Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Лукашэнка хутчэй дапаможа расейцу ці арабу, чым свайму беларусу…” ды іншае.


Валянцін Жданко, Менск

Галоўнай тэмай большасьці лістоў цягам апошніх некалькіх месяцаў застаецца выбарчая кампанія. Адметна, што многія слухачы скептычна ацэньваюць шанцы на тое, што прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі будуць дэмакратычныя і справядлівыя. І спасылаюцца пры гэтым галоўным чынам на досьвед апошніх выбараў і рэфэрэндумаў. Вось як пра гэта напісаў Іван Антановіч з Горадні. Цытую ягоны ліст:

"Вынікі выбараў вядомыя ўжо сёньня. Выбарчыя камісіі склалі з залежных ад улады чыноўнікаў, правераных спэцслужбамі. Нікога з апазыцыйных палітычных партыяў у камісіі не дапусьцілі. Усё зроблена так, каб фактычна выбіраць не было з каго. Так што адбудуцца тыя ж сталінскія камуністычныя так званыя "выбары" — па сутнасьці падман, фарс.

Тое самае, як было з выбарамі ў "палату прадстаўнікоў". Праўда, на іх ужо быў не адзін кандыдат, як пры Брэжневе і Сталіне, а па некалькі — але аднолькава залежных ад улады. Ня выбары, а канцэрт. А як ня пойдзеш на выбары, прытым датэрмінова, то могуць і з працы звольніць", — напісаў Іван Антановіч з Горадні.

Выбары гэтыя, спадар Антановіч, будуць вельмі складаныя для апазыцыі, і тое, што вы напісалі пра выбарчыя камісіі — праўда. Але толькі на гэтай падставе сьцьвярджаць, што вынікі выбараў вядомыя ўжо сёньня, а таму і ўдзельнічаць у іх не выпадае — усё ж пакуль заўчасна. Шанцы на тое, што кандыдатамі на прэзыдэнта стануць палітыкі дэмакратычных поглядаў — застаюцца. І шанцы гэтыя варта выкарыстоўваць, якім бы жорсткім ні быў супраціў тых, хто не жадае ніякіх зьменаў у Беларусі.

Спадар Антановіч таксама выказаў некалькі заўвагаў да нашага радыё. Яшчэ адна цытата зь ягонага ліста:

"Не зусім мы задаволеныя Свабодай. І найперш такое пытаньне: куды дзяюцца лісты на Свабоду? Ці іх цэнзура не прапускае, ці вы ня згадваеце?

А па-другое — чаму замоўчваеце злачынствы камуністычнага рэжыму? Вось прыклад. Нядаўна ў вас гучалі перадачы пра тое, як жывуць людзі ў Клецку, Нясьвіжы. Чаму вы ні слова не сказалі пра тое, як з гэтых мястэчак вывозілі энкавэдысты людзей зімою 1940-га году, як выкідвалі па дарозе малых дзяцей, і тыя потым замярзалі, і іх хавалі вяскоўцы.

Нам найперш патрэбная інфармацыя пра тое, хто і як змагаўся за Беларусь, а ня што піла ды ела шляхта… Такое ўражаньне, што спэцслужбы падкупілі супрацоўнікаў Свабоды", — напісаў Іван Антановіч з Горадні.

Ніякай цэнзуры, спадар Іван, на Радыё Свабода няма. А тое, што ня ўсе лісты і ня цалкам гучаць у эфіры — на тое ёсьць аб’ектыўныя прычыны. Адно, што час наш абмежаваны, а другое — не выпадае агучваць, для прыкладу, асабістыя зьнявагі палітыкаў альбо агрэсіўныя заклікі да гвалту ці міжнацыянальнай варожасьці, якія часам сустракаюцца ў лістах.

Што да вашага цьверджаньня пра тое, што мы нібыта замоўчваем сталінскія злачынствы. Гэтая тэма сярод тэмаў гісторыі мінулага стагодзьдзя была і застаецца для Радыё Свабода адной з галоўных. Вам можа пацьвердзіць гэта наш любы сталы слухач. Але не выпадае зьвяртацца да яе ў кожным сюжэце — у тым ліку ў тых перадачах, якія датычаць сёньняшніх эканамічных ды палітычных праблемаў.

Ліст ад Уладзімера Гайдукевіча з Бабруйску Магілёўскай вобласьці. Ён піша:

"Вось ужо два гады пішу Аляксандру Лукашэнку заявы з просьбай дапамагчы з аплатай падаткаў за хату і ўчастак. Сплаціць я іх не магу, бо ўжо доўгі час нідзе не працую. А не працую, бо за тыя грошы, якія можна ў нас зарабіць, працаваць няма сэнсу.

Маю 55 гадоў, але пэнсіі не чакаю, бо пакуль той час настане, атрымліваць яе ня будзе каму. На свае заявы атрымліваю аднолькавыя адпіскі: маўляў, у цябе працаздольны ўзрост, так што плаці. Нядаўна чарговы раз сабраў і паслаў ім усе даведкі. Атрымаў адказ: "страхоўку плаціць павінен". Вось так: я ім пра падаткі, а яны мне — пра страхоўку. Ці гэта яны знарок прыслалі гэтую бязглузьдзіцу, каб зьбіць мяне спанталыку.

Лукашэнка маіх скаргаў і заяваў не чытае. А калі б і прачытаў, то, напэўна, не дапамог бы. Ён, напэўна, хутчэй дапаможа расейцу ці арабу, чым свайму беларусу", — напісаў Уладзімер Гайдукевіч з Бабруйску, які падпісаўся гэтак: "былы культработнік, потым агароднік, а цяпер ні тое ні сёе, бо рукі ні да чаго ня цягнуцца".

Можна паспачуваць вам, спадар Уладзімер, у вашым бясплённым змаганьні з чыноўнікамі, якія да таго ж нават ня дужа ўважліва чытаюць вашыя скаргі й просьбы. Але ці варта траціць сілы і час на тое, каб прасіць міласьціны ад улады? Паглядзіце, колькі наўкола людзей (у тым ліку і ў вас у Бабруйску), якія нягледзячы нават на вельмі неспрыяльныя ўмовы, створаныя ўладай, займаюцца ўласнай справай.

Так, на дзяржаўных прадпрыемствах і ў калгасах заробкі мізэрныя. Але ёсьць жа дробны гандаль, ёсьць прыватныя майстэрні, ёсьць урэшце ваш участак ля хаты. Няўжо вам ня хочацца пачуваць сябе самастойным і незалежным і не прасіць прыніжальна нейкай драбніцы ў чыноўнікаў, якія да таго ж зьневажаюць вас сваім грэблівым стаўленьнем.

Ліст зь Ляхавічаў, ад ананімнага слухача, які, відавочна, уважліва нас слухае, але вельмі агрэсіўна ставіцца да пачутага. Ён піша:

"Ведаем мы пра ваш, так бы мовіць, "рай", куды вы хочаце запіхнуць нас, народ Беларусі. Але вам ня ўдасца абдурыць людзей ды запалохаць голадам, развалам і разладам. Пацьверджаньне таму — нашыя базары-рынкі, магазіны, якія літаральна ломяцца ад танных харчоў. Цукар — усяго 40 цэнтаў; сала — таньней за кіляграм варанай каўбасы.

Людзі гэта бачаць рэальна, уласнымі вачыма. І вам ніколі ня ўдасца абвергнуць гэта, пасеяць сумнеў, пахіснуць рашэньне людзей галасаваць за Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнку. Наш народ ня хоча вашага "раю" — раз на год атрымліваць зарплату. А па сто даляраў мы ўжо даўно атрымліваем. У нас за тысячу даляраў пражывеш год, а ў ЗША — дзесяць дзён. Прычына — падкопы супраць Беларусі Міжнароднага Валютнага Фонду, які душыць нашу эканоміку.

Працаваць па-савецку, а жыць па-амэрыканску не атрымаецца. Нашы людзі ня хочуць мерзнуць, як у Сібіры, плаціць за вучобу, лячэньне і г.д. Мы ня хочам 100% плаціць за камунальныя паслугі, чаго патрабуе Захад, а таксама паднімаць кошты на сьпіртное і г.д. У Прыбалтыцы гэтак зрабілі — і што? Там грошай хапае толькі на аплату жыльля, а існуй за што хочаш.

Вы ўсё роўна прайграеце, а выйграем мы, народ Беларусі — гэта значыць Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка", — напісаў ананімны слухач зь Ляхавічаў. Разам зь лістом ён даслаў публікацыі з баранавіцкай газэты "Наш край" з расповедам пра жыцьцё ў Прыбалтыцы. Жыць там, як вынікае з публікацыяў, вельмі цяжка — шмат цяжэй, чым у Беларусі.

Згодзен з вамі, шаноўны слухач, толькі ў адным: працаваць па-савецку, а жыць пры гэтым па-амэрыканску не атрымаецца. Усе іншыя вашыя аргумэнты выклікаюць шмат пытаньняў, бо вельмі супярэчлівыя. Як заслугу рэжыму вы падаяце выбар харчоў на рынках, але любы прадпрымальнік, як гандлюе на рынку, скажа вам, што бізнэс ягоны існуе ня дзякуючы, а насуперак гэтай уладзе.

Вы кажаце пра танныя харчы. Магчыма, для вас яны і танныя, але, як сьведчаць апытаньні, 90% грамадзянаў гэтак ня лічаць. У сапраўднасьці беларускія кошты на харчы ўжо перавысілі кошты ў суседніх краінах. Тое таннае сала, якое вы, шаноўны слухач, падаяце як прыклад харчовага дабрабыту, найчасьцей прывозіцца ў Беларусь для продажу з Польшчы, бо там яно ўдвая, а то і ўтрая таньнейшае.

Далей — пра заробкі раз на год і пра холад у кватэрах… Але гэта рэаліі ня Захаду і не краінаў Балтыі. Гэта — штодзённасьць Расеі, — той Расеі, якая ёсьць адзіным замежнапалітычным арыенцірам беларускага рэжыму.

На заканчэньне — ліст ад старшыні Таварыства беларускай мовы Віленскага краю Юры Гіля. Ён распавёў пра даўнюю гісторыю свайго змаганьня з докшыцкімі раённымі ўладамі за гістарычна-этнаграфічны музэй "Засьцянковая хатка". Два гады таму, калі ён быў на радзіме, у засьценку Вашунава Докшыцкага раёну, яго зьбілі, а потым яшчэ і арыштавалі на сем сутак. Ён піша:

"Я настойліва дабіваюся, каб вінаватых прыцягнулі да адказнасьці і выплацілі мне кампэнсацыю за фізычныя і маральныя страты. І справа ўрэшце зрушылася: супраць вінаватых Пракуратура Беларусі ўзбудзіла крымінальную справу, а самога мяне сьледчы Докшыцкага раёну Жытковіч прызнаў за пацярпелага. Але докшыцкія ўлады ціснуць на пракурора, і той зноў (каторы ўжо раз) закрывае справу. Таму я зноў вымушаны быў зьвярнуцца ў Пракуратуру Беларусі. Маю намер напісаць Лукашэнку і Барадзіну.

Людзі слухаюць голас Свабоды ў Докшыцкім раёне — пра гэта мне паведамляюць у Вільню. Асабліва нэрвова ўспрымаюць зьвесткі пра мяне вінаватыя і іхныя апякуны з адміністрацыі раёну. Пра гэта мне нават участковы Кучыц казаў, маўляў, "ты мне много крови попортил", — напісаў Юры Гіль зь Вільні.

Можна толькі пажадаць вам, спадар Гіль, цярпеньня і настойлівасьці ў вашым шматгадовым змаганьні за справядлівасьць.

На мінулым тыдні мы таксама атрымалі лісты ад Міхаіла Навуміка з Маладэчна і Васіля Кобеца з Данецку, з Украіны.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG