Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шаленства ў вёсцы Сырад


Ягор Маёрчык, Сырад

(Спадар: ) “Сабака цапнуў мяне за руку. Укусіў. Скуру абдзёр”.

(Карэспандэнт: ) “Хадзілі да лекара?”

(Спадар: ) “Не, не хадзіў”.

Гэты састарэлы жыхар вёскі Сырад зьвяртацца да мэдыкаў не зьбіраецца. Але гэта ня значыць, што мэдыкі ня прыйдуць да яго самі. Прынамсі сабакамі людзі ў белым ужо займаюцца. Ад самага ранку звычайны “козьлік” з надпісам “Вэтэрынарная служба” спыняецца ля кожнай хаты. Негаваркія двухногія істоты ловяць і прышчэпліваюць сваіх чатырохногіх сяброў.

(Карэспандэнт: ) “А што здарылася?”

(Мэдык: ) “Нічога ня здарылася!”

(Мэдычка: ) “Шаленства! У каровы шаленства выявілі. Быў кантакт, таму і сабакаў прышчэпліваем, каб інфэкцыі не распаўсюджвалі”.

(Іншая мэдычка: ) “Вірус разносіцца!”

(Карэспандэнт: ) “Неяк да людзей гэтая зараза чапляецца? Ёсьць небясьпека?”

(Мэдык: ) “Калі чалавек пакусаны — значыць, так. А калі не, нічога страшэннага няма”.

Растлумачыць сытуацыяю я папрасіў Паўла Пырка — пэнсіянэра, карэннага жыхара Сыраду:

(Пырко: ) “Я толькі сёньня даведаўся, што карова захварэла й здохла. Гэта было шаленства. Людзі ня кормяць сабакаў. А сабака знойдзе, дзе захоча. Вось беспрытульныя сабакі й панаядаліся”.

Да гэтага аповеду дадам некалькі акалічнасьцяў. Аднаўлю храналёгію падзеяў: карову падохла, мяса і вантробы выкінулі на сьметніцу, а галаву павезьлі ў Гомель на экспэртызу. Пасьля таго, як абвесьцілі вынікі дасьледаваньня, увесь Калінкавіцкі раён ня можа супакоіцца. Тым часам бадзяжныя сабакі тую дохлую карову даўно зьелі. Цікава, што жыхары Сыраду пра небясьпеку шаленства даведаліся ледзь не апошнія. Гэта здарылася толькі ў той дзень, калі вэтэрынары пачалі прышчапляць сабакаў.

Усё той жа Павал Пырко тлумачыць, чаму ў ягонай роднай вёсцы інфармацыя распаўсюджваецца так марудна:

(Пырко: ) “Тут адзін да аднаго людзі ня ходзяць. Я яго ня ведаю, а ён — мяне”.

(Карэспандэнт: ) “А чаму так?”

(Пырко: ) “Я ня ведаю, чаму так. Такі народ. Я ў Аўцюках жыў. Як нядзеля, калі ласка, на вуліцы гуляюць, поўная вуліца людзей. А тут нікога няма. Увечары гадзінаў у пяць з хаты выпаўзеш, паглядзіш, што на вуліцы? Нічога! Дый усё. На гэтым і крышка! Бо я ні да кога не хаджу, і да мяне ніхто ня ходзіць”.

(Карэспандэнт: ) “А ня сумна адному?”

(Пырко: ) “Чаму адзін? У мяне баба ё! Хоць хворая, але ё. Пасварыцца ёсьць з кім”.

Зь якім чалавекам у Сырадзе ні размаўляй, усе гутаркі пачынаюцца і заканчваюцца толькі тэмай шаленства. Пры мікрафоне Тамара Севярын:

(Севярын: ) “Вось я толькі сёньня і ўчула, што ў калгасе карова здурэла. Ды яшчэ, каб хто такі разумны распавёў, а то нейкі п’яніца! А хто ў гэтым вінаваты?! А чаго яны карову тую не запёрлі, каб сабакам не дасталася?”

(Карэспандэнт: ) “Ня ведаю”.

(Севярын: ) “Гэта што, яны маюць рацыю, гэтае начальства? Бачаць, што карова дурная, трэ было зрабіць так, каб яна сабакам не даступная была!”

Спадарыня Тамара жыве адна. Муж памёр, а дзеці даўно разьехаліся. А яна ўсё яшчэ трымае гаспадарку, зь якой і жыве.

(Севярын: ) “Як нашае жыцьцё? Вось пазамярзалі ўсе калонкі. А тут няма каму пачысьціць гэтага калодзежа”.

(Карэспандэнт: ) “У сельсавет бы зьвярнуліся, каб пачысьцілі гэты калодзеж?”

(Севярын: ) “Ага! Ну-ну! Сельскі савет толькі ходзіць ды гаворыць, што трэба, каб ля двара была гэтая… чыстата. І расьпішыся, каб трава не расла. Ага! Ну-ну! Гэты сельскі савет… О-хо-хо! Аднойчы як дождж ішоў, уся гэтая вада ў той калодзеж і пёрла. Я хадзіла й казала ім пра гэта. Але што яны? Тамака ў нашым сельсавеце цяпер адныя толькі бабы”.

(Карэспандэнт: ) “А што, бабы ў сельскім савеце — гэта добра ці дрэнна?”

(Севярын: ) “Дрэнна! Вось такое нашае жыцьцё й быцьцё”.

Каб дэстабілізаваць і нават спыніць працу сельскага савету, усяго толькі трэба зайсьці ў кабінэт да старшыні, прадставіцца і паведаміць, што жадаеш запісаць інтэрвію. З тутэйшаю прадстаўніцаю ўлады Галінаю Бічан было так: спачатку нямая сцэна. Заставалася некалькі хвілінаў да абедзеннага перапынку — а тут на табе такое. Затым была асьцярожнасьць і стрыманасьць. Адказы на пытаньні — толькі двума словамі: “так” ці “не”. Усе спробы здабыць падрабязнасьці што да шаленства скончыліся нічым. Маўляў, нічога я ня ведаю. Больш гаваркой вэртыкальніца стала, калі я запытаўся пра станоўчыя вынікі працы сельскага савету.

(Бічан: ) “Цяпер паўсюдна п’янства. Можа быць, што абстаноўка такая, жыцьцё такое”.

(Карэспандэнт: ) “Вы маеце нейкія меры ўзьдзеяньня на тых, хто неабыякавы да сьпіртовых напояў?”

(Бічан: ) “У нас пры сельскім савеце ёсьць камісія ў справе барацьбы з алькагалізмам. Выяўляем такіх. Створаны банк зьвестак. Выклікаем іх сем’ямі, гутарым у калектывах. Цяпер людзі й кадуюцца. У нас нават цэлым сем’ямі”.

(Карэспандэнт: ) “За 2003 год колькі людзей вы паставілі на правільны шлях?”

(Бічан: ) “Прыкладна пяць сем’яў”.

Каб не шаленства, Сырад нічым бы не адрозьніваўся ад іншых вёсак Калінкавіцкага раёну ды Гомельшчыны наагул. Некалькі вуліцаў, сельсавет, пачатковая школа, крама і кароўнікі, палова зь якіх пустуе. Людзі збольшага працуюць у калектыўнай гаспадарцы. А хто спрытнейшы — уладкаваўся ў недалёкім райцэнтры. Адзінкі нават езьдзяць у Расею, як кажуць, “на шабашку”.

(Маладзён: ) “Хранова жывуць. Вунь зьедзі на фэрму і пабачыш: у гноі кароваў дояць”.

(Карэспандэнт: ) “А вы чым займаецеся?”

(Маладзён: ) “А я не працую. Кінуў. 30 тысяч за месяц атрымліваеш — за іх нічога не набудзеш. Усе зьбягаюць. А цяпер ідыёта на чале паставілі!”

(Карэспандэнт: ) “Чаго ж гэта ён ідыёт?”

(Маладзён: ) “Толькі й ведае, што звальняць. А пасьля праз два дні бяжыць і просіць: “Ідзі на працу ўладкоўвайся”. Ніякага плёну з гэтага няма. Трэба добры заробак, і каб нармалёвы тут быў гаспадар”.

(Карэспандэнт: ) “А сьць такі, хто хоча стаць кіраўніком калгасу, прыватызаваць яго ці выкупіць?”

(Маладзён: ) “Ну хто тут стане? Ніхто ня хоча! Стань ты!”

Спадарыня Марыя — даглядчыца на фэрме. Паколькі грошай за гэта плацяць няшмат, яна яшчэ і падрабляе. Сваімі развагамі кабета абвяргае афіцыйную статыстыку пра тое, што заробкі і ровень дабрабыту ў Беларусі няспынна падвышаюцца.

(Марыя: ) “Гавораць, што надта шмат калгасьнік цяпер грошай атрымлівае. Вось палічыце: плюсуюць заробкі старшыні і ўсіх начальнікаў, і калгасьнікаў. А пасьля гэта дзеліцца на ўсіх. Атрымліліваецца, што маю я 250 тысяч. Але я не атрымліваю столькі грошай! Тэлефоны будуць праводзіць у нашай вёсцы. Вось аддам грошы на гэта — і буду сядзець бяз хлеба. Я з 1990 году ў чарзе стаю”.

(Карэспандэнт: ) “А дорага сёньня тэлефон паставіць?”

(Марыя: ) “240 тысяч. Гэта мне трэба рабіць чатыры месяцы. Вось чатыры месяцы я зьбірала на тэлефон. Жыла як папала. Хапае ў нас гэтага п’янства! Дык я ж не піла, а зьбірала на тэлефон”.

(Карэспандэнт: ) “А сельсавет казаў, што ня п’юць у Сыродзе”.

(Марыя: ) “Ага! Ня п’юць! Усё выліваюць!”

(Карэспандэнт: ) “Ці прыяжджае да вас начальства? Можа, гутарыць пра нейкія праблемы?”

(Марыя: ) “А калі нават сюды і прыяжджае начальства, нашая заатэхнік пазапірае нас у сарай з мукою, каб мы слова лішняга не сказалі”.

Калгасьнікі атрымліваюць заробак паводле адной ведамасьці, а начальства расьпісваецца ў іншай. Першыя ня ведаюць, колькі атрымліваюць другія. Так цьвердзяць шараговыя жыхары Сыраду. Паводле якіх тарыфаў налічваюць грошы Марыі Канановіч, я так і ня высьветліў. Аднак пра кіраўніцтва гаспадаркі гэтая кабета перадпэнсійнага веку адгукаецца добрымі словамі:

(Канановіч: ) “А заробкі як? У сярэднім мы атрымліваем 80–90 тысяч. Нам цяпер плацяць у час, кожны раз пры канцы месяца. Які ні ёсьць кіраўнік, але трэба, каб ён нас паважаў. Ну, а што? Мне падаецца, што ён нас паважае. Да мяне ён па-нармалёваму ставіцца. Праўда, іншым начальства можа не падабацца. А можа дзе й угнявіў ён — я ня ведаю. Тут усялякае бывае. Сама працуй як мае быць, і начальнік будзе добры. Я вам сваё распавядаю, а вы ідзеце ды запытайцеся ў людзей”.

Я й пайшоў. У кароўніку, што быў найбліжэй да мяне, дзьве спадарыні трусілі салому. На прапанову пагутарыць кабета адказала згодаю. Вырашыла нават паклікаць сваю каляжанку.

(Спадарыня: ) “Ну, задавайце. Жэня! Хадзі сюды! Хадзі сюды! Ну, хутчэй!”

(Карэспандэнт: ) “Які стан гаспадаркі: стабільны? Добры? Дрэнны?”

(Спадарыня: ) “Як мы, простыя людзі, дык мы гаруем. Нас ніхто й ні за што ня лічыць. Раскідаю салому й сена. Цягаю вёдры за 62 тысячы. Дзе там на жыцьцё будзе хапаць? А нічога не хапае! Выключце гэтую сваю апаратуру!”

Мая суразмоўца чамусьці толькі цяпер заўважыла дыктафон. Адскочыла ад яго нібы ад агня. Якраз падышла тая Жэня й стала пераконваць напарніцу, што лепей будзе памаўчаць.

(Жэня: ) “Лепей ты маўчы! А пасьля атрымаем мы — адсюль дасюль”.

(Спадарыня: ) “А што тут такога?! Мы ж, працоўныя, гаруем!”

(Жэня: ) “Толькі ня трэба ўключаць! Але ўсё уключана!”

(Спадарыня: ) “Ну й нармалёва! Хай гавораць! Госпадзі! Хай будзе ўключана. Хай слухаюць праўду! Ну, чаго ты?”

Спадарыні надта захапіліся дыскусіяй, адказваць на мае пытаньні ці не. Урэшце інстынкт самазахаваньня перамог жаданьне пагутарыць пра набалелае.

(Спадарыня: ) “Ай! Ідзіце ды не дурыце галавы. Мы распавядзём, а нам тады будзе пагана”.

(Карэспандэнт: ) “Давайце я вам дапамагу сена раскідаць, а вы са мною пагутарыце”.

(Спадарыня: ) “Ой! У нас яшчэ трэба й буракі атрымаць, ды цялятам іх даваць”.

(Карэспандэнт: ) “І буракі разам атрымаем! Пагутарым?”

(Спадарыня: ) “Нічога мы гутарыць ня будзем!”

(Карэспандэнт: ) “Выбачайце, што адарваў. Да пабачэньнья!”

Пад канец дня пра памерлую ад шаленства карову і пра хворых сабакаў у Сырадзе ўжо ведаў штопершы. Вяскоўцы ставяцца да гэта спакойна. Значна большую засьцярогу ў людзей выклікаюць прапановы паразважаць пра сёньняшнюю ўладу і сваё непасрэднае начальства.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG