Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Раней Лукашэнка лепш разьбіраўся ў тым, што патрэбна простаму беларусу”


Валянцін Жданко, Менск

У сёньняшнім кароткім аглядзе — два лісты на тэму дзяржаўнай ідэалёгіі, якую ўлады ў Беларусі імкнуцца зрабіць абавязковай для вывучэньня і прапаганды ў грамадзтве. На каго будзе ўскладзеная задача “правільна” (з гледзішча чыноўнікаў) выхоўваць, накіроўваць і натхняць беларускіх грамадзянаў? Калі зыходзіць з савецкага досьведу — у значнай ступені на настаўнікаў. А што самі настаўнікі думаюць пра новую дзяржаўную ідэалёгію? Вось які ліст даслаў на Свабоду настаўнік Мікалай Волчык зь вёскі Зіновічы Пружанскага раёну. Ён піша:

“Сёньняшняя ўлада — гэта працяг савецкага пэрыяду. Ідэалёгія марксізму-ленінізму спарадзіла не свабоду асобы, а культ натоўпу, масы. Адсюль і ўсялякія палітычныя маніпуляцыі. Чаго баяцца простыя людзі? Незразумеласьці. Страх уваходзіць у душы людзей. Тым больш, што апошнія гады, што б ні адбывалася — жыцьцё становіцца толькі горшым.

У Канта ёсьць два тлумачэньні стану чалавека, грамадзтва: ёсьць проста зайздрасьць, і ёсьць чорная зайздрасьць. У нашым грамадзтве, на маю думку, пануе чорная зайздрасьць: нам вельмі балюча, што суседнія дзяржавы ўжо дамагліся больш прыстойнага жыцьця, а мы ўсё топчамся. Псыхалёгія масаў падсілкоўваецца гэтым абрыдлым застоем, мінулым. Так што атрымліваецца — назад, у будучыню. Проста беларус стаміўся ад палітычных блазнаў ды ў пэўнай ступені расчараваўся, і жыве проста з інэрцыі.

Падштурхнуць асобу беларуса да нейкіх дзеяньняў, нават на канстытуцыйнай аснове, ніякая палітычная сіла ня зможа. Ён, беларус, цяпер “маса” для маніпуляцыяў улады”.

Разам зь лістом Мікалай Волчык даслаў частку артыкула з “Настаўніцкай газеты”, у якім сьцьвярджаецца, што курсы ідэалёгіі нібыта выкладаюцца ва ўсіх заходніх унівэрсытэтах. У сувязі з гэтым слухач пытаецца:

“Няўжо, спадар Валянцін, і сапраўды, у заходняй цывілізацыі выкладаюць ідэалёгію ва ўнівэрсытэтах? Мне здаецца, што не. У ЗША, на мой погляд, проста ёсьць “амэрыканская мара”; у французаў — ідэя лібэралізму. І ніхто іх у ВНУ не выкладае. Гэта зрабіў сам час, гісторыя — без шараханьняў у палітычных вярхах”.

Зразумела ж, спадар Волчык, абавязковы курс дзяржаўнай ідэалёгіі — гэта вынаходніцтва таталітарных рэжымаў. У заходніх унівэрсытэтах выкладаюць грамадазнаўчыя навукі — гісторыю, паліталёгію, у залежнасьці ад факультэтаў і спэцыялізацыяў. Але няма гаворкі пра нейкі адзіны і абавязковы для ўсіх курс, якім бы навязвалася адзіна дапушчальная сыістэма поглядаў на разьвіцьцё краіны і грамадзтва.

Што да так званай “ідэалягічнай работы”, якой прадпісана займацца дзяржаўнаму апарату, то тут, на маю думку, ёсьць адзін істотны момант. Згадайце, як некалькі тыдняў таму Аляксандар Лукашэнка, сабраўшы сваіх самых блізкіх паплечнікаў, дапытваўся, якой яны бачаць абноўленую ідэалягічную працу. І ўцямных, ясных адказаў ні ад кога не атрымаў. У асноўным чулася зацяганае, банальнае, з арсэналаў камуністычных прапагандыстаў: “Дайсьці да кожнага”, “Закрануць за жывое”, “Пазбавіцца ад фармалізму”…

Загваздка тут, па-мойму, у тым, што адказу на гэтыя пытаньні ўвогуле не існуе. Сэнс і мэта ідэалёгіі, якую хоча стварыць Аляксандар Лукашэнка, можа быць выказаная некалькімі словамі: “Пераканайце народ, каб ён палюбіў уладу!” Мэты гэтай нельга дасягнуць лекцыямі, канцэртамі і дэсантамі прапагандыстаў. Чалавек будзе верыць уладзе, калі ў яго ёсьць добрая праца і добры заробак, калі ён мае дах над галавой і ня думае над тым, чым заўтра карміць сям’ю. Урэшце, калі ён спакойны за сваю будучыню. Дзеля гэтага ніякія прапагандысты не патрэбныя. Наадварот, калі доктар ці настаўнік замест каб лячыць людзей ці весьці ўрокі, вымушаныя будуць чытаць лекцыі, у якіх трэба хваліць уладу — гэта будзе прапаганда ня за, а супраць улады. Камуністы на гэтыя “граблі” аднаго разу ўжо наступілі...

На гэтую тэму — урывак зь ліста Лявонція Касьцевіча з Полацку:

“Не разумею, чаго раптам Лукашэнку пацягнула на ідэалёгію, — піша слухач. — Раней ён лепш разьбіраўся ў тым, што патрэбна простаму беларусу. Чарка і шкварка — вось і ўся ідэалёгія. Дык жа няма ў большасьці людзей гэтай чаркі і шкваркі...” — лічыць Лявонці Касьцевіч з Полацку.

Ужо амаль анэкдатычныя “чарка і шкварка” — далёка не адзінае, што патрэбна чалавеку. Ідэйныя пошукі і памкненьні, асэнсаваньне свайго месца ў грамадзтве — істотная і значная частка жыцьця асобы. Таталітарным правіцелям здаецца, што яны могуць узяць пад свой кантроль і гэтую далікатную, у значнай ступені асабістую сфэру чалавечага жыцьця. Асабліва ў сытуацыях, калі значная частка грамадзтва ня мае самага неабходнага, а вырашыць эканамічныя ды сацыяльныя праблемы, нягледзячы на татальны дзяржаўны дыктат, улада ня здольная. Тады і ўзьнікае ілюзія, што, калі не ўдаецца зрабіць чалавека заможным, дык можна пераканаць яго, што яму гэтае заможнае жыцьцё і не патрэбнае: маўляў, ёсьць больш важныя рэчы і сьветлыя мэты.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG