Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Беларусы пачынаюць пратэставаць толькі тады, калі зь іх здымаюць апошнюю кашулю”


Валянцін Жданко, Менск

Адна з найбольш гучных тэмаў апошняга тыдня — масавая галадоўка ў Ваўкавыску прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча і работнікаў ягонага прадпрыемства. Нагадаю, людзі пратэставалі супраць дзеяньняў мясцовай улады, у выніку якіх была арыштаваная маёмасьць прадпрымальніка і некалькі дзясяткаў супрацоўнікаў фірмы Мікалая Аўтуховіча страцілі працу. Менская праваабаронца Аксана Новікава даслала нам электронны ліст, у якім выказалася на гэты конт:

“Усё гэта вельмі нагадвае мне іншую асобу з нашага нядаўняга мінулага, а менавіта — Кудзінава. Аўтуховіч паводзіў сябе ўпэўнена, бо не хаваў свайго багацьця (адрозна ад вэртыкальнікаў, якія свой дабрабыт будуюць на хабары). І лічыў, што, калі нешта законам не забаронена, то значыць — дазволена. А ва ўмовах Беларусі гэта зусім ня так. На жаль, галадоўка Аўтуховіча і ягоных людзей сьведчыць зусім не пра тое, што масы бяруць ініцыятыву на сябе. Яна прыкмета таго, што беларусы пачынаюць дзейнічаць толькі тады, калі зь іх здымаюць апошнюю кашулю. А да таго кожны спадзяецца адкупіцца, выпісаўшы чэк БРСМ ці якой-небудзь іншай падобнай арганізацыі. Але гэта ўжо не дапамагае. Такім чынам, вечная памяць прадпрымальніку Аўтуховічу — і няхай жыве новы палітык Аўтуховіч”.

Як вы ўжо, Аксана, напэўна, ведаеце, хада падзеяў у Ваўкавыску паказала, што разьвітвацца з Аўтуховічам-прадпрымальнікам пакуль што заўчасна. І, наколькі я ведаю, Мікалай Аўтуховіч не зьбіраецца кідаць бізнэсу, каб займацца палітыкай. Ня бачу нічога заганнага ў тым, што тры дзясяткі людзей пайшлі на адчайны ўчынак толькі тады, калі да гэтага іх змусілі асабістыя абставіны. Патрабаваць нейкай асаблівай грамадзянскай актыўнасьці ад людзей, далёкіх ад палітыкі, увогуле не выпадае. А яшчэ зрабіце папраўку на невялікі горад, дзе ўсе ўсіх ведаюць, і дзе магчымая страта працы — трагедыя для сям’і.

Увогуле, тое, што сёньня ў Беларусі ня бачна праяваў пратэсту, зусім ня сьведчаньне рэальных грамадзкіх настрояў. Вось як разважае пра гэта былы кіроўца тралейбуса Віктар Бута зь Менску:

“На галадоўкі ўлады не зьвяртаюць ніякай увагі: ім напляваць на здароўе і жыцьцё людзей, якія адважыліся на гэты акт адчаю. А пратэставаць нейкім іншым чынам у Беларусі немагчыма. Паспрабуйце ў Менску атрымаць дазвол не тое што на буйную акцыю — хоць бы на пікет ля гарвыканкаму, ля суду ці ля любой іншай дзяржаўнай установы, дзе найчасьцей парушаюцца правы чалавека. Адказ адзін: “забаронена”.

Варта заўважыць, што ўлады зьбіраюцца неўзабаве ўвесьці яшчэ большыя абмежаваньні на любыя вулічныя акцыі. Усё гэта робіцца ў разьліку на запалохваньне, на тое, людзей удасца ўтрымаць у цуглях, пагражаючы арыштамі, буйнымі штрафамі ды міліцэйскімі дубінкамі. Да пэўнай мяжы гэты разьлік, сапраўды, спрацоўвае. Але толькі да пэўнай мяжы. Згадайце: у Савецкім Саюзе ўвогуле цяжка было ўявіць пікет пратэсту на вуліцах Менску. І чым усё скончылася для ўлады, якая трымалася на хлусьні і страху?

Ліст ад нашага даўняга слухача Алеся Марціновіча з Баранавічаў. Ён піша:

“Трэба глядзець праўдзе ў вочы: да канца ўлады Лукашэнкі (а ягоны сыход туманны) Беларусь будзе расейскамоўнай і расейскакультурнай краінай, якая ўвойдзе ў рынкавую эканоміку ўкраінска-расейскага тыпу (ня швэдзка-нямецкага). Само жыцьцё няўмольна пераконвае большасьць беларускага грамадзтва: ягоная будучыня — расейскамоўная не залежная ад Расеі краіна з эўразійскімі законамі, далёкімі ад дэмакратычнага кіраваньня ў Эўразьвязе.

Расейскасьць зь беларуса ўжо нельга ніякім спосабам выбіць. У гэтым Беларусь рэзка адрозьніваецца ад такіх славянскіх краінаў як Польшча, Балгарыя, Славаччына. Расейскасьць у беларусе ўкаранёная навекі. Цяпер, калі Лукашэнка пасварыўся з Расеяй, вельмі важна ня кінуцца ў бясплённае моўнае адраджэньне, каб потым народ гэтага адраджэньня зноў з гневам не адрынуў. Галоўнае і сьвятое — гэта рынак”.

Не зусім зразумела, спадар Марціновіч, хто сёньня ў Беларусі зьбіраецца, як вы кажаце, “кінуцца ў моўнае адраджэньне”? Некалькі апазыцыйных партыяў ды Таварыства беларускай мовы? Нават, калі б здарылася неверагоднае і яны зьмянілі сваё стаўленьне да моўнага пытаньня — гэта ўжо ніяк не паўплывала б на іхнае становішча, хіба толькі пагоршыла б. Што да ўлады, то, як паказвае досьвед апошніх пяці-шасьці гадоў, ніякія рознагалосьсі з Масквой, і нават глыбокі крызыс “саюзнага будаўніцтва” не спынілі мэтанакіраванай русіфікацыі ўсяго грамадзкага жыцьця ў Беларусі.

Так, заняпад беларускай мовы і культуры пагражальны, але называць яго незваротным, думаю, заўчасна. Калі меркаваць па выніках апошняга перапісу, большасьць насельніцтва Беларусі роднай лічыць усё ж беларускую мову. Гэтыя людзі (нават, калі цяпер яны мовай з розных прычынаў карыстаюцца рэдка) — сьведчаньне таго, што ня ўсё страчана. Пакуль яны жывыя, жывая і надзея на адраджэньне беларушчыны. А палітычная кан’юнктура рана ці позна зьменіцца.

Ліст ад Івана Ціхановіча зь Менску. Слухач піша:

“Неяк раніцай, ня здолеўшы з прычыны моцных перашкодаў настроіцца на хвалю Беларускай Свабоды, уключыў лукашэнкаўскі “Радыёфакт”. Нейкая карэспандэнтка з Латвіі сакатала пра тое, як там нібыта парушаюць правы расейскамоўных: не даюць ім права голасу і г.д. Не разумею, чаму ніхто не раскажа праўды пра гэтых расейскамоўных у Прыбалтыцы. Я, напрыклад, добра ведаю гісторыю іхнага зьяўленьня там.

Калі Чырвоная армія захапіла Прыбалтыку, туды кінулі сотні тысяч расейскамоўных камуністаў — усталёўваць савецкі рэжым, а ў сапраўднасьці — зьнішчаць мясцовае насельніцтва. Самых працавітых сялянаў яны “раскулачвалі” ды высылалі на сьмерць у Сібір. Тое ж было з нацыянальнай інтэлігенцыяй, настаўнікамі, вайскоўцамі, паліцэйскімі. Уся расейская Поўнач усеяная касьцямі нявінных ахвяраў.

А далей расейскамоўныя прыхадні пасяляліся ў дамах і кватэрах сасланых, захоплівалі іхную маёмасьць. Дагэтуль камуністы, энкавэдысты ды іхныя нашчадкі сьпяць у ложках, якія адабралі ў сумленных людзей. Ды за гэта трэба судзіць, саджаць у турму на ўсё жыцьцё, забіраць нарабаваную маёмасьць. Прыбалтыйцы гэтага ня робяць, бо надта добрасардэчныя. А вось тое, што не даюць грамадзянства гэтым прыхадням — правільна. Няцяжка здагадацца, за што яны галасавалі б на выбарах ды рэфэрэндумах: за зьнішчэньне нацыянальнай незалежнасьці, супраць Эўразьвязу ды НАТО”.

Нібыта, і слушныя вашыя развагі, спадар Ціхановіч. Ды толькі бянтэжыць тое, што ў сваёй катэгарычнасьці вы ня робіце папраўкі на час, які мінуў з тае няблізкай пары, калі Сталін ды Гітлер дзялілі Эўропу. Няшмат засталося ў жывых тых энкавэдыстаў ды партыйных камітэтчыкаў, што ўсталёўвалі ў захопленых краінах камуністычную дыктатуру. А калі і засталіся, дык ніхто ў краінах Балтыі ім не дараваў злачынстваў: іх шукаюць, знаходзяць, і, нягледзячы на старэчы ўзрост, яны паўстаюць перад судом. І гэта зусім справядліва.

Але такіх засталіся адзінкі. Тыя ж некалькі мільёнаў расейскамоўных жыхароў, якія сталі праблемай для новых незалежных дзяржаваў — людзі пераважна пасьляваенных пакаленьняў. Хтосьці быў накіраваны пасьля інстытуту паводле разьмеркаваньня; кагосьці паслалі па камсамольскай пуцёўцы на “ўдарную будоўлю”; кагосьці вабіла юнацкая рамантыка. Яны ня могуць і не павінны несьці пэрсанальнай адказнасьці за злачынствы камуністычнага рэжыму. А вось з тым, што, каб атрымаць нацыянальнае грамадзянства, ім давядзецца вывучыць мову, паважаць гісторыю і Канстытуцыю краіны, у якой яны жывуць — гэтыя людзі вымушаныя лічыцца. І, дарэчы, большасьць расейскамоўнай моладзі ў Балтыі гэта сёньня ўспрымае як зусім натуральнае патрабаваньне.

На заканчэньне кароткі ліст ад Уладзіслава Жыгалкі зь Менску:

“Сёньня раніцай а шостай гадзіне ўключыў Радыё Свабода, бо іншага нічога ня слухаю — беларускіх станцыяў больш няма. Але прыблізна ў 6.20 на хвалі 7300 кілягерцаў усё зьнікла. На іншых хвалях знайсьці Свабоды не ўдалося. Мо, скажаце, атмасфэра зноў перашкодзіла? Глупства, я ў гэта ня веру. Але ўпэўнены, што ёсьць канкрэтныя асобы, якія гэтым займаюцца. Хто б ні быў гэты шкоднік, хай ведае, гад: я яму не дарую”.

Падобныя да гэтага лісты ў нашай пошце — зьява частая. Вельмі многія людзі ўпэўненыя, што цяжкасьці, зь якімі даводзіцца сутыкацца, ловячы хвалю Свабоды — не выпадковыя, што ўлады зноў аднавілі дзейнасьць колішніх “глушылак”. Мы ня маем дакладных пацьверджаньняў гэтых зьвестак. Але добра разумеем вашыя, спадар Жыгалка, пачуцьці й стараемся зрабіць усё магчымае, каб голас Свабоды гучаў у вашым доме чыста і вольна.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Сьцяпан Сякач з украінскага Севераданецку Луганскай вобласьці, Пётар Лявіцкі зь Берасьця, Мікалай Лясовіч зь Менску, Віктар Курлукоў з Гомелю і Генадзь Арлукевіч зь вёскі Багданаўцы Шчучынскага раёну.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG