Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што стаіць за затрыманьнем Галіны Жураўковай?


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: галоўны рэдактар “Белорусской деловой газеты” Сьвятлана Калінкіна і старшыня Вярхоўнага Савету 12 скліканьня Мечыслаў Грыб.

(Валер Карбалевіч: ) “З самага пачатку стварэньня Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта ягонай дейнасьці спадарожнічалі скандалы. Адзін з папярэдніх кіраўнікоў, сумнавядомы Іван Ціцянкоў быў публічна абвінавачаны Лукашэнкам у крадзяжы грошай. А некаторыя зь ягоных блізкіх сяброў-бізнэсоўцаў якія працавалі пад дахам Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта, былі арыштаваныя (напрыклад, Лагвінец). Затрыманьне апошняга кіраўніка справамі прэзыдэнта Галіны Жураўковай працягвае гэтую тэндэнцыю. Яму папярэднічалі арышты супрацоўнікаў фірмы “Белая Русь”, якая падпарадкоўвалася Жураўковай.

Якія прычыны такой крымінальнай заканамернасьці? Ці справа тут у самой пасадзе, якая штурхае людзей да крадзяжу, ці праблема ў тым, што на гэтую пасаду падбіраюцца людзі са спэцыфічнымі якасьцямі? Спадарыня Калінкіна, вашая газэта шмат пісала аб дзейнасьці Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта. Што бы вы маглі сказаць у гэтай сувязі?”

(Сьвятлана Калінкіна: ) “Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта — гэта бескантрольная дзяржава ў дзяржаве. Яна надзеленая правам выдаваць законатворчыя дакумэнты. То бок яна сама сабе закон. Таму кіраўнік справамі прэзыдэнта можа рабіць, што хоча. У гэтай структуры адзіная мэта: зарабляць грошы. Прычым любымі сродкамі, у тым ліку незаконнымі. І любы кіраўнік справаў прэзыдэнта можа атрымаць абвінавачаньне ў крадзяжы грошай”.

(Карбалевіч: ) “Хацеў бы адзначыць, што з прычыны непадкантрольнасьці ніхто ня ведае, колькі і куды ідзе грошай, якія зарабляе гэтая структура. Спадар Грыб, Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта стваралася ў той час, калі вы былі старшынём Вярхоўнага Савету 12 скліканьня. Які ваш камэнтар на гэты конт?”

(Мечыслаў Грыб: ) “Па-першае, існаваньне Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта патрэбнае. Але яно павінна займацца толькі гаспадарчым абслугоўваньнем дзейнасьці прэзыдэнта і не павінна мець такіх шырокіх паўнамоцтваў, якія яное цяпер мае. Па-другое, ні ў Канстытуцыі 1994 году, ні ў Канстытуцыі 1996 году Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта ня згадваецца. Але ў рэальнасьці частка паўнамоцтваў іншых дзяржаўных органаў перададзеная гэтай структуры. Яна падпарадкаваная аднаму чалавеку.

Калі я працаваў у Вярхоўным Савеце, сытуацыя з Кіраўніцтвам справаў прэзыдэнта нас турбавала. І мы ў 1995 годзе прынялі рашэньне зрабіць рэвізію яе фінансава-гаспадарчай дзейнасьці і даручылі гэта зрабіць Кантрольнай палаце. Але яе туды не пусьцілі, Кантрольная палата была ліквідаваная, замест яе быў створаны Камітэт дзяржаўнага кантролю, падпарадкаваны прэзыдэнту. У 1996 годзе Вярхоўны Савет 13 скліканьня зноў зьвярнуўся да гэтага пытаньня. Праверка фінансава-гаспадарчай дзейнасьці Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта была даручаная пракуратуры. З гэтага таксама нічога не атрымалася. А генэральны пракурор Васіль Капітан быў зьняты з пасады.

Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта ў рамках закону існаваць ня можа. Яно створанае дзеля таго (тут я падтрымліваю спадарыню Калінкіну), каб атрымліваць грошы, прычым законнымі й незаконнымі сродкамі. І куды ідуць гэтыя грошы, невядома ня толькі шараговым грамадзянам, але і нават міністру фінансаў”.

(Калінкіна: ) “Хачу зьвярнуць увагу на тое, што кожны год ў дзяржаўным бюджэце прадугледжаныя выдаткі на дзейнасьць Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта. Таму тыя грошы, якія яно зарабляе, ідзе не на самафінансаваньне і не ў бюджэт краіны”.

(Карбалевіч: ) “Узьнікае іншае пытаньне. Калі кіраўніцтва структуры, якая павінна прыносіць грошы у прэзыдэнцкі фонд, з упартай заканамернасьцю становіцца на крымінальны шлях, то гэта азначае, што Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта выходзіць з-пад кантролю Лукашэнкі. Кіраўнік дзяржавы перастае кантраляваць свой клан. Ці згодныя вы?”

(Калінкіна: ) “Я згодная з гэтаю высноваю. Хачу адзначыць, што Жураўкова была асабліва блізкім да Лукашэнка чалавекам. Зь іншымі прадстаўнікамі магілёўскага клану ў яе склаліся менш цесныя адносіны, акрамя кіраўніка “Беларусьбанку” Ермаковай. Таму ня толькі Лукашэнка страчвае кантроль над сваім атачэньнем, але адбываецца раскол у гэтым атачэньні”.

(Грыб: ) “Лукашэнка ня можа кантраляваць такой колькасьці людзей. Хоць ён і заяўляе, што ўсё вакол кантралюе, але гэта немагчыма. Калі зьявіліся вялікія грошы, то ўсе прадстаўнікі кіроўнай каманды хочуць іх атрымаць. Ідзе барацьба за свой кавалак. Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта імкнецца узяць пад кантроль найбольш прыбытковыя сфэры: рынак нерухомасьці, рынак рыбы. Гэтая структура — манаполія. Яна і ліцэнзіі выдае, і цэны ўсталёўвае, і сама сябе кантралюе”.

(Карбалевіч: ) “Ствараецца цікавая сытуацыя. Дзяржава спрабуе ўвесь час кантраляваць недзяржаўны сэктар. І ў той жа час высьвятляецца, што менавіта дзяржаўны сэктар, у прыватнасьці, Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта — найменш кантраляваныя Лукашэнкам структуры.

Які лёс чакае Жураўкову? Ці дойдзе справа да суду? Мы маем прыклады, калі некаторых прадстаўнікоў кіроўнай каманды арыштоўвалі, потым празь нейкі час адпускалі без суду. Напрыклад, Лагвінца, Феактыстава (дырэктара БМЗ у Жлобіне), Бандарчук (дырэктарку цырку). А як, на ваш погляд, будуць цяпер разьвівацца падзеі? Магчыма, гэта спроба толькі напужаць усіх кіраўнікоў, якія працуюць у Кіраўніцтве справаў прэзыдэнта, ці фірмах, якія супрацоўнічаюць зь ім?”

(Калінкіна: ) “Мне здаецца, што справа да суду ня дойдзе. Таму што гэта небясьпечна для ўлады. Я чакаю, што адбудзецца нешта накшталт таго, што адбылося з былой старшынёй праўленьня Нацбанку Тамарай Віньнікавай, якая таксама кантралявала ня толькі дзяржбюджэт, але і асабісты бюджэт Лукашэнкі”.

(Грыб: ) “Справа можа і дайсьці да суду. Таму што ў гэтай справе шмат фігурантаў, якіх цяжка схаваць. Частка прозьвішчаў ужо была названая ў незалежнай прэсе. Але нават калі і адбудзецца суд, то ён будзе закрыты, нікога туды не пусьцяць. Ніхто ня ўбачыць рэвізійных актаў праверкі Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта і тых фірмаў, якія зь ім зьвязаныя. Як у 1995 годзе, так і цяпер, дзейнасьць гэтай структуры зьяўляецца закрытай”.

(Карбалевіч: ) “Калі суд адбудзецца, то Жураўкова можа шмат цікавага расказаць аб супрацьзаконных дзеяньнях кіраўніцтва краіны. І гэта нявыгадна самому Лукашэнку”.

(Грыб: ) “Я мяркую, што Жураўкова будзе маўчаць і нікому нічога ня скажа. Ад яе маўчаньня будзе залежаць тэрмін яе зьняволеньня, альбо нават жыцьцё. У нашай краіне ўсё магчыма”.

(Калінкіна: ) “Хацела бы заўважыць, што тыя арышты, якія адбыліся раней, зробленыя не па выніках самога Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта, а па выніках праверкі камэрцыйных фірмаў, якія мелі фінансава-гаспадарчыя сувязі з Кіраўніцтвам справаў прэзыдэнта. Ці будзе ўвогуле рэвізія Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта — гэта вялікае пытаньне”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, Кіраўніцтва справаў прэзыдэнта — гэта адмысловае міністэрства, якое займаецца гаспадарчаю дзейнасьцю. Прычым, фінансавыя аспэкты гэтай дзейнасьці нікому не вядомыя. Бескантрольнасьць з аднага боку, і вялікія грошы зь іншага, ствараюць спрыяльныя ўмовы для крыміналізацыі гэтай структуры. І таму “справа Жураўковай” — гэта заканамернасьць, якая выцякае з таго палітычнага рэжыму, які існуе ў Беларусі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG