Сьпяць паэты мінскія, як дзеці,
У сьвяточных снах і шчасных мроях
І ня чуюць, як ідуць забойцы
Па іх душы і нясуць з сабою
Дзевяць грам каштоўнага сьвінцу
Для іх целаў, што ляжаць у ложках.
Разам зь імі у любоўных ложках,
Сьпешчаныя прагай і мілосьцю,
Побач сьпяць паэтавы жанчыны,
І ня чуюць болей анічога
Акром музыкі жаданых сэрцаў,
Што бруіцца над сусьветам быццам
Найчароўнай флейты звон для іх.
Горад сьпіць, схаваўшыся пад коўдры,
Як паэты і жанчыны-музы.
І ня сьпіцца толькі іх забойцам.
Ведаючы страшную работу,
Паляўнічыя ідуць па душы
І нясуць, як Моцарту зламысьнік,
Да аквітасьці – ліхога яду:
Дзевяць грам каштоўнага сьвінцу.