Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Гатоў штомесяц аддаваць частку свайго заробку дзеля таго, каб існаваў беларускі ліцэй...”


Валянцін Жданко, Менск

Ужо доўгі час амаль штодня мы паведамляем пра падзеі вакол Беларускага гуманітарнага ліцэю. Навучальная ўстанова, якая больш за дзесяцігодзьдзе давала моладзі сучасную адукацыю, рыхтавала для ўнівэрсытэтаў адукаваных і нацыянальна арыентаваных абітурыентаў — раптам аказалася непатрэбнай уладам. У многіх нашых слухачоў свой погляд на гэтую сытуацыю. Вось які ліст даслаў на Свабоду Адам Добрын зь Менску. Ён піша:

“З хваляваньнем слухаў праграмы “Вострая Брама”, прысьвечаныя абароне Беларускага ліцэю. Вельмі трапна параўнаў Сяргей Дубавец беларушчыну з сонечным зайчыкам, які немагчыма паланіць. Сёньня гэты зайчык трымае Ліцэй, заўтра ён будзе ў душах патрыётаў. А зьнішчыць яго немагчыма ніякім спэцслужбам, таму што ідзе гэты сонечны зайчык ад вялікіх беларусаў і іхнай спадчыны. Скарына, Багдановіч, Купала — ужо недасягальныя для русіфікатараў у пагонах.

Можна павесіць Каліноўскага, забіць Купалу, зьнішчыць тысячы беларусаў у Курапатах, можна паслаць аўтаматчыкаў на ліцэістаў — немагчыма зьнішчыць увесь народ. Нельга зьмяніць гістарычную спадчыну.

Асабіста я гатовы штомесяц аддаваць пэўны адсотак свайго заробку дзеля таго, каб Ліцэй жыў. І са сьціплага ўдзелу многіх будзе жывая нацыянальная ідэя.

Мяркую, што беларусізацыя распачнецца яшчэ пры цяперашнім пакаленьні. Толькі распачне яе ня першы прэзыдэнт, які проста ня здольны на гэта, а само беларускае грамадзтва і нацыянальны ўрад. Беларусізацыя стане неабходнай умовай эканамічнага ды сацыяльнага руху краіны наперад.

Праз два дзесяцігодзьдзі скончыцца нафтавая крыніца ўсходняга суседа, які з гэтай прычыны будзе перажываць чарговыя катаклізмы і распады. А разам з гэтай крыніцай скончыцца і экспарт дэспатыі, і русіфікатарства нашай краіны. Тады паводле ўзору Беларускага ліцэю будзе будавацца ўся нацыянальная адукацыя”,

— напісаў Адам Добрын зь Менску.

Да лёсу Беларускага гуманітарнага ліцэю прыцягнутая сёньня ўвага тысячаў беларусаў, якія ўсьведамляюць, чаму ўлада імкнецца зьнішчыць яго і якія наступствы гэта можа мець для беларушчыны. Ня будзем перабольшваць, спадар Добрын: насельніцтва ў бальшыні сваёй ня лічыць праблему ўціску беларускай мовы і культуры першараднай. Уласна, гэтая абыякавасьць ды маўклівая згода і дазваляюць уладзе ўжо дзевяць год праводзіць татальную русіфікацыю ўсяго грамадзкага жыцьця.

Ня варта цешыць сябе ілюзіямі: мовы ня вечныя. І поўнае вынішчэньне беларускай мовы можа адбыцца вельмі хутка — калі будуць зьліквідаваныя такія асяродкі беларушчыны, як Гуманітарны ліцэй, і калі само грамадзтва будзе абыякава назіраць за гэтым вынішчэньнем.

Ліст ад Юліі Часноўскай з Зэльвенскага раёну. Слухачка піша:

“Нядаўна пачула, што сярэдні заробак у Беларусі нібыта склаў больш як 250 тысячаў рублёў. Цікава, хто і як гэта падлічыў? Сярод маіх знаёмых, напрыклад, ніхто такіх грошай не атрымлівае — ані настаўнікі, ані лекары, а тым больш калгасьнікі.

Ёсьць у мяне падазрэньне, што гэта чыноўнікі такім чынам выканалі распараджэньне Лукашэнкі — падняць заробак да 120 даляраў. Напісаць на паперы можна што заўгодна — практыка ж багатая. За Саветамі, памятаеце, паводле статыстыкі, у СССР было ўсяго ўдосталь — і мяса, і масла, і абутку, і адзеньня. А ў крамах усе душыліся ў чэргах па каўбасу ды па прыстойныя чаравікі”,

— напісала Юлія Часноўская з Зэльвенскага раёну.

Бадзёрыя справаздачы чыноўнікаў пра шматлікія эканамічныя посьпехі, сапраўды, выклікаюць шмат пытаньняў — найперш у тых, хто штодня сутыкаецца зь беларускімі рэаліямі. Якой можа быць рэакцыя звычайнага беларускага калгасьніка, які па тэлевізары назірае, як міністар дакладвае прэзыдэнту, што сярэдні заробак у Беларусі дасягнуў 120-ці даляраў. А гэтаму калгасьніку за апошні месяц налічылі 40 тысячаў рублёў, і пры гэтым папярэдзілі, што выплацяць іх у лепшым выпадку праз два месяцы, калі прададуць збожжа новага ўраджаю.

Аднаго разу Лукашэнка ўжо паспрабаваў спраўдзіць аптымістычныя справаздачы міністраў наконт разьлікаў за малако з насельніцтвам. Выявілася, што паведамленьні пра посьпехі — поўная хлусьня. Прэм’ер Навіцкі нават заплаціў пасадай за тое, што ўвёў у зман Лукашэнку. Праўда, праз два тыдні ўзамен атрымаў ня менш утульнае крэсла старшыні Савета Рэспублікі.

Некалькі лістоў на тэму цяперашняга становішча беларускай апазыцыі. Наш даўні слухач Мікалай Лясовіч зь Менску зьвярнуўся да мяне з прэтэнзіямі наконт асьвятленьня гэтай тэмы. Ён піша:

“У адказ на зачытаныя вамі па Радыё Свабода лісты з павярхоўнымі, несправядлівымі, а часам і зласьлівымі паклёпніцкімі ацэнкамі апазыцыі, я ў сваім лісьце на Свабоду назваў відавочныя факты, якія даказваюць вялікія дасягненьні ў барацьбе апазыцыі за незалежную, свабодную Беларусь. Але вы зноў не зачыталі гэты мой ліст. Вашае ігнараваньне, па-мойму, шкодзіць барацьбе за свабодную, незалежную Беларусь. Я мяркую, што вы ня згодныя з маімі меркаваньнямі. Але калі вы, такі бліскучы палеміст, не абверглі іх, значыць, яны лягічныя”,

— напісаў Мікалай Лясовіч зь Менску.

Думаю, спадар Лясовіч, вы ня надта ўважліва сачылі за нашымі перадачамі апошняга часу. Вашыя лісты на тэму вартасьцяў і заганаў беларускай апазыцыі прагучалі ў аглядах пошты 2 і 30 ліпеня. У абодвух лістах вы катэгарычна не пагаджаецеся з крытыкай на адрас апазыцыйных лідэраў і гаворыце пра іхныя дасягненьні. Дасягненьнямі вы лічыце тое, што Захад не прызнае рэжым Лукашэнкі, які баіцца сумленных і справядлівых выбараў; што грамадзтва ведае пра зьнікненьне апанэнтаў рэжыму; што ў Беларусі няма ніводнай палітычнай групоўкі, якая б падтрымлівала ўваходжаньне Беларусі ў склад Расеі. Ці ёсьць гэта падставай для таго, каб захапляцца плёнам дзейнасьці беларускай апазыцыі? Многія нашыя слухачы лічаць, што — не. Вось які ліст даслаў інжынэр-канструктар зь Ліды Міхаіл Лысевіч. Ён піша:

“Няма сярод нас апазыцыі — і тут Лукашэнка на 100% мае рацыю. А хто ёсьць? Ёсьць вядомыя, сумленныя, адукаваныя людзі, якія дагэтуль ня здолелі разабрацца між сабой, ня здолелі зразумець: Беларусь ня тое што гіне — яна ўжо практычна мёртвая.

Не знайшлі вы, шаноўныя лідэры апазыці, падыходу да народа. Нацыянальна арыентаваная частка грамадзтва і бяз вас жадае бачыць Беларусь дэмакратычнай і свабоднай. Можна казаць пра хваробу народа, якая мае назву “абыякавасьць да сябе”, але ёсьць і нешта іншае. Відаць, ня бачыць той народ сярод сябе Каліноўскага, Вітаўта, Касьцюшку, Астрожскага, Сапегу…

Колькі вяду размовы сярод людзей, і чую адзін адказ: “А на што здольныя твае дэмакраты? Што добрага яны могуць зрабіць, калі паміж сабой ужо больш як дзесяць год паразумецца ня здольныя?”

Далей у сваім лісьце на Свабоду Міхаіл Лысевіч зь Ліды зьвяртаецца асобна да некаторых лідэраў апазыцыі. Вось якія пажаданьні адрасуе ён Зянону Пазьняку:

“Калі меркаваць па вашых улётках, толькі вы — сапраўдны патрыёт, толькі ваша партыя змагаецца, а астатнія хлусяць і нічога ня робяць для Бацькаўшчыны. Досыць, спадар Пазьняк, вяртайцеся, вы тут патрэбны, а ня ў Польшчы з вашымі газэтамі, якія вядомыя даволі вузкаму колу людзей, і то ад выпадку да выпадку.

Гэта гаворыць вам не “правакатар” (як вы любіце абвінавачваць людзей — маю на ўвазе тых, хто зараз на Беларусі кіруе вашай партыяй). Гэта гаворыць ваш прыхільнік, які заўсёды ставіў і ставіць подпісы за вас, за вашыя прапановы, які як мог абараняў і абараняе вас ад нападак палітычна не зусім адукаваных людзей”.

Яшчэ адзін зварот Міхаіла Лысевіча зь Ліды — да кіраўнікоў іншых палітычных партыяў:

“Досыць, спадар Лябедзька, выкладаць на сэсіях АБСЭ правіны рэжыму — яны вядомыя. Даўно настала пара паставіць пытаньне перад Эўропай і ЗША: вы абавязаныя дапамагчы нам скінуць рэжым, вы абавязаныя шляхам дыпляматыі, ціску або іншым чынам — прымусіць Расею адмовіцца ад падтрымкі рэжыму Лукашэнкі.

Досыць, спадары Статкевіч, Шушкевіч, Кароль, Палевікова, высьвятляць, хто з вас сапраўдны сацыял-дэмакрат. Хто крадзе грошы, а хто занадта сумленны і рукі больш нікому не падасьць.

Досыць, спадары Вячорка і Хадыка, прагінацца пад кожнага і пад кожныя абставіны. Ня трэба казаць, што ваш час яшчэ не прысьпеў (як гэта казалі вы, спадар Вячорка, на сумнавядомых выбарах 2001 году). Ня трэба, спадар Хадыка, казаць, што вы гатовыя абраць нават дыктатуру Лукашэнкі, толькі б Беларусь засталася незалежнай. І тое, і другое згубім з такімі думкамі”.

Высновы з усіх гэтых развагаў і пэрсанальных зваротаў аўтар ліста Міхаіл Лысевіч зь Ліды робіць наступныя:

“Адкінце, спадары апазыцыянэры, непаразуменьні, скончыце падзяляць акцыі пратэсту на “вашы” і “ня вашы”, выходзьце да людзей, ня бойцеся паклёпу з боку Лукашэнкі ды яго ТБ (усё адно паклёпнічалі і будуць паклёпнічаць). Ня бойцеся гучных справаў, народ чакае гэтага. Успомніце Курапаты, пахаваньне Васіля Быкава. Успомніце Марш Свабоды-1, акцыі 96-98-га гадоў... Калі мы разам — мы здольныя на вялікія ўчынкі”,

— напісаў інжынэр-канструктар зь Ліды Міхаіл Лысевіч.

Зусім слушныя думкі й развагі, спадар Лысевіч. Хоць заўважу, што заклікі да яднаньня, згуртаванасьці, супольных намаганьняў ледзь не штодня прамаўляюць усе тыя, каго вы пералічылі ў сваім лісьце. Да аб’яднаньня, аднак, не дайшло і наўрад ці дойдзе. Такая лёгіка палітычнай барацьбы, у якой бескарысьлівасьць і высокія памкненьні прыгодныя для лёзунгаў, але малапрыдатныя для паўсядзённай практыкі.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Алесь Шустоўскі з Барысава, Анатоль Жэрдзеў і Віктар Курлукоў з Гомелю, Іанэса Гайдэль зь літоўскага Вісагінасу, Віктар Шоць са Смаргоні і Віктар Скараход зь Менску.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG