Да чарговай гадавіны аварыі на Чарнобыльскай АЭС у міжнародных навуковых выданьнях зьявілася шмат артыкулаў, прысьвечаных наступствам катастрофы. Навукоўцы збольшага не пагаджаюцца з найноўшай справаздачай ААН, згодна зь якой Чарнобыльскую зону нельга лічыць “крызыснай зонай”.
Паводле прадстаўніка Міжнароднага Чырвонага Крыжа Дыд’ера Чэрпітэла, каля чатырох мільёнаў чалавек, незалежна ад месца жыхарства, асуджаныя на ўзьдзеяньне радыяцыі, найперш з прычыны заражанай вады, паветра і харчоў. Да такой высновы прыйшлі навукоўцы з Унівэрсытэту Джорджыя, якія з 1991 году правялі ў раёне Чарнобылю восем навуковых экспэдыцыяў.
Адселеная забруджаная зона зрабілася раем для дзікіх жывёлаў і птушак, разьвяліся алені, касулі, дзікі, бабры, зайцы, качкі й лысухі. Браканьерства строга забароненае, аднак ім займаюцца самі ахоўнікі. Дзякуючы ім футры, мяса, рыба, ракі, грыбы і ягады з забруджанай зоны ў вялікай колькасьці трапляюць на рынкі некалькіх краінаў.
Паводле прафэсара фармакалёгій і таксыкалёгіі Чэма Даласа з Унівэрсытэту Джорджыя, пасьля Чарнобылю нават рыбу нельга лічыць здаровай ежай. Вялікія рыбы (самы, карпы і шчупакі) асабліва шмат зьбіраюць радыеактыўных ізатопаў і цяжкіх мэталаў. У гэтых відах рыбаў выяўлена ў 3–5 разоў болей радыёнуклідаў, чым у аналягічных відах ў ЗША, а ў грызуноў – у 10 разоў болей. Дарэчы, у мясе жывёл паўраспад радыеактыўнага ізатопу цэзію складае 30 гадоў.
Навукоўцы лічаць, што праз 16 гадоў пасьля Чарнобыльскай катастрофы ўзровень радыяцыі застаецца надзвычай высокім ня толькі ва Ўкраіне, Беларусі й Расеі, але і ў шэрагу іншых краінаў Эўропы. Гэта прымусіла ўлады паўднёвай Баварыі ўвесьці абмежаваньні на выпас авечак, а брытанскім і нарвэскім рыбакам ня раяць у некаторых раёнах лавіць ласося ды іншую рыбу.
Паводле дасьледчыка з брытанскага Цэнтру Экалёгіі й Гідралёгіі Джыма Сьміта, у першыя пяць гадоў пасьля Чарнобылю ўзровень радыеактыўнага цэзію ў расьлінах і азёрнай вадзе зьменшыўся ў 10 разоў, аднак далей амаль ня меншае. Навукоўцы лічаць, што наступныя паўстагодзьдзя патрэбныя абмежаваньні на некаторыя харчы.
* * *
А зараз – пра больш вясёлае. Звычайна лічыцца, што сьмех – банальны, ён сьведчыць пра легкадумнасьць і бестурботную наіўнасьць, што ён непрадуктыўны, нічога не дае і нічога не вырашае. Аднак праведзеныя ў ЗША дасьледаваньні паказалі, што гэта ня так.
Вядома, што ў час свабоднага рынку і бязьлітаснай канкурэнцыі людзі вымушаныя працаваць ў атмасфэры сьпеху, стрэсу і напружанасьці. З-за высокіх тэмпаў працы зьяўляюцца шматлікія хваробы, боль хрыбетніка, галавы, дэпрэсіі, слабее імунная сыстэма, падвышаецца ціск і ўзьнікаюць хваробы сэрца. Тым часам кожны ўласьнік або загадчык прадпрыемства хоча, каб падначаленыя працавалі як мага больш прадуктыўна, каб як найменш хварэлі, былі задаволеныя сваёй працай і не думалі пакідаць яе.
Дзеля падвышэньня прадуктыўнасьці працы неабходна стварыць спрыяльную атмасфэру. Аказалася, што працаўнікі тых кампаніяў, якія сур’ёзна паставіліся да станоўчага ўплыву сьмеху, менш хварэюць, яны больш задаволеныя сваёй працай і проста лепш працуюць.
Паводле дасьледаваньняў, ажно 97% амэрыканскіх мэнэджэраў лічаць, што сьмех і гумар станоўча ўплываюць на бізнэс. 60% кіраўнікоў перакананыя, што пачуцьцё гумару можа ўплываць на вынікі працы. 29% амэрыканскіх начальнікаў зьвяртаюцца да гумару і сьмеху падчас сваёй працы, а 8% стратэгічна скарыстоўваюць гумар у кантактах з супрацоўнікамі й гандлёвымі партнэрамі.
Многія прадпрымальнікі заўважылі, што на прадуктыўнасьць працы ўплывае шэраг чыньнікаў, якія не залежаць ад арганізацыі працы, кваліфікацыі пэрсаналу і якасьці матэрыялаў. Акрамя таго, што чалавек павінен быць найперш здаровы, ён мусіць любіць сваё працоўнае месца і свой занятак.
А сьмех і гумар дапамагаюць у інтэграцыі працоўнага калектыву і ў разьвязцы канфліктных сытуацыяў. Пачуцьцё гумару дае людзям самаўпэўненасьць, у іх лепшыя дачыненьні з працоўным калектывам. Такія людзі хутчэй прыстасоўваюцца да зьменаў.
Здаровы сьмех аблягчае паразуменьне зь калегамі і кліентамі, дазваляе зьмякчыць напружаную атмасфэру, здымае недавер і насьцярожанасьць. Згодна праведзеным у ЗША дасьледаваньням, пачуцьцё гумару і здольнасьць сьмяяцца выдатна дапамагаюць у кар’еры, і больш за 90% працадаўцаў больш прыхільна ставяцца да людзей з пачуцьцём гумару.
Амэрыканскія навукоўцы з Таварыства Нэўралёгіі ў часе штогадовай сустрэчы ў Сан Дыега прадставілі вынікі сваіх найноўшых дасьледаваньняў. Зь іх вынікае, што сьмех ня толькі станоўча ўплывае на адчуваньне і настрой чалавека, але ц умацоўвае імунную сыстэму, – чытаем у мэдычным разьдзеле агенцтва “ABC NEWS” “Сьмейся на здароў’е”.
Спэцыялісты скарысталі традыцыйныя тэсты на ўзровень напружанасьці, прыгнечанасьці, гневу, стомы і дэзарыентацыі. “Мы ўпершыню пераканаліся, што нават прадвесьце, пэрспэктыва або чаканьне забаўнай ці вясёлай сытуацыі паляпшае стан імуннай сыстэмы і дапамагае арганізму перамагчы хваробу”, – заявіў дасьледчык з Ірвінгскага Каледжу Мэдыцыны Лі Бэрк. Ужо пасьля абяцаньня прагляду вясёлага фільму ў 10 дасьледаваных мужчынаў паказчык прыгнечанасьці зьменшыўся на 51%, дэзарыентацыі – на 36%, гневу – на 19% і стомленасьці – на 15%.
Яшчэ лепшы вынік даў сам прагляд вясёлага відэафільму. У сярэднім ва ўсіх тых жа дасьледаваных 10 мужчынаў пасьля фільму стан прыгнечанасьці й гневу зьменшыўся на 98%, стомы – на 87%, дэзарыентацыі – на 75% і напружанасьці – на 61%.
Доктар Лі Бэрк адзначыў, што вынікі гэтых дасьледаваньняў на практыцы пачалі скарыстоўваць некаторыя дзіцячыя шпіталі. Каб падняць настрой і ўзмацніць імунную сыстэму хворых дзяцей, шпіталі пачалі ўводзіць адмысловыя забаўляльныя праграмы. У прыватнасьці, шпіталі запрашаюць прафэсійных клёўнаў, або супрацоўнікі самі пераапранаюцца ў клёўнаў ды забаўляюць і сьмяшаць дзяцей.
Тэрапію сьмехам запачаткаваў індыйскі доктар Мадан Катарыя, які ў сярэдзіне 1990-х гадоў пачаў арганізоўваць “Клюбы сьмеху”, дзе практыкавалася таксама і ёга. Падобныя клюбы ўвёў таксама Фонд ракавых захворваньняў у Мэмфісе, штат Тэнэсі. Іхны дэвіз: “Сьмейся, не зважаючы ні на што”. “Гэта нешта кшталту клюбаў аэробікі, – кажа псыхоляг Стыў Уільсан. – Група людзей зьбіраецца разам у прызначаным месцы і разам з інструктарам-“лідэрам сьмеху” практыкуе сьмешкі й рогат. Мы лічым, што “клюбы сьмеху” паляпшаюць стаўленьне да жыцьця”, – кажа Ўільсан.
Навукоўцы лічаць, што асноўны аздараўленчы чыньнік знаходзіцца ў самім чалавеку. Радасьць жыцьця, аптымізм і сьмех здольныя перамагчы любы ўдар, нават цяжкую хваробу.
На жаль, з гадамі мы сьмяемся ўсё менш. Дзіця да 5 гадоў сьмяецца ў сярэднім 250 разоў на дзень, падлетак хіхікае раз-пораз, дарослы чалавек – усяго 15 разоў на дзень.
Людзі з натуры бесклапотныя сьмяюцца часьцей, а іхны сьмех пазбаўлены ўсялякіх падтэкстаў – здаровы, шчыры і сардэчны. Усе ахвотней бываюць сярод людзей кампанейскіх, вясёлых і аптымістычна настроеных. Для бізнэсоўцаў, журналістаў і палітыкаў усьмешка і гумар асабліва важныя, бо яны дапамагаюць заваяваць давер і сымпатыю людзей.
Як доказ таго, што сьмех – гэта здароў’е зьявілася новая галіна мэдыцыны “геляталёгія”. “Лячэньне сьмехам” сталася аб’ектам дасьледаваньняў і лекцыяў ва ўнівэрсытэтах. У адным з артыкулаў на тэму сьмеху ў “Medical Tribune” чытаем, што “дзякуючы сьмеху паздаравее ўся сыстэма аховы здароў’я”.
Знакаміты брытанскі актор Лорэнс Аліўе гаварыў, што “задаволеныя людзі пераважна ўвогуле не хварэюць, а калі й нешта прычэпіцца да іх, дык хутка здаравеюць, перамагаючы нават рак”. Чалавек, які шчыра сьмяецца, ня можа быць хворым. Шлях да захаваньня маладосьці й добрага здароў’я вядзе праз радаснае стаўленьне да жыцьця.
Паводле навукоўцаў, шчыры і гучны сьмех дае працу 80 цягліцам і часткам цела. Ён падвышае крывяны ціск, паскорвае працу сэрца, паляпшае дыханьне і зьніжае ўзровень шкодных гармонаў кшталту адрэналіну. Сьмех рухае дыяфрагму, масажуе сэрца, лёгкія і ўвесь стрававальны тракт. Расслабляючы цягліцы, сьмех адначасова пашырае вены, паляпшае кровазварот, і дзякуючы гэтаму арганізм атрымлівае больш кіслароду. “Каб захаваць добрае здароў’е, мы мусім як мінімум некалькі разоў на дзень ажно заходзіцца ад сьмеху”, – лічыць доктар Уільям Фрай са Стэндфардзкага Ўнівэрсытэту.
Больш сьмеху – гэта больш кіслароду ў лёгкіх, бо сьмеючыся, мы дыхаем значна хутчэй і глыбей. Заміж паўлітра паветра ўдыхаем паўтара літра. Дзякуючы гэтаму арганізм атрымлівае большую дозу кіслароду. Адчувальна рэагуе на гэта мозг, папраўляецца ягоная псыхічная прадуктыўнасьць, канцэнтрацыя, спраўнасьць і рэфлексы. Да 100 удараў на хвіліну паскорваецца праца сэрца. Дзякуючы гэтаму, кроў даходзіць да ўсіх клетак цела 4–6 разоў на хвіліну заміж як нармальна – 1–2 разы.
Навукоўцы таксама лічаць, што ў часе сьмеху мозг выдзяляе натуральныя абязбольвальныя рэчывы эндарфіны, якія называюць “гармонамі шчасьця”. Яны зьмяншаюць боль зуба, галавы, цягліцаў у выпадках артрыту, алергіі ды мігрэняў. Амэрыканскія стаматолягі правялі шэраг экспэрымэнтаў, калі падчас стаматалягічных працэдураў давалі сваім пацыетам вокіс азоту – гэтак званы “разьвесяляльны газ”. Адчуваньне болю ў пацыентаў зьмяншалася на 50%.
Дасьледуючы прычыны даўгавечнасьці, нэўрапсыхоляг з мэдычнага аддзяленьня Гарвардзкага Ўнівэрсытэту Марджары Гатэр Сыльвэр выявіла непасрэдную сувязь між пачуцьцём гумару і даўгавечнасьцю. Сыльвэр пераканалася, што большасьць пацыентаў, якія пражылі больш за 100 гадоў, маюць адну агульную рысу – аптымізм і ўменьне радавацца жыцьцю.
Калі да 102-гадовай пацыенткі Сыльвэр прыехала тэлевізійная група, каб узяць у яе інтэрвію пра сакрэт ейнай даўгавечнасьці, бабуля не магла стрымацца ад сьмеху. У яе спыталіся, чаму яна гэтак сьмяецца, тая адказала: “Калі суседзі пабачаць перад маёй хатай гэтулькі аўтамабіляў, напэўна падумаюць, што я памерла”.
* * *
А зараз некалькі найноўшых парадаў “RealAge”.
Калі вам цяжка выканаць дзённую норму хады або бегу, згадайце пра фініш. Дасьледаваньні й вопыт паказваюць, што людзі гатовыя прымусіць сябе да большага высілку, калі вызначаюць дакладную дыстанцыю і пункт, якога яны павінны дасягнуць, – канцавы пункт. Гэта больш эфэктыўна, чым хадзіць або бегаць проста паўгадзіны. Ведаючы, што нельга спыніцца не дасягнуўшы мэты, чалавек дасягне яе і ня будзе глядзець на гадзіньнік. Паводле “Real Age”, дзякуючы рэгулярным спартовым заняткам, ваш біялягічны ўзрост будзе на дзевяць гадоў меншы.
Калі ў вашай сям’і вельмі распаўсюджаныя хваробы сэрца, дзякуючы асьпірыну вы можаце парваць з гэтай сямейнай традыцыяй. Паводле спэцыялістаў, штодзень прымаючы асьпірын, вы можаце выдатна зьменшыць верагоднасьць хваробаў сэрца. Асьпірын асабліва карысны людзям зь вялікай рызыкай сардэчных захворваньняў, дыябэтыкам, тым, хто мае падвышаны ўзровень халестэрыну і генэтычныя схільнасьці да сардэчна-сасудавых хваробаў. Калі штодня прымаць таблетку асьпірыну на 325 міліграмаў, вы будзеце адчуваць сябе на два гады маладзейшымі.
Некаторыя лічаць, што яны на 100% задавальняюць дзённую патрэбу ў вітаміне С – 75-90 міліграмаў, калі штодня п’юць апэльсінавы сок. Аднак паводле спэцыялістаў, дзеля лепшага здароў’я пажадана ўзбагаціць дзённую дыету багатай вітанамінам С садавінай і гароднінай – напрыклад, журавінамі й чырвоным перцам (папрыкай). Калі пастаўляць арганізму 1,200 міліграмаў вітаміну С штодня, біялягічна вы будзеце на год малодшыя.
Многім, асабліва мужчынам старэйшага веку, дакучае прастата. Мужчыны, якія як найменш два разы на тыдзень ядуць таматны соўс, на 23% радзей хварэюць ракам прастаты, чым тыя, што спажываюць яго ўсяго раз на месяц. Таматны сок мае проціакісьляльныя ўласьцівасьці (антыаксыдантныя) і выдатна прадухіляе рак прастаты. Калі спажываць як найменш 10 чайных лыжак таматнага соўсу штотыдня, вы будзеце адчуваць сябе на год маладзейшымі.