Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новыя адгаворкі, каб не кідаць курыць, есьці піцу і ленавацца


Кастусь Бандарук, Прага

Пачатак новага году для шмат каго быў добрай нагодай, каб скласьці праграму самаўдасканаленьня на ўвесь 2004 год. Некаторыя вырашылі рэгулярна займацца спортам, кінуць курыць, рацыянальна харчавацца. Аднак шмат каму вельмі цяжка пераадолець сваю ляноту, адмовіцца ад звычак, якія несумненна шкодныя, але якія на працягу гадоў давалі чалавеку прыемнасьць. Газэта “The Wall Street Journal” зьмясьціла артыкул пад загалоўкам “Прычыны дзеля таго, каб ігнараваць навагоднія пастановы – новыя адгаворкі, каб не кідаць курыць, есьці піцу і ленавацца”. Аўтар артыкулу Джэйн Спэнсэр піша, што існуюць незьлічоныя навуковыя дасьледаваньні, якія апраўдваюць любыя заганы, пачынаючы зь любові да сонечнага загару і заканчваючы курэньнем. Зразумела, гэтыя дасьледаваньні нельга ўспрымаць як дазвол на неабмежаванае курэньне, спажываньне ўсяго, што нам падабаецца і адмаўленьне ад усялякага спорту, аднак мы можам больш спакойна ставіцца да сваіх звычак, якія мы ня ў стане або ня хочам кантраляваць.

Да цікавых высноваў прыйшлі італьянскія дасьледнікі з Інстытуту Марыё Нэгры ў Мілане, якія абсьледавалі 3300 чалавек, хворых на рак, і 5000 здаровых людзей. Аказалася, што людзі, якія ядуць піцу як мінімум раз у тыдзень, напалову меней хварэюць на рак прамой кішкі і горла. Італьянскія навукоўцы лічаць, што аматары піцы заўдзячаюць гэта лікапіну, антыаксыданту, якім багатыя памідоры, адзін зь неад’емных складнікаў піцы. З другога боку, нельга забываць, што ўдзельнікі дасьледаваньня елі самаробную, хатнюю піцу, у якой, як правіла, меней тлушчу, чым у гатовай.

Дасьледчыкі з мэдычнага факультэту Гарвардзкага ўнівэрсытэту пераканаліся, што 4-5 кубкаў кавы ў дзень на палову зьніжаюць рызыку хваробы Паркінсана. Паводле нямецкіх вучоных, кава засьцерагае ад раку прамой кішкі. Вучоныя з Амэрыканскага таварыства рэпрадукцыўнай мэдыцыны абсьледавалі 750 мужчынаў і прыйшлі да высновы, што кава павялічвае рэпрадукцыйныя здольнасьці мужчынаў. У мужчынаў, якія п’юць гэты напой, рухлівасьць спэрматазоідаў у некалькі разоў большая. Паколькі рухлівасьць спэрматазоідаў – гэта залог апладненьня яйкаклеткі, дык нявыключана, што складнікі кафэіну будуць выкарыстоўвацца для лячэньня бясплоднасьці ў мужчынаў.

Хаця цыгарэты адно ў Злучаных Штатах забіваюць за год 450 тысячаў чалавек, вучоныя здаўна ведаюць, што цыгарэты зьніжаюць рызыку хваробы Паркінсона і язвавых калітаў. Яны заўважылі, што цыгарэты дапамагаюць пераадолець стрэс і трывогу ды падвышаюць канцэнтрацыю. Цяпер вучоныя і фармацэўтычныя кампаніі спрабуюць скарыстаць мэдычныя якасьці нікатыну для лячэньня хваробы Альцгаймэра, сындрому расьсеянай увагі і шызафрэніі. З дасьледаваньняў вынікае, што ў старэйшых людзей, якія насілі нікатынавы плястыр на працягу месяца, выразна палепшылася канцэнтрацыя і паскорыліся разумовыя працэсы. З другога боку, вучоныя ўсё роўна нікому ня раяць курыць, паколькі ў цыгарэтах тысячы іншых шкодных рэчываў.

Калі Вам кажуць, што ласункі шкодныя, гэта праўда, але ня цалкам. Дасьледчыкі з Гарвардзкага ўнівэрсытэту цьвердзяць, што цёмны шакалад ў разумнай колькасьці зьмяншае рызыку сардэчных захворваньняў і павялічвае працягласьць жыцьця. Зь пяцігадовага дасьледаваньня, праведзенага на 8 тысячах амэрыканцаў, старэйшых за 65 гадоў, вынікае, што тыя, хто прынамсі тры разы ў месяц спажывае шакалад ды іншыя ласункі, жывуць у сярэднім на адзін год даўжэй. Вучоныя тлумачаць гэта тым, што цёмны шакалад зьмяшчае ў сабе флаваноіды, антыаксыданты, якіх шмат таксама ў чырвоным віне. Яны зьніжаюць ўзровень “дрэннага” халестэрыну і зьмяншаюць колькасьць свабодных радыкалаў, якія разбураюць клеткі.

Шмат хто баіцца раку скуры, у прыватнасьці, мэляномы, і таму як агню пазьбягае сонечнага загару. Летась ад раку скуры ў сьвеце памерлі 54 тысячы чалавек. Усё часьцей ужываюцца спэцыяльныя крэмы, якія не прапускаюць сонца, але ў выніку людзі сутыкаюцца зь іншай праблемай: дэфіцытам вітаміну D. Гэтага вітаміну шмат ў малацэ і рыбе, аднак ён пераважна вырабляецца скурай пад узьдзеяньнем ультрафіялетавых прамянёў. Вітамін D засьцерагае ад сур’ёзных хваробаў, такіх як астэапараоз, рэўматычны артрыт, дэпрэсія і рак прамой кішкі. Спэцыялісты проста рэкамэндуюць памяркоўнасьць. Аптымальны варыянт – гэта тры разы на тыдзень цягам 15 хвілінаў выстаўляць на сонца твар і рукі.

Вучоныя ў прынцыпе рэкамэндуюць фізычныя практыкаваньні, але нельга забываць і пра наступнае. Пасьля 50 гадоў не пажадана ў часе практыкаваньняў падымаць вялікія вагі. Асабліва тыя, хто схільны да анэўрызму аорты і мае падвышаны крывяны ціск, могуць пацярпець ад сардэчнага ўдару, званага “ аортальным расьсячэньнем”. Калі Вы любіце корпацца ў агародчыку, напрыклад касіць траву, памятайце, што газонакасілкі выкідаюць вялікую колькасьць канцэрагенных хімікатаў. Касіць траву – гэта ўсё роўна, што знаходзіцца на ажыўленай аўтамагістралі.

І на заканчэньне яшчэ адна парада. Не наводзьце ў хаце стэрыльную чысьціню. Зьяўляюцца ўсё новыя пацьверджаньні таго, што калі ў Вашай хаце занадта чыста, у вашых дзяцей падвышаецца рызыка астмы, алергіі і аўтаімуннай хваробы. Калі мікробы ў хаце зьнішчаюцца хімічнымі рэчывамі, у дзяцей ніколі ня выпрацуецца імунітэт супраць пабочных прадуктаў, якія знаходзяцца ў пыле, гразі, пяску, шэрсьці, і калі толькі дзеці сутыкаюцца з гэтымі рэчывамі, у іх зьяўляецца алергічная рэакцыя.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG