Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Беспрацоўных трэба прымусова перасяляць у занядбаныя калгасы”


Валянцін Жданко, Менск

Апошнія гады ўсё больш беларусаў сутыкаюцца з праблемай беспрацоўя. Дзеляцца сваімі развагамі на гэтую тэму і некаторыя нашыя слухачы. Вось які ліст даслаў пэнсіянэр Васіль Ігнацьеў зь Менску. Ён піша:

“Як магло стацца, што столькі людзей у гарадах швэндаецца без работы? За камуністамі іх даўно ўжо саслалі б за дармаедзтва куды належыць — на ўдарныя камсамольскія будоўлі Сібіры й Далёкага Ўсходу. А ў нас усё цацкаюцца. Няўжо нельга іх сабраць усіх разам ды кінуць на ўздым калгасаў? Няхай самі зарабляюць сабе на хлеб, а не вісяць на шыі ў дзяржавы.

Вось вы лаеце Лукашэнку за тое, што ён нібыта некага прыцясьняе. Ды лібэральнічае ён з усімі вамі, як і з гэтымі гультаямі. А павінна быць так: вось табе 24 гадзіны, зьбірай рэчмяшок, у цягнік — і на новыя землі, уздымай цаліну ў віцебскіх калгасах. І быў бы парадак і цішыня, ніхто б і пікнуць не пасьмеў. Не, далёка нам пакуль да сталінскіх парадкаў”, — наракае пэнсіянэр Васіль Ігнацьеў зь Менску.

Цалкам аднавіць дыктатуру ў яе клясычным сталінскім выглядзе, спадар Ігнацьеў, ва ўмовах эўрапейскай дзяржавы сёньня даволі праблематычна — нават калі гэта цяперашнім уладам і вельмі хацелася б. Давялося б адбіраць у насельніцтва замежныя пашпарты і шчыльна закрываць межы, у тым ліку ад Расеі: інакш насельніцтва проста паўцякае хто куды. Зь іншага боку, выжыць ва ўмовах поўнай самаізаляцыі Беларусь ня здольная: не дазваляе ані эканоміка, ані ўзровень абараназдольнасьці.

Што да ідэі накіроўваць беспрацоўных на пад’ём калгасаў, то яна падабаецца ня толькі вам, спадар Ігнацьеў, але і ўладам. Для тых, хто прэтэндуе на мізэрную дзяржаўную дапамогу па беспрацоўю, ужо даўно ўвялі гэтак званыя абавязковыя “грамадзкія” работы, маючы на ўвазе найперш працу ў калгасах. Ідэя гэтая амаль цалкам правалілася. Вазіць беспрацоўных у калгасы, як правіла, нявыгадна эканамічна: вялікія выдаткі на дастаўку й харчаваньне. Да таго ж, ім даводзіцца і плаціць за працу: працаваць бясплатна, як пры Сталіне, яны ня хочуць.

Аляксандар Харлап з Салігорску ў сваім лісьце распавёў гісторыю змаганьня з чыноўнікамі, якая цягнецца ўжо больш як дванаццаць гадоў. Слухач піша:

“У 90-м годзе я падпісаў дамову з ПМК-42 трэста “Пінсксельгасбуд” на будаўніцтва дома. У 91-м годзе дом пабудавалі, але ў такім стане, з такімі дэфектамі, што выправіць іх немагчыма — неабходна ўсё будаваць нанава. Вось з таго часу я і змагаюся з будаўнікамі з дапамогай судоў розных узроўняў. А дом так дагэтуль і стаіць не прынятым, зь нявыпраўленымі дэфэктамі. Няўстойку і кампэнсацыю мне ніхто не выплачвае”.

Шматлікія бясплённыя судовыя разьбіральніцтвы схілілі Аляксандра Харлапа да наступнай высновы:

“Балюча і крыўдна. Я зразумеў, што верыць судам і словам прэзыдэнта пра захаваньне законнасьці нельга. Народ, у тым ліку і я, не зьвяртаецца ў суды вышэйшых інстанцыяў не таму, што якасна працуюць раённыя суды, а таму, што трэба плаціць. А грошай няма, як няма і пэўнасьці ў тым, што суд будзе справядлівы”.

Фінал гісторыі зь недабудаваным домам наступны.

“Пасьля ўсіх маіх шматлікіх заяваў і судоў, — піша Аляксандар Харлап, — у індэксацыі і няўстойцы мне адмовілі, спаслаўшыся на тое, што скончыліся тэрміны. Але хіба ў гэтым мая віна? Абласны суд, не задумваючыся, зацьвердзіў гэтае рашэньне. Дзе ж справядлівасьць?” — задае рытарычнае пытаньне Аляксандар Харлап з Салігорску.

Незалежнага суда ў Беларусі, спадар Харлап, няма. Судзьдзяў прызначае Аляксандар Лукашэнка, а ў сваёй паўсядзённай дзейнасьці яны цалкам залежныя ад мясцовых выканкамаў. Гэта ня значыць, што ў нейкіх прыватных спрэчках, якія не датычаць палітыкі, судзьдзя ня здольны вынесьці аб’ектыўны прысуд. Але калі ў канфлікт уцягнутыя прыватная асоба і дзяржаўная ўстанова, і калі прысуд можа пацягнуць буйныя выдаткі для бюджэту ў інтарэсах прыватніка — тут разьлічваць на перамогу чалавеку даводзіцца рэдка. Па старой камуністычнай завядзёнцы інтарэсы дзяржаўнай установы ў вачах савецкай Феміды вышэй за прыватныя.

Зусім магчыма, што ваш выпадак — з гэтага шэрагу. Дзяржаўная ПМК, калі б яе прымусілі выплаціць вам кампэнсацыю за ўсе трынаццаць мінулых гадоў, проста збанкрутавала б. У савецкія ўяўленьні пра сацыяльную справядлівасьць гэта ня ўпісваецца.

Ліст ад Алеся Марціновіча з Баранавічаў. Слухач піша:

“Пакаленьне Кебіча, Сакалова, Малафеева ў Беларусі ўжо не кіруе. А хто сёньня пры ўладзе? Неяк незаўважна да ўлады прыйшла новая кляса. Варта было б вашым палітолягам часьцей абмяркоўваць фэномэн усіх гэтых Канаплёвых ды Шэйманаў, Даўгалёвых ды Кучынскіх. Гэтыя менскія фаварыты Лукашэнкі — толькі вонкавая частка айсбэрга. Куды, напрыклад, аднесьці дэпутата Палаты прадстаўнікоў Ваганава? Ці падобны ён на тых нагружаных і стомленых трымальнікаў палатак на рэчавых рынках?

...Калі ў Беларусі такое варожае стаўленьне да рынка і прадпрымальнікаў, дык чаму так шмат гэтак званых “новых беларусаў” хочуць і могуць мець катэджы ў раёне Курапатаў, кошт кожнага зь якіх перавышае 100 000 даляраў? Я гэта да таго, што лёс Клімава і Кудзінава — чыстая анамалія сярод людзей прыватнай ініцыятывы.

“Новая кляса” ў Беларусі купаецца ў шэрых ды цёмных рынкавых справах без усялякіх “левых” прымхаў і забабонаў.

Летась у Берасьці хавалі аднаго прадпрымальніка (памятаеце катастрофу башкірскага самалёта над Нямеччынай?). Дык на пахаваньні была ўся кіроўная эліта зь Берасьця і вобласьці. І гэтак паўсюль — ад Берасьця да Воршы.

Узяць хоць бы нашыя Баранавічы. Тут ёсьць дзясяткі (а магчыма, і сотні) людзей, у якіх у запасе ад 50 тысячаў да мільёна даляраў ЗША. Многія зараз легалізавалі частку гэтых грошай, распачаўшы ўласную справу. Што тады казаць пра Менск”.

Гэтая новая кляса, на думку Алеся Марціновіча з Баранавічаў, грае некалькі важных роляў:

“…Па-першае, яна — адзіны рэальны касьцяк дзяржавы; па-другое, яна — прыклад для соцень тысячаў маладых людзей, якія ўступаюць у дарослае жыцьцё; па-трэцяе, яна не спакушаецца ідэямі менскае кучкі салённай апазыцыі, бо бачыць у ёй толькі ідэалізм, фантазёрства, дзяцінства, імкненьне да фантастычных экспэрымэнтаў”.

Ці маюць гэтыя людзі, якіх вы, спадар Марціновіч, назвалі “новай клясаю”, рэальную ўладу — пытаньне спрэчнае. Для бальшыні больш-менш буйных прадпрымальнікаў актуальна гучыць пытаньне нават ня ўлады, а бясьпекі — для сябе й сваіх капіталаў. Нават, калі пагадзіцца з вамі, што лёс Клімава і Кудзінава не тыповы — усё ж яны былі публічнымі палітыкамі, адкрыта стаялі на баку апазыцыі.

А пра што сьведчаць лёсы былых дырэктараў Беларускага металюргічнага заводу Феакцістава, Менскага трактарнага — Лявонава, аб’яднаньня “Атлант” — Калугіна, Беларускай чыгункі — Рахманько?.. Гэты сьпіс, дарэчы, можна працягваць імёнамі многіх іншых кіраўнікоў не такіх буйных прадпрыемстваў. І амаль ніхто зь іх не заўважаны ня тое што ў адкрытых — нават таемных сувязях з палітычнай апазыцыяй.

На заканчэньне — ліст ад нашага даўняга слухача Ільлі Копыла зь Менску. У сваім лісьце ён згадвае падзеі пяцідзясяцігадовай даўніны — у прыватнасьці, дзень, калі савецкія людзі даведаліся пра сьмерць Сталіна. Сам аўтар ліста тады вучыўся ў дзявятай клясе Бягомальскай сярэдняй школы, і стаў сьведкам наступнай гісторыі…

“У паралельнай дзявятай клясе, дзе вучыліся пераважна дзеці мясцовых начальнікаў, вестку пра сьмерць Сталіна сустрэлі зь нейкай дзіўнай радасьцю, — піша слухач. — Узьняўся вэрхал, усе крычалі. А калі настаўнікі супакоілі вучняў, высьветлілася, што партрэты кіраўнікоў дзяржавы, што віселі на сьценах клясы, пашкоджаныя. Хтосьці ў гэнай неразьбярысе страляў па іх — ці то з рагаткі, ці з трубачкі. Настаўнікі з жахам глядзелі на партрэты. Будынак НКВД быў на другім баку вуліцы. Энкавэдысты зьявіліся ў школе ўжо праз колькі хвілінаў. У клясах пачаліся ператрусы й допыты.

Потым усіх нас сабралі ў актавай зале. Вельмі натхнёна, з трагізмам у голасе выступаў настаўнік Фамін. Настаўніца Галуза хацела выступіць, але не змагла: плакала наўзрыд, ёй стала дрэнна, давалі нюхаць нашатыр. Дырэктара школы Сьмірнова ў зале чамусьці не было. На наступны дзень стала вядома: ён зьнік разам з жонкай-настаўніцай і 14-гадовай дачкой. Усе яны апынуліся ў кіпцюрах НКВД. Клясныя кіраўнікі, у чыіх клясах адбыліся беспарадкі, былі зволеныя. Страцілі працу і бацькі, чые дзеці вучыліся ў гэтых клясах.
Дырэктаркай школы стала настаўніца Галуза, а завучам — настаўнік Фамін, які правільна і своечасова выступіў. Пра лёс былога дырэктара школы і зволеных настаўнікаў мы больш нічога ня ведаем”, — распавёў у сваім лісьце Ільля Копыл зь Менску.

Ня ведаю, як рэагуюць на падобныя гісторыі тыя, у каго дагэтуль вялікая настальгія па сталінскіх парадках — як у пэнсіянэра Васіля Ігнацьева, зь ліста якога я пачынаў сёньняшні агляд. Ня думаю, што для іх гэта адкрыцьцё і што самі яны не былі сьведкамі многіх падобных выпадкаў, калі нявінны чалавек станавіўся ахвяраю таталітарнае машыны. Тым ня менш, сярод людзей сталага веку, якія перажылі сталінізм, па-ранейшаму нямала тых, якія згадваюць эпоху, калі панавалі прыгнечанасьць і страх, з замілаваньнем.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Аляксей Вабішэвіч з Маладэчна, Юры Гіль зь Вільні і Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG