Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Злосьць і гнеў значна больш уплываюць на здароўе сэрца, чым лічылася раней і што такое “нетыповая пнэўманія”, або SARS?


Сяргей Абламейка, Прага

Мала хто ня ведае, што ў народзе і ў мэдыцыне гнеў і злосьць спрадвеку зьвязваліся са здароўем печані. Казалі, маўляў, злосьць ад празьмернай жоўці. Гэтак сама лічыцца і ў мэдычных сыстэмах усходу. Але вось апошнім часам мэдыкі атрымліваюць усё больш доказаў аб непасрэднай сувязі нашага эмацыйнага стану са станам сэрца і судзінаў.

Новым дадзеным мэдыцыны аб гэтай сувязі нядаўна прысьвяціла свой інтэрнэт-выпуск брытанская інфармацыйнай кампаніі ВВС. Першымі лекарамі, якія зьвярнулі ўвагу на эмацыйны стан сардэчнікаў, былі кардыёлягі са Стэнфарду Маер Фрыдман і R.H. Расэнман. Яны заўважылі, што сядзеньні крэслаў у пачакарнях іх кабінэтаў пацёртыя толькі сьпераду. Яны сталі прыглядацца да гэтага і высьветлілі, што хранічныя сардэчнікі, якія хадзілі да іх на прыём, былі нэрвовымі і неўраўнаважанымі людзьмі. Таму яны сядалі толькі на край крэсла, рыхтуючыся ўскочыць і хутчэй пабегчы да лекара – ім было цяжка нават зручна ўладкавацца ў фатэлі і спакойна пачакаць.

Кампанія ВВС апублікавала таксама вынікі аднаго маштабнага дасьледаваньня з ўдзелам 13 тысяч былых студэнтаў. Экспэрымэнт паказаў, што тыя маладыя людзі, якія на раздражняльную сытуацыю рэагуюць найперш гневам, у будучыні нашмат больш схільныя да сардэчных хваробаў – брытанскія лекары падлічылі, што гэтая верагоднасьць у іх узрастае ў пяць разоў або на 500 працэнтаў! Прычым дасьледаваньне паказала, што такі вынік ніяк не зьвязаны са спадчыннасьцю. Удзел у экспэрымэнце бралі людзі сталага веку, якія ў 1948-1964 гадах былі студэнтамі, і зараз адказвалі на падрабязныя анкеты аб сваіх паводзінах у студэнцкія гады. А пасьля ў 90-я гады яны праходзілі рэгулярныя мэдычныя абсьледаваньні для кантролю за станам сэрца.

Што ж адбываецца з нашым сэрцам і ўсім арганізмам, калі мы злуемся? Знайшлі сёньня мэдыкі адказ і на гэтае пытаньне. Аказваецца, вінаватыя нашыя гены, а дакладней інфармацыя, прапісаная ў іх каля 10 тысяч гадоў назад – яшчэ ў першабытныя часы. Пры злосьці наш арганізм імгненна рыхтуецца да бою: рэзка ўзрастае частата сардэчных ўдараў, павялічваецца крывяны ціск, ўзрастае бег крыві ў мышцах і адначасова зьмяншаецца ва ўнутраных ворганах, мабілізуюцца ўсе энэргетычныя рэзэрвы, мяняецца нават згортвальнасьць крыві – яна робіцца больш густою, а сэрца перакачвае ў некалькі разоў большы аб’ём крыві. Арганізм гатовы да выбуху энэргі, каб перамагчы ворага... Аднак, нічога не адбываецца – разьюшанасьць часьцей за ўсё падаўляецца намаганьнем волі. Такі стан арганізму і называецца стрэсам.

У асабліва нэрвовых людзей такія сытуацыі ўзьнікаюць часта і для кардыё-васкулярнага апарату робяцца сапраўдным тэстам на жывучасьць. У выніку спачатку ўзьнікае стан так званай нямой ішэміі, калі падчас выбуху злосьці толькі электракардыяграма можа зафіксаваць парушэньні ў працы сэрца. Але, як вядома, у часе канфліктаў і скандалаў, або і проста ў часе раздражненьня і злосьці ніхто ЭКГ ня робіць. У выніку такія частыя перагрузкі парушаюць сардэчную мышцу і судзіны і выклікаюць хваробы.

Стварылі лекары і сьпіс нэрвовых перагрузак, якія называюць меншымі фактарамі рызыкі – гэта частая зьмена часавых паясоў, пагроза старты працы, патрэба адначасова вырашаць некалькі праблемаў, страта партнэра, развод ці аўтааварыя. Усяго іх некалькі дзясяткаў. Насамрэч гэтыя фактары вельмі небясьпечныя, проста меншымі іх назвалі таму, што іх уплыў на стан сэрца і судзінаў усё ж меншы, чым так званых вялікіх фактараў рызыкі. Да гэтых апошніх належаць узрост, пол, спадчыннасьць, курэньне, высокі ціск, дыябэт і ўзровень халестэролу.

Прыводзіць сайт ВВС і дасьледаваньні францускіх і брытанскіх медыкаў, якія аналізавалі статыстыку сьмерцяў ад інфаркту за 10 гадоў ад 1987-га да 1997-га. Высьветлілася, што маладыя людзі паміраюць ад інфаркту пераважна ў выхадныя дні, а пажылыя – у панядзелкі. Час інфаркту – пераважна ранішнія гадзіны. Супрацоўніца British Heart Foundation Бэлінда Ліндэн лічыць гэта вынікам спрацоўваньня якраз меншых фактараў рызыкі – у нядзелю і панядзелак людзі пачынаюць думаць над задачамі новага працоўнага тыдня. У моладзі, штопраўда, статыстыка паказвае на падвышанае ўжывнаьне алькаголю і падвышаную фізычную нагрузку ў выхадныя дні. Пераважна ранішнія выпадкі інфарктаў тлумачацца падзеньнем ціску ў ранішнія гадзіны і нагрузкай падчас абуджэньня. Менавіта ў гэтую пару адбываецца падвышанае спальваньне гармонаў катэхалямінаў, якія падтрымліваюць працу сэрца.

Стрэс ставіць пад пагрозу здароўе сэрца менавіта ў мужчынаў, бо менавіта яны былі паляўнічымі і ваярамі, менавіта іх арганізм пры злосьці і раздражненьні пачынае рыхтавацца да бою. У жанчын стрэс нівэлююць жаночыя гармоны, менавіта таму пасьля менапаўзы ўзровень рызыкі сардэчных хваробаў рэзка ўзрастае і ў іх.

Як жа можна змагацца з адмоўным уплывам раздражненьня і злосьці на сэрца і судзіны? Найперш трэба зразумець, што іх нельга падаўляць. Кампанія ВВС прыводзіць заяву супрацоўніцы арганізацыі Minde Джуліі Мак Фэрсан, якая кажа, што вызваляцца ад напружаньня трэба кантраляваным шляхам. Трэба шукаць, сьцьвярджальны шлях выхаду з канфліктаў, а не дэструктыўны, калі стрэсавая сытуацыя замарожваецца і працягваецца ў схаванай форме. Джулія Мак Фэрсан таксама заклікае людзей глядзець на сваё цела і сваю душу як на цэлую і непадзельную зьяву і старацца пазьбягаць раздражненьня і злосьці. Вырашальныя тут адносіны да жыцьця. У амэрыканскім штатце Мэрылэнд мэдыкі параўналі 150 людзей пасьля апэрацыі шунтаваньня і 150 здаровых аднаго і таго ж веку. Аказалася, што здаровыя значна часьцей сьмяюцца і стараюцца разьвязваць канфлікты мірна. Калі ж, кажуць мэдыкі, прыпадак злосьці ўсё ж здарыўся, ні ў якім разе не падаўляйце яго воляй, лепш выйдзеце на вуліцу і прабяжэцеся або зрабеце некалькі істотных фізычных практыкаваньняў, каб, прынамсі, адчуць лёгкую стомленасьць.

***

Вайна ў Іраку троху адцягнула ўвагу чалавецтва ад новай цяжкай хваробы, якая зьявілася ў паўднёва-усходняй Азіі і пасьпела ўжо распаўсюдзіцца па ўсім сьвеце. Журналісты называюць яе нетыповай пнэўманіяй, мэдыкі ж далі ёй назву “востры цяжкі сындром дыхальных шляхоў” – па-ангельску скарочана SARS.

Першыя праявы новай “азіяцкай” хваробы, – піша брытанскі часопіс Economist, – падобныя да грыпу. Хворыя маюць высокую тэмпэратуру, ім баліць горла і галава, яны кашляюць. Пазьней, аднак, зьяўляюцца праблемы з дыханьнем, якія могуць прывесьці і да сьмерці. Якраз гэтая другая стадыя хваробы больш нагадвае запаленьне лёгкіх. Але, – канстатуе Economist, – тут ёсьць істотная розьніца. Пры клясычнай пнэўманіі лёгкія запаўняе сьлізь, пры новай жа хваробе лёгкія ацякаюць, ўпіраюцца ў грудзіну і ня могуць дыхаць. Частка пацыентаў пры такім разьвіцьці хваробы памірае. Хвароба пераносіцца пры прамых кантактах з хворым, таму зараз распаўсюдзілася сярод пацыентаў і мэдыкаў, якія спачатку не ўжывалі абарончых масак.

Паходжаньне інфэкцыі пакуль лекарам невядомае. Упершыню яна зьявілася адначасова ў віетнамскім Ханоі і ў кітайскім Ганконгу, але сьляды вядуць у кітайскую правінцыю Куанг-Тунг, дзе нетыповае запаленьне лёгкіх зьявілася ўжо ў лістападзе летась – тады ад яго памерлі 305 чалавек. Зараз высьвятляецца, ці ня выкліканы цяперашні SARS нашчадкам-мутантам кунг-танскай пнэўманіі.

Сам вірус навукоўцы ўжо здолелі знайсьці ў носе хворых. Ён належыць да сям’і так званых параміксавірусаў, і можа быць адказны за SARS. Як заявіў днямі супрацоўнік Сусьветнай арганзацыі аховы здароўя Дэвід Гейман, гэта вельмі вялікая група вірусаў, і яна можа выклікаць шматлікія праблемы са здароўем. Пакуль што лекары выпрабоўваюць дзеяньне розных антывірусных лекаў і лічыцца, што пошук дзейснага сродку ад SARS можа працягнуцца яшчэ некалькі тыдняў.

***

А зараз некалькі традыцыйных парадаў амэрыканскай мэдычнай арганізацыі RealAge, як жыць доўга і захаваць да старсьці добрае здароўе.

1. Калі вы гутарыце з кімсьці, часьцей сустракайцеся зь ім поглядамі. У адным нядаўнім вывучэньні высьветлілася, што калі людзі сустракаюцца поглядамі, гэта прыводзіць да большага ўзаемаразуменьня і аказвае станоўчы ўплыў на эмацыйны стан і фізычную кандыцыю. RealAge сьведчыць, што калі вы маеце добрую сацыяльную падтрымку ад сяброў і сям’і, гэта можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на тры з паловай гады маладзейшым.

2. Нядаўна мэдыкі высьветлілі, што гароднінны суп на сьняданак можа быць выдатным сродкам для пахудзеньня. Калі вы спажываеце падчас сьняданка шмат вадкасьці, гэта хутчэй выклікае пачуцьцё напаўненьня ў страўніку, а ў выніку вы спажываеце менш калёрыяў. RealAge сьведчыць, што спажываньне разнастайнай дыеты, нізкай у калёрыях і багатай на вітаміны і мінэралы можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 4 гады маладзейшым.

3. Калі вы маеце на мэце заняцца гэтай вясной актыўнымі фізычнымі практыкаваньнямі, не забудзьцеся забясьпечыць сябе вітамінамі С і Е. Апошнія дасьледаваньні паказваюць, што гэтыя два антыаксыданты вельмі дапамагаюць мышцам аднаўляцца пасьля фізычнай нагрузкі. Паклапацецеся, каб у вашым рацыёне штодзень было 1200 міліграмаў вітаміну С і 400 адзінак вітаміну Е. Паводле RealAge, атрыманьне з дыетай і праз дадаткі правільнай колькасьці антыаксыдантаў можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 6 гадоў маладзейшым.

4. Калі вы дбаеце пра здароўе касьцей, уключайце ў свой рацыён грыбы. Кубачак вараных грыбоў утрымлівае амаль міліграм медзі. Медзь – гэта рэчыва, якое можа адыграць важную ролю ў прадухіленьні астэапарозу. На сёньня не існуе ўзгодненай штодзённай нормы спажываньня медзі. RealAge лічыць, што ад палутара да трох міліграмаў у дзень – добрая мэта. Разнастайная дыета можа зрабіць ваш рэальны біялягічны ўзрост на 4 гады маладзейшым.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG