Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праблемы са сьпінай


Кастусь Бандарук, Прага

Амаль кожны чалавек зьведаў у сваім жыцьці боль сьпіны. Дасьледаваньні паказваюць, што 70% дарослых людзей адчувалі боль сьпіны час ад часу, а 30% адчувалі боль цягам апошняга месяца. У Злучаных Штатах гэтае недамаганьне зьяўляецца асноўнай прычынай візытаў да нэўролягаў і артапэдаў і восьмай прычынай візытаў да лекара ўвогуле. Людзі зьвяртаюцца да лекара з болем сьпіны часьцей, чым з гарачкай, болем калена, сыпам, галаўным болем і дзеля праверкі стану здароўя дзіцяці. Дасьледчыкі з Унівэрсытэту Д’юк на чале з д-рам Ксэмэі Луо падлічылі, што лячэньне болю сьпіны абыходзіцца амэрыканцам ўсё даражэй. У 1998 годзе за візыты да лекараў, шпіталізацыю, лекі і розныя мэдычныя прылады пацыенты заплацілі 26 мільярдаў даляраў. Гэта на 30% болей, чым ў 1997 годзе і 2,5% усіх выдаткаў на ахову здароўя. Да гэтага дадаюцца вялізныя сумы выплатаў дапамогі з прычыны непрацаздольнасьці і ўсё большыя кошты новых мэтадаў лячэньня.

Нельга сказаць, што раптоўна павялічылася колькасьць захворваньняў. Боль сьпіны гэтак распаўсюджаны, як галаўны боль і прастуда. “Калі нешта ў гэтым сэнсе зьмянілася, дык гэта спадзяваньні пацыентаў. Некаторыя пацыенты бязьмежна вераць ў фармакалягічную тэрапію, іншыя – у хірургічную апэрацыю. “Цяпер людзі болей нецярплівыя: яны ня хочуць зьмірыцца з болем, ня хочуць яго перачакаць, і лекары вымушаныя ўжываць ўсё больш моцныя лекі, улучна з наркатычнымі, а таксама праводзіць апэрацыі, хаця гэта не заўсёды дае вынікі”, – кажа д-р Стывэн Атлас з мэдычнага факультэту Гарвардзкага ўнівэрсытэту. “Мы, лекары, робім шмат болей, чым раней, але ўсё роўна ня ведаем адказу на пытаньне, ці скарыстаная намі тэрапія дапамагае, ці не”, – канстатуе д-р Атлас.

Гэтую думку падзяляюць іншыя спэцыялісты. “Згодна з шэрагам дасьледаваньняў, у 85% выпадкаў немагчыма акрэсьліць, чаму ў некага баліць сьпіна”, – кажа прафэсар Рычар Дэё з Унівэрсытэту штату Вашынгтон. “Незважаючы на ўсе кошты, увесь час, праведзены ў лекарскіх габінэтах, незважаючы на складаныя апэрацыі, масажы, акупунктуру і працэдуры на пазваночнік, дасьледчыкі ўсё роўна ня могуць адказваць на пытаньне: што дапамагае ў выпадку болю сьпіны і ці нешта наагул дапамагае”, – кажа праф. Дэё.

Спэцыялісты ведаюць, што ў многіх выпадках прычынай болю сьпіны зьяўляецца міжпазваночны храсток, званы “дыскам”. Дыскі даюць пазваночніку эластычнасьць і амартызуюць ўдары. Калі, аднак, яны перамяшчаюцца, тады могуць закранаць спляценьне нэрваў, што неверагодна балючае. Аднак вучоныя пераканаліся, што боль пазваночніка не заўсёды выкліканы анамаліяй дыску, што можна праверыць з дапамогай магнэтычнага рэзанансу. Вучоныя абсьледавалі групу каля 100 чалавек, якія ўвогуле не адчувалі ніякага болю. Аказалася, што ў дзьвюх трацінаў гэтых нібыта здаровых людзей былі нейкія анамаліі пазваночніка: высоўваньне, дэфармацыя, перамяшчэньне або пашкоджаньне дыску. У траціны ўсіх абсьледаваных як мінімум адзін дыск быў не ў парадку. У некаторых выпадках боль сапраўды выкліканы перамяшчэньнем дыску, і апэрацыя прыносіць палёгку, але вельмі часта нават бачная дэфармацыя дыску не выклікае болю – кажа д-р Майкэл Брэнт-Завадзкі, радыёляг са шпіталю ў Ньюпорт-Біч у Каліфорніі. Зрэшты, у многіх выпадках боль праходзіць сам па сабе.

Аб гэтым сьведчыць дасьледаваньне, праведзенае д-рам Дэё і ягонымі калегамі і апісанае ў “Journal of American Medical Association”. Палова з групы 380 пацыентаў з недамаганьнямі зьвязанымі са сьпінай прайшла абсьледаваньне з дапамогай рэнтгену, а другая палова – з дапамогай магнэтычнага рэзанасу. Рэнтген можа выявіць пухліны або дэфармацыю, але ня іншыя анамаліі дыску. Пацыенты, у якіх былі выяўленыя анамаліі дыску, прайшлі інтэнсіўнае лячэньне, улучна з фізіятэрапіяй, акупунктурай, масажамі і хірургічнымі апэрацыямі, а другая палова пацыентаў праходзіла тэрапію, якая насамрэч абмяжоўвалася абязбольваючымі сродкамі. Пасьля пары месяцаў аказалася, што незалежна ад інтэнсіўнасьці лячэньня, усе пацыенты адчулі сябе лепш і вярнуліся на працу. Вось таму артыкул у газэце “International Herald Tribune” быў азагалоўлены “Боль сьпіны – можа лепш нічога не рабіць, найлепшым лекам можа быць час”.

З улікам усіх ранейшых дасьледаваньняў д-р Томас Эрыко, старшыня Паўночна-Амэрыканскага пазваночнікавага таварыства кажа, што ў выпадку болю сьпіны апэрацыя павінна быць апошнім варыянтам. Гэтак лічыць большасьць з 3700 сябраў Таварыства. Яны перакананыя, што хірургічнае ўмяшаньне часам сапраўды неабходнае і імгненна дапамагае, але толькі ў лягчэйшых выпадках, а сымптомы хваробы пераважна аднаўляюцца. Таму ў сваёй лекараскай практыцы яны прызначаюць пацыентам супрацьзапаленчыя і абязбольваючыя лекі і таксама шырока ўжываюць фізіятэрапію. Каб пазьбегнуць праблемаў з пазваночнікам, спэцыялісты раяць у часе працы сачыць за тым, ці сьпіна правільна абцяжараная. Падымаючы цяжары, трэба згінаць калені, а верхнюю частку цела трымаць проста. Моцныя цягліцы аблягчаюць пазваночнік, таму варта заняцца адпаведнымі фізычнымі практыкаваньнямі, найлепш плаваньнем. Седзячы ў крэсьле, трэба сачыць за тым, каб ня горбіцца. Спаць пажадана на даволі цьвёрдым матрацы, і бадай галоўнае, трэба сачыць за сваёю вагою і пазьбягаць атлусьценьня.

А зараз – найноўшыя парады мэдычнай арганізацыі Real Age.

- Багатай крыніцай антыаксыдантаў зьяўляецца фасоля. У кубку фасолі таксама 15 грамаў карыснай для арганізму клятчаткі, значная колькасьць калію, фоліевай кіслаты і магнію. Калі, аднак, з прычыны гэтых складнікаў Вы спажываеце фасолю, найлепш выбірайце цёмную, чырвоную або карычневую фасолю, бо яна болей карысная за белую.

- Калі ў Вас праблемы з крывяным ціскам або высокі ўзровень халестэрыну, Вы павінны часьцей піць сок з грэйпфрутаў. Згодна з дасьледаваньнямі, гэты сок зьмяшчае ў сабе флаваноід, званы нарынгінам. Ён дапамагае арганізму засвойваць калій, які ўплывае на ўзровень крывянога ціску, і статыны, адказныя за ўзровень халестэрыну ў крыві.

- Калі Вы ў старэйшым узросьце, вітаміны могуць засьцерагчы Вас ад хваробы Альцгаймэра. Дасьледаваньні паказваюць, што пасьля 65 гадоў, у прыватнасьці, вітаміны E і C выдатна зьніжаюць рызыку захворваньня на гэтую хваробу. Багатай крыніцай вітаміну Е зьяўляюцца расьлінны алей і арэхі. Вітаміну С шмат у цытрусавых, чорнай парэчцы, зялёнай пятрушцы і кіслай капусьце. Аптымальная доза гэтага вітаміну – 400 міліграмаў вітаміну Е і 800 вітаміну С за дзень.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG