Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Апазыцыя дапамагае тым, хто хоча зьнішчыць беларускую незалежнасьць”


Валянцін Жданко, Менск

Амаль ва ўсіх лістах на Свабоду, аўтары якіх бяруцца абмяркоўваць тэму дачыненьняў паміж апазыцыяй і грамадзтвам, у розных варыяцыях паўтараюцца адны і тыя ж пытаньні: чаму апазыцыйныя акцыі год ад году становяцца ўсё менш масавымі?; якім чынам у Беларусі можа адбыцца зьмена ўлады, калі грамадзтва, з аднаго боку, чакае гэтай зьмены, а з другога — ня бачыць у цяперашніх апазыцыйных лідэрах тых асобаў, за якіх гатовае аддаць свае галасы? Вось якімі думкамі з гэтай нагоды дзеліцца наш слухач Ігар Канавалаў са швайцарскага гораду Нойенгофу. Ён піша:

“Мяне вельмі зьдзіўляла на радзіме (і зьдзіўляе цяпер) стаўленьне як кіраўніцтва апазыцыі, так і кіраўніцтва Радыё Свабода да звычайных людзей, якія спрабуюць ратаваць краіну і робяць дзеля гэтага ўсё магчымае. Галоўнае, што ў іх ёсьць вялікае жаданьне змагацца. Аднак апазыцыя, на мой погляд, дапамагае больш тым, хто хоча зьнішчыць незалежнасьць і свабоду Беларусі, чым змагарам за яе свабоду і незалежнасьць.

Вось спадар Жданко нядаўна зачытаў па Свабодзе ліст аднаго слухача (прабачце, не памятаю прозьвішча), які браў удзел у недазволеным мітынгу. За гэта яго затрымалі й пакаралі вялікім штрафам. Слухач паведамляў, што грошай на штраф у яго няма. Ён прасіў дапамогі ў розных апазыцыйных структурах, але толькі ў адным месцы яму дапамаглі невялікай сумай. З гэтага грамадзянін Жданко зрабіў выснову, што чалавек, праявіўшы сябе ў мітынгу, павінен быў мець на ўвазе, што будзе пакараны і павінен абавязкова панесьці за гэта пакараньне і падрыхтавацца ці то да матэрыяльных выдаткаў, ці то запасьціся сухарамі на выпадак ізаляцыі.

Мяне гэта вельмі хвалюе. Вось таму ў нас ніколі не было і ня будзе згуртаванай апазыцыі — кожны сам выплывае як можа. Між тым, такім людзям трэба ня толькі дапамагаць аплачваць штрафы (грошы міжнародныя арганізацыі выдаткоўваюць мільёнамі даляраў), але і ставіць іх на ўлік (на прыклад вэтэранаў вайны). Ды і маральную падтрымку ім трэба аказваць (напрыклад, паштоўкі да Дня вайсковай славы ды іншае такога кшталту). Гэтыя людзі — залаты фонд краіны. На іх заўсёды можна разьлічваць у цяжкую хвіліну. Яны маглі б у будучыні стаць асновай для нацыянальнай гвардыі. Ніводзін лідэр апазыцыі нічога ня значыць без падтрымкі простых людзей”.

Размова, відавочна, ідзе пра ліст Уладзімера Плотнікава зь Менску, які прагучаў у нашай праграме сёлета 20 жніўня. Спадар Плотнікаў быў адным з тых дзясяткаў людзей, якія 9 лістапада 2001 году выйшлі на абарону Курапатаў, былі затрыманыя міліцыяй, а потым асуджаныя. Уладзімера Плотнікава суд пакараў буйным штрафам — 150 мінімальных заробкаў.

Я, спадар Канавалаў, казаў не пра тое, што слухач павінен быць пакараны за гэты свой учынак. Наадварот, гэта ўчынак мужнага чалавека, які памятае свае карані й адчувае абавязак перад памяцьцю родных людзей, закатаваных НКВД. Размова пра іншае: ці мае права чалавек, адважваючыся на дэманстрацыю сваёй грамадзянскай пазыцыі й загадзя ведаючы, што ва ўмовах Беларусі гэта зьвязана з рызыкай, разьлічваць на тое, што гэтую рызыку нехта аплаціць? На маю думку, гэта ўсё ж рэчы розныя і неспалучальныя. Калі гэта ваш асабісты маральны выбар, то наўрад ці выпадае прад’яўляць матэрыяльныя прэтэнзіі за тое, што праваабаронцы, маўляў, недастаткова заплацілі за вашу мужнасьць.

Агульнавядомыя гісторыі, калі ўчорашнія ўдзельнікі апазыцыйных пікетаў, задакумэнтаваўшы гэты свой удзел на фатаздымках і сабраўшы даведкі пра выплачаныя штрафы, заяўляюцца ў амбасады і міграцыйныя службы заходніх дзяржаваў, патрабуючы статусу палітычных уцекачоў. І вельмі часта яны такі статус там атрымліваюць, адразу пасьля гэтага абсалютна забываючыся і на бацькаўшчыну, і на ейныя праблемы. Выпадкі, калі грамадзкая актыўнасьць становіцца аб’ектам продажу, відам бізнэсу — як мне падаецца, зусім цынічныя і амаральныя. Такія, так бы мовіць, “апазыцыянэры” — гэта зьнявага тых, хто не баіцца адкрыта выказваць свае погляды і не патрабуе за гэта ніякай узнагароды і матэрыяльнай кампэнсацыі.

Закончу агляд электронным лістом ад Валерыя Грыцука зь Менску:

“Паважаная Свабода! Вельмі мяне ўзрадавала рэвалюцыя ў Грузіі. Гэта добры прыклад для беларусаў. Добра і тое, што вашыя слухачы занепакоеныя адсутнасьцю апазыцыі ў Беларусі. Але людзі павінны зразумець, што апазыцыя — гэта яны самі. Які народ — такая і апазыцыя! Другі раз (як у 1991 годзе) “халявы” беларусам ня будзе. Трэба выпакутаваць сваю дзяржаву. Магчыма, нават аддаць кроў, а можа, і жыццё...”

І вы, спадар Грыцук, і спадар Канавалаў са Швайцарыі, безумоўна, маеце рацыю ў тым, што апазыцыя — частка грамадзтва. І перамагчы яна здольная толькі ў тым выпадку, калі яе мэты будуць супадаць з грамадзкімі настроямі й памкненьнямі. І незалежнасьць беларускай дзяржавы будзе абароненая не тады, калі канчаткова збанкрутуе ідэя саюзу з Расеяй, і нават не тады, калі скончыцца эпоха Лукашэнкі, а толькі ў тым выпадку, калі гэтая незалежнасьць стане каштоўнасьцю прынамсі для большасьці беларускіх грамадзянаў.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG