Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якасьць новапабудаванага жыльля


Сьвятлана Курс, Менск

Магчыма, асноўнае, што лучыць савецкую ды сучасную Беларусь — жыльлёвае пытаньне, дэфіцыт жыльля, які наўпрост уплывае на ягоную якасьць. Беларусь працягвае будаваць малаякаснае жыльлё — сучасныя хрушчоўкі. Але калі колішнія хрушчобы будаваліся за дзяржаўныя грошы, то цяперашнія — за грошы людзей.

Набыць зямлю
Прыдбаць свой кут,
Каб з панскіх вызваліцца пут —

гэтая адвечная мара беларуса пра незалежнасьць трансфармавалася ў прагу мець сваё жыльлё, выцерабіцца з залежнасьці ад кватэрных гаспадароў ды камэндантаў інтэрнатаў. “У сваёй хатцы можна хоць усрацца” – гэтую народную прыказку часта цытаваў Уладімер Караткевіч, ілюструючы адвечную беларускую цягу да незалежнасьці. Людзі гатовыя аддаваць увесь заробак на долевае будаўніцтва дамоў. Цэлыя сем’і харчуюцца хлебам ды макаронай дзеля ўласнага жытла. Што ж атрымліваюць узамен?

Па новым шматпавярховіку, што на вуліцы Гурскага ў Менску, мяне вядзе спадарыня Надзея Сыса. Быццам Вэргілі Дантэ. Дом здалі ў жніўні сёлета, але ён выглядае мізэрна. З чацьвертага па дванаццаты паверх няма сьвятла. Парэнчы адвальваюцца. Рассохлыя дзьверы ня лезуць у праём. Па перакошаных сьценах пайшлі трэшчыны. Валяюцца дзьвярныя ручкі. У папяровых дзьвярах — дзіркі. Кавалкі прыступак адвальваюцца, на галаву падае тынкоўка.

(Сыса: ) “Усе дзьверы папяровыя. А грошы ўзялі як за сапраўдныя дзьверы. Асьвятленьня нуль”.

(Карэспандэнтка: ) “Уночы тут зусім цёмна?”

(Сыса: ) “Цёмна. Людзі зачыняюцца, бо дужа страшна. Вось тут парваныя трубы, дом дае ўсадку, лесьвічныя маршы аддзяляюцца ад сьценаў. Вось шчыліны”.

(Карэспандэнтка: ) “Сапраўды — тлустая мыш прашмыгне”.

(Сыса: ) “Слухайце далей. (Бразгае ключамі, заходзім у кватэру.) Унітазы — часоў рэвалюцыі, зробленыя неакуратна”.

(Карэспандэнтка: ) “А грошы ўзялі як за добрую сантэхніку?”

(Сыса: ) “Так! Як за нармальную. Гляньце — увесь уцяпляльнік з вокнаў адвальваецца. Вокны не фарбавалі, а пабялілі. Падваконьні развальваюцца. Згодна з дамовай, нам мусілі ўсталяваць газавыя пліты. Плітаў не ўсталявалі й грошыкаў не вярнулі! Пойдзем далей. Вось кватэра старшыні КІЗ “Далявік”. Сабе дык паставіў сапраўдныя шклопакеты. Яны былі выстаўленыя на ўзорах, калі мы ўносілі грошы. Але нам гэтых пакетаў ніхто не ўсталёўваў”.

Едучы па Малінаўцы, недалёка ад аднаго з навабудаў заўважаю імправізаваны мітынг навасёлаў. У ядры натоўпу спрачаюцца мужчыны. Іхныя жонкі, атачаючы мітынгоўцаў, то сьмяюцца, то плачуць. Па пэрымэтру натоўпу, разявіўшы раты, стаяць дзеці. Начальства будоўлі ў скуранках, з тэчкамі пад пахаю, збоку паназіраўшы за стыхійным мітынгам, уцякло, пабачыўшы мой дыктафон. Прабіваюся ў эпіцэнтар мітынгу.

(Ігар: ) “Прапісаліся, атрымалі ордэры, а жывем як бамжы”.

(Алег: ) “Бардак, нічога не працуе, гарачай вады няма, халодная зь перабоямі ідзе. Ацяпленьня не ўключылі, бо помпу з падвалу скралі. Ой, у падвал лепей не хадзіце”.

(Ігар: ) “Мы абураныя, бо падвал прадалі бізнэсоўцам. Бяз нашай згоды”.

(Аляксей: ) “Ліфты працуюць толькі за грошы. Уяжджаеш з мэбляю. Кажуць: плаці. Куды ты дзенесься?”

(Жанчыны: ) “І колькі вы плацілі?”

(Ігар: ) “Адзін пад’ём — пяць тысяч”.

(Аляксей: ) “А ў выходныя — 10 тысяч”.

Усе сьмяюцца.

(Веніямін Мікалаевіч, 48 гадоў: ) “Па сутнасьці, гэта марадэрства. Такое становішча на ўсіх новабудоўлях Менску: адмыслова не ўключаюць ліфтоў”.

(Ігар: ) “Гэта бізнэс! А дрот? Каб мае мантажнікі так клалі дрот, я б ім рукі паадбіваў і з працы выгнаў!”

(Аляксей: ) “Бо непрафэсіяналы будавалі. А ў сантэхнікаў свая такса. Зьлівалі каналізацыю ў падвал”.

Сёлета на ўліку стаяла каля 560 тысяч сем’яў, якія маюць патрэбу ў паляпшэньні жыльлёвых умоваў. Гэта каля каля мільёна чалавек. Для іх будуецца таннае сацыяльнае жыльлё — 180–300 даляраў за квадратны мэтар. Аднак танна пабудавацца могуць тыя, хто стаіць на ўліку зь сярэдзіны 1980-х. Астатнія будуюцца коштам 400–500 даляраў за мэтар квадратны альбо болей.

У адным з новазаселеных дамоў Лошыцы сустракаю цяжарную кабету, якая з торбаю ўсьпінаецца на 12 паверх. Ліфт не працуе.

(Кабета, цяжка дыхаючы: ) “Каб у дваццаць першым стагодзьдзі так будавалі — сорам! Ой! За нашыя грошы. У нас няма гарачай вады. Брыдкія паставілі вокны. Дзьверы такія, што ручкі падаюць. Ну, і дах у нас цячэ на 12 паверху. Жахлівыя купілі ўнітазы — украінскія, крывыя. А каля хаты сьметнік пакінулі — не падысьці”.

Жанчына зь дзіцячым вазочкам прыйшла зірнуць на дом, дзе яна неўзабаве будзе жыць з сыночкам.

(Жанчына: ) “Цэлы дзень вада па кроплі з унітазу сочыцца. Трохлітровы слоік нацякае. А вось гарачай вады няма. Мы праз два дні пераселімся. А ў нас немаўля. У чым і дзе нам купацца?”

Яе суседка таксама абураная:

(Інга: ) “З прапіскай таксама доўгі час вырашалі пытаньне. Па паўгоду людзі ня мелі прапіскі. У каго праца зьвязаная з камандзіроўкамі, той нікуды выехаць ня мог. Людзі павысяляліся са старога жытла, а на новае не прапісалі. Дом ня здадзены. Дом не прыняты”.

Даходзіць да сьмешнага. Навасёл Вячаслаў Макаўчук распавёў, што заміж таго, каб рабіць якасныя шклопакеты, беларускія будаўнікі парабілі на рамах адмысловыя шчыліны для ўцяпляльніка.

Кіраўнік Дэпартамэнту будаўнічага нагляду Аляксандар Парфіяновіч кажа, што людзі амаль не зьвяртаюцца са скаргамі на якасьць будаўніцтва. Цяпер на стале спадара Парфіяновіча толькі тры скаргі — з Бабруйску, Кобрыня й Менску. На думку спадара Парфіяновіча, праблема ёсьць, але драматызаваць яе ня варта.

(Парфіяновіч: ) “Натуральна, нэгатыў ёсьць. Калі будаваць ідэальна, то кошт квадратнага мэтру павінен расьці, і будаўнічыя матэрыялы мусяць быць іншага ўзроўню. Ну вы ж разумееце, у людзей грошай няшмат. Чалавек паглядзеў: ну, сам штосьці тут давяду”.

(Карэспандэнт: ) “Чулі, быццам ліфтэры шантажуюць людзей: адмыслова не ўлучаюць ліфт, а потым просяць за пад’ём па 5–10 тысяч?”

(Парфіяновіч: ) “Ад вас першай чую. Сам жыву на вуліцы Гарэцкага, у жыцьці такога не было. Можа, маецца на ўвазе наладка ліфтоў? Там усё павінна функцыянаваць”.

Шмат дзе дамы будуюцца так, быццам толькі што скончылася вайна і мільёны людзей гібеюць у зямлянках — не да лою барану, калі ўзялі за сьпіну. Растуць мікрараёны-блізьняты без архітэктурнага выкшталту. “Танная пасьляваенная ўтульнасьць”, — піша пра гэта “Наша Ніва”. Нават выклаўшы за двухпакаёвую кватэру 20–40 тысяч даляраў, людзі апынаюцца перад неабходнасьцю адразу рабіць рамонт у новым доме.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG