Як паведаміў Радыё Свабода прэсавы сакратар грамадзкай ініцыятывы “За выратаваньне мэмарыялу Курапаты” Сяргей Сахараў, празь некалькі тыдняў выйдзе ў сьвет кніга пра Курапаты, у якой будзе адлюстраваная гісторыя нацыянальнага нэкропалю ад 1930-х да 2002 году.
Выданьне амаль гатовае да друку, чакае толькі канчатковага рэдагаваньня, ужо ёсьць прыблізны макет вокладкі. Як адзначыў Сяргей Сахараў, кнігу пра Курапаты падрыхтавала рабочая група грамадзкай ініцыятывы, якая займаецца навукова-практычнай дзейнасьцю.
(Сахараў: ) “Гэтую групу ўзначальвае старшыня грамадзкага аб’яднаньня “Дыярыюш” Ларыса Андросік, і ў яе ўваходзяць людзі, якія спрычыніліся да адкрыцьця трагедыі ў Курапатах, і тыя, хто бралі ўдзел у археалягічных раскопках у 2001 годзе. Гэта Ігар Кузьняцоў, Алег Іоў, Мікола Крывальцэвіч. А таксама Вацлаў Арэшка, які займаецца рэдагаваньнем гэтай брашуры. Я, як прэсавы сакратар, рыхтую матэрыялы пра тое, што адбывалася ў Курапатах, пачынаючы зь верасьня 2001 году й да сёньняшняга дня”.
Паводле Сяргея Сахарава, тэксты кнігі будуць арыгінальныя, яны яшчэ нідзе не друкаваліся.
(Сахараў: ) “Кузьняцоў піша пра тое, што адбывалася ў Курапатах у 1930-я гады. А што тычыцца Крывальцэвіча й Іова, то яны глядзяць на курапацкую праблему з гледзішча археалёгіі. Трэцяя частка тычыцца самых апошніх падзеяў вакол Курапатаў. Спадар Вацлаў Арэшка мяркуе, што яна мусіць быць чыста інфарматыўнай. Там мусіць быць як мага менш эмоцыяў, бо, каб усе бакі былі задаволеныя кнігай, яна мусіць быць чыста інфарматыўнай. Пры тым, што яна разьлічаная як на прадстаўнікоў трэцяга сэктару, так і на звычайных грамадзянаў, якія гэтай тэмай практычна не валодаюць, а проста ведаюць, што ёсьць Курапаты”.
Паводле прэсавага сакратара грамадзкай ініцыятывы “За выратаваньне мэмарыялу Курапаты” Сяргея Сахарава, наклад выданьня будзе ня меншы за 500 асобнікаў.
Што да абвяшчэньня конкурсу найлепшага праекту стварэньня мэмарыялу ў Курапатах, то, як адзначыў Сяргей Сахараў, па часе будуць сфармуляваныя асноўныя пункты — якім мусіць быць гэты мэмарыял. Інфармацыя пра конкурс будзе надрукаваная ў газэтах, а таксама абвешчаная па радыё.
Да гэтага варта дадаць, што пытаньне аб пабудове ў Курапатах мэмарыялу ахвярам палітычных рэпрэсіяў надоечы абмяркоўвалі й дэпутаты “палаты прадстаўнікоў” Нацыянальнага сходу.
Паводле кіраўніка камісіі ў справе правоў чалавека, нацыянальных адносінаў і СМІ Валерыя Ліпкіна, узьвядзеньне мэмарыялу ў Курапатах будзе садзейнічаць “аднаўленьню гістарычнай справядлівасьці” і “пакладзе канец спрэчкам, якія існуюць у грамадзтве”. Сябры камісіі, якую ўзначальвае спадар Ліпкін, маюць намер зьвярнуцца да старшыні "палаты прадстаўнікоў" Вадзіма Папова з тым, каб ініцыяваць разгляд гэтага пытаньня на сэсіі.