Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму сарваўся інвэстыцыйны конкурс продажу чатырох прадпрыемстваў нафтахіміі?


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: эканаміст Валер Дашкевіч і аглядальнік газэты “Белорусский рынок” Тацяна Манёнак.

(Карбалевіч: ) “Інвэстыцыйны конкурс продажу чатырох прадпрыемстваў нафтахіміі хутчэй за ўсё не адбудзецца — таму што да вызначанага тэрміну падачы заявак на ўдзел у гэтым конкурсе (21 траўня), ніхто заяўкі не падаў. Гэта азначае, што няма ахвотнікаў удзельнічаць у прыватызацыі лепшых беларускіх прадпрыемстваў на ўмовах, вызначаных урадам краіны. Такі вось прамежкавы фінал беларускай прыватызацыі.

Праблема прыватызацыі прадпрыемстваў нафтахіміі ўжо даволі працяглы час стаіць на парадку дня эканамічнай палітыкі кіраўніцтва Беларусі. Яшчэ ў 2001 годзе, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў Лукашэнка колькі разоў абмяркоўваў гэтае пытаньне з расейскімі алігархамі. Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў прыватызацыя была аб’яўленая адным з важных пунктаў праграмы эканамічнай лібэралізацыі. У мінулым 2002 годзе прыватызацыя шасьці прадпрыемстваў нафтахіміі нават была закладзеная ў плян. Але пакуль ані прыватызацыі, ані самой лібэралізацыі так і не адбылося.

Такім чынам, чаму няма ахвотнікаў удзельнічаць у згаданым інвэстыцыйным конкурсе, хоць раней такое жаданьне выказваў шэраг расейскіх кампаніяў? Мусіць, тыя ўмовы, якія прапанаваў беларускі ўрад, сталіся непрымальнымі для інвэстараў?”

(Манёнак: ) “Яшчэ год назад было шмат шуму, ажыятажу, сапраўднае цікавасьці з боку расейскіх кампаніяў да прадпрыемстваў нафтахіміі. Але паступова стала бачна, што беларускі ўрад наўрад ці сур’ёзна зьбіраецца прыватызаваць свае лепшыя прадпрыемствы.

Умовы прыватызацыі былі аб’яўленыя ў пачатку красавіка. І адразу ж усе патэнцыйныя інвэстары выказалі думку, штэ гэтыя ўмовы непрымальныя. Вельмі сур’ёзную зацікаўленасьць да “Нафтану” мела расейская кампанія “Сургутнефтегаз”. Але ж і яна адмовілася ўдзельнічаць у інвэстыцыйным конкурсе. Напярэдадні генэральный дырэктар гэтай кампаніі Ўладзімер Багданаў сказаў, што беларускі урад запрасіў надта вялікія грошы за “Нафтан”, таму таньней пабудаваць новы завод.

Умовы, сапраўды, непрымальныя. Беларускі ўрад выставіў на продаж толькі каля 43% акцыяў чатырох заводаў. А расейскія кампаніі прэтэндавалі на тое, каб быць стратэгічнымі інвэстарамі і валодаць кантрольным пакетам акцыяў (то бок, звыш 50%).

Зь іншага боку, грошы, якія патрабуе за гэтыя акцыі беларускі ўрад, надта вялікія. Рынкавую ацэнку прадпрыемстваў праводзілі беларускія спэцыялісты паводле нейкіх сваіх схемаў. Экспэртыза расейскіх кампаніяў не пацьвердзіла такі вялікі кошт. Акрамя таго, беларускі бок выставіў цэлы шлейф іншых умоваў для інвэстараў. І на такіх умовах беларускі ўрад наўрад ці знойдзе пакупнікоў”.

(Дашкевіч: ) “Умовы беларускага ўраду, сапраўды, непрымальныя. Тыя грошы, якія мусілі былі заплаціць за прыватызуемыя прадпрыемствы расейскія кампаніі, ня могуць акупіцца пры жыцьці сёньняшняга пакаленьня. То бок, тыя грошы, якія мусілі былі ўнесьці уласьнікі “Сургутнефтегазу” або “Лукойлу”, будуць вернутыя недзе ў другім, трэцім пакаленьні. У бізнэсе такія тэрміны непрымальныя. Суэцкі канал акупіўся хутчэй, чым “Нафтан”, калі прыняць умовы беларускага ўраду”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, для замежных інвэстараў непрымальнымі сталі цана прадпрыемстваў і адмова прадаваць кантрольны пакет акцыяў. Узьнікае наступнае пытаньне: людзі ў беларускім урадзе, якія адказваюць за гэтую справу, мусяць разумець, што на такіх умовах інвэстар у краіну не прыйдзе — чаму ж тады яны іх выстаўляюць? У чым тут прычына? У недасьведчанасьці ці ў нечым іншым?”

(Манёнак: ) “Мне здаецца, што ў беларускага ўраду былі пэўныя ілюзіі на папярэднім этапе. Гэтыя чатыры прадпрыемствы былі акцыянаваныя стаханаўскімі мэтадамі ў сьціслыя тэрміны. А сярэдні тэрмін акцыянаваньня ў нас — дзесьці каля году.

Лукашэнка сам аб’езьдзіў офісы буйнейшых расейскіх кампаніяў, вёў перамовы зь іхнымі кіраўнікамі, пра нешта дамаўляўся. Але потым, пэўна, штосьці зьмянілася ў палітычным пляне, зьмяніўся палітычны фон. Беларускае кіраўніцтва вырашыла, што яшчэ ня час займацца сур’ёзнай прыватызацыяй. Яшчэ можна пачакаць, калі сасьпее больш спрыяльны момант, каб можна было весьці перамовы, палітычны гандаль.

Акрамя таго, у беларускага кіраўніцтва ёсьць ілюзіі таго, што сваімі высілкамі мы зможам правесьці мадэрнізацыю гэтых прадпрыемстваў, прыцягнуць інвэстыцыі і паказаць усім свае магчысьці, што мы можам абысьціся і без замежнага капіталу”.

(Дашкевіч: ) “Тут ёсьць некалькі прычынаў. Тут сапраўды ёсьць і палітычныя прычыны — прыватызацыя была не падрыхтаваная, а была абвешчаная ў выніку нейкіх палітычных дамоўленасьцяў, якія былі дасягнутыя два гады назад. Таму беларускае кіраўніцтва як бы імітуе прыватызацыю. Фармальна, яна праводзіцца, дамоўленасьці выконваюцца. А тое, што расейскія кампаніі лічаць умовы непрымальнымі, то гэта — “іхная бяда”.

Акрамя таго, непрымальныя ўмовы прыватызацыі тлумачацца яшчэ й тым, што вышэйшае беларускае кіраўніцтва ўвогуле не разумее сэнсу прыватызацыі. Яно бачыць сэнс прыватызацыі ў тым, каб атрымаць больш грошай за прадаваемую маёмасьць. У той час як ва ўсясьветнай практыцы сапраўдны сэнс прыватызацыі палягае ў тым, каб павысіць эфэктыўнасьць вытворчасьці. Гэта азначае мадэрнізацыю вытворчасьці, забесьпяченьне сыравінаю, рынкамі збыту, забесьпячэньне занятасьці, заробкаў, плацяжы ў бюджэт і іншае”.

(Карбалевіч: ) “Мне падаецца, што ёсьць яшчэ адна прычына такіх нерэальных умоваў прыватызацыі. Тыя органы, якія займаюцца прыватызацыяй, знаходзяцца пад пагрозай абвінавачваньня ў продажы на нізкіх цэнах. Таму яны лічаць, што лепш не прадаць, чым быць абвінавачанымі ў танным продажы. Вядома, што пасьля продажу беларускага пакету акцыяў кампаніі “Слаўнафта” быў вызвалены ад сваёй пасады кіраўнік Дзяржмаёмасьці Беларусі”.

(Манёнак: ) “Прыватызацыйныя органы ня маюць у нас такога статусу, які мелі такія органы ў іншых посткамуністычных дзяржавах. Яны не зьяўляюцца самастойнымі ў прыняцьці важных рашэньняў. Усе сур’ёзныя зьдзелкі з маёмасьцю прымаюцца кіраўніцтвам краіны. Ёсьць нарматыўны акт, згодна якога ўсе зьдзелкі ў суме звыш 60 тысячаў даляраў кантралююцца асабіста Лукашэнкам.

Таму нашыя чыноўнікі, з аднаго боку, хочуць выглядаць прафэсійна. А зь іншага боку, яны лічаць, што для іх больш бясьпечна паставіць больш высокую планку ў цане, чым прапанаваць інвэстарам больш рэальныя ўмовы. За гэта іх не абвінавацяць. А вось ў разбазарваньні дзяржаўнай уласнасьці могуць абвінаваціць. Няхай лепш кіраўнік дзяржавы прымае рашэньне.

Цяпер падрыхтаваны ўказ прэзыдэнта пра тое, што ўсе прыватызацыйныя праекты будуць узгадняцца абавязкова зь сілавымі структурамі. То бок, працэдура прыватызацыі становіцца больш жорсткаю”.

(Дашкевіч: ) “У любой бюракратычнай сыстэме дзяржаўны чыноўнік заўсёды імкнецца перастрахавацца. Таму, ведаючы стаўленьне Лукашэнкі да прыватызацыі, і міністэрства эканомікі, і іншыя органы імкнуліся вылучыць цану як мага вышэй. І калі інвэстыцыйны конкурс цяпер не адбыўся, то можна спакойна паніжаць цану да рэальнага ўзроўню на паўторным інвэстыцыйным конкурсе.

А зь іншага боку, цалкам верагодна, што беларускі ўрад увогуле не зьбіраецца прадаваць гэтыя прадпрыемствы. І таму ўмовы конкурсу былі сфармуляваныя такім чынам, каб ніхто не падаў заяўку на ўдзел у ім”.

(Карбалевіч: ) “Працягваючы выказаную ўжо тут думку хацеў бы адзначыць наступнае… Лукашэнка казаў, што згаданыя прадпрыемствы працуюць добра, пільнай патрэбы прадаваць іх няма, мы можам і пачакаць, пакуль інвэстары “сасьпеюць”. Як ён вобразна выказаўся, калі замежныя кампаніі не гатовыя ўзяць прапанаваную вышыню, то няхай ідуць трэніруюцца. І што ж будзе далей? Будзе аб’яўлены новы конкурс з больш спрыяльнымі ўмовамі для патэнцыйных удзельнікаў? Ці на гэтым кампанія прыватызацыі скончыцца? Якія вашыя прагнозы?”

(Манёнак: ) “Існуе пэўная працэдура. Гэтае пытаньне будзе вырашаць міжведамасная камісія ў справе правядзеньня інвэстыцыйных конкурсаў, якую ўзначальвае першы віцэ-прэм’ер Сідорскі. Таксама існуе конкурсная камісія на чале зь віцэ-прэм’ерам Кабяковым. Яны мусяць вырашыць, якія карэктывы патрэбна ўносіць ва ўмовы конкурсу ці ў кошт пакету акцыяў”.

(Дашкевіч: ) “Больш-менш масавая прыватызацыя ў Беларусі магчымая ў пэрыяд паміж 2004 і 2006 гадамі. Тады кіраўніцтва Беларусі будзе ведаць вынікі выбараў у Дзярждуму Расеі і прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі. Зь іншага боку, напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі прыватызацыя стане прадметам гандлю. А да гэтага часу сур’ёзная прыватызацыя не адбудзецца. Яна непатрэбная беларускаму кіраўніцтву. “Белнафтахім” здольны падтрымліваць прадпрыемствы нафтахіміі ў працаздольным стане. А цяпер каманды праводзіць рэальную прыватызацыю буйных прадпрыемстваў яшчэ не было.

А наконт таго, каб палепшыць умовы продажу прыватызуемых прадпрыемстваў, магу сказаць наступнае — гэтыя ўмовы настолькі неразумныя, што палепшыць іх нельга”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам у доўгую і няўдалую гісторыю беларускай прыватызацыі ўпісана яшчэ адна старонка. Няўдача з правядзеньнем інвэстыцыйнага конкурсу ў чарговы раз высьвеціла галоўную праблему. Беларуская ўлада ніяк ня можа вызначыцца з тым, для чаго ёй патрэбная прыватызацыя. Жаданьне адначасова і атрымаць інвэстыцыі для прадпрыемстваў, і грошы для бюджэту, і пры гэтым, захаваць прадпрыемствы ў руках дзяржавы, вельмі зразумелае. Але рэалізацыя яго маларэальная. Што й паказаў конкурс, які неадбыўся”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG