Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Адно выйсьце - каб уладу ў свае рукі ўзяў урад БНР..." ды іншае.


Лісты слухачоў чытае і камэнтуе Валянцін Жданко.

Большасьць лістоў апошняга часу — на тэму хуткіх прэзыдэнцкіх выбараў. У допісах нашых слухачоў часта гучыць думка: галасаваць трэба не за лёзунгі й абяцаньні, а найперш за рэальныя ўчынкі. Каб не памыліцца, варта ўдумліва паглядзець на жыцьцёвы шлях кандыдата на прэзыдэнта. Што да Аляксандра Лукашэнкі — гэта азначае ацаніць сёньняшнюю беларускую рэчаіснасьць і параўнаць яе з тым, што было сем гадоў таму, да Лукашэнкі.

Вось якія высновы зрабіў з такога параўнаньня наш сталы слухач Ільля Копыл зь Менску. Цытую ягоны апошні ліст:

"За час, што пры ўладзе Лукашэнка, я ня здолеў зрабіць ніводнай пакупкі з адзеньня, абутку, мэблі й бытавой тэхнікі. Пэнсіі ледзь-ледзь хапае, каб аплаціць камунальныя паслугі, купіць па магчымасьці лекі й харчы, і тое ў наборы беднага, абмежаванага асартымэнту.

Тым часам уключаю днямі тэлевізар — а там палкоўнік Посахаў у рэклямных паўзах праз кожныя паўгадзіны з патасам паведамляе пра Лукашэнку, які, бачыце, прыняў праграму здаровага ладу жыцьця для народу Беларусі… Нішто сабе здаровы лад — безь яды й адзежы, калі ледзь можаш канцы стачыць, калі народ вымірае ды сьпіваецца, калі амаль усе дзеці маюць адхіленьні ў здароўі.

За прэзыдэнцтвам Лукашэнкі спыніліся рынкавыя эканамічныя рэформы. Што было зроблена да яго — усё разбурана. Ён “запусьціў” усё: заводы, фабрыкі, калгасы, навуку, культуру… Ды так запусьціў, што новай уладзе спатрэбяцца вялікія намаганьні, каб аднавіць і падняць усё гэта.

Адзінае, чаго ён дасягнуў — дык гэта давёў нас да жабрацтва й галечы. За чалавека, які дае папулісцкія абяцаньні, які падмануў нас, я галасаваць ня буду", — гэта быў ліст Ільлі Копыла зь Менску.

Іншы пункт гледжаньня на прычыны й вытокі заняпаду ў Канстанціна Сакольскага са Слоніма Гарадзенскай вобласьці. Канстанцін падзяліўся такімі сваімі назіраньнямі:

"Амаль штодня бачу, як за вакном ля кантэйнэру для сьмецьця корпаюцца людзі, адзін выгляд якіх выклікае агіду. Брудныя, сьмярдзючыя, занядбаныя, апранутыя ў нейкае рызьзё. Вышукваюць у сьмецьці адкіды, пляшкі, паперу…

Адметна, што апошнімі гадамі такіх асобаў значна пабольшала. На вуліцах, у пераходах не прайсьці ад жабракоў. Прычым часта гэта людзі азіяцкай зьнешнасьці.

Раней, за савецкім часам, у нас такога не было. Абяздоленыя й бяздомныя зьявіліся разам зь перабудовай і дэмакратыяй. Але каму патрэбная такая дэмакратыя, пры якой людзі губляюць сваё чалавечае аблічча?" — напісаў Канстанцін Сакольскі са Слоніма.

Абяздоленыя і бяздомныя, Канстанцін, былі заўсёды, і за савецкім часам — таксама. Проста тады змагаліся зь імі радыкальнымі мэтадамі — прыкладам, высылалі з гораду за соты кілямэтар, як з Масквы перад Алімпіядай 1980 году. Любога жабрака лёгка можна было асудзіць паводле артыкулу Крымінальнага кодэксу — за дармаедзтва і бадзяжніцтва.

Апошнім часам жабракоў на вуліцах стала заўважна больш. І гэта, відавочна, вынік ня толькі эканамічнага заняпаду, але й многіх палітычных рашэньняў. Жабракі з Таджыкістану, Узбэкістану ды іншых краінаў Цэнтральнай Азіі бесьперашкодна трапляюць у Беларусь праз расейскую мяжу, якую ніхто не ахоўвае. Каб высылаць іх назад, патрэбныя немалыя бюджэтныя грошы. Да таго ж, няма ніякіх гарантыяў, што празь некалькі тыдняў яны не зьявяцца тут зноў.

Ліст ад Валянціны й Сьцяпана Калесьнікавых з Кіева, з Украіны. Яны пішуць:

"Вы, беларусы, павінны ганарыцца, што вы эўрапейцы-славяне, а вы гэтага чамусьці саромеецеся. У вас няма гордасьці — значыць, ня будзе й незалежнасьці. Калі не паважаеце сябе самі, то хто ж будзе паважаць вас? Калі-небудзь вашым дзецям давядзецца адстойваць незалежнасьць краіны. І ня думайце і не чакайце, што за вас гэта зробяць іншыя.

Ва ўсіх вашых дзяржаўных СМІ толькі й размоваў, што пра нейкія разбурэньні сувязяў, змовы, падкопы, ворагаў, быццам на Захад ад Беларусі — не квітнеючая Эўропа, а ваенны лягер дзікуноў, якія толькі й мараць, каб запаланіць Беларусь.

Лічым, што вам патрэбны такі прэзыдэнт, які паверне краіну ў Эўропу і вызваліць яе ад расейскай залежнасьці", — напісалі Валянціна і Сьцяпан Калесьнікавы з Кіева.

Валянціна і Сьцяпан жывуць у Кіеве, але часта бываюць у Менску, ім ёсьць з чым параўноўваць. Дакор, які гучыць у іхным лісьце, выкліканы, відавочна, жаданьнем не пакрыўдзіць, а хутчэй дапамагчы, падштурхнуць да дзеяньня, засьцерагчы ад фатальных памылак.

Ліст ад Івана Міхалені зь вёскі Калінаўка Любанскага раёну Менскай вобласьці. Ён піша:

"Я — селянін-аднаасобнік, мне 45 гадоў. Радыё Свабода слухаю пастаянна. Хачу паразважаць пра тую надзвычайную сытуацыю, якая склалася ў Беларусі. Па сутнасьці, у нас няма ніводнага легітымнага органу ўлады.

Нават так званы Цэнтравыбаркам прызначаны й падначалены Аляксандру Лукашэнку, прэзыдэнцкія паўнамоцтвы якога скончыліся 20 ліпеня 1999 году. АБСЭ адмовілася прызнаваць паўнамоцтвы й Вярхоўнага Савету 13 скліканьня, і палаты прадстаўнікоў.

Каардынацыйная рада дэмакратычных сілаў не ўсталёўвае галоўнага — незалежнасьці Беларусі. Замест гэтага яна ўцягваецца ў Лукашэнкаву выбарчую авантуру. І які б кандыдат у такіх умовах ні зрабіўся прэзыдэнтам, ён ня будзе мець поўнай легітымнасьці.

Таму прапаную, каб выбары праводзіліся пад кіраўніцтвам АБСЭ. Для гэтага трэба стварыць рух па зборы подпісаў дзеля звароту да АБСЭ. Толькі народ ёсьць адзінай крыніцай дзяржаўнай улады ў краіне. Ці застаецца яшчэ адно выйсьце — каб уладу ў свае рукі ўзяў урад БНР", — напісаў Іван Міхаленя зь вёскі Калінаўка Любанскага раёну.

Наўрад ці вы маеце рацыю, спадар Міхаленя, калі абвінавачваеце Каардынацыйную раду ў тым, што яна “ўцягваецца ў Лукашэнкаву выбарчую авантуру”, а не змагаецца за незалежнасьць Беларусі. Справядлівыя сумленныя выбары сёньня і ёсьць барацьбой за незалежнасьць. Іншыя спосабы зьмены ўлады — у тым ліку й захоп улады ўрадам БНР, ці арганізацыя выбараў АБСЭ — выглядаюць сёньня нерэальнымі.

Пытаньне толькі ў тым, каб дамагчыся выбараў менавіта свабодных і дэмакратычных. А іншых эўрапейская спольнасьць ня прыме — сёньня гэта відавочна.

Ліст ад нашага сталага слухача і аўтара Алеся Ляскоўскага зь вёскі Сучакі Ваўкавыскага раёну Гарадзенскай вобласьці. Ён піша:

"Людзкія надзеі на павышэньне жыцьцёвага ўзроўню лопнулі, нібы тая бурбалка. Пра гэта выразна сьведчаць памеры заробкаў ды пэнсіяў у параўнаньні з цэнамі.

Кіраўнічая вярхушка на чале з Лукашэнкам дагэтуль ня можа ці ня хоча сьцяміць банальнай ісьціны: без шырокага права прыватнай уласнасьці ў дзяржаве ня будзе ні парадку, ні яснасьці. Без прыватызацыі, без прыватнай уласнасьці на сродкі вытворчасьці, на зямлю (зразумела, у пэўных разумных памерах — скажам, да 10 гектараў), без замежных інвэстыцыяў ніякія рынкавыя рэформы ў Беларусі проста немагчымыя.

І ўвогуле, чалавек на гэтым сьвеце без уласнасьці, якая ёсьць надзейным гарантам ягонага дастойнага жыцьця, а не існаваньня — гэта ўсё роўна што дрэва без карэньня ці птушка бяз крылаў.

Толькі адна мара прэзыдэнцкага электарату збылася — нажылі мы сабе з Лукашэнкам так званую “моцную руку”, ды пры тым яшчэ і з гумавай дубінкай", — напісаў Алесь Ляскоўскі зь вёскі Сучакі Ваўкавыскага раёну.

На заканчэньне — ліст ад Cяргея Сіманенкі са Сьветлагорску Гомельскай вобласьці. Сяргей зьвяртаецца да нас з такой заўвагай:

"Часта слухаю вас і нешта не разумею — навошта ледзь ня штодня нагадваць пра Ганчара, Завадзкага, Захаранку? Гэта даўно не навіна, і нічога новага ў гэтай справе ніхто ня кажа. Ці мае дачыненьне да іх зьнікненьня ўлада — таксама невядома. А вы ўсё пра зьніклых ды пра зьніклых.

Людзі штодня дзясяткамі зьнікаюць — і ніхто пра іх ня згадвае. Ці не пара зьмяніць пласьцінку — людзі хочуць ад вас ведаць тое, што адбываецца сёньня, а ня што здарылася год ці два таму", — напісаў Сяргей Сіманенка са Сьветлагорску.

Лідэры палітычнай апазыцыі, Сяргей, бясьсьледна зьнікаюць ня ў кожнай краіне. Адбываецца гэта там, дзе ўладу ўтрымліваюць незаконным чынам; дзе ўлада адчувае ўласную бескантрольнасьць і беспакаранасьць; дзе людзі пазбаўленыя права на свабоднае выказваньне сваіх палітычных поглядаў.

Забывацца пра лёс Ганчара, Захаранкі, Завадзкага нельга дзеля таго, каб заўтра такі ж лёс не напаткаў усіх іншадумцаў і каб гэта ня стала беларускай штодзённасьцю.

На мінулым тыдні мы таксама атрымалі лісты ад Сяргея Абакунчыка зь Вільні, Віктара Барташэвіча і Паўла Міська зь Менску, Ільлі Міхалені зь Любанскага раёну Менскай вобласьці.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG