Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Article 2001-10-20



Ці маглі б мы сябе знайсьці ў бясконцасьці
бяз цэнтру, бяз улады,
без сакатуркі-куркі, безь яйка?

Мы, якія зь зямлі сябе не паднялі,
мы, якія ненавідзячы праўду,
выганяем яе, як д'ябла, з агідаю
і калектыўна камянямі закідваем,
каб пазбавіцца яе?

Мы, якія дыктуюць зьверху
тым, хто да народа зьвернецца,
як апісаць "рэальнасьць",
каб чуць маглі мы заўсёды
- няхай сабе покуль жывыя -
толькі тое, што да нашай дагоды?

Сонца мусіць сьвяціць нядрэмна,
неба зьнерухомець павінна,
мусіць парабкаваць Зямля паярэмленая.

Той, хто прапісвае Божыя запаведзі,
прыдумвае й чалавечыя
забароны абавязкова -
гэта неад'емная ўмова
ў Сенаце, Касьцеле й Пасьцелі,
у Навуцы й Мастацтве
незалежна ад дакладнасьці.

"Залаты век" ці будучыня
па сутнасьці нас не цікавіць,
трэба будзе - усё прагрэсыўнае
да слупа прывяжам і спалім спрэс.
"Будзем дзейнічаць памяркоўна й без
крывіпраліцьця."

Чырвоная Плошча ўсё адно ад кветак пачырванее.
Рэнесанс - адгаворка для ерэтыкоў,
ды ён не супярэчыць ані спазьніцца
унутраным правілам
Інквізыцыі,
нашаму афіцыйна дазволенаму сатанізму,
нашай разбэшчанасьці
і пачуцьцю анафемаю абвешчанаму.

Мабыць, мы маленькія й сьмяротныя,
мабыць, мы бясконца абяртаемся
вакол саміх сябе й Сонца
і сьвет - гэта нібыта невядомае infinito,

але, прынамсі, у нас пекла сваё
і маем выбіраць, каго забіваць.

(Пераклад Рыгора Барадуліна)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG