Лінкі ўнівэрсальнага доступу

New Scientist: чырвонае віно дапамагае лячыць хваробы лёгкіх


Сяргей Абламейка, Прага

Гэтымі днямі зь Лёндану прыйшла чарговая мэдычная сэнсацыя – знойдзенае ў чырвоным вінаградным віне рэчыва расвэратрол можа дапамагчы хворым на невылечныя хваробы лёгкіх. Улетку адразу некалькі навуковых калектываў з розных краінаў паведамілі аб адкрыцьці расвэратролу і аб ягоным незвычайна карысным уплыве на сардэчна-судзінную сыстэму. І вось цяпер высьвятляецца, што гэтае рэчыва здольнае дапамагаць і пры хваробах лёгкіх.

Сучасная заходняя мэдыцына пад адзінай назвай COPD (Chronic Obstructive Pulmonary Disease) аб’ядноўвае некалькі цяжкіх хваробаў лёгкіх. Сярод іх астма і астматычны бранхіт, бранхіт хранічны, энфізэма лёгкіх і некаторыя іншыя.

На сёньняшні дзень 11% насельніцтва такой буйной і разьвітай краіны як ЗША, пакутуюць да адну з гэтых хваробаў. Штогод ад COPD у Амэрыцы памірае 85 тысяч чалавек. Прычым колькасьць хворых расьце такімі тэмпамі, што паводле прагнозу Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя да 2020 году лёгачныя хваробы выйдуць на трэцяе месца сярод прычынаў сьмерці ў сьвеце.

І вось, як піша часопіс New Scientist, новы крок у змаганьні зь лёгачнымі хваробамі зрабілі мэдыкі з Імпэрскага коледжу ў Лёндане. Аказалася, што расвэратрол здольны падаўляць хранічнае аўтаімуннае запаленьне ў лёгкіх.

У лёгачнай вадкасьці кожнага чалавека ўтрымліваецца пэўная колькасьць макрафагаў – або белых клетак крыві. Гэта спэцыяльныя імунныя чысьцільшчыкі, якія забіваюць нязваных гасьцей у вашым арганізьме. Аднак, як высьветлілася, гэтыя макрафагі здольныя выдзяляць і вельмі шкодныя малекулы, якія выклікаюць запаленьне і пашкоджаньне тканкі лёгкага. Такія малекулы называюцца інтэрлеўкінамі.

І вось брытанскія навукоўцы ўзялі ўзоры лёгачнай вадкасьці ў 15 хворых людзей і ў 15 курыльшчыкаў, якія ня мелі хваробаў лёгкіх. У макрафагі абодвух групаў дадалі атрыманы з чырвонага віна расвэратрол. Зьдзіўленьню навукоўцаў не было межаў, калі аказалася, што выпрацоўка шкодных малекулаў макрафагамі хворых зьменшылася на 88%, а ў макрафагах курыльшчыкаў аж на 94%!

Прычым аказалася, што шкодных малекуклаў у лёгкіх хворага чалавека выдзяляецца некалькі, і выпрацоўку ўсіх іх чырвонае віно падаўляе ня менш чым на 75%.

Брытанскія навукоўцы спадзяюцца, што расвэратрол можа стаць асновай для штучна сынтэзаванага лякарства. Практычная праца па распрацоўцы такога леку ў Вялікай Брытаніі ўжо пачалася. Прычым адна з аўтарак новага дасьледаваньня, доктарка Луіза Данэльлі, заявіла журналістам, што калі проста піць чырвонае віно, то дасягнуць патрэбнай канцэнтрацыі расвэратролу ў лёгкіх даволі цяжка. Таму трэба выпрацоўваць спэцыяльны лек. Што зараз і робіцца.

У гэтай сувязі цікавым для нашых слухачоў можа быць яшчэ адно паведамленьне, якое прыйшло днямі з Францыі. Карысьць ад чырвонага вінаграднага віна ўжо настолькі стала аксыёмай, што францускія вінаробы паставілі сабе на мэце знайсьці спосаб вырабу белага віна, якое б мела ўласьцівасьці чырвонага. Вядома, што расвэратролу ў белым віне значна меней. І вось з дапамогай некаторых вытворчых прыёмаў французам гэта ўдалося. Як заявіў аўтар новага віна П’ер-Луі Тэйсэдр, у ягоным белым віне ўзровень поліфэнолаў у 4 разы большы чым у звычайным, што набліжае яго па складзе да віна чырвонага. Як французы дамагліся гэтага, трымаецца ў сакрэце.

І на заканчэньне тэмы яшчэ адна інфармацыя. У Беларусі расьце колькасьць спажываньня сухога вінаграднага віна, што павінна прынесьці свой плён і для здароўя нацыі. За першыя 8 месяцаў сёлета ў Беларусі прададзены 1 мільён дэкалітраў сухога віна. Для параўнаньня, у Расеі за першыя 7 месяцаў сёлета прададзена толькі 596 тысяч дэкалітраў такога віна, і гэта пры тым, што насельніцтва ўсходняй суседкі Беларусі амаль у 15 разоў большае за беларускае.

***

Надыйшла чарга карысных мэдычных парадаў.

1. Зараз шмат гаворыцца і пішацца аб карысьці зялёнага чаю. Але вось нядаўна навукоўцы паспрабавалі перагледзець узьдзеяньне на арганізм чалавека чорнай гарбаты. Аказалася, што яна таксама вельмі карысная для здароўя. Падчас экспэрымэнту людзі спрабавалі панізіць узровень халестэролу з дапамогай нізкакалярыйнай дыеты. Пры гэтым адны пілі чорную гарбату, а іншыя – не. Аказалася, што ў тых, хто піў чорную гарбату, халестэрол зьменшыўся на 8% хутчэй. Так што і чорная гарбата – багатая крыніца вельмі карысных для сэрца флаваноідаў.

2. Не забывайцеся дадаваць у ежу часнык. Гэтая гародніна зьяўляецца выдатнай крыніцакй рэчыва аліцын, які здольны прадухіляць рост ракавых клетак. Пры гэтым не забывайцеся, што перавараны ці перасмажаны часнык губляе свае карысныя якасьці. Таму дадавайце яго ў страву толькі за некалькі хвілінаў да канца працэсу прыгатаваньня.

3. Яшчэ і яшчэ раз лекары нагадваюць аб карысьці фізычных практыкаваньняў. У адным нядаўнім дасьледаваньні людзі, якія былі памяркоўна актыўныя, на 20% зьнізілі рызыку інфаркту ці інсульту. А найбольш фізычна актыўныя людзі, адпаведна, мелі самую малую рызыку сардэчных прыступаў. Таму лекары заклікаюць – старайцеся кожны дзень рабіць хаця б 30-хвілінную гімнастыку. Гэта рэзка падвысіць вашыя шанцы на здаровае і працяглае жыцьцё.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG