Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палкоўнік-махляр, ці пераможа Лукашэнка ды іншае.


Лісты слухачоў чытае і камэнтуе Валянцін Жданко.

Якія норавы й настроі пануюць у цяперашнім беларускім войску? Ці адрозьніваецца яно ад колішняй Савецкай Арміі, зь якой так неўпрыкмет і непажадана для многіх афіцэраў пераўтварылася ў 1991 годзе? Каму даручана выхоўваць беларускіх хлоцаў, якія адразу пасьля школы вымушаныя апранаць салдацкія шынялі?

Адказы на многія з гэтых пытаньняў гучаць у лісьце на Свабоду падпалкоўніка запасу Вячаслава Шчыткаўца з Бабруйску. Спадар Вячаслаў распавядае пра аднаго свайго былога таварыша па службе — палкоўніка Грышкевіча. Разам яны служылі чатыры гады ў 5-м армейскім корпусе пад камандаваньнем генэрала Ўсхопчыка, у аддзеле выхаваўчай працы. Дачыненьні іхныя ня склаліся, у тым ліку й з прычыны розных палітычных поглядаў. Падпалкоўнік Шчыткавец так піша пра гэта:

“Тады, у 1994 годзе, я падтрымліваў кандыдата на прэзыдэнта Лукашэнку, а палкоўнік Грышкевіч — Кебіча. Але ўжо напрыканцы 1994 году Грышкевіч спакваля прасякнуўся глыбокай адданасьцю Лукашэнку. Я ж, наадварот, пачаў сумнявацца ў здольнасьці й гатоўнасьці Лукашэнкі ажыцьцяўляць дзейсныя рэформы ў Беларусі, пра што ў прыватных размовах ня раз казаў Грышкевічу — гэта ў 1997 годзе той жа Грышкевіч паклаў у аснову маёй афіцэрскай атэстацыі”.

Спыню тут цытаваньне ліста спадара Вячаслава й патлумачу, што ў выніку той атэстацыі падпалкоўнік Шчыткавец як палітычна нядобранадзейны пасьля 19 гадоў службы вымушаны быў сысьці ў адстаўку. Ён спрабаваў апэляваць да генэрала Ўсхопчыка, прасіў, каб тэкст атэстацыі быў абмеркаваны й зацьверджаны на афіцэрскім сходзе. На што, як піша Вячаслаў Шчыткавец, “лепшы сябра літоўскага народу Ўсхопчык адказаў, што час гнілой дэмакратыі мінуў”.

Вячаслаў Шчыткавец удзельнічаў у вайне ў Аўганістане; палкоўнік Грышкевіч на вайне ня быў, але вэтэранскае пасьведчаньне на льготы меў і карыстаўся ім. Спадар Вячаслаў з гэтай нагоды піша:

“Вось яны, мараль, партыйнае сумленьне й прынцыповасьць, да якіх усё жыцьцё заклікаў палітработнік Грышкевіч і якія ён абараняе як дэпутат Магілёўскага абласнога Савету”.

Адметны адказ на гэтае сваё паведамленьне пра амаральны ўчынак палкоўніка Грышкевіча Вячаслаў Шчыткавец атрымаў зь Беларускай вайсковай пракуратуры. Там пацьвердзілі, што намесьнік камандзіра корпусу па выхаваўчай працы сапраўды карыстаўся падробленым пасьведчаньнем. Аднак “беручы пад увагу тэрмін даўнасьці ўчыненага і добраахвотную кампэнсацыю нанесеных стратаў, палкоўнік Грышкевіч вызвалены ад крымінальнай адказнасьці”.

Паведамляецца таксама, што міністру абароны будзе ўнесенае прадстаўленьне аб прыцягненьні Грышкевіча да дысцыплінарнай адказнасьці й мэтазгоднасьці ягонага выкарыстаньня на цяперашняй пасадзе.

Вячаслаў Шчыткавец лічыць, што гэта ўсяго толькі спосаб зацягнуць час, каб увосень ціха звольніць Грышкевіча па ўзросьце ў запас, на палкоўніцкую пэнсію.

Зьвернем увагу: за ўдзельніка вайны выдаваў сябе палкоўнік, намесьнік камандзіра корпусу па выхаваўчай працы — асоба, якая кіруе выхаваньнем шматтысячнага калектыву, якая павінна быць ўзорам маральнасьці.

Пра гэта стала вядома, гэты факт даказаны пракуратурай. І што ж? Палкоўнік працягвае выхоўваць, нібы нічога ня здарылася. І на гэта паблажліва глядзіць менскае начальства. Відавочна, гэта й ёсьць негалосна ўхвалены ўладай узровень маральнасьці й прыстойнасьці сёньняшняга беларускага афіцэрства. І што тады казаць аб прэстыжы вайсковай прафэсіі.

Некалькі лістоў на тэму хуткіх прэзыдэнцкіх выбараў. Ніхто з аўтараў допісаў ня мае сумневу, што Аляксандар Лукашэнка захоча падоўжыць тэрмін свайго прэзыдэнцтва яшчэ на пяць гадоў. Пытаньне — ці захоча гэтага беларускае грамадзтва? Вось што піша на гэтую тэму Сьвятлана Васюкевіч зь Менску:

“Ніхто з маіх знаёмых не зьбіраецца галасаваць за Лукашэнку. Усе спадзяюцца на перамены, усе за сем гадоў стаміліся ад дэмагогіі, хлусьні, нявызначанасьці. Надакучыла самаўладзтва чыноўнікаў, без дазволу якіх кроку ня ступіш. А хто дасьць хоць які дазвол без хабару?

Калі меркаваць па Менску, шанцаў у Лукашэнкі на перамогу няма. Але што скажа вёска? Там настрой зусім іншы. Людзі жывуць вельмі бедна, але радыя, што пэнсіі плацяць. У калгасе й таго няма”, — напісала Сьвятлана Васюкевіч зь Менску.

Таксама зь Менску й таксама на тэму выбараў ліст ад нашага сталага аўтара пэнсіянэра Ільлі Копыла. Ён піша:

“Звычайна лічыцца, што пажылыя людзі, пэнсіянэры — гэта электарат Лукашэнкі. І калі хтосьці такое казаў у мой бок, я не крыўдаваў. Хоць сам ніколі ня быў прыхільнікам Лукашэнкі.

Увогуле, падзел электарату паводле ўзроставай прыкметы — няправільны й несправядлівы. Прыхільнікі Лукашэнкі ёсьць і сярод моладзі. У склад РНЕ і БПСМ, які ў народзе называюць “лукамолам”, уваходзяць не пэнсіянэры.

Лукашэнка пераўтварае Беларусь у расейскую калёнію, у паўночна-заходнюю губэрню. Для яго пасада расейскага губэрнатара пад аховай расейскіх спэцслужбаў — гэта спосаб пазьбегнуць адказнасьці за сямігадовую палітыку, вынік якой — заняпад, жабрацтва й міжнародная ізаляцыя”, — напісаў нам сталы слухач Свабоды пэнсіянэр Ільля Копыл зь Менску.

Грамадзкія настроі перад выбарамі вельмі зьменлівыя. І нават сацыёлягі не заўсёды здольныя своечасова зафіксаваць гэтыя зьмены. Памятаеце, як у 1994 годзе Вячаслаў Кебіч да апошняга дня быў упэўнены ў сваёй перамозе — верыў сваім сацыёлягам.

Падобным жа чынам Аляксандар Лукашэнка летась падчас выбараў у гэтак званую палату прадстаўнікоў некалькі разоў рабіў самаўпэўненыя заявы, што ня бачыць супернікаў і ня мае сумневу ў сваёй перамозе на выбарах 2001 году.

І Сьвятлана Васюкевіч, і Ільля Копыл, відавочна, маюць рацыю: апірышча Аляксандра Лукашэнкі — пэнсіянэры, і асабліва пэнсіянэры вясковыя.

Але варта мець на ўвазе, што колькасьць вясковага насельніцтва няспынна зьмяншаецца, і за апошнія сем гадоў дэмаграфічная сытуацыя істотна зьмянілася. Выбаршчыкамі за гэты час сталі сотні тысячаў тых, што ў 1994 годзе яшчэ вучыліся ў школе, прычым у школе пэрыяду нацыянальнага адраджэньня.

Што да спраў вясковых. Вось якімі назіраньнямі пра сёньняшнюю беларускую вёску падзяліўся Міхаіл Дзялендзік зь Ліды Гарадзенскай вобласьці. Ён піша:

“Большасьці нашых калгасьнікаў ніякае фэрмэрства не патрэбнае. На сваёй зямлі працаваць давядзецца ад цямна да цямна, думаць пра тое, як захаваць вырашчанае, дзе знайсьці пакупнікоў. А ў калгасе прывыклі зусім да іншага: з абеда п'юць, з раніцы апахмяляюцца. У перапынках крадуць у тым жа калгасе, каб знайсьці грошай на выпіўку. Які гаспадар такое дазволіць?” — лічыць Міхаіл Дзялендзік зь Ліды.

Вельмі дакладная схема калгаснага гаспадараньня. Існаваць такія, так бы мовіць, “вытворчыя адносіны” здольныя толькі пры адной умове: калі будзе зьнешняе (гэта значыць — дзяржаўнае) фінансаваньне. Інакш хутка надыдзе момант, калі красьці ня будзе чаго. Момант такі для адных калгасаў ужо настаў, для іншых настане вельмі хутка.

Згодзен з вамі, Міхаіл: калгас разбэсьціў вельмі многіх. Але ня ўсіх. Гэтыя нямногія рана ці позна і стануць гаспадарамі на зямлі. У тых жа, хто ня хоча адказнасьці й галаўнога болю, хто ўсё прывык вымяраць бутэлькай — выбар будзе невялікі. Не захочуць займацца самастойнай справай — давядзецца наймацца да гаспадара. Зь вельмі невялікімі шанцамі на тое, што ў яго ўдасца па старой завядзёнцы нешта беспакарана красьці.

На заканчэньне — ліст ад Ільлі Міхалені зь Любаньскага раёну Менскай вобласьці. Ён піша:

“Мне 22 гады, жыву ў глухой палескай вёсцы Калінаўка. Раней яна называлася Чырвоны Двор, потым — Убібацькі, а ўжо ў савецкі час стала Калінаўкай. Мае продкі жылі каля вёскі Кузьмічы, на хутары. Але падчас калектывізацыі іх з хутара сагналі.

Яшчэ нядаўна мне здавалася, што ў гэтай мясцовасьці, з усіх бакоў атуленай балотамі, ніколі нічога цікавага не было. Але потым я даведаўся, што менавіта тут адбываліся важныя падзеі ў часе швэдзка-расейска-польскай вайны на пачатку XVIII стагодзьдзя.

Аднойчы, калі я са сваім дзедам быў у грыбах, ён нават паказваў мне месца, дзе раней былі могілкі швэдзкіх жаўнераў. Там цяпер толькі ямы й пагоркі, зарослыя мохам і хвойнікам. Дзед патлумачыў, што гэта раней нехта раскопваў, шукаючы золата.

Пазьней даведаўся пра каменны брод, што рабілі швэды, пра Чырвоную Горку, дзе стаялі швэдзкія рэдуты й адбываліся крывавыя баі. Цяпер, на жаль, ніхто не цікавіцца гэтымі мясьцінамі”, — напісаў Ільля Міхаленя зь вёскі Калінаўка Любаньскага раёну.

Дзякуй, Ільля, вам за цікавыя назіраньні ды ўсім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых лістоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG