Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слуцак.


Вячаслаў Ракіцкі, Ягор Маёрчык, Слуцак

(Ракіцкі: ) "Прыкметаў шматвяковай гісторыі Слуцку, якія нагадалі б нам пра тэатар, капэлу ці друкарню Радзівілаў, пра кальвінісцкую гімназію ці Слуцкую мануфактуру шаўковых паясоў, а асабліва пра вайну случакоў з бальшавікамі ў 20-х гадох мінулага стагодзьдзя, амаль ня знойдзеш на доўгай вуліцы імя В.И. Ленина. Яна разрэзала горад з Захаду на Ўсход. І сваімі шматлікімі савецкімі помнікамі павынішчала ўсялякія згадкі пра шляхотнасьць краю".

(Маёрчык: ) "Некалькі Ленінаў, Жукаў, пліты і мэмарыялы — сьведчаньні толькі адной старонкі гісторыі. Няўжо случакі народжаныя ад той велічэзнай цёткі з раськінутымі рукамі і надпісам у ніжняй частцы тулава — “Родина-мать”? Прынамсі, ня ўсе… На ўзбочыне стаіць сапраўдная пра-маці гораду — “Сьвятая Соф’я Слуцкая”, што з роду Алелькавічаў.

І рэстарацыю сарамліва перайменавалі зь “Вежы Алелькі” ў “Вежу граду”. Абсурдам выглядаў бы напамін пра колішніх уладальнікаў Слуцку побач з “Советской Белоруссией”, якой аблеплены вялізны стэнд насупраць".

(Ракіцкі: ) "Случакі ня ведаюць сваёй гісторыі? Адказ спрабуем знайсьці ці ня ў самым старым на сёньня будынку, дзе ў ХVІІІ стагодзьдзі месьціўся дваранскі сход, а цяпер тут — Гісторыка-краязнаўчы музэй.

Экспазыцыя цікавая. Нават ёсьць сапраўдны слуцкі пояс, хоць і пазычаны ў Расеі. Але перавага надаецца савецкай гісторыі. Слуцкі збройны чын не прадстаўлены ўвогуле. У гутарцы з аўтарытэтнай і дасьведчанай дырэктаркай музэю Валянцінай Відлогай мы разыйшліся ў меркаваньнях пра
мейсца Слуцкага паўстаньня ў гісторыі".

(Відлога: ) "Калі раней да нас прыходзілі ў асноўным групы школьнікаў, то цяпер нават больш сталі хадзіць дарослыя. Цікавяцца гісторыяй. Гэта адбылося дзесьці ўжо на пачатку 90-ых гадоў".

(Ракіцкі: ) "І не затухае цікавасьць?"

(Відлога: ) "Не. У школьнай праграме зьявіліся тэмы, якія належаць да гісторыі роднага краю"
.
(Ракіцкі: ) "Якія моманты зь гісторыі Слуцка перадусім цікавяць?"

(Відлога: ) "Дарэвалюцыйны час. Калі браць школьнікаў — Вялікая айчынная вайна".

(Ракіцкі: ) "А Слуцкі збройны чын?"

(Відлога: ) "Я й чакала гэтага пытаньня. Не магу сказаць, што вельмі ён усіх цікавіць. Але да кожных угодкаў мы рыхтуем выставу".

(Маёрчык: ) "Памяць пра маршала Жукава, дывізія якога была раскватараваная ў Слуцку ў 30-х гадох, увасобленая ня толькі ў ягоным бюсьце і прадстаўленая ў музэі. Жыве яна і на піўных налепках: чырвона-зялёнае поле і выява вершніка, які і мусіць нагадаць пра маршала.

Піва “Маршальскае” падалося нам найсмачнейшым з усіх слуцкіх піваў. Яны, дарэчы, былі заўсёды ня горшымі ў Беларусі. Цяпер Слуцкі бровар дзівоснымі назовамі сваёй прадукцыі маніфэстуе змаганьне за рынак суседняе краіны — “Емеля”, “Гусарское”, “Данко”, “Славянское”. Мы пазнаёміліся з рабочым бровару, які не называючы свайго прозьвішча, паспрабаваў нам растлумачыць, ці маюць згаданыя гатункі, як і піва “Шанс”, свой шанец на расейскім ці хоць бы беларускім рынку. Пры тым, што —
піва стала лепшым.»

(Рабочы: ) "Дырэктар у нас неблагі. Яму зьвязвае рукі адміністрацыя. Ён паехаў у Казахстан, дамовіўся пра нарыхтоўку піўнога зерня. А цяпер Лукашэнка прымусіў купляць зерне тут, у калгасах. І гэта абышлося нам у два разы даражэй. І мы зараз сядзім у трубе. Расея адмовілася ад нашага піва, а тут у нас практычна няма рынку збыту – ўсё запаланіла расейскае піва. Таму мы робім солад і адпраўляем яго ў Расею, абы толькі выплаціць рабочым заробак".

(Ракіцкі: ) "А калі было лепшае піва?"

(Рабочы: ) "Зараз".

(Ракіцкі: ) "Бальшыня жыхароў Слуцку працуе на двух дзесятках заводаў цяжкай, харчовай й лёгкай прамысловасьці. Але з асаблівай павагай, а то і з зайздрасьцю, яны гавораць пра новае прыватнае прадпрыемства “Тэхна-стар”, што выпускае тэрмафуры. Ягоны гаспадар Аляксандар Вяршэня даў працу й добрыя заробкі сотні людзей. А што ж астатнія заводы? Прыкладам, “Калібар” (цяпер “Модуль”), што працаваў на абаронку?

Звольнены з працы спэцыяліст высокай кваліфікацыі, які таксама прасіў не называць у эфіры ягонае прозьвішча, бо гэта можа перашкодзіць у пошуках новай працы, распавёў
як запусьцілі завод".

(Рабочы: ) "Зборачныя цэхі, як сталі ў пэрыяд канвэрсіі, дык яны і па сёньня стаяць. Заробак няма чым выплочваць — прадаюць станкі. Ацяпленьне адключылі. Грошай завод не зарабляе. Як толькі знаходзіцца замова зь перадаплатаю, дык адразу выплочваецца заробак за папярэдні месяц, і на выкананьне замовы не застаецца сродкаў. Атмасфэра на заводзе такая, што людзі проста адбываюць час там, бо няма ж куды падзецца. З амаль трох тысячаў працаўнікоў засталося каля 300 чалавек. Так, завод «запушчаны».

(Маёрчык: ) "30-40 тысячаў рублёў заробку ці 20 тысячаў пэнсіі робяць людзей жабракамі. Пэнсіянэрка з красамоўным для яе сягоньняшняга стану імем Надзея змагаецца за жыцьцё з апошніх сілаў. І нікому да яе няма справаў. Кватэру мае ў даўно ўжо не рамантаваным доме па вуліцы “Социолистическая”. Ля пад'езду – каляска і торбы з макулятураю, якую яна, чалавек не бяз годнасьці, зьбірала
на сьметніку.

(Надзея: ) "За сваю пэнсію, што я магу?.. Гэта 20 тысячаў. За кватэру — 9 тысячаў заплаці, а яшчэ – за газ, за сьвятло, і што мне застаецца? На хлеб і на ваду. Я на сьметніку ашываюся. І ні ў ва што ня веру. Асабліва ва ўладу. Гэтыя людзі абажраліся. Яны каўбасу не дажыраюць і выкідваюць. А я на сьметніку падбіраю. Бамжы… Іх жах колькі. Не пасьпееш на сьметнік прыйсьці, як там усё пападбіранае…”

(Ракіцкі: ) "Апазыцыя ў Слуцку нешматлікая і ня вельмі дружная. Ці ня самы актыўны апазыцыянэр — старшыня мясцовай філіі Аб’яднанай Грамадзянскай партыі Аляксандар Катляроў, шасьцідзесяцігадовы маёр у адстаўцы. Любоў Зарыцкая, ягоная жонка, яшчэ зусім нядаўна не ўхваляла палітычную актыўнасьць мужа. А калі сама сутыкнулася з беззаконьнем, вырашыла дапамагаць іншым і ўзначаліла мясцовую філію Беларускага Гэльсынскага камітэту. Муж і жонка жартуюць, што цяпер ў іх сямейна-палітычны падрад".

(Катляроў: ) "У нас ёсьць згода, што нашыя палітычныя разыходжаньні ніяк не павінны адбівацца на нашым жыцьці".

(Маёрчык: ) "Зь якой нагоды апошнім разам паміж вамі ўзьнікалі дыскусіі на палітычныя тэмы?"

(Катляроў: ) "Я кажу, что ня толькі ўлады Расейскае фэдэрацыі нас зьневажаюць як нацыю, але ж і ўвесь расейскі народ. Ніколі не было такога выпадку, каб у Маскве стаяў пікет расейскі, які б патрабаваў – "Рукі прэч ад Беларусі."

(Зарыцкая: ) "Я яго спыняю. Улада ёсьць улада, а людзі тут ні пры чым".

(Катляроў: ) "Вось такое разыходжаньне й засталося ў нас".

(Маёрчык: ) "Так і ня вырашылі?"

(Катляроў: ) "Пакуль што – не".

(Ракіцкі: ) "Як вы ставіліся спачатку да таго, што ён пайшоў у апазыцыю?"

(Зарыцкая: ) "Я баялася за яго і за сябе, што магу яго згубіць. Як жонка, я проста стараюся не перашкаджаць яму, а то нават і дапамагаць".

(Маёрчык: ) "На паўднёвым усходзе Слуцку — катэджавы масіў, які месьцічы называюць Царскім Сялом. Дыхаючы чыстым паветрам, мы самотна блукалі па вуліцах з ідылічнымі назовамі – Палявая, Лугавая. За высокімі платамі аж надрываліся ад брэху аўчаркі, рэагуючы на зьяўленьне чужынцаў. У вочы асабліва кінулася адна зь сядзібаў: трохпавярховае жытло, шкляныя цяпліцы й вялізныя гаспадарчыя забудовы. Уладальнікам — старшыня раённай адміністрацыі Зянон Ломаць.

Натуральна, спадар Ломаць у сваім службовым аўто ня раз праяжджаў па вуліцы імя 14-ці партызанаў, каб ускласьці кветкі да мэмарыялу загіблых у Другой усясьветнай вайне. Па той самай вуліцы, на якую яшчэ тады, калі ён быў першым сакратаром гаркаму Камуністычнай партыі, штогод клалі чарговы пляст асфальту і пашыралі праезную частку. Аж пакуль дамы зь левага боку вуліцы не апынуліся на мэтар ніжэй таго асфальту, а ходнік ледзь ня ўлез у вокны. Вада і розны бруд сьцякаюць на падворкі і ў хаты няшчасных случакоў. Цяпер яны —
вязьні ва ўласных дамох".

(Гаспадыня: ) "Да кожнага дня Перамогі ўсё падсыпаюць і падсыпаюць, падсыпаюць і падсыпаюць гэты асфальт. У мяне ўжо падлога згніла ў вэрандзе. Як растане сьнег — я хаджу па вадзе. Ходнік у мяне ля брамкі ўвесь абваліўся".

(Гаспадар: ) "Ужо не магу тут жыць. І гэтак вось гудуць машыны пад вокнамі ад шостай раніцы да дванаццатай начы".

(Гаспадыня: ) "Усе вокны пааблівалі".

(Гаспадар: ) "Усюды нам адзін адказ: прыватныя дамы – самі іх і рамантуйце".

(Гаспадыня: ) "Кажуць: "Будзем зносіць, будзем зносіць..." А так нам ніхто й не дапамагае".

(Гаспадар: ) "Цяжка прадаць нашыя хаты. Хто ўжо пойдзе ў гэтае жыльлё?"

(Ракіцкі: ) "Мы атрымалі прыстойны нумар у гатэлі толькі пасьля тэлефанаваньня мэру гораду, як колісь журналісты — з дазволу сакратара гаркаму КПБ. Мы цмокалі ў замкі рэстарацыяў і сталовак, бо ў суботу й нядзелю ўдзень яны не працавалі. У бліжэйшым гастраноме мы набывалі слуцкую каўбасу, якая ў Менску заўсёды сьвежая, а тут тыднямі яе ніхто не купляе. А пасьля сілкаваліся ў вялікім, але халодным, гатэльным нумары.

Зьбіраючыся дамоў, мы ня сталі па білеты ў чаргу на аўтавакзале, а выкарысталі службовы ўваход. І тут —
савецкія парадкі".

(Служачыя вакзалу: ) "Мы – людзі маленькія. Дыспетчар раве. Дзяжурны раве".

(Ракіцкі: ) "І колькі вы зарабляеце?"

(Служачыя вакзала: ) "Плакаць будзеце. За мінулы месяц я атрымала 33 тысячы".

“Каб начальства столькі разоў ў прыбіральню хадзіла на дзень, колькі мы атрымліваем".

"Якая каўбаса?! Якую б костку дзе купіць".

"... зарабляюць яшчэ менш. Там начальнік Кудзёлка Валянціна Іванаўна. Тут начальнік — Кудзёлка Аляксанд Фёдаравіч. Мужык і жонка. Ад яе пайшла, да яго прыйшла".

"Яны абяцалі плаціць нам ад колькасьці прададзеных білетаў. Кожная апэрацыя каштуе 8 рублёў. Я палічыла, что зарабіла 60 тысячаў. Заплацілі – 30".

(Ракіцкі: ) "І куды дзяюцца гэтыя грошы?"

(Служачыя вакзала: ) "Вось і ў нас пытаньне: куды ідуць гэтыя грошы?"

(Ракіцкі: ) "Бо ваш вакзал выглядае, прабачце..."

(Служачыя вакзала: ) "Жахліва".

"У добрага гаспадара хлеў лепшы".

(Маёрчык: ) "Людзі спрабуюць выжыць, адшукаць праўду. Яны стукаюцца ў любыя дзьверы: ў адзьдзяленьне Гэльсынскага камітэту, у Таварыства аховы правоў спажыўцоў, у мясцовую недзяржаўную газэту “КІС-Кур'ер” і ў слуцкія філіі дэмакратычных партыяў. Найменш — ва ўладныя ўстановы. З дапамогаю галоўнага рэдактара незалежнага тыднёвіка “КІС – Кур'ер” Сяргея Станкевіча і старшыні Таварыства аховы спажыўцоў Ігара Губанава мы спрабуем зразумець: няўжо чалавек так прыціснуты мясцовай уладай, што ня можа паўстаць з каленяў? Ці сапраўды існуе ў горадзе
прававое бязьмежжа?"

(Станкевіч: ) "Я думаю, што так. У нас на сёньняшні дзень сытуацыя такая, што ўлада сама па сабе, а народ сам па сабе. Чыноўнікі спрабуюць і надалей затрымацца на сваіх крэслах, а людзі бачаць, што ім ніхто не дапаможа. Яны разумеюць, што прыходзіцца разьлічваць толькі на свае сілы".

(Губанаў: ) "У людзей прысутнічае страх. Усе баяцца. Калі чалавек хоць штосьці сказаў насуперак, то яго адразу пачынаюць прыціскаць кіраўнікі прадпрыемстваў. Людзі ня могуць абараніць свае правы толькі таму, што яны іх ня ведаюць".

(Ракіцкі: ) "А ў суды людзі зьвяртаюцца?"

(Губанаў: ) "Што тычыцца абароны правоў спажыўцоў, дык суды разглядваюць заявы пакуль што на нашую карысьць. А вось калі ў нейкай справе замешаныя праваахоўчыя органы, тады практычна нічога нельга даказаць. У нас перадусім бязьмежжа у органах МУС. Сяржант можа нават ударыць чалавека. Яны вырабляюць усё, што хочуць".

(Станкевіч: ) "Людзі сёньняшнім станам жыцьця ўсё больш і больш заганяюцца ў куток".

(Ракіцкі: ) "Людзі, зь якімі мы знаёміліся й размаўлялі, пачыналі з рэчаў простых, з праблемаў мясцовых. Але не маглі не суаднесьці іх са справамі ў краіне, з асобай Лукашэнкі і з будучымі выбарамі".

(Гаспадыня: ) "За Лукашэнку галасавала, а ходнік у мяне паваліўся. Нічым ён мне й не дапамог".

(Катляроў: ) "А я за Лукашэнку ня буду галасаваць. Ён казаў, што праз два гады сыдзе, калі ня выканае свае абяцаньні й жыцьцё не палепшыцца. А наадварот, прыбавіў сабе яшчэ два гады".

(Жыхарка: ) "Вы вот сейчас живёте при Лукашенко. Он хоть что-то сделал".

(Гаспадар: ) "А што ён зрабіў? Я чатыры гады таму атрымліваў 100 даляраў. Я хоць мог жыць неяк. А зараз я 50 даляраў атрымліваю. Што за іх можна купіць?"

(Рабочы: ) "Лукашэнка нас пакараў. Вельмі пакараў…".

(Служачая вакзалу: ) "Ён нам абяцае плаціць па 100 даляраў кожны месяц. Хоць бы плаціў 50".

(Надзея: ) "Якому прэзыдэнту верыць? Трэба чалавекам быць, а не прэзыдэнтам. Я асабіста ні за каго ня буду галасаваць…"
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG