


Валянцін Жданко, Менск

У беларусаў пры канцы сакавіка ўжо шмат вясновых турботаў — гэта адчуваецца і па нашай пошце. Мікалай Бельскі зь вёскі Малая Беліца Сеньненскага раёну свой ліст на Свабоду напісаў, назіраючы за клопатамі аднавяскоўцаў, якія рыхтуюцца араць свае зямельныя ўчасткі ды садзіць бульбу.

“І ворагам не пажадаю спрабаваць зарабіць грошы такім спосабам — з дапамогай дзедаўскіх прыладаў і пры цяперашніх усясьветных коштах на бульбу. У нас жа ўсё трэба рабіць рукамі, як за час прыгоннага права. Нават у большасьці калгасаў і саўгасаў камбайнавая ўборка бульбы (пры мэханізацыі яе вырошчваньня) стала гісторыяй, бо камбайны за апошнія гады ператварыліся ў мэталалом. Улада, каб не было клопату, аддала гэты промысел разам з кавалкамі палігоннай зямлі самім калгасьнікам, большасьць якіх — пэнсіянэры. Вядома, нашы пэнсіянэры з бессэнсоўнай працай, рабствам і старымі рэчамі з уласнай ініцыятывы ніколі не разьвітаюцца. Але хай бы хоць дзяцей пашкадавалі”.

Беларусь спакваля перастала лічыцца вялікай “бульбяной” дзяржавай, якой яна была яшчэ пятнаццаць год таму. У савецкі час беларускія вытворцы пастаўлялі мільёны тон бульбы ў Расею. Цяпер Расея амаль цалкам адмовілася ад паставак зь Беларусі. Прычына відавочная: ні якасьцю, ні коштамі беларуская бульба не вытрымлівае канкурэнцыі з польскай ды галяндзкай. Хоць насамрэч ня вытрымала канкурэнцыі ня бульба, а неэфэтыўная калгасная сыстэма, якая грунтуецца на прымусе, цяжкой фізычнай працы і адсутнасьці стымулаў.

Што да бульбы на прысядзібных участках, то наўрад ці, спадар Бельскі, беларусы ў хуткім часе адмовяцца ад гэтага занятку, хоць амаль усе цудоўна ўсьведамляюць, наколькі няўдзячная гэта справа — займацца бульбаводзтвам з дапамогай рыдлёўкі, ці, у лепшым выпадку, коннага плугу. І справа тут ня толькі ў патрыярхальных інстынктах. Для многіх гэта сапраўды спосаб фізычнага выжываньня.

Васіль Кузьміч з Наваградку Гарадзенскай вобласьці разважае пра тое, якімі могуць быць прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі ў 2006 годзе. Слухач мяркуе, што паўтарыцца тое ж, што было на апошніх выбарах, дзе ён быў назіральнікам. Спадар Кузьміч, у прыватнасьці, згадвае такія факты з колішняй кампаніі:

“Папярэдняе галасаваньне праводзілі старшыня камісіі і сакратар. Кожны дзень пасьля галасаваньня старшыня забіраў скрынку і заносіў у кабінэт дырэктара школы. На трэці дзень пасьля званка Ярмошынай былі адхіленыя назіральнікі ад праваабарончай арганізацыі “Вясна”. Калі на чацьверты дзень я прыйшоў на выбарчы ўчастак, то на месцы старой скрынкі я ўбачыў новую, у некалькі разоў большую і іншай формы. І калі пачалі апускаць першыя бюлетэні, то іх давялося запіхваць пры дапамозе лінейкі. Я зразумеў, што да падліку галасоў мяне не дапусьцяць, бо папярэдне прагаласавалі 293 выбарцы, а са скрынкі для папярэдняга галасаваньня высыплюць тысячы бюлетэняў. І сапраўды, у асноўны дзень галасаваньня да мяне падышлі двое — адзін у форме лейтэнанта, а другі ў скуранцы. Выклікалі ў калідор і сказалі: “Калі ты, дзед, прыйдзеш на падлік галасоў, дык назад жывым не вернесься”.

Што мне было думаць? Хіба ім цяжка стукнуць сямідзесяцігадовага дзеда па галаве, а потым сказаць, што ён памёр ад сардэчнай недастатковасьці? Таму на падлік галасоў я не пайшоў. А са свайго назіраньня зрабіў такую выснову: калі беларусы хочуць, каб за іх, іхных дзяцей ды ўнукаў не галасавалі іншыя, яны павінны дамагчыся, каб выбары і рэфэрэндумы праводзіла не выканаўчая ўлада, а цалкам незалежныя камісіі, у якія б уваходзілі ў тым ліку прадстаўнікі розных палітычных партыяў”.

Многім людзям, спадар Кузьміч, складана асэнсаваць, наколькі значная гэта праблема, у актуальнасьці якой вы пераканаліся на ўласным досьведзе. Сталінская формула — “Важна ня тое, як хто галасуе, важна, хто падлічвае галасы” — у Беларусі працягвае дзейнічаць. І не выпадае спадзявацца, што ўлада, якая дамаглася аднаўленьня старой савецкай сыстэмы фармаваньня выбарчых камісіяў, добраахвотна адмовіцца ад яе. Менавіта гэтыя камісіі зь іхнай залежнасьцю ад чыноўнікаў і закрытасьцю ад кантролю грамадзтва ёсьць галоўным інструмэнтам бестэрміновага ўтрыманьня ўлады ў адных руках.

Ліст ад Міколы Саскевіча з Калінкавічаў. Слухач піша:

“Беларусы не павінны забываць, што да ўлады ў Расеі прыйшлі людзі са спэцслужбаў. А чым заўсёды вызначаліся расейскія чэкісты — усім вядома. НКВД быў крывавым і бескантрольным карным органам. Мне здаецца, што крамлёўскія ўлады проста падманваюць Амэрыку, называючы сябе саюзьнікамі ЗША ў барацьбе з тэрарызмам. А насамрэч расейскія спэцслужбы пад гэтымі лёзунгамі зьнішчаюць чачэнскі народ, запалохваюць свой народ выбухамі ў Маскве ды іншых расейскіх гарадах. Людзі з КГБ, якія прыйшлі да ўлады ў Расеі, нават не папрасілі ў народа прабачэньня за мінулае, не асудзілі злачынствы сваіх папярэднікаў. А гэта ж быў сапраўдны тэрарызм — мільёны зьнішчаных нявінаватых людзей, ГУЛАГ, пакалечаныя людзкія лёсы.

Цяперашні эканамічны ўздым у Расеі ўяўны. Хутка цэны на нафту ўпадуць — і ў Расеі пачнецца эканамічны крызыс, які балюча ўдарыць і па Беларусі. Пачнуцца народныя хваляваньні, рэжым Лукашэнкі аслабее і можа пасьці. Таму Расея будзе трымаць Беларусь пад узмоцненым кантролем, стараючыся хутчэй зьнішчыць беларускую незалежнасьць”.

Магчымае зьніжэньне коштаў на нафту, спадар Саскевіч, наўрад ці адаб’ецца на Беларусі такім драматычным чынам, як вы апісалі. Уласнай нафты ў Беларусі, як вядома, амаль няма, краіна цалкам залежная ад паставак расейскага паліва. А ягоныя высокія кошты адмоўна ўплываюць на канкурэнтаздольнасьць беларускай прадукцыі. Калі нафта стане больш таннай — беларуская прамысловасьць, энэргетыка, камунальная гаспадарка адчуюць палёгку. Наступны ліст — ад Кірыла Яраша зь Менску. Слухач разважае пра моўную сытуацыю ў Беларусі.

“Чаму ва ўсіх краінах нормай ёсьць вышэйшая адукацыя на сваёй мове, а ў Беларусі — не? Мне здаецца, прычына ў тым, што проста людзі ў нас цёмныя. Дакладней, такімі іх зрабілі. Выпускнікі вясковых беларускамоўных школ прыяжджаюць у сталіцу і адразу імкнуцца як мага хутчэй забыць пра тое, што іх навучалі па-беларуску. Склаўся такі стэрэатып: калі чалавек беларускамоўны — дык ён альбо прыехаў з глухой палескай вёскі і яшчэ не пасьпеў прызвычаіцца да агульнай мовы, альбо зацяты народафронтавец, якіх трэба біць. Прычым, першых я ў сваім жыцьці сустракаў больш, чым другіх.

Але здараецца і нечаканае. Што можна адчуць, пачуўшы на вуліцы ў Менску гоман хлопчыкаў дашкольнага ўзросту па-беларуску? Прызнаюся, я, пачуўшы гэтых дзяцей, ледзь ня страціў мову. Падумаў нават: ці не занесла мяне нейкая машына часу год на семдзесят у будучыню? Раней такіх выпадкаў я ніколі не сустракаў. Наадварот, часам загаворыш у краме па-беларуску — дык цябе і не зразумеюць...”

Беларускамоўная вышэйшая адукацыя ў Беларусі магла быць, Кірыл, калі бы дзейнічала праграма адраджэньня мовы, прынятая яшчэ ў БССР, у 1989 годзе. Тады б і сярэдняя школа ў Беларусі ўжо была бы пераважна беларускамоўная, і справаводзтва вялося па-беларуску, і беларускамоўныя дзеці не ўспрымаліся як экзотыка. Моўная сытуацыя была б прыблізна такой, як цяпер ва Ўкраіне. Там сёньня любы чыноўнік (нават расейскамоўны) на людзях, перад тэлекамэрай гаворыць толькі па-ўкраінску, на дзяржаўнай мове. Украінская мова ў любой гарадзкой школе — правіла, а не выключэньне.

У Беларусі дзяржаўная палітыка накіраваная на русіфікацыю грамадзкага жыцьця. Фактычна такая палітыка ёсьць парушэньнем законаў і Канстытуцыі, якія гарантуюць роўнасьць беларускай і расейскай моваў. Але прыцягнуць за гэта да адказнасьці чыноўнікаў пакуль немагчыма — русіфікацыя негалосна заахвочваецца на самым высокім узроўні.

На заканчэньне — кароткі ліст ад Рамана Зіноўева з расейскага гораду Іванцееўка. Слухач піша:

“Многія ў лістах на Свабоду скардзяцца, што ў адказ на свае заявы атрымліваюць з пракуратуры адпіскі. Я прапаную абвесьціць па радыё нумар факсу генэральнай пракуратуры Беларусі. І няхай людзі скіроўваюць туды свае скаргі. А скардзіцца трэба начальніку таго чыноўніка, які вас пакрыўдзіў. Апаратныя клеркі генпракуратуры потым павінны будуць расказаць Свабодзе, як яны разгледзелі нашы скаргі”.

Нумар факсу, спадар Зіноўеў, абвесьціць можна. Вось толькі зь якіх факсавых апаратаў будуць адпраўляць свае скаргі, напрыклад, пэнсіянэры з аддаленых вёсак ці даяркі з калгасных фэрмаў? Ды і чаму вы лічыце, што да факсавых паведамленьняў чыноўнікі будуць ставіцца з большай увагай, чым да заяваў, дасланых звычайнай поштай? Хутчэй, наадварот. Пісьмовыя заявы яны хоць рэгістраваць павінны і потым абавязкова даваць адказ, а факсы можна і праігнараваць.

Апошнія дні нам таксама даслалі лісты Мікалай Малковіч зь Менску і Галіна Вахт з эстонскага мястэчка Торва. Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG