Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Чаму свабода дае слова Лукашэнкавым прапагандыстам?”


Валянцін Жданко, Менск

Размову пачну зь лістоў аўтараў, якія адклікнуліся на тэлефанаваньні некаторых слухачоў, што прагучалі ў эфіры Беларускай Свабоды. Мікола Літвінчык з гораду Бярозы Берасьцейскай вобласьці лічыць, што Свабода не павінна даваць слова прыхільнікам Аляксандра Лукашэнкі. У сваім лісьце слухач піша:

“Учора, 15 лютага, Радыё Свабода дало магчымасьць нейкаму былому палітработніку, расейскаму шавіністу на расейшчыне абліваць брудам кіраўнікоў беларускай апазыцыі, што наведалі ЗША. Але мала таго — сёньня Свабода зноў дала свой эфір таму ж паўзуну шыпець у мікрафон, і гэта ананімна, без аб’яўленьня свайго прозьвішча... Першы раз я чуў, як лукашэнкаўскі прапагандыст усхваляў лукашэнкаўскія парадкі. Другі раз — як усхваляў русіфікацыю і зьнішчэньне беларускага этнасу.

Што гэта: Радыё Свабода стала трыбунай для Лукашэнкавых агітатараў? Мне агідна слухаць расейшчыну, хлусьню і бруд, якімі нікчэмнікі з так званага нацыянальнага тэлеканалу абліваюць найлепшых прадстаўнікоў беларускага народу. Звычайна не ўключаю БТ, калі магу пераключыцца на расейскі канал з Масквы. Было адно Радыё Свабода, дзе можна было пачуць жывое беларускае слова. Дык на табе! Той жа хлусьнёй і брыдотай на расейшчыне стала вызначацца і Свабода. Гэта мяне ўразіла і зьбянтэжыла”.

Як і раней, спадар Літвінчык, Вы штодня можаце чуць па Свабодзе жывое беларускае слова: нашае радыё застаецца беларускамоўным і адстойвае тыя ж каштоўнасьці, што і раней — дэмакратыю, правы чалавека, эканоміку вольнага рынку. Але адначасова мы імкнемся пашыраць сувязь са сваімі слухачамі, падаваць у эфіры розныя, у тым ліку і процілеглыя пункты гледжаньня па ўсіх праблемах. Адзін з каналаў зваротнай сувязі з аўдыторыяй — тэлефанаваньні, многія зь якіх гучаць у нашым эфіры. Гэта зусім не азначае, што мы падзяляем меркаваньні ўсіх гэтых слухачоў. Але яны дапамагаюць больш поўна адлюстроўваць грамадзкую думку і аб’ектыўна асьвятляць многія супярэчлівыя падзеі.

Наступны ліст — ад Зінаіды Горбач зь Бераставіцы. Яна піша, што заўсёды слухае перадачы Беларускай Свабоды, а ўзяцца за аловак таксама вырашыла пасьля таго, як пачула некалькі тэлефанаваньняў прыхільнікаў цяперашняй улады.

“Для сябе я зрабіла выснову пра тых, хто звоніць вам і гаворыць пра добрае жыцьцё ў нашай дзяржаве. Гэта чыноўнікі, якія дарваліся да ўлады. Просты чалавек у нас нічога не даб’ецца, што б зь ім ні зрабілі. Прэзыдэнт кажа, што ўлада народная, а гэта зусім ня так, усё наадварот. Чыноўнікі зьдзекуюцца з простага люду, і няма куды скардзіцца, бо падтрымкі нідзе ня знойдзеш”.

Далей у сваім лісьце Зінаіда Горбач апісвае ўласную трагічную гісторыю, якая ілюструе гэтыя яе цьверджаньні. Слухачка піша:

“Майму мужу стала кепска, выклікалі “хуткую дапамогу”. Доктар прыехала, паглядзела і пачала гаварыць, што ён п’яны. Мы кажам: ён ня піў, яму кепска, забярыце ў шпіталь, бо мы ня ведаем, што рабіць. Тады яна пачала абурацца і ўрэшце зьехала, пакінуўшы хворага ў крытычным стане. Ён так праляжаў без мэдычнай дапамогі дзевяць гадзін і ўрэшце памёр. Ужо трэці год я пішу пра гэта розным начальнікам і дамагаюся, каб доктарку за гэта пакаралі. Але безвынікова. Каля дваццаці лістоў напісала нават у адміністрацыю прэзыдэнта. Але адтуль лісты перасылаюць да тых самых начальнікаў, на якіх я скарджуся. І ўсё на тым самым месцы. Нідзе ніякай праўды ня знойдзеш. Што хочуць, тое і робяць з намі. І голадна, і цяжка. Гэта не жыцьцё, а пакута”.

Шчыра спачуваем вашаму гору, спадарыня Горбач. Калі б падобная трагічная гісторыя здарылася ў краіне, дзе існуе незалежны суд, а мэдыкі нясуць жорсткую адказнасьць (у тым ліку грашовую) за свае памылкі, гэты канфлікт вельмі хутка стаў бы прадметам судовага разьбіральніцтва з прыцягненьнем незалежных мэдычных экспэртаў. У Беларусі, на жаль, іншыя суды, іншая мэдыцына, іншая практыка. Фармальна мэдыка можна прыцягнуць да суду і спагнаць матэрыяльную кампэнсацыю. Але фактычна выпадкі такія надзвычай рэдкія. Фактычна ўся мэдыцына (асабліва ў раёнах) застаецца дзяржаўнай, незалежнага кантролю за ёй няма. А фінансаваньне цалкам залежыць ад чыноўнікаў, якія ўвогуле не прадугледжваюць у бюджэтах сродкаў на выплату кампэнсацыяў ахвярам памылак мэдыкаў.

Ліст ад Віталя Кляўдзіна зь Віцебску. Ён паведамляе, што слухае перадачы Свабоды з 1969 году. Пра сябе распавядае, што раней працаваў лесаінжынэрам у Сібіры, потым пераехаў у Беларусь, на радзіму жонкі. А падставай для ліста на Свабоду стала шматгадовае змаганьне за абясцэненыя ашчаджэньні. Віталь Кляўдзін піша:

“Усё, што мы зьбіралі капейка да капейкі, у нас подлым чынам адабралі, і няма нават размовы наконт кампэнсацыі. У гэтай справе пасьля двух гадоў хаджэньня па беларускіх судах я дайшоў да Стасбурскага суду па правах чалавека. Ад беларусаў там заяваў не прымаюць, але ж я выяжджаў з Расеі. І вось пасьля адказу са Страсбуру я канчаткова адчуў сябе “голым сярод ваўкоў”. У адказе гаварылася, што мае правы чалавека нібыта не парушаныя. Відаць, у Страсбурскі суд паступае мноства такіх зваротаў, а там на іх даюць аднолькавыя фармальныя адпіскі. Больш пісаць, мне здаецца, ужо няма куды. Я і мая цяжка хворая жонка апынуліся сам-насам зь несправядлівасьцю. Пішу на Свабоду хаця б дзеля таго, каб выказацца”.

У выніку краху савецкай фінансавай сыстэмы, што адбыўся на пачатку 1990-х гадоў, пацярпелі некалькі дзясяткаў мільёнаў людзей — фактычна ўсе, у каго былі грошы ў Ашчадным банку СССР. Страты склалі, паводле розных падлікаў, ад некалькіх дзясяткаў да некалькіх сотняў мільярдаў даляраў. Нават калі б міжнародныя суды прымалі да разгляду гэтыя справы і выносілі рашэньні на карысьць пацярпелых, разьлічваць на тое, што гэтая праблема хутка вырашыцца, не выпадае, спадар Кляўдзін. Былыя савецкія рэспублікі кожная па-свойму спрабуе разьлічыцца з падманутымі людзьмі. Напрыклад, у Літве пачалі кампэнсаваць страты з разьліку адзін даляр за чатыры савецкія рублі — людзі сталага веку ўжо атрымліваюць такія кампэнсацыі. У Беларусі ж памер кампэнсацыяў сымбалічны — многія нават адмаўляюцца стаяць у чэргах ды зьбіраць дакумэнты дзеля сумы, на якую можна набыць хіба што некалькі боханаў хлеба.

Урывак зь ліста Мікалая Бельскага зь вёскі Малая Беліца Сеньненскага раёну. Слухач даслаў нам вялікую колькасьць сваіх вершаў, а разам зь імі і меркаваньне наконт цяперашняй моўнай сытуацыі ў Беларусі. Ён піша:

“Каб аб’яднаць беларусаў, зусім ня лішне ўжываць і расейскае, часам і “салёнае” слова. Не віна, а бяда беларусаў у тым, што беларуская мова для большасьці — як бы “млявая”. Перш, чым вывучыць мову, трэба вызначыцца з ідэалёгіяй насельніцтва, каб большасьць сама бачыла, куды і за кім ісьці. Тады будуць і праспэкт Васіля Быкава, і завулак Леніна, і Канстытуцыя, і Вярхоўны Савет, і нэўтралітэт...”

Што да ідэалёгіі, спадар Бельскі, то зь ёй улада, відавочна, ужо вызначылася. Але ідэалёгія гэта такая, што месца беларускай мове ў ёй не знайшлося ўвогуле: мова імкліва і мэтанакіравана выцясьняецца з грамадзкага ўжытку. Ды і на зьяўленьне праспэкту Васіля Быкава ў блізкай будучыні пры сёньняшняй афіцыйнай ідэалёгіі разьлічваць наўрад ці выпадае.

Ліст ад Юрыя Гіля зь Вільні, які ўзначальвае суполку Таварыства беларускай мовы Віленскага краю. Слухач разважае пра тое, ці хутка ў Беларусі можа адбыцца зьмена ўлады. Ён піша:

“Многія лічаць, што альтэрнатывы Лукашэнку няма. Усе бачаць, як часта ён выступае ў сродках масавай інфармацыі ў абарону народу — таму і складваецца такі стэрэатып. Людзі ў большасьці сваім цяперашнім жыцьцём не задаволеныя, але ў той жа час разважаюць так: “Але ж і Лукашэнку шкада, як жа мы будзем безь яго?” Апазыцыі цяпер трэба не між сабой весьці спрэчкі, а ісьці ў народ ды весьці там растлумачальную працу. Асабліва гэта датычыць сельскай мясцовасьці, куды рэдка хто дабіраецца.

Вось Ягор Маёрчык у сваёй перадачы пра Докшыцы казаў, што там няма апазыцыі. Там ёсьць шмат апазыцыйна настроеных людзей, але няма лідэра ды дапамогі ў гэтым кірунку з боку цэнтральных апазыцыйных структураў. Трэба ствараць адпаведную сыстэму, пачынаючы з гурткоў. Напрыклад, мог бы выехаць на станцыю Крулеўшчына ды сустрэцца са сваімі землякамі адзін зь лідэраў незалежных прафсаюзаў Генадзь Быкаў, які родам адтуль, і там яго ўсе ведаюць. Але ж гэтага няма. Такое становішча і ў іншых месцах. У Беларусі ёсьць асобы, якія могуць стаць альтэрнатывай Лукашэнку. На цяперашнім этапе самым пэрспэктыўным кандыдатам, на маю думку, ёсьць лідэр дэпутацкай групы “Рэспубліка” генэрал Фралоў. Толькі яго трэба раскручваць — і будзе перамога”.

З тым, што дзеля заваяваньня ўлады трэба, як вы, спадар Гіль, пішаце, “ісьці ў народ” — пагаджаюцца і пагаджаліся ўсе палітыкі і ва ўсе часы. І вельмі нямногія і вельмі рэдка прыслухоўваюцца да гэтых заклікаў, хоць часта самі іх прамаўляюць.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Іван Сідарэнка зь Менскага раёну, Ніна Кахновіч зь Віцебску, Васіль Кузьміч з Наваградку, Ганна Суднік зь Дзяржынску (Койданава), Андрэвуш Шчура з расейскага Мурманску і Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG