Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Ня будзе сярод эўрапейцаў мусульман — ня будзе і ісьлямскага экстрэмізму”


Валянцін Жданко, Менск

Якім будзе сьвет пасьля таго, як дыктатура Садама Хусэйна рухнула, і ў Іраку зьявіцца дэмакратычны ўрад? Як паўплывае гэтая імклівая ваенная перамога Злучаных Штатаў і іх саюзьнікаў на будучыню стасункаў паміж Захадам і Ўсходам? Якія новыя саюзы і блёкі могуць стаць вынікам гэтых новых рэаліяў?

Вось як спрабуе адказаць на гэтыя пытаньні наш сталы слухач Мікалай Лясовіч зь Менску:

“Нечаканым вынікам хуткай перамогі Злучаных Штатаў над дыктатурай Хусэйна стане ўмацаваньне ролі Расеі ў сьвеце. Уладзімер Пуцін, відаць, загадзя пралічыў гэта, калі 2 красавіка (а тады зыход апэрацыі быў яшчэ ня надта пэўны) заявіў, што параза ЗША ў вайне з Іракам была б нявыгаднай для Расеі ні палітычна, ні эканамічна.

Вайна даказала, што цяпер на Зямлі, апроч Расеі, няма іншай дзяржавы, якая здольная супрацьстаяць у вайсковым пляне Злучаным Штатам. Падстава дзеля гэтага — ракетная, ядзерная і касьмічная магутнасьць, створаная ў выніку пяцідзесяцігадовай падрыхтоўкі Савецкага Саюзу да вайны з ЗША. Таму ўсе дзяржавы, якія апасаюцца Злучаных Штатаў (а такіх цяпер шмат) будуць імкнуцца заручыцца падтрымкай Расеі. Што мы ўжо цяпер бачым у паводзінах Францыі і Нямеччыны”.

Думаю, спадар Лясовіч, вы ўсё ж перабольшваеце значэньне Расеі. Яна — далёка не адзіная краіна, якая валодае ядзернай зброяй (у ядзерным клюбе ўжо каля дзясяткаў дзяржаваў). А паводле ўзроўню эканамічнага разьвіцьця Расея ўвогуле не ўваходзіць у кола лідэраў, займаючы месца сярод краінаў “трэцяга сьвету”.

Што да Нямеччыны і Францыі, то іх ніяк не выпадае залічваць да тых, хто апасаецца Злучаных Штатаў. Аб’яднаная Эўропа была і застаецца саюзьніцай ЗША, нягледзячы на ўсе рознагалосьсі ў асобных пытаньнях.

А вось вашая выснова пра тое, што ЗША, імкнучыся пазьбегнуць утварэньня варожага сабе блёку на чале з Расеяй, будуць імкнуцца падтрымліваць з Масквой добрыя стасункі, выглядае зусім слушнай. Што з гэтага вынікае для Беларусі? Мікалай Лясовіч на гэта пытаньне адказвае так:

“Збліжэньне ЗША і Расеі (і адначасова Эўропы і Расеі) азначае, што антырасейская палітыка радыкальных беларускіх нацыяналістаў ня знойдзе падтрымкі ні ў Эўропе, ні за акіянам. А самай пэрспэктыўнай будзе палітыка, якую спрабуюць праводзіць Аб’яднаная грамадзянская партыя і дэпутаты фракцыі “Рэспубліка” Палаты прадстаўнікоў на чале з Уладзімерам Парфяновічам. Гэта — палітыка сяброўства незалежнай, свабоднай Беларусі і зь вялізнай суседкай Расеяй, і з Захадам”.

Заўважу, спадар Лясовіч, што пра шматвэктарнасьць зьнешняй палітыкі гаворыць у Беларусі фактычна ўсе палітычныя сілы, нават Аляксандар Лукашэнка, які сёньня зьнешнюю палітыку вызначае. Іншая рэч, што шматвэктарнасьць у ягоным выкананьні — гэта амаль поўная палітычная ізаляцыя ад Захаду, аднабаковая арыентацыя на Расею і падтрымка адыёзных азіяцкіх ды афрыканскіх рэжымаў.

Ліст ад Паўла Саца зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну:

“Эўропа цяпер пакутуе ад эмігрантаў, асабліва тых, што прыехалі з ісьлямскага сьвету. А ўсё таму, што эўрапейцы з самага пачатку павялі няправільную палітыку ў дачыненьні мусульман, якія захацелі эміграваць. Павінна быць так: хочаш пераехаць у Нямеччыну — станавіся лютэранінам; пажадаў жыць у Англіі — пераходзь у англіканскую царкву. І так павінна быць у любой хрысьціянскай краіне.

А потым гэта трэба распаўсюдзіць на ўсе грамадзкія сфэры. Хочаш уладкавацца на працу? Калі ты араб-хрысьціянін — калі ласка, табе зялёная вуліца. А калі араб-мусульманін — маеш менш шанцаў ва ўсім. Толькі такім чынам можна пакончыць з ісьлямскім фундамэнталізмам у Эўропе. Ня будзе мусульман — ня будзе і ісьлямскага экстрэмізму”.

Прапанаваная вамі, спадар Сац, схема вельмі нагадвае сталінскую. Памятаеце: “Няма чалавека — няма праблемы”. Кожная асоба мае права спавядаць любую рэлігію, альбо не спавядаць ніякай — гэта ў цывілізаваным сьвеце гарантавана Дэклярацыяй правоў чалавека ААН. Як гарантаваная і абарона ад дыскрымінацыі незалежна ад расы, нацыянальнай і рэлігійнай прыналежнасьці.

Калі на ўсё гэта не зважаць, праблему, сапраўды, можна вырашыць вельмі проста. Так Сталін вырашыў праблему паволскіх немцаў, крымскіх татар альбо чачэнцаў падчас другой усясьветнай вайны. Гэтыя народы былі проста гвалтам выселеныя са сваёй радзімы.

Эўрапейскія дэмакратычныя краіны заплацілі высокую цану дзеля таго, каб падобныя спосабы, заснаваныя на распальваньні міжнацыянальнай і міжканфэсійнай варожасьці, былі пастаўленыя па-за законам.

Анатоль Арэшка з украінскага сяла Дамашлін Карукаўскага раёну Чарнігаўскай вобласьці так апісвае свой сёньняшні вясковы побыт:

“Мне 52 гады, жыву адзін. Сельская гаспадарка ў нашым сяле цалкам разваленая, і працаздольнаму чалавеку фізычнай працай няма дзе зарабіць на кавалак хлеба. У такіх умовах выжываюць толькі тыя, хто ў свой час захапіў дзяржаўную тэхніку. У каго вялікая сям’я — тыя гуртам трымаюць кароў, сьвіней. А я адзін, і такой работы не адужаю. Нават калі я сам на сваім агародзе вырашчу ўраджай, дык мясцовыя жулікі яго ў мяне скрадуць.

Так што даводзіцца галадаць. Факт галаданьня пацьвердзілі і дактары. Толькі пасьля гэтага Карукаўская райдзяржадміністрацыя прывезла мне гуманітарную дапамогу. Уручылі яны мне пад росьпіс бляшаначкі з гарохам і капустаю замежнай вытворчасьці. А грошай на хлеб не далі. А мне ж патрэбныя грошы — заплаціць за электрычнасьць, за радыё, за новы пашпарт. Хаджу цяпер без чаравікаў, без шкарпэтак і без майткоў. Старшыня сельсавету на маю бяду не зьвяртае ўвагі, патрабуе грошай.

Сяджу цяпер на адной вадзе. Прашу вас выехаць на месца і ўстанавіць канкрэтную прычыну майго голаду. Анатоль Арэшка, сяло Дамашлін Карукаўскага раёну Чарнігаўскай вобласьці. Украіна”.

Пра сябе Анатоль Арэшка таксама паведамляе, што больш як трыццаць гадоў займаўся галоўным чынам напісаньнем і публікацыяй у савецкіх газэтах і часопісах расповедаў пра вайсковыя подзьвігі свайго бацькі, які загінуў на вайне.

Сумная гісторыя, спадар Арэшка. Як можна зразумець зь ліста, чалавек вы працаздольны, не інвалід. Сотні тысяч людзей на вёсцы і ў вас, ва Украіне, і ў Беларусі — адзінокія. Але жывуць з уласнага мазаля, з таго, што вырасьцілі ва ўласным агародзе і ў хляве. Вы пішаце, што займацца агародам няма сэнсу, бо жулікі ўсё роўна скрадуць вырашчанае. Калі б усе кіраваліся такой лёгікай, дык вёска даўно галадала б. А разам зь ёй і горад.

Вы вельмі шмат намаганьняў патрацілі на дзясяткі лістоў у розныя інстанцыі з патрабаваньнем дапамогі. І адусюль атрымлівалі прыблізна аднолькавыя адказы: працаздольны чалавек павінен спадзявацца найперш на ўласныя сілы. Няўжо ў вас ніколі не ўзьнікала думка, што маюць рацыю гэтыя людзі, а ня вы? І што той факт, што на працягу трыццаці гадоў вы займаліся краязнаўствам і апісаньнем чужых подзьвігаў, не дае вам права на датэрміновую пэнсію ці на ўтрыманьне дзяржавы.

На заканчэньне — ліст, які прыйшоў да нас электроннаю поштаю. Яго аўтар Андрэй Баброў выказаўся з нагоды нядаўняга прыёму ў Крамлі Ўладзімерам Пуціным францускага пісьменьніка Марыса Друона. Слухач піша:

“Нічога ня маю супраць францускага пісьменьніка, але, на маю думку, пашаны расейскаму прэзыдэнту дабавіў бы прыём іншага пісьменьніка — Васіля Быкава, які вымушаны цяпер жыць не ў сябе ў краіне, а ў Чэхіі, у Празе. Васіль Быкаў быў і застаецца гонарам і сумленьнем беларусаў як нацыі. А ўжо папулярнасьці ў сьвеце ў яго ніяк ня менш, чым у Друона.

Заклікаю ўсіх сумленных людзей, асабліва акадэмікаў і літаратараў, як мага хутчэй вылучыць кандыдатуру Васіля Быкава на Нобэлеўскую прэмію. Ён сапраўды варты яе. А апрача ўсяго іншага, ужо сам факт вылучэньня ў гэты цяжкі для краіны час нарэшце прыцягне ўвагу міжнароднай грамадзкай думкі да адыёзнага рэжыму, які пануе на радзіме пісьменьніка”.

Гэтую ідэю, Андрэй — пра вылучэньне Васіля Быкава на Нобэлеўскую прэмію — ужо ня раз агучвалі многія вядомыя пісьменьнікі, грамадзкія і палітычныя дзеячы. Ідэя, сапраўды, вартая ўвагі — але не з прычыны нейкіх палітычных інтарэсаў. Гэтага вымагае маштаб таленту вядомага пісьменьніка. Што да магчымасьці сустрэчы з Уладзімерам Пуціным — то ня ведаю, Андрэй, хто каму ў гэтым выпадку аказаў бы гонар. Ня думаю, што Васіль Быкаў мае асаблівую патрэбу ў такіх знаках увагі.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Дзьмітры Шыдлоўскі зь Віцебску і Цімох Голас зь Менску.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG